Браслаўскае Паазер'е ў IX—XIV стст.
Людміла Дучыц
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 120с.
Мінск 1991
Гарадзішча каля в. Свіла I (плошча 1 га) мае авальную форму. Вышыня яго ад падножжа 15 м. Пляцоўка акружана трыма кальцавымі валамі і двума равамі. У 1974 г. раскопкі праводзіў A. Р. Мітрафанаў. Ускрыта плошча 168 м2. Знойдзены жалезны двухшыпны наканечнік стралы, два бранзалетападобныя скроневыя кольцы з дроту, яма для збожжа і гаршчок з зернем азімага жыта. Даследчык датаваў паселішча VIII — IX стст.34 Акрамя апісаных помнікаў вядомы таксама гарадзішчы са старажытнарускім слоем каля в. Межава Расонскага раёна 35.
Па літаратурных даных, можна дапусціць існаванне яшчэ некалькіх умацаваных паселішчаў, але яны пакуль што не лакалізаваны. Напрыклад, у «Спіску рускіх гарадоў дальніх і бліжэйшых» у ліку літоўскіх гарадоў упамінаецца горад Алешаск36. М. Любаўскі адзначае, што паселішчы ці ўрочышчы з найменнем Алешаск яму знайсці не ўдалося. Тым не менш у яго працы гаворыцца: «... У Браслаўскім павеце ў Алескай воласці Угорскага стану...», а таксама: «...У склад Браслаўскага павету, акрамя таго, уваходзіў вялікакняжаскі двор Опса з воласцю Алескаю, аддадзены ў 1300 годзе аднаму са смаленскіх князёў...»37
Зыходзячы з вышэйапісанага, можна дапусціць,што ў старажытнасці нейкі пункт Алеск (Алешаск) існаваў у раёне в. Опса ці былой в. Угор на беразе воз. Богінскага на тэрыторыі сучаснага Браслаўскага раёна.
Сярод сугучных з назвай Алешаск тапонімаў у кнізе «Слоўнік назваў населеных пунктаў Віцебскай вобласці»38 ў паўночна-заходніх раёнах Беларусі вядомы Алешына (Пастаўскі раён), Алешыцы (Міёрскі раён), Альшаны (Браслаўскі раён), Альшанкі (Верхнядзвінскі раён), Ольшчына (Глыбоцкі раён). Але пакуль што размову можна весці толькі аб сямі гарадзішчах, на якіх праводзіліся раскопкі: Браславе, Маскавічах, Дрысвятах, Прудніках, Рацюнках, Свіле I і Гарадцы.
У навуковай літаратуры звычайна ўжываецца класіфікацыя гарадзішчаў па іх месцазнаходжанню адносна рэльефу мясцовасці39. Па гэтай адзнацы гарадзішчы Гарадзец і Дрысвяты адносяцца да мысавых гарадзішчаў, а астатнія — да ўзгоркавых. У плане ўсе гарадзішчы адпавядаюць натуральнай форме ўзгоркаў. У дадзеным выпадку дапушчальнай з’яўляецца класіфікацыя гарадзішчаў па памерах пляцоўкі, у адпаведнасці з якой умацаваныя паселішчы можна падзяліць на вялікія (звыш 1 га), сярэднія (каля 1 га) і малыя (менш за 1 га). Да вялікіх адносяцца Браслаў (3 га), да сярэдніх — Маскавічы, Дрысвяты, Пруднікі, Гарадзец, Свіла I і да малых — Рацюнкі (0, 2 га).
Жыццё на большасці гарадзішчаў узнікла ў раннім жалезным веку.
На гарадзішчы Гарадзец жыццё квітнела ў X — першай палове XI ст. Гарадзішча Свіла I узнікла ў VIII ст. і існавала да канца IX ст. На ўсіх астатніх паселішчах росквіт жыцця быў у XI — XIII стст.
Сельскія паселішчы эпохі Полацкага княства ў Сярэднім Падзвінні амаль не вывучаліся. Маюцца звесткі аб існаванні неўмацаваных паселішчаў, якія спадарожнічалі ўмацаванням у Дрысвятах, Прудніках, і невялічкага паселішча ў Маскавічах. Селішчы вядомы таксама каля в. Пашавічы Браслаўскага4" і в. Ігналіна Верхнядзвінскага раёнаў41.
Некаторыя ўяўленні аб сельскіх паселішчах можна атрымаць пры вывучэнні курганных могільнікаў. Назваць лічбу паселішчаў па курганных групах цяжка, таму што часта ў адным могільніку хавалі нябожчыкаў адразу з некалькіх вёсак. Акрамя таго, частка курганных груп не захавалася да нашага часу. Курганныя матэрыялы сведчаць аб складаным этнасе, сацыяльнай дыферэнцыяцыі вёскі, а таксама аб актыўным удзеле сельскага насельніцтва ў гандлі. Адрозненне насельніцтва вёскі ад жыхароў умацаваных пунктаў дазваляе меркаваць, што насельніцтва фарпостаў Полацкага княства на яго паўночна-заходніх рубяжах фарміравалася ў асноўным за кошт выхадцаў з далёкіх зямель, а не з навакольных вёсак.
