Беларускі фальклор
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 271с.
Мінск 2021
— Ідзі, ідзі сюды, разумніца! Я цябе даўно чакаю, я да цябе даўно дабіраўся! Ну, як ты харошага айца і маці, яны цябе трымалі пад наглядам, я не мог да цябе дабрацца. Я б не глядзеў, што ты простага роду, даўно была б мая, а ўжо цяпер іменна мая! Забывайся на айца і маці, бо ты ўжо іх бачыць не будзеш, а ў мяне будзеш ты ўсім задаволена.
Браты яе аралі тры дні, і не стала ім чаго есці, яны кінулі араць і прыходзяць дамоў і з вялікай гразою к айцу і маці:
— Чаму вы не прыслалі есці?
Айцец гаворыць, што сястра панесла такогата дня. Яны гавораць:
— Калі яе ўжо няма, то і не будзе.
— Я пайду, — сказаў адзін, — сваю сястру шукаць, хоць жыццё сваё палажу, а пайду шукаць.
Айцец гаворыць:
— He ідзі, сынок, бо сваё жыццё загубіш, а яе ўжо не ўбачыш.
А ён гаворыць:
— Пайду!
I прыходзіць ён к таму змею і бачыць яе на дварэ. Яна яму гаворыць:
— Я цяпер няшчасная, я цяпер не твая сястра, а ты не мой брат. Папалася я ў катаржныя рукі.
Брат гаворыць:
— Няхай жа я тут загіну, абы я на цябе наглядзеўся.
Яна яму кажа:
— Пастой ты тут, а я пайду спытаю, што ён скажа на тое, што ты прыйшоў у госці.
Прыходзіць яна к змею ў спальню.
— Што б ты, душанька, зрабіў каб мой старэйшы брат у госці прыйшоў?
Ен гаворыць:
— За госця прыняў бы.
Яна выйшла і ўводзіць яго ў пакой. Змей устаў з ложка свайго і пачаў частаваць яго, як добры чалавек.
— Ідзі, жонка, прынясі жалезнага бобу і жалезнага хлеба... Ну, еш, швагер.
# 188 #
Узяў яму адрэзаў хлеба, ён узяў хлеб і зернетка бобу, патрымаў і палажыў. Змей гаворыць:
— Напэўна, ты, швагер, сыты, бо ты грэбуеш маім хлебам і соллю. Пойдзем жа цяпер паглядзім: ці ты багацейшы, ці я?
I павёў яго па ўсіх харомах, і ёсць у яго ўсякага дабра безліч. Павёў яго ў стайню, і стаіць у яго дванаццаць жарабцоў, і кожны жарабец на дванаццаць ланцугоў прыкован.
— Ну што, швагер, ты багацейшы ці я?
Ен яму адказвае:
— У мяне таго трэцяй долі няма, што ў швагра.
— Ну, ідзі ж за мною, я табе пакажу штуку.
I прыводзіць яго к калодзе ў чатыры сажні таўшчыні, дванаццаць даўжыні.
— Ці бачыш ты, швагра, тую калоду?
— Бачу, — кажа швагер.
— Калі ты яе без тапара пасячэш, а без агню спаліш, дык пойдзеш дамоў.
А брат гаворыць:
— Хоць тут ты мяне парубі, а я гэтага не зраблю!
— Калі ж ты гэтага не зробіш, досыць табе сюды хадзіць, дураку мужыку, саламянаму языку, а ты са мною пабратаўся! Калі ты мне брат, то і свіння сястра! Ты не толькі са мною размаўляць, не павінен на мяне вокам глянуць, бо ты не варты сюды хадзіць і мой дом паскудзіць!
I забіў яго і вочы выняў, улажыў у чарапок, а яго ўзяў за валасы і павесіў на бэльцы.
Цяпер і другі брат пайшоў шукаць сваю сястру і знайшоў яе на дварэ ў змея.
Яна яму гаворыць:
— Ах, брат! Заб’е ён і цябе так, як першага.
— Няхай заб’е, абы я з табою пабачыўся.
— Пастой жа тут, я пайду запытаюся, што ён скажа.
I прыходзіць яна к змею ў спальню. Ен устаў са свайго ложка.
— Што скажаш, жонка?
— Ах, мілы мой муж! Што б ты рабіў, каб другі мой брат у госці прыйшоў?
— Што б я рабіў? За госця прыняў бы.
Яна гаворыць:
— Можа, прыняў бы яго так, як першага.
— Я першага забіў, бо ён са мною грубіў, не ўмеў са мною гаварыць. Няхай прыходзіць, гэтага я прыму.
* 189 *
Яна выходзіць на двор і гаворыць брату:
— Пакорна абыходзься.
— Давай, жонка, — гаворыць змей, — жалезнага бобу і жалезнага хлеба.
Яна прыносіць паўхлеба і міску бобу.
— Старэйшы твой брат незадаволен быў, можа, мала было, дык вазьмі гэта, а прынясі больш.
— Шчыра дзякую, швагер, бо я есці не хачу.
— Пойдзем жа мы, швагра, паглядзім на маё багацце: ці ты багацейшы, ці я.
I павёў яго па ўсіх сваіх харомах, і бачыць ён, што змей багатыбагаты — незлічона! Прыводзіць яго змей у сваю багатырскую стайню. Стаяць дванаццаць жарабцоў, і кожны на дванаццаць ланцугоў прыкован. Брат гаворыць змею, што ў яго трэцяй долі таго няма.
— Ну, пайдзі ж, я табе пакажу штуку.
I паказаў яму калоду — чатыры сажні таўшчыні, а дванаццаць даўжыні, і гаворыць:
— Бачыш ты тую калоду? Калі ты без тапара яе пасячэш, без агню спаліш, то пойдзеш дадому, а не зробіш — будзеш вісець з братам.
Швагер яму сказаў:
— Хоць цяпер забі, а не зраблю гэтага!
Змей яго забіў, разам валасы звязаў і цераз бэльку перакінуў. Прыходзіць змей у свае палаты і бачыць жонку ў вялікай тузе і жалобе.
— Ах, мужу, ты мой мужу! Што ж ты мне зрабіў? Братоў забіў, a я не маю больш ні роду, ні племені, толькі айца і маці. Прыдай і мяне злой смерці, няхай не буду жыць.
— He, мілая! Я табе таго не зраблю, а калі б дастаў айца і маці, дык і іх забіў бы, каб ты ні аб кім не думала і весялейшая была б. Няхай жа яны жывуць і кускі жуюць, а мы хлеб, бо ў іх нет.
Пайшла матка па ваду, узяўшы вёдры. Набрала яна вады, ідзе дадому, вельмі плача і думае гаротныя думкі:
— Ах, Божа мой! Чаго я цяпер дачакалася на старасці!
Раптам бачыць яна — коціцца гарохавае зернетка. Узяла яго і з’ела. I нарадзіўся ў яе хлопчык, і расце ён не па гадах, а па гадзінах, як пшоннае цеста на дражджах; і пестуюцца і цалуюцца з ім старыя і аддаюць яго ў школу; каторыя вучыліся гадоў па трычатыры, а ён вывучыўся ў адзін год, і не стала яму граматы. Прыходзіць ён са школы к айцу і мацеры.
* 190 *
— Ну, татанька і маманька, аддзякуйце маіх настаўнікаў, бо ўжо мне хадзіць у школу хопіць. I прашу вас сказаць мне праўду: які я ў вас ёсць? Ці я радзіўся першы, ці апошні?
Яны гавораць:
— Ах, сыну наш мілы, ты ў нас апошні.
I сказалі яму па шчырай праўдзе, што ў яго было два браты і сястра.
— А дзе ж яны дзеліся? Калі памерлі, то я не супраціўнік Богу, а калі што зрабілася ад худых людзей, то я магу спагнаць.
Яны яму гавораць:
— Ах, сыну наш мілы! Як жа ты пойдзеш і нас пры старасці, старых людзей, кінеш? Хто нас да смерці дахавае?
Ён ім гаворыць:
Чый вы раней елі хлеб, той вас будзе хараніць, глядзець і пахавае, а мяне вы не ўтрымаеце, мяне людзі даўно чакаюць. Ну, маманька і татанька, лажымся спаць: ранак мудраней вечара; дасць Бог дзень, дасць Бог і ежу.
Ранкам ён устаў, умыўся, Богу памаліўся і на ўсе чатыры стараны пакланіўся.
— Дазвольце, бацькі, мне перад паходам пагуляць.
Ну, пайшоў сабе на вуліцу гуляць і знаходзіць ён шпільку і прыносіць к айцу і мацеры. Гаворыць ён айцу:
— На табе гэта жалеза, нясі да каваля і зрабі мне булаву сяміпудовую.
Айцец яму нічога не гаворыць, а толькі ў думках думае: «Даў мне Гасподзь дзецішча не так, як людзям; я ж давёў яго да розуму, а ён цяпер з мяне кпіць! Ці ж можа тое быць, каб са шпількі была булава сяміпудовая?»
