Беларускія пісьменнікі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 653с.
Мінск 1994
У друку выступае з 1955 г. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Ляці, верабейка» (1969), «Агата» (1970), «Надзеевіч» (1983), «Такая позняя вясна» (1984), «Холад доннай вады» (1989).
Уладзімір МАЗГО
Уладзімір Мінавіч Мазго нарадзіўся 5.3.1959 г. у гарадскім пасёлку Зэльва Гродзенскай вобласці ў сям’і рабочага.
У 1964—1968 гг. разам з бацькамі жыў у Сібіры. У 1976 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя У. I. Леніна (скончыў завочна ў 1985 г.). Служыў у Савецкай Арміі (1979—1981), быў карэспандэнтам шматтыражнай газеты «Інтэграл», выхавацелем у рабочым інтэрнаце, супрацоўнікам рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання. 3 1984 г.— рэдактар выдавецтва «Юнацтва». Член СП СССР з 1984 г.
Друкавацца пачаў у 1972 г. Аўтар паэтычных кніг «Пад спеў крыніц» (1982), «Вершаліна» (1987). Выдаў кнігу вершаў ,для дзяцей «Калі спрачаюцца маланкі» (1989).
Працуе і ў галіне перакладу.
Сцяпан МАЙХРОВІЧ
Сцяпан Казіміравіч Майхровіч нарадзіўся 21.6.1908 г. у вёсцы Старэва Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў сям’і рабочага.
3 дзіцячых год працаваў на гуце. У 1929— 1930 гг.— інструктар Бабруйскага акруговага камітэта камсамола. Скончыў завочна Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага (1941). Працаваў рэдактарам раённай газеты (г. Камарын), загадчыкам сектара Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, рэдактарам органаў ЦК КП Беларусі — газет «Орка» і «Штандар вольносці» (на польскай мове). У час Вялікай Айчыннай вайны — інструктар палітаддзела арміі, затым галоўны рэдактар Цэнтральна-беларускага радыёвяшчання ў Маскве. 3 1943 г. па асабістай просьбе накіраваны ў тыл, да партызан, рэдагаваў газету «Белостокская правда». У 1944—1948 гг.— дырэктар Дзяржаўнага выдавецтва БССР, потым—журналіст, у 1952— 1954 гг.— галоўны рэдактар Вучэбна-педагагіч-
нага выдавецтва БССР. Скончыў аспірантуру пры Мінскім педінстытуце імя М. Горкага (1957), у 1959—1970 гг.— навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Кандыдат філалагічных навук. Член СП СССР з 1947 г.
Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі і польскім ордэнам Віртуці мілітары.
Памёр 2.7.1981 г.
Літаратурнай дзейнасцю пачаў займацца ў 1930 г. Аўтар манаграфічных прац і нарысаў па гісторыі савецкай і дакастрычніцкай беларускай літаратуры «Янка Лучына: Жыццё і творчасць» (1952), «В. 1. Дунін-Марцінкевіч» (1955), «Нарысы беларускай літаратуры XIX стагоддзя» (1957), «Максім Багдановіч: Жыццё і творчасць» (1958), «Жязнь я творчество Ф. Богушевнча» (1961), «Янка Брыль: Жыццё і творчасць» (1961), «Георгій Скарына» (1966), «Слова аб палку Ігаравым» (1968), «Прыказкі і прымаўкі: Гістарычны нарыс» (1976), «Іван Шамякін: Нарыс жыцця і творчасці» (1978), «Нарыс гісторыі старажытнай беларускай літаратуры XIV— XVIII ст.» (1980).
Андрэй МАКАЕНАК
Андрэй Ягоравіч Макаёнак нарадзіўся 12.11. 1920 г. у вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і.
Пасля заканчэння Журавіцкай сярэдняй школы (1938) працаваў масавіком у раённым Доме культуры. У 1939 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію. У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Крымскім фронце. Пасля цяжкога ранення (1942) дэмабілізаваны. Працаваў у Акаурцкай сярэдняй школе Грузіі (1942— 1943), сакратаром Журавіцкага райкома камсамола (1944, цяпер у складзе Рагачоўскага раёна), Гродзенскага гаркома камсамола (1945), загадчыкам партыйнага кабінета Магілёўскага чыгуначнага вузла (1945—1946), памочнікам сакратара Журавіцкага райкома партыі (1946— 1947). У 1949 г. скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ. У 1949—1953 гг.—
загадчык аддзела прозы часопіса «Вожык», у 1966—1978 гг.— галоўны рэдактар часопіса «Неман». Як член дэлегацыі БССР у 1965 г. удзельнічаў у рабоце XX сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1971 — 1982). Член СП СССР з 1949 г.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», Кастрычніцкай Рэвалюцыі і медалямі.
