• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларускія фэстывалі й выстаўкі ў Нью Джэрзі  Янка Запруднік

    Беларускія фэстывалі й выстаўкі ў Нью Джэрзі

    Янка Запруднік

    Выдавец: Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва
    Памер: 219с.
    Нью Йорк 2013
    71.69 МБ
    Інфармацыйны імпэратыў
    Наймацнейшы сацыяльна-нацыянальны імпульс кожнай палітычнай эміграцыі — гэта адчуваньне маральнага абавязку інфармаваць грамадзтва краю свайго новага пасяленьня аб прычынах эміграваньня. Самыя першыя пытаньні, на якія новапрыбыльцам даводзіцца адказваць, гэта — “Адкуль вы? Чаму вы выехалі? Якія там у вас парадкі? Чаго вы дамагаецеся?” I палітычны эмігрант адчувае наказ сумленьня адказваць як мага больш разгорнута на такія пытаньні. Зразумела, калі валодае мовай. Гэты інфармацыйны мус тым мацнейшы, чым вастрэй усьведамляеш, што твой народ пакутуе ад несправядлівасьці і ўціску. А інфармаваць жа трэба ня толькі суседа ці суразмоўцу на працы, а й палітыкаў, урад свае новае краіны, дамагацца ад яго дапамогі паняволенаму народу. 1 так, прычаліўшы да чужога берагу, адразу ж трэба перамагаць моўны бар'ер, падаваць голас, інфармаваць, тлумачыць, пісаць лісты ў газэты, мэмарандумы ў палітычныя інстанцыі.
    3 падобнымі адчуваньнямі, імкненьнямі ды перашкодамі сустрэліся тысячы беларусаў, калі па Другой сусьветнай вайне апынуліся на амэрыканскай зямлі.7 Як яны давалі рады ў гэтым няпростым заданьні, якімі спосабамі рэалізавалі свой нацыянальна-патрыятычны абавязак, і будзе далей гутарка.
    Беларускія эмігранты першай паваеннай хвалі ехалі ў
    Амэрыку, перажыўшы ваенныя жудасьці, а перад тым — пакуты акупацыйных рэжымаў — бальшавіцкага, польскага й нямецкага. Амэрыка для іх сталася краем, дзе можна было, дзе трэба было ва ўмовах свабоды слова засьведчыць пройдзены гістарычны этап ды распавесьці пра жаданьні на будучыню для свайго народу. Беларусам, што ў 1948 годзе першымі выяжджалі з паваеннай Нямеччыны ў заакіянскі сьвет, выдаваная ў Мюнхэне газэта “Бацькаўшчына” пісала на дарогу:
    “Важнейшае за інфармацыйную прапагандавую працу на сёньня мы ня маем, а праблема эміграцыі таксама толькі другарадная, бо мы ж не эмігруем адно таму, каб знайсьці спакойны куточак і мяшчанскую ўтульнасьць ды сумленнай працай зарабіць сабе на існаваньне, але толькі дзеля таго, каб выканаць тыя заданьні, якія мы павінны выканаць для нашага народу й дзяржавы.”8
    Вось у належным разуменьні “інфармацыйнай прапагандавай працы” й быў той імпульс да інфармаваньня амэрыканцаў пра Беларусь. На дапамогу нашым новапасяленцам, а на самым пачатку й моўным немаўлятам, прыйшло народнае мастацтва, элемэнты матэрыяльнай і духовай культуры — гэты ўнівэрсальны сродак міжэтнічнай і міжнароднай камунікацыі: адзеньне, песьні, танцы, ткацтва, малюнкі, разьба, кулінарыя.
    У шматэтнічным і шматрасавым грамадзтве Злучаных Штатаў народныя фэстывалі выконваюць ролю свайго роду інфарматара пра суграмадзянаў зь іншых краінаў, кантынэнтаў і культураў. Фэстывалі спрыяюць успрыйманьню плюралістычнага характару амэрыканскай нацыі, у якой кожная этнічная група мае магчымасьць упісацца ў шматколерны нацыянальны кілім. Працэс фармаваньня амэрыканскай нацыі праходзіў, і далей праходзіць, праз розныя стадыі, перажываў глыбінныя складанасьці й драмы, што вынікалі зь людзкое натуры, з забабонаў і прадузятасьцяў, з устойлівасьці ўкаранёных паглядаў, падазронасьці да людзей іншае расы, веры й мовы. У выніку гэтага вырабіўся мэханізм перамаганьня сацыяльна-культурных і палітычных бар’ераў. Штат Нью Джэрзі з гэтага гледзішча адзін з найбольш ініцыятыўных, бо найбольш разнастайны этнічным складам жыхарства.
    Папулярызацыя шматэтнічнасьці ва ўмовах дэмакратычнага ладу ўздымае культуру міжлюдзкіх узаемадачыненьняў, павагу й прыязнае стаўленьне да незнаёмцаў. Адна наша новая сяброўка, англамоўная беларуска, прыехаўшы з Масквы першы раз у Амэрыку, была зьдзіўленая, як лёгка ў гэтай краіне пачаць гутар-
    ку зь незнаёмым чалавекам. Які кантраст з эўразійскім Усходам!
