Браслаўскае Паазер'е ў IX—XIV стст.
Людміла Дучыц
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 120с.
Мінск 1991
цэлых вырабаў разам з кальцом 140, 150, 180 і 198 мм. Адзін стрыжань упрыгожаны насечкамі, а два маюць фігурную верхнюю частку. Па назіраннях Л. А. Голубевай, гэтыя знаходкі датуюцца IX — XIII стст. і распаўсюджаны ў асноўным па водных шляхах — Заходняй Дзвіне, Дняпру, Шэксне і Волзе, а таксама добра вядомы на тэрыторыі Польшчы. Пытанне аб прызначэнні такіх вырабаў пакуль што канчаткова не высветлена 6.
Трэба таксама адзначыць, што частка рэчаў побыту выраблялася з медзі і бронзы (лампадкі, катлы).
Зброя. Зброя дальняга бою (15 экз.) у Маскавічах прадстаўлена наканечