Беларускі фальклор
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 840с.
Мінск 1977
— Бацюшка, згадайце, што ў мяне ў руцэ. Як адгадаеце, то я тады аддам ужо ўсё, што дакляраваў, ды яшчэ і гарэлкі прыбаўлю.
— Падрапаў non сабе галаву ды гаворыць:
— Ото ж папаўся жучку ў панскую ручку.
А пан і не знаў, што non Жукоўскім завецца, ды і кажа:
— Справядлівы вы, бацька-ўтадзька.
Паказаў жука ды і кінуў на зямлю. Нечага рабіць пану, трэба аддаваць тое, што дакляраваў папу. Насыпаў пшаніцы два вазы, даў тысячу рублёў грошы, некалькі вёдзер гарэлкі, падзякаваў яму ды адправіў папа дамоў. Поп, прыехаўшы дадому, пазваў дзяка ды і гаворыць:
— Удалася і гэта нам штука, будзем цяпер піць ды гуляць, ды панскую Іпкатулку памінаць.
Шаптуха
У якомсь сяльцы жыла старэнькая баба. Была яна адна, бы тая былінка ў полі. Усе яе крэўныя да сваякі даўно паўміралі, а яна як асталася, так і ліпіць, як тое гнілое да старое дзерава. Сяльцо было маленькае, мо’ якіх дамоў дзесяць. На самым канцы стаяла бабіна хатка. Яна была такая старэнькая, як і сама баба... Знайшоўся якісь добры чалавек, што нарабіў у бабінай хатцы падпорак, да аблажыў яе загатай; от і стаіць старэнькая, абросшая мохам, бы яе хазяйка, хатка...
Назбірае баба шчэпачак, падтопіць у печцы да й апякаецца перад полымем. Ведама, на старасці дак і ўлетку холадна. Вот так і жыве сабе старэнькая баба: калі ёсць што, то з’есць, а калі няма, дак і так абойдзецца. Да й колькі ёй трэба? Дасць хто кольвек асушкаў хлеба або бульбы, от баба размочыць скарынку да й пасмокча яе трохі бяззубым ротам, а бульбу спячэ ў прыску да й есць. От гэтым і жывілася тая баба ўжо пэўне гадоў з сарачню. Бачыце, ёй ужо было мо’ больш як гадоў сто.
Мо’ яшчэ доўга б пражыла так тая баба, але от раз ехаў праз тое сяль-
цо тамашны пан, убачыў ён старэнькую бабу і здзівіўся, што яна так доўга жыве.
— Хіба ж ты, бабка, яшчэ жыва? — пытае пан.
— Жыва, паночку... От не дае бог смерці...
— Як жа ты жывеш?
— Якое маё жыццё, паночак! Як так жыць, дак лепей гніць: зарабіць — не ўздолею, а дзеткі і ўнукі ўсе даўно паўміралі. Некаму і вады падаць.
— Чаму ж ты, баба, не шэпчаш або не варожыш?
— He ўмею...
— Слухай, баба, я цябе наўчу.
— Наўчы, паночак, наўчы, каб і я недарма свет займала.
Пан прыхіліўся к вуху ды й кажа бабе:
— От як пазавуць цябе к хвораму, дык ты пахукай трэйко на яго ды й шапчы: «Сіголаў жыў, сіголаў не». Пашапчы о гэ трохі, дай яму выпіць вады, ён і паправіцца. А калі памрэ, сіголаў яго бяры. От за тое цябе будуць карміць і паважаць.
Падзякавала баба пану, ды й пачала шаптаць...
Пайшла чутка, што аб’явілася такая баба, такая шаптуха, што вельмі добра шэпча... Павалілі к той бабе адусюль, нясуць і вязуць усякага дабра. Жыве сабе баба ані гаткі. Тым часам той пан, што наўчыў бабу шаптаць, чуе аб тым ды толькі смяецца сабе ціхенька з дурных людзей.
Але вось пайшоў той пан на паляванне, спацеў ды пакрычаў проці ветру, от і зрабілася ў яго ў горле скула. Пан к дахтурам — куды там — от-от скула задавіць. Жонка кажа, каб пазвалі тую бабу, а пан і слухаць не хоча, але, нарэшце, як прыпёрла ліха, так згадзіўся. Прыйшла баба, а пан ўжо чуць дыхае. От давай баба хукаць да шаптаць: «Сіголаў жыў, сіголаў не».
Прыслухаўся пан, ды як учуў, што баба шэпча тое, што ён яе вучыў, дак яго апанаваў такі смех, што не можа вытрымаць. А баба шэпча і шэпча. Слухаў-слухаў пан, ды як зарагоча — скула і трэснула. Выздаравеў ён, да й пытае ў бабы:
— Ці ж ты, бабка, усё так лечыш?