Айцец, узяўшы грошы, паехаў у горад, купіў жалеза сем пудоў і даў кавалю рабіць булаву. Зрабілі яму булаву сяміпудовую і прывозяць дадому.
Пакацігарошак выходзіць з пакоя, бярэ сваю булаву сяміпудовую і кідае яе за воблакі. I прыходзіць ён да маці.
— Матка, на ў мяне ў галаве пашукай перад паходам, a то мяне бруд заесць.
Вось устаўшы з матчыных кален, выходзіць ён на двор і бачыць нябесныя хмары. Прыпаў ён да сырой зямлі правым вухам і, устаўшы, кліча свайго айца:
Бацька, хадзі сюды, глядзі, што шуміць і гудзе, мая булава да зямлі ідзе.
# 191 #
Паставіў ён калена проціў сваёй булавы; ударыла яго булава па калене і пераламалася папалам. Ён раззлаваўся на свайго айца.
— Ну, айцец, чаму ты мне не зрабіў булавы з гэтага жалеза, што я табе даў; а калі б ты з яго зрабіў, то яна не зламалася б, а толькі пагнулася б! На ж табе гэтае самае жалеза, ідзі рабі, свайго не прыкладай.
Кавалі ўкінулі жалеза ў агонь і пачалі молатамі біць і цягнуць і зрабілі булаву сяміпудовую, яшчэ і засталося.
Бярэ Пакацігарошак сваю булаву сяміпудовую і адпраўляецца ў пуць, у чыстую дарогу, і прыходзіць ён к таму самаму змею сямігаловаму, дзе знаходзяцца яго браты і сястра.
Выходзіць яна к яму насустрач, ён з ёй вітаецца і гаворыць:
— Добры дзень, мілая і родная сястра!
Яна адказвае:
— Які ты мне брат?!
I ён падае ёй айца і мацеры рукапісанне, што ён ёсць родны яе брат.
— Пастой жа ты, брацец, тут, а я пайду спытаю, што змей на гэта скажа.
Прыходзіць яна ў яго багатырскую спальню. Змей у яе пытаецца:
— Ах, жонка, ты да мяне невясёлая ідзеш?
Я прыйшла да цябе, мой мужу, што мой самы меншы брат прыйшоўу госці.
— To ў цябе не было больш братоў, як толькі два.
— Ен нарадзіўся без мяне.
Зараз змей устае і бярэ чарадзейную кнігу, глядзіць і мовіць да жонкі:
Ну, жонка, яшчэ будзе ў цябе брат! Калі ён раней тэрміну нарадзіўся, я з ім размаўляць мала буду; ідзі пакліч яго.
Пакацігарошак уваходзіць да яго ў пакой.
— Добры дзень, швагер!
— Але ты яшчэ млад, бо ў цябе матчына малако на губах не абсохла! Калі б цябе маці вынасіла яшчэ дзевяць дзён, дзевяць гадзін і дзевяць мінут, то б ты мой супраціўнік бьгў, але пагасці...
I становіць яму жалезнае крэсла. Як ён на крэсла сеў, крэсла трэснула.
— А што, швагер, у лесе жывеш, а крэслы ў цябе худыя, ці ж няма ў цябе плотнікаў добрых, каб крэслы зрабілі крапчэйшыя?
Змей думае сабе: «Верна, я папаўся ў добрыя клешчы».
— Ну, давай, жонка, нам напіткаў і наедкаў.
* 192 #
Прыносіць яна рэшата жалезнага бобу і жалезнага хлеба.
— Зрабі ласку, еш, швагер!
— Дзякуй, швагер, — гаворыць Пакацігарошак, — я без усякай просьбы буду есці, так, як у свайго, бо з паходу я есці хачу.
I стаў есці разам з ім: той з’есць хлеба кавалак, а гэты з’есць два.
— Ну, пойдзем, швагер, паглядзім на маё багацце: ці ты багацейшы, ці я?
I павёў яго па ўсім сваім дабры.
— Як табе здаецца, у цябе больш ці ў мяне?
— Я не багаты, але ў цябе няма нічога!
Змей гаворыць:
— Ты, швагра, са мною грубіш. Ну, ідзі ж, я табе пакажу штуку.
I прыводзіць яго к гэтай самай калодзе, куды і братоў прыводзіў, якая ў чатыры сажні таўшчыні, у дванаццаць сажон даўжыні.
— Калі ты яе без тапара пасячэш, а без агню спаліш, то пойдзеш дамоў, а не — дык будзеш там, дзе і браты!