Народны пісьменнік БССР (1977).
Памёр 16.11.1982 г.
Друкуецца з 1946 г. Аўтар п’ес «На досвітку» (1951, пастаўлена ў 1952), «Выбачайце, калі ласка!» (апублікавана і пастаўлена ў 1953), «Каб людзі не журыліся» (1958, пастаўлена ў 1959), «Лявоніха на арбіце» (апублікавана і пастаўлена ў 1961), «Зацюканы апостал» (1969, пастаўлена ў 1971), «Трыбунал» (1970, пастаўлена ў 1970), «Таблетку пад язык» (апублікавана і пастаўлена ў 1973), «Святая прастата» (1974, пастаўлена ў 1976, асобнае выданне пад назвай «Кашмар» у 1979), «Верачка» (1979, пастаўлена ў 1979), «Пагарэльцы» (апублікавана і пастаўлена ў 1980), «Дыхайце ашчадна» (1982, пастаўлена ў 1984). Напісаў аднаактовыя п’есы «Добра, калі добра канчаецца» (1946), «Перад сустрэчай»*, «Жыццё патрабуе» і «Першае пытанне» (1950), «Крымінальная справа» і «Аксеніна цялушка» (1951), «На шырокія прасторы» (1958), а таксама сцэнарыі мастацкіх фільмаў «Шчасце трэба берагчы» (па матывах аповесці А. Кулакоўскага «Нявестка», пастаўлены ў 1958), «Рагаты бастыён» (па п’есе «Лявоніха на арбіце», пастаўлены ў 1964), тэлефільма «Пасля кірмашу» (пастаўлены ў 1973), дакументальных фільмаў «У адзінай сям’і» (зняты ў 1957), «Кандрат Крапіва» (зняты ў 1961). Выйшлі зборнікі п’ес «Перад сустрэчай. Жыццё патрабуе» (1951), «Камедыі» (1961), «Трыбунал. Зацюканы апостал» (1971), «П’есы» (1974), «Кінасцэнарыі» (1989). Выдадзены Выбраныя творы ў 2-х (1980), Збор твораў у 5 тамах (1987—1990).
Пераклаў п’есы «Дабракі» Л. Зорына, «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н. Думбадзе і Г. Лордкіпанідзе, «Чацвёрты» К. Сіманава і інш.
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1962) за п’есу «Лявоніха на арбіце», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1974) за п’есы «Трыбунал» і «Таблетку пад язык».
Пятрусь МАКАЛЬ
Пятрусь (Пётр Міхайлавіч) Макаль нарадзіўся 25.8.1932 г. у вёсцы Крушыняны на Беласточчыне (цяпер Польшча) у сялянскай сям’і.
У 1947 г. паступіў у Гродзенскі будаўнічы тэхнікум, правучыўся два гады. Скончыў Гродзенскі педагагічны інстытут (1953). Быў супрацоўнікам абласной газеты «Гродненская правда». Служыў у Савецкай Арміі (1954—1956). Працаваў рэдактарам аддзела культуры і навукі часопіса «Маладосць» (1957—1960), вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах пры СП СССР (1960—1962), загадваў аддзелам літаратуры ў газеце «Літаратура і мастацтва» (1962—1963), быў рэдактарам рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Міністэрства культуры БССР (1965—1966), памочнікам галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача (1966—1975). 3 1975 г.— літкансультант СП БССР. 3 1978 г.— старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». У 1980—1983 гг.— рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Маладосць». Член СП СССР з 1953 г.
Узнагароджаны медалямі.