— Эгэ ж, мой саколіку, усё так...
Дык вось як шаптала ды варажыла тая баба.
Як я з дзедам пакутваў
Я жыў з дзедам, а бацькі яшчэ не было. Былі ў нас з дзедам пчолы па сабаку, насілі мёд рэзгінямі. Адна пчаліна несла мёд цераз возера і ўпусціла рэзгінь мёду ў возера; гэта возера стала салодкае. Хадзіла там мая кабылка і выпіла гэту ваду, так што аж упілася, і ляжала без ума, п’яная. Толку не маглі мы даць з дзедам (а бацькі яшчэ не было). Узяў мой дзед ды шкуру здзёр з яе. Праспалася гэта кабылка і ўстала. Як напалі на яе авадні з мухамі, а яна ж без шкуры. Я ж узяў з дзедам (а бацькі яшчэ не было)
абсыпаў яе грэчкай дзеля таго , штоб была гнедая. Як парасла грэчка на кабыле, ды як унадзіліся ў тую грэчку цецярукі, то і тут мала з яе толку. Дзед мой кажа (як бацькі яшчэ не было):
— Надабе звязаць дзве вяровачкі і перакінуць цераз кабылу, прывязаўшы каробачку, а к хвасту прывязаць даўбешачку: цецярукоў як наляціць, яна хвастом як махне, то цецярука і заб’е.
Зрабілі мы так з дзедам (як бацькі яшчэ не было). Стала гэта кабыла біць цецярукоў і набіла поўну каробачку, так што стала цяжка, і перарэзала павадком кабылку. Трэба ж тут даць ратунак,— як жа жыць без кабылкі? Мой дзед кажа (як бацькі яшчэ не было):
— Нада адсеч дзве дубінкі і сшыць кабылку.
Мы так і зрабілі. Параслі дубы на кабыле з гэтых галіц дубовых, так што не магла яна і хадзіць: возьмуць і абернуць яе набок. Што нам тут рабіць з дзедам? (а бацькі ўсё яшчэ не было). Давай мы ўжо бычкамі пасеку араць. Пааралі, пасеялі мы з дзедам (як бацькі яшчэ не было) пшаніцы, ячменю. Як парос ячмень — старому вераб’ю па калена, а маладому па бруха, колас ад коласа — не чуць голаса. Зжалі мы з дзедам (як бацькі яшчэ не было) ячмень гэты, а як ужо злажылі, дык капа ад капы — на дзень язды. Перавезлі мы яго з дзедам дамоў і злажылі сторану ў хаце на стаўпе, што каля печы стаіць, і сталі мы ўжо з дзедам малаціць (а бацькі ўсё яшчэ не было), так што страты не было; ложкамі мералі, коўшыкамі зносілі, з току гэта ўжо збіралі. Цяпер сталі мы з дзедам (а бацькі яшчэ не было) гэтым ячменем кабана карміць і выкармілі вочынь бальшога, што якраз падлезе пад чыгун і схаваецца. Выгналі мы яго з дзедам вон ужо на двор. Ухваціла яго варона, можа яшчэ маладая, узяла ў дзюбу і раздзяўбла, на калё седзючы.
Няма ў нас з дзедам (а бацькі ўсё яшчэ не было) гавядзіны, дык мы кол гэты рубім і ў гаршок брасаем: кабан наш вочынь жырны быў, так што і кол жыру набраўся і ад яго ў гаршку накіпаець. А цяпер, слава богу, мы і лепш жывём, бо радзіўся мой бацька. Мы з дзедам пастарэлі і пасівелі, ды і бацька ўжо цыбук парадашны вырас.
Я там быў, мёд-віно піў, па барадзе цякло, а ў рот не папала; далі мне барану,— я адтуль смаргануў, далі мне смаляную кабылу: ехаў я, ехаў на ёй,— стала мне холадна; разлажыў я агонь, начаў грэцца, а кабыла мая і растала, звеснае дзела: смаляная.
Кулак і батрак
Жыў адзін кулак, ды такі ён быў скнара, што з батракоў выціскаў апошнія сокі. Прымушаў працаваць ад цямна да цямна, плаціў грашы ды яшчэ карміў упрогаладзь.
Хітры быў кулачуга. Каб батрак нямнога з’ядаў, ён прыдумаў такую штуку: дасць батраку паснедаць і пытае: «Можа, і паабедаеш разам?» Батрак, не паснедаўшы добра, згаджаецца і паабедаць.
Як толькі батрак канчае абедаць, кулак зноў пытае: «Можа, і павячэраеш разам?» Галодны батрак згаджаецца і павячэраць.