    Гаворачы пра народнае мастацтва й камунікацыю, можна прыгадаць выказваньне нямецкага філёзафа Артура Шопэнгаўэра: “Маткаю прыкладнога мастацтва зьяўляецца неабходнасьць, a высокага мастацтва — раскоша. Бацька першага — інтэлект, a другога — геній, які сам зьяўляецца свайго роду раскошай”. Насамрэч, народнае мастацтва адлюстроўвае перш-наперш інтэлект народу. Але й больш за гэта — ягоную калектыўную душу, эстэтыку, сьветаўспрыйманьне. А ў чужым асяродзьдзі яно замяняе мову, дае магчымасьць сказаць тое, чаго ня скажаш яшчэ нявывучанай чужой мовай. Яно служыць вышэйшай формай камунікацыі, завастрае ўвагу да патрэбы працягваць дыялёг вэрбальнымі сродкамі.
    Інфармацыйную цаліну ў Амэрыцы нашым паваенным навасёлам трэба было пачынаць уздымаць, пасьля запачаткаваньня знаёмства, з самага элемэнтарнага й самага складанага: вытлумачыць амэрыканцу, што гэта за краіна Беларусь, пра якую ён пачуў упершыню. Чым яна адрозьніваецца ад Расеі?
    Тлумачэньне ўскладнялася тым, што на пісьме ў ангельскай мове было аж некалькі варыянтаў слова “Беларусь”: Byelorussia (афіцыйны назоў), White Russia (даслоўна “Белая Расея”), White Ruthenia (Белая Русь) і нават Byelo-Ruthenia. Блытаніна паглыблялася яшчэ й тым, што беларусаў шмат хто атаесамляў зь “белымі расейцамі” — тымі, што ваявалі з “чырвонымі” ў грамадзянскай вайне пасьля рэвалюцыі 1917 году. Выслухоўваючы інфармацыю пра Беларусь. амэрыканец чуў незразумелае яму “бело...” ды збольшага знаёмую “рашу” (“Расею”). 1 гэтая апошняя, пасьля ўсіх намаганьняў інфарматара, займала галоўнае месца ў сьведамасьці слухача. Мой настаўнік з часоў гімназіі,9 а пасьлейшы супрацоўнік у радыё “Свабода”, Антон Адамовіч, ці раз казаў: “Вялікай перашкодай сталася нам гэтая 'рашка’.” Вось чаму дарэчы тут будзе падкрэсьліць, што пастанова ў незалежным Менску ў 1991 г. пісаць у заходніх мовах назоў краіны Belarus была вельмі разумнай і празорлівай.
    Аблягчэньнем інфармацыйных намаганьняў беларускім імігрантам у Нью Джэрзі сталася тое, што ў паўночна-ўсходнім рэгіёне Злучаных Штатаў зь ягоным шматэтнічным насельніцтвам людзі прывыклі наведваць этнічныя рэстараны, этнічныя крамы, шматэтнічныя фэстывалі; прывыклі бачыць на сваіх вуліцах іншамоўныя шыльды, рэклямы, часам нават безь перакладу на ангельскую. А дэмакратычны лад краіны, зацікаўленасьць палітыкаў у
    ?	*	Belarusian Festivals in New Jersey (1948-2011)
    % 86	'
    галасах выбарцаў, абумовілі наведваньне фэстываляў і выставак урадаўцамі рознага рангу.
    Штат Нью Джэрзі
    Сваёй тэрыторыяй (22.608 кв. км) штат Нью Джэрзі меншы за сучасную Беларусь у дзевяць зь нечым разоў. Найбольшая шырыня яго (з захаду на ўсход) — 110 км, а даўжыня (з поўначы на поўдзень) — 240 км. Штат мае 200 км акіянскага ўзьбярэжжа з добрымі пляжамі. Клімат лагодны.
    Нью Джэрзі налічвае больш за восем з палавінаю мільёнаў жыхароў. 3 усіх штатаў ён найгусьцей заселены, прычым жыхарства найбольш разнастайнае расава й этнічна. У ім 80% белых людзей, 15% афрыканскага паходжаньня, 5% складаюць іншыя расы. Паводле перапісу 2000 г. 17,5% жыхароў штату былі народжаныя па-за межамі ЗША, найбольш у Італіі, на Кубе, у Індыі й Нямеччыне. А ўсіх этнічных групаў у Нью Джэрзі налічваецца больш за сто, у тым ліку тысячы беларусаў і іхніх нашчадкаў.10
    Беларускія імігранты паваеннай хвалі адразу па прыезьдзе сюды ўладжваліся на працу пераважна ў аўтамабільнай прамысловасьці, у фармацэўтычных фірмах ды (жанчыны) у швэйнях вопраткі. Дзеці іхнія, сёньня ўжо самі сямейныя, у вялікай прапорцыі з вышэйшай асьветай. У Нью Джэрзі налічваецца каля 50 ВНУ (унівэрсытэты, каледжы, інстытуты). У 2007 г. гадавы заробак на душу насельніцтва ў штаце складаў 49.500 дал. (сярэдні заробак для ўсяе Амэрыкі быў 38.615 дал.) У Нью Джэрзі прапарцыянальна найбольш мільянерскіх сем’яў. Сярод іх ёсьць, напэўна, і нашчадкі паваенных імігрантаў зь Беларусі. Хоць наагул тут не прынята ў гутарцы з чалавекам ставіць яму пытаньне пра ягоныя заработкі.
