Беларускія пісьменнікі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 653с.
Мінск 1994
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч нарадзіўся 26.11.1930 г. у горадзе Оршы Віцебскай вобласці ў сям’і служачага.
У час Вялікай Айчыннай вайны быў у эвакуацыі ў Пермскай вобласці, пасля ў Арэнбургу. У 1944 г. вярнуўся ў Оршу, атрымаў сярэднюю адукацыю. У 1954 г. скончыў філалагічны факультэт Кіеўскага універсітэта імя Т. Р. Шаўчэнкі. Настаўнічаў у вёсцы Лесавічы Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласці (1954— 1956), у Оршы (1956—1958). Скончыў Вышэйшыя літаратурныя (1960), Вышэйшыя сцэнарныя курсы (1962) у Маскве. 3 1962 г. жыў у Мінску. Член СП СССР з 1957 г.
Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў.
Памёр 25.7.1984 г.
Першыя вершы апублікаваў у 1951 г. (аршанская раённая газета «Ленінскі прызыў»). У 1955 г. верш «Машэка» быў змешчаны ў часопісе «Полымя». Выйшлі зборнікі паэзіі «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (вершы і паэма, 1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду.» (вершы і паэмы, 1986).
Аўтар зборнікаў апавяданняў і аповесцей «Блакіт і золата дня» (1961), «Чазенія» (1970), «Вока тайфуна» (1974), «3 вякоў мінулых» (1978), раманаў «Каласы пад сярпом тваім» (1968), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1972), «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі», 1982), «Чорны замак Альшанскі» (увайшлі аднайменны раман і аповесць «Зброя»), (1983), аповесці «У снягах драмае вясна» (1989). Для дзяцей выдаў «Казкі» (1975) і нарыс «Белавежская пушча» (1975).
Аўтар п’ес «Млын на Сініх Вірах» (пастаўлена на тэлебачанні ў 1959), «Званы Віцебска» (1977, пастаўлена ў 1974), «Кастусь Каліноўскі» (1980, пастаўлена ў 1978), «Калыска чатырох чараўніц» (апублікавана і пастаўлена ў 1982), «Маці ўрагану» (1985, пастаўлена ў 1988; аднайменны мастацкі фільм — рэжысёр Ю. Марухін, 1990). У 1988 г. выйшаў зборнік п’ес «Старыя беларускія хронікі». Напісаў сцэнарыі кароткаметражных фільмаў «Сведкі вечнасці» (1964), «Памяць каменя» (1966), «Будзь шчаслівай, рака» (1967), сцэнарыі мастацкіх фільмаў «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (першапачатковая назва «Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка», з В. Бычковым, 1967), «Чырвоны агат» (1973), «Дзікае паляванне караля Стаха» (з В. Рубінчыкам, 1979), «Чорны замак Альшанскі» (з М. Пташуком, 1984). На тэлебачанні і радыё па яго творах пастаўлены шэраг спектаклей. Па лібрэта Караткевіча пастаўлена ў Беларускім тэатры оперы і балета опера «Сівая легенда» (кампазітар Д. Смольскі, 1978), а паводле яго аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» — аднайменная опера (кампазітар У. Солтан, 1989).
Выступаў як публіцыст і крытык. Напісаў нарыс «Зямля пад белымі крыламі» (1977, першае выданне — на ўкраінскай мове, Кіеў, 1972), эсэ «Мсціслаў — Мстнславль» (1985), эсэ, артыкулы пра Ф. Скарыну, Т. Шаўчэнку, Лесю
Украінку, М. Агінскага, Я. Купалу, М. Багдановіча, М. Шолахава, Я. Брыля, У. Калесніка, М. Лужаніна, Р. Барадуліна, В. Зуёнка, А. Наўроцкага, Я. Сіпакова. Выйшлі Выбраныя творы у 2 тамах (1980) і Збор твораў у 8 тамах (1987—1991).
Працаваў як перакладчык. На беларускую мову пераклаў драму М. Карыма «У ноч зацьмення Месяца» (пастаўлена ў 1972), аповесць Э. Гашпаравай «Цяжка быць мустангам» (1981), паасобныя творы Дж. Байрана, А. Міцкевіча, I. Франка, Я. Судрабкална, Б. Мацкявічуса і інш.
Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя I. Мележа (1983) за раман «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі»), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1984, пасмяротна) за раман «Чорны замак Алыпанскі».
Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ
Галіна Анатольеўна Каржанеўская нарадзілася 27.8.1950 г. у вёсцы Лясішча Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў сям’і служачых.