Ну, вядома , чалавек, як ты ні называй тую яду, ці снеданнем, ці вячэрай, а з’есць столькі, колькі трэба з’есці за раз. А гэта і на руку кулаку. Пасля батраку прыходзіцца працаваць цэлы дзень галоднаму, а паколькі ён ужо і павячэраў, дык галодным і спаць лажыўся.
Многа перабыло ў кулака батракоў. Больш трох дзён ні адзін не вытрымліваў — уцякаў. Нарэшце, знайшоўся такі, што узяўся перахітрыць кулака.
Наняўся ён да кулака.
Першым чынам кулак запрасіў батрака паснедаць. 1 ой паснедаў. Кулак прапануе паабедаць, а потым і павячэраць. Батрак згаджаецца на ўсё. Як толькі ён пад’еў добра, устае, пазяхае і пытае ў кулака:
— Дзе тут у вас можна легчы паспаць?
— Як паспаць! — здзіўлена закрычаў кулак,— а працаваць калі будзеш?
— Што ты, гаспадар, з глузду з’ехаў, ці што? Дзе ты чуў, каб пасля вячэры добрыя людзі працавалі? Павячэраўшы, трэба спаць лажыцца.
Як ні лаяўся кулак, як ні пагражаў, але батрак расцягнуўся на ўслоне і заснуў.
ЛЕГЕНДЫ I ПАДАННІ
а легенд звычайна адносяць трывала замацаваныя ў фальклорнай традыцыі вусныя апавядальныя творы, у аснове якіх ляжыць фантастычны вобраз або ўяўленне, звязаныя з гісторыяй працоўных або тлумачэннем розных прыродных і грамадскіх з’яў. Легенды — мастацкія творы, але дамінантнай у іх з’яўляецца не эстэтычная, як у казках, а пазнавальная функцыя.
Беларускія легенды разнастайныя па тэматыцы. У апублікаваных запісах прадстаўлены легенды касмаганічныя, этнагенічныя, гістарычныя, апакрыфічныя і інш. У іх адлюстраваны розныя ўяўленні народа, спробы растлумачыць паходжанне сусвету і зямлі, чалавека і жывёл, сутнасць розных
з’яў прыроды і грамадскага жыцця. Часам у легендах адчуваецца рэлігійны ўплыў, але ў той жа час многім легендам уласцівы элементы стыхійнага матэрыялізму, у іх асуджаецца эксплуатацыя чалавека чалавекам, сацыяльная няроўнасць, выказваюцца крытычныя адносіны да рэлігійнага вучэння. Асабліва выразны крытычны пачатак у апакрыфічных легендах, якія апавядаюць, як бог і святыя нібыта некалі хадзілі па зямлі. Гэтыя творы поўныя іроніі, у іх персанажы пазбаўлены арэолу святасці, бог і святыя паказваюцца несправядлівымі, помслівымі, амаральнымі («Ілья і Пятро», «Бог і ўгоднікі», «Як п’яніца ў рай папаў» і інш.). Па сваёй ідэйнай накіраванасці яны вельмі блізкія да сатырычных антырэлігійных казак і анекдотаў. Ідэйным зместам і высокім мастацкім майстэрствам прыцягвае ўвагу легенда «Вялікі грэшнік», у якой забойства грэшнікам лютага ворага сялян — войта расцэньваецца як справядлівы, гуманны ўчынак, як неабходная і нават святая справа.
У некаторых беларускіх легендах распрацоўваюцца розныя маральнаэтычныя праблемы, сцвярджаецца неабходнасць добрасумленных адносін да працы, справядлівых і добразычлівых адносін паміж людзьмі, але часам гэтыя станоўчыя ідэі атрымліваюць рэлігійную афарбоўку.
Нягледзячы на агульную тэндэнцыю затухання гэтага жанра, у часы Вялікай Айчыннай вайны ўзніклі легенды пра мужных абаронцаў нашай Радзімы, пра партызанскіх камандзіраў Герояў Савецкага Саюза К. С. Заслонава, A. С. Каўпака і іншых.
Па сваёй асноўнай функцыі — перадачы выпрацаваных папярэднімі пакаленнямі пэўных ведаў або ўяўленняў — да легенд набліжаюцца паданні. Але калі легенды заўсёды фантастычныя па зместу і ў сувязі з гэтым маюць адпаведную паэтыку, паданні даюць звесткі аб рэальных асобах і сапраўдных падзеях, хаця, натуральна, пры перадачы з вуснаў у вусны аддаляюцца ад першаасновы, жыццёвы матэрыял набывае ў іх паэтычную інтэрпрэтацыю.