У друку выступае з 1949 г. (газета «Гродненская правда»). Выйшлі зборнікі паэзіі «Першы след» (1955), «Вятрам насустрач» (1958), «Вечны агонь» (1960), «Круглы год» (1964), «Акно» (1967), «Вершы» (выбранае, 1968), «Дотык да зямлі» (1975), «Поле» (1978), «Заручыны» (выбранае, 1979), «Смак яблыка» (1981), «Калыска долі» (1984), «Асенняя пошта лістоты» (1987), «Азбука любві» (1989). Для дзяцей выдаў кніжкі «Хлопчык будзіць сонца» (1966), «Песня згоды» (вершы. паэмы, казкі, 1983), «Чарадзейная скарбонка» (вершы, казкі, загадкі, 1987), «Я гатую абед» (паэма, 1989). У 1982 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.
Сумесна з А. Вольскім напісаў п’есы «За лясамі дрымучымі» (1959, 1961, пастаўлена ў 1958) і «Марынка-крапіўніца» (пастаўлена ў 1963). Аўтар п’ес «Адчыніце, казляняткі!» (1972, пастаўлена ў 1970), «Дай вады, калодзеж!» (1974, пастаўлена ў 1971), «На ўсіх адна бяда» (1977, пастаўлена ў 1976), а таксама лібрэта араторыі «Запрашэнне ў краіну маленства» (музыка Я. Глебава, 1974).
Займаецца перакладамі са славянскіх моў. Пераклаў зборнік сучаснай славацкай паэзіі «Татры пяюць» (1976) і зборнік вершаў М. Валека «Крылы» (1978).
Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя А. Куляшова (1980) за зборнік паэзіі «Поле», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1984) за зборнік «Смак яблыка».
Алесь МАКАРЭВІЧ
Алесь (Аляксандр Антонавіч) Макарэвіч нарадзіўся 30.8.1918 г. у вёсцы Шэлегі Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і.
Пасля заканчэння літаратурна-лінгвістычнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута (1939) кароткі час настаўнічаў у Хойніцкай сярэдняй школе на Гомельшчыне. У лістападзе 1939 г. прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, пад Ельняй быў цяжка паранены і трапіў у канцлагер. Вызвалены ў сакавіку 1945 г. Да снежня 1945 г. у дзеючай арміі. 3 1946 г. зноў настаўнік, загадчык навучальнай часткі Талькаўскай сярэдняй школы Пухавіцкага раёна. 3 1947 па 1949 гт.— аспірант кафедры беларускай літаратуры Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. У 1949—1967 гг. выкладаў беларускую літаратуру ў Магілёўскім педінстытуце (з 1959 г.— дацэнт, быў загадчыкам кафедры, дэканам філалагічнага факультэта). Кандыдат філалагічных навук. Член СП СССР з 1960.
Памёр 30.12.1967 г.
У друку пачаў выступаць у 1951 г. Выйшлі літаратуразнаўчыя кнігі «Сатыра Кандрата Крапівы» (1962), «Кароткі літаратуразнаўчы слоўнік» (1963, 2-е дапрацаванае і дапоўненае выданне ў 1969), «Ад песень і думак народных» (1965), «Фальклорныя матывы ў драматургіі Янкі Купалы (1969).
Адзін з аўтараў вучэбных дапаможнікаў для студэнтаў ВНУ «Беларуская дзіцячая літаратура» (1966), «Беларуская вуснапаэтычная творчасць» (1966).
Васіль МАКАРЭВІЧ
Васіль Сцяпанавіч Макарэвіч нарадзіўся 15.7.1939 г. у вёсцы Купленка Крупскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і.
У 1957 г., пасля заканчэння сярэдняй школы, працаваў на лесараспрацоўках на Поўначы, з 1958 г.— у калгасе «Ухвала» Крупскага раёна. Пасля заканчэння аддзялення журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя У. I. Леніна (1964) чатыры гады працаваў у газеце «Чырвоная змена». 3 1979 г.— спецкарэспандэнт Беларускага радыё. Член СП СССР з 1976 г.
Першы верш апублікаваў у 1956 г. (газета «Чырвоная змена»).
Аўтар зборнікаў паэзіі «Вогненная камета» (1963), «Мерыдыяны і паралелі» (1966), «Ліставей» (паэма і вершы, 1971), «Вечнае дрэва» (вершы і паэма, 1974), «Радоўка» (вершы і паэма, 1977), «Праталіна» (1983), «Відушчы посах» (вершы, паэма, 1987), «Сумежжа» (вершы, паэмы, 1989) і вершаванай казкі «Лясныя вандраванні» (1967).