Пакуль найболыв поўныя даныя маюцца аб Маскавічах. Як адзначалася, дэшыфраваны аэрафотаздымак паказаў забудову ўздоўж прыбярэжнай часткі воз. Дзерба. На беразе возера каля падножжа гарадзішча ўскрыта плошча 16 м. Таўшчыня культурнага слоя тут 0,2 — 0,3 м. Выяўлены сляды абпаленых бярвенняў ад вугла пабудовы і выбрукоўка. Рэчавыя знаходкі прадстаўлены нажом, абломкамі жалезных вырабаў, бронзавай падвескай-качачкай і керамікай XII —XIII стст. На поўдзень ад гарадзішча, на полі, якое разворваецца, было закладзена 10 шурфаў. Таўшчыня культурнага слоя тут ад 0,1 да 0,4 м. Знойдзены фрагменты керамікі і жалезныя рэчы, сінхронныя знаходкам на гарадзішчы. Выяўлены таксама кавалкі глінянай абмазкі.
Яшчэ ў першыя гады даследаванняў у Маскавічах было адзначана, што пастаянна з воз. Дзерба на бераг вымываюцца рэчы XI — XIII стст. Гэтыя даныя і вынікі дэшыфроўкі аэрафотаздымка, якія фіксуюць пабудовы ўздоўж берага, дазваляюць меркаваць, што частка паселішча магла аказацца затопленай. 3 даных азёразнаўцаў вынікае, што ўзровень вады ў воз. Дзерба значна павысіўся пасля правядзення ў 1930—1935 гг. меліярацыйных работ у даліне р. Друйкі і пасля пабудовы ў 1955 г. на гэтай рацэ Чарневіцкай ГЭС. Донныя адклады ў воз. Дзерба прадстаўлены шчыльнай азёрнай глінай, гліністым глеем, заглееным пяском і сапрапелем з ракавінамі малюскаў42.
Аквалангістамі ў ходзе візуальнага абследавання дна возера выяўлена, што на ўсёй прылягаючай да берага акваторыі на пясчаных водмелях сустракаюцца фрагменты керамікі, косці жывёл, кавалкі глінянай абмазкі і вуголле. Знойдзены таксама бронзавыя ўпрыгожанні: бранзалет з незамкнёнымі звужанымі канцамі, пярсцёнак-пячатка і кальцо з незамкнёнымі канцамі. У некалькіх месцах каля берага адзначаны ўчасткі з выбрукоўкамі. У найбольш перспектыўных для даследавання месцах, выяўленых пры візуальным абследаванні, на адлегласці 20 — 30 м ад берага былі закладзены 4 шурфы памерам 1X1 м, а ў 10 м ад берага — падводны раскоп плошчай 60 м2. Глыбіня вады ў месцах даследавання ў летні час звычайна 2-—3 м. Устаноўлена, што амаль на ўсёй акваторыі пад слоем сапрапелю ў заглееным пяску сустракаюцца вуголле, фрагменты керамікі,
рэчы старажытнарускага часу і шматлікія коеці жывёл. У адным з шурфаў пад слоем сапрапелю зафіксаваны слой вуголля таўшчынёй 0,1 м.
У час гідраархеалагічных раскопак і шурфоўкі было паднята звыш тысячы фрагментаў керамікі і больш за 300 касцей жывёл, а таксама розныя рэчы XI—ХШ стст. — шыферныя праселкі, шкляныя пацеркі і бранзалеты, нажы, цыліндрычныя замкі і інш. (рыс. 19). Па вызначэнню В. В. Шчагловай, косці належаць 8 відам жывёл: каню, хатняму быку, буйному быку, хатняй свінні, дзіку, ласю, сабаку і выдры.
У сувязі з пытаннем аб сельскіх неўмацаваных паселішчах цікавасць уяўляюць даныя тапанімікі. На тэрыторыі Старажытнай Русі добра вядомы танонімы тыпу Княжына, Княжыцы, Княжае і г. д. Звычайна даследчыкі атаясамліваюць іх з феадальнымі замкамі ці княжацкімі сёламі43. Падобныя назвы населеных пунктаў ёсць і на даследаванай тэрыторыі. Гэта в. Княжына Браслаўскага раёна, вёскі Князева і Княжыцы Верхнядзвінскага раёна. У в. Княжыцы знаходзіцца гарадзішча, якое пакуль не вывучалася. У Верхнядзвінскім раёне каля в. Красова ёсць урочышча Княжына Гара і г. д.