    Жыхары Нью Джэрзі карыстаюць эканамічна й культурна з блізіні Нью Ёрку й Філядэльфіі, двух вялікіх гарадоў у суседніх штатах Нью Ёрк і Пэнсыльванія. Маса ньюджэрзійцаў езьдзіць туды на працу. У пік летняга турыстычнага сэзону Нью Джэрзі называюць “спальняй” Нью Ёрку: шмат якія турысты начуюць у Нью Джэрзі (таньней), а горад Нью Ёрк наведваюць, даяжджаючы туды аўтобусам.
    Колькасьць беларусаў у Нью Джэрзі й ЗША
    Колькі беларусаў налічваецца ў штаце Нью Джэрзі, ніхто дакладна не падлічыў. I не падлічыць. Бо як ты будзеш падлічваць,
    калі не акрэсьлены сам панятак. Хто ў Амэрыцы — беларус? Дзяцей мяшаных сужэнстваў (а іх тут маса) як вызначаць — па бацьку ці па маці? Праблема! Паводле амэрыканскага юрыдычнага прынцыпу, калі дзіцё нарадзілася ў Амэрыцы, яно — грамадзянін/грамадзянка Злучаных Штатаў. Тут грамадзянства й нацыянальнасьць неразлучна зьвязаныя. Таксама, калі ты нарадзіўся на другім канцы сьвету, але па прыбыцьці ў Амэрыку прыняў грамадзянства, ты — амэрыканец. Гэткае разуменьне вырабілася гістарычна ў працэсе фармаваньня ў межах дзяржавы асобнае нацыі з прадстаўнікоў розных народаў. Дарэчы, у сучаснай Эўропе, заходняй і ўсходняй, назіраецца таксама, хоць і павольны ды супярэчлівы, працэс фармаваньня нацыяў грамадзянскіх у супастаўленьні з нацыямі этнічнымі.
    Вось жа калі вызначаць у Нью Джэрзі колькасьць беларускіх амэрыканцаў (а не амэрыканскіх беларусаў), дык лікі атрымоўваюцца хісткія “ад... да...”. Гэтак, у кнізе майго сябры Вітаўта Кіпеля “Беларусы ў ЗША” (1993 г.), як толькі адгорнеш вокладку, бачыш схэматычную карту Амэрыкі з загалоўкам “Беларусы ў ЗША. Колькасьць па штатах паводле неафіцыйных падлікаў”. Сказана “неафіцыйных”, бо афіцыйных не было й няма, і прычыны адсутнасьці іх дэтальна вытлумачаны ў кнізе. Неафіцыйныя ж падлікі рабіў сам аўтар, базуючыся на даступных (супярэчлівых) дадзеных. У межах “Нью Джэрзі” стаіць лічба 65.000 (для параўнаньня: у штаце Нью Ёрк — 110.000, у Пэнсыльваніі — 100.000). Ну, што ж — калі падумаеш, што ў Амэрыку зь Беларусі за часамі Расейскай імпэрыі наш люд пачаў выяжджаць/уцякаць яшчэ ў XIX ст., дык палічыўшы ўсіх, тысячаў набярэцца ў шмат якіх штатах. Але лік беларусаў у Нью Джэрзі аднойчы зьменшыўся быў з 65.000 да 5.000. Лічбу 5.000 назвала карэспандэнтка газэты Home News (June 13, 1976) Сэндра Ланмэн (Sandra Lanman) у рэпартажы пра першы беларускі фэстываль у ньюджэрзійскім Цэнтры Мастацтваў. Артыкул С. Ланмэн пачынаецца гутаркай зь Вітаўтам Кіпелем. Карэспандэнтка (не назваўшы, праўда, крыніцы) падала: “Беларусаў налічваецца ў Нью Джэрзі каля 5.000 з 1,4 мільёна ў ЗША”. Калі ў адным штаце лік беларусаў вагаецца паміж 65.000 і 5.000, дык і для цэлай Амэрыкі ён таксама можа шугаць зьверху ўніз і наадварот. У залежнасьці ад таго, хто й як робіць падлікі. Тут варта прыгадаць выказваньне пра статыстыку, як пра адну з формаў няпраўды (каб не сказаць “хлусьні”).