У 1968 г. скончыла Янушкавіцкую сярэднюю школу Лагойскага раёна, паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя У. I. Леніна. 3 трэцяга курса перавялася на завочнае аддзяленне і пачала настаўнічаць у Янушкавіцкай школе. Пасля заканчэння універсітэта (1973) выкладала беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе пасёлка Плешчаніцы Лагойскага раёна. У 1980— 1982 гг.— рэдактар літаратурна-драматычнай рэдакцыі Беларускага тэлебачання. 3 1984 г.— карэспандэнт аддзела прозы і паэзіі, з 1986 г.— загадчык аддзела крытыкі газеты «Літаратура і мастацтва». Член СП СССР з 1976 г.
3 вершамі ў рэспубліканскім друку выступіла ў 1967 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «На мове шчасця» (1973), «Мой сад» (вершы і паэма, 1976), «Званы гадоў» (1980), «Жыла-была» (1983), «Вечны водгук» (вершы і паэма, 1988), кніжкі вершаў для дзяцей «На што падобна аблачынка» (1983) і «Сінічка на балконе» (1989).
Напісала п’есы для дзяцей «Іван Світаннік» (пастаўлена ў 1981), «Шукайце кветку-папараць» (пастаўлена ў 1985), а таксама п’есы «Зуб мудрасці» (часопіс «Маладосць», 1984), «Мора, аддай пярсцёнак» (часопіс «Полымя», 1987).
Выступае і як крытык.
Уладзімір КАРПАЎ
Уладзімір Барысавіч Карпаў нарадзіўся 26.2. 1912 г. у горадзе Хвалынску Саратаўскай вобласці (Расія) у сям’і земскага ўрача.
У час голаду на Паволжы (1921) пераехаў разам з маці на Гомельшчыну ў вёску Ёлча Брагінскага раёна. Пасля заканчэння сярэдняй школы (1929) працаваў рабочым на лесапільным заводзе ў Рэчыцы, затым настаўнічаў на Брагіншчыне, у Сіроцінскім раёне. У 1941 г. завочна скончыў Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага. У Вялікую Айчынную вайну ўдзельнічаў у падпольным і партызанскім руху, быў намеснікам камандзіра спецгрупы Мінскага абкома КПБ, старшым разведчыкам глыбокага тылу. Пасля вызвалення Мінска выкладаў мову і літаратуру, загадваў навучальнай часткай сярэдняй школы № 42, працаваў у газеце «Советская Белоруссня», у 1945 г. быў адказным сакратаром газеты «Літаратура і мастацтва», у 1947— 1960 гг. загадваў аддзелам прозы і крытыкі ў часопісе «Полымя». Член СП СССР з 1946 г.
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём за баявыя заслугі і іншымі медалямі.
Памёр 6.8.1977 г.
3 рэцэнзіямі і артыкуламі ў друку пачаў выступаць у 1945 г. Аўтар кніг літаратурна-крытычных артыкулаў «Па шляху сталасці» (1952) і «Крылаты ўзлёт» (1966). .
3 1948 г. пачаў выступаць як празаік. Выйшлі аповесць «Без нейтральнай паласы» (1950), раманы «За годам год» (1957), «Вясеннія ліўні» (1961), «Нямігі крывавыя берагі» (1962), «Сотая маладосць» (1971, усе чатыры раманы склалі цыкл «На перавале стагоддзя»), кніга апавядан264
няў і ўспамінаў «Прызнанне ў нянавісці і любві» (1976). Укладальнік і адзін з аўтараў кнігі «Мы раскажам пра Мінск» (1964), аўтар тэксту да фотаальбома «Мінск» (1965). Склаў кнігі «Горад і годы» (1967) і «Сквозь огонь н смерть» (1970). У 1983—1985 гт. выйшаў Збор твораў у 5 тамах.
Васіль КАРПЕЧАНКА
Васіль Васільевіч Карпечанка нарадзіўся 7.1. 1925 г. у вёсцы Будзішча Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. '
Вучыўся ў Нова-Беліцкім лесатэхнічным тэхнікуме (1939—1941). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Быў тройчы паранены. Пасля дэмабілізацыі (1946) працаваў настаўнікам пачатковых класаў Сідаравіцкай і Роўкавіцкай школ Чачэрскага раёна. У 1952 г. скончыў Гомельскае педагагічнае вучылішча, у 1957 г.— беларускае аддзяленне Магілёўскага педагагічнага інстытута. Працаваў загадчыкам аддзела пісьмаў, адказным сакратаром рэдакцыі магілёўскай раённай газеты «За камуністычную працу» (1957—1958). У 1959—1986 гг. працаваў у Рэчкаўскай сярэдняй школе Магілёўскага раёна дырэктарам, настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, намеснікам дырэктара па ваенна-патрыятычным выхаванні. Член СП СССР з 1990 г.