Заслугоўваюць увагі таксама і тапонімы Крывічы і Русакі. Е. Ахманьскі, як адзначалася, лічыць, што першыя з’явіліся ў VII—XIII стст., другія — у XIII—XIV стст.44
У атласе Н. I. Паўлішчава на карце «Русь у 1054 годзе пры Яраславе Вялікім» на правым беразе Заходняй Дзвіны, прыблізна паміж Друяй і Нолацкам, адзначаны пункт Пераслаў45. У наш час на левым беразе Заходняй Дзвіны існуюць тры вёскі з сугучнымі назвамі. Гэта Пераслаў, Пераслоўе і Пераслова ў Міёрскім раёне . Усе названыя пункты лакалізуюцца паміж Друяй і Полацкам. 3 гэтага вынікае, што, магчыма, у гэтым раёне існавала паселішча яшчэ ў старажытнарускі час, але археалагічна яно пакуль што не выяўлена.
Акрамя апісаных помнікаў неабходна адзначыць гарады Сярэдняга Падзвіння — Друю, Дрысу і Дзісну, першыя звесткі аб якіх вядомы па пісьмовых крыніцах XIV—XV стст. Але паколькі яны ў гэтыя часы ўжо трапілі на старонкі летапісаў, то, магчыма, існавалі і раней. Друя і Дрыса ўпамінаюцца ў 1386 г. у хроніцы М. Стрыйкоўскага ў ліку ўладанняў полацкага князя Андрэя Альгердавіча47. Прынята лічыць, што першае ўпамінанне аб Дзісне прыводзіць «Літоўская метрыка» (1461), дзе гаворыцца: «... А суднл сам король в Днснах» . Думка аб тым, што гэтыя гарады існавалі значна раней, неаднаразова выказвалася ў друку49. Вырашыць пытанне аб часе іх узнікнення магчыма толькі з дапамогай археалогіі. У Друі ў 20-х гадах Я. Альхімовічам была зроблена прарэзка нейкага вала (зараз не існуе), які ішоў ад Друйкі да былой плошчы Пятра і Паўла, але вынікі даследаванняў не надрукаваны50. Даследаванні 70— 80-х гадоў і раскопак 1986 г. далі багаты матэрыял XVI—XVIII стст. Раскоп плошчай 64 м2 быў закладзены на правым беразе р. Друйкі пры яе ўпадзенні ў Заходнюю Дзвіну. Культурны слой дасягае таўшчыні 1,3 м, але ён моцна пашкоджаны пабудовамі XIX—XX стст. У мацерыку выяўлены слупавыя і гаспадарчыя ямы. 3 ранніх знаходак вылучаюцца тры касцяныя прамавугольныя плоскія грабеньчыкі, ключ ад навяснога замка (тып Д па наўгародскай класіфікацыі) і нешматлікія фрагменты керамікі, што адносяцца да XIV—XV стст. Рэчы, магчыма больш ранняга перыяду, прадстаўлены нажом з асіметрычнымі выступамі каля чаранка, чарашковым бранябойным наканечнікам стралы (агульная даўжыня 83 мм, даўжыня пяра 53 і шырыня 12 мм), а таксама некалькімі
Рыс. 19. Знаходкі з воз. Дзерба каля гарадзішча Маскавічы: 1 — манетападобная падвеска; 2 — фрагмент шклянога бранзалета; 3 — фрагмент шклянога пярсцёнка; 4, 5, 6 — спіральныя пранізкі; 7 — пярсцёнак; 8 — фрагмент пярсцёнка; 9 — дробны выраб з дроту; 10 — бранзалет; 11 — шыфернае праселка; 12 — дэталь ад дужкі цыліндрычнага замка; 13 — жалезнае звяно ланцуга; 14 — выраб з косці; 15 — нож; 16 — жалезны выраб; 17 — долата; 18 — касцяная праколка; 19 — асялок
3. Зак. 1363
фрагментамі венчыкаў начыння, якое характэрна для Полацка XII— XIV стст.51
У Дзісне на пляцоўцы замка, размешчанага на востраве Заходняй Дзвіны, знойдзена кераміка XI ст.52 Акрамя таго, у літаратуры ёсць звесткі аб знаходках каля Дзісны рэчаў эпохі Кіеўскай Русі. Напрыклад, упамінаюцца курганы, якія існавалі на беразе р. Дзісны, і паведамляецца, піто скарбашукальнікі знаходзілі там бронзавыя пярсцёнкі, зааморфныя бранзалеты, шыйныя грыўні, розныя жалезныя рэчы53. Мяркуючы па апісаннях, яны адносяцца да XI — XII стст. Па даных Л. Д. Побаля, у Варшаўскім гістарычным музеі захоўваюцца фрагменты ляпнога посуду і абломак бронзавай шыйнай грыўні, перададзеныя з Дзісны54. Есць звесткі і аб знаходках каля Дзісны ў 1914 г. пярсцёнкаў-пячатак з выявамі княжацкіх знакаў і надпісаў53.