Узнагароджаны ордэнамі Славы III ступені, Айчыннай вайны I ступені і медалямі.
Выступае ў друку з 1953 г. Аўтар зборніка для дзяцей «Сонейка ўзышло» (1961). Многія вершы ўключаны ў школьныя падручнікі для малодшых класаў «Верасок», «Кніжка-малышка», «Ад вясны да вясны», у калектыўныя зборнікі.
Аляксей К.АРПЮК
Аляксей Нічыпаравіч Карпюк нарадзіўся 14.4. 1920 г. у вёсцы Страшава на Беласточчыне (цяпер Польшча) у сялянскай сям’і.
Скончыў два класы польскай гімназіі ў Вільні. У 1939—1941 гг. вучыўся у Навагрудскім педагагічным вучылішчы. У гады нямецка-фашысцкай акупацыі ўваходзіў у склад падпольнай дыверсійнай групы. У час выканання дыверсіі на чыгунцы ў канцы 1942 г. быў арыштаваны і адпраўлены ў беластоцкую турму, а адтуль у канцлагер Штутгоф. Увосень 1943 г. уцёк з лагера і прыняў удзел у партызанскай барацьбе. У 1944 г. быў камандзіра.м партызанскага атрада імя К. Каліноўскага на Гродзеншчыне. У 1944—1945 гт. служыў у Савецкай Арміі, удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы і Германіі. Двойчы паранены. Скончыў аддзяленне англійскай мовы Гродзенскага педагагічнага інстытута (1949). Працаваў загадчыкам Сапоцкінскага рана (1949—1951), дырэктарам Біскупцкай сямігадовай школы Ваўкавыскага раёна (1951 —1953), у Гродзенскім педінстытуце (1953—1955), у абласной газеце «Гродзенская праўда» (1955—1957), уласным карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва». У 1961 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. 3 1961 г.— загадчык агенцтва «Інтурыст» (Гродна), з 1965 г.— сакратар Гродзенскага абласнога аддзялення СП БССР, з 1970 г.— упаўнаважаны УААП па вобласці, у 1977—1981 гг.— дырэктар Рэспубліканскага музея атэізму і гісторыі рэлігіі ў Гродна, з 1978 г,— зноў сакратар абласнога аддзялення СП БССР. Член СП СССР з 1953 г.
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны 1 і II ступені, медалямі і залатым крыжам ордэна «Віртуці Мілітары» (Польшча).
Заслужаны работнік культуры БССР (1980). Памёр 14.7.1992 г.
У друку дэбютаваў у 1953 г. аповесцю «У адным інстытуце». Выйшлі кнігі аповесцей і апавяданняў «Дзве сасны» (1958), «Данута» (1960), «Мая Гродзеншчына» (нарыс, 1960), «Пушчанская адысея» (1964), «Чаго мы варты» (бібліятэка газеты «Голас Радзімы», 1970),
«След на зямлі: Скарбы і здабыткі маёй Гродзеншчыны» (1972), «Вершалінскі рай» (1974), «Ольга Корбут» (1977), «Свежая рыба» (1978), «Партрэт» (1983), «Сучасны канфлікт» (1985), «Дзве сястры» (казка, 1986), раман «Карані» (1988). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах у 1980 г. і 1990—1991 гг.
Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя I. Мележа (1986) за кнігу «Сучасны канфлікт».
Яўген КАРШУКОЎ
Яўген Іванавіч Каршукоў нарадзіўся 1.1.1932 г. у вёсцы Давыдавічы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і настаўніка.
У 1956 г. скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя У. I. Леніна. Працаваў адказным сакратаром акцябрскай раённай газеты «Чырвоны Кастрычнік» (1956—1958), загадчыкам аддзела веткаўскай раённай газеты «Пад ленінскім сцягам» (1958—1959), рэдактарам шматтыражнай газеты панчошна-трыкатажнай фабрыкі «8 Сакавіка» ў Гомелі (1959), старшым рэдактарам на Гомельскай студыі тэлебачання (1959—1971). 3 1971 г.— загадчык аддзела літаратуры газеты «Літаратура і мастацтва», з 1975 г.— намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Вожык», з 1978 г. працаваў у апараце СП БССР. У 1980— 1989 гг.— галоўны рэдактар выдавецтва «Юнацтва». 3 1989 г.— кансультант СП БССР. Член СП СССР з 1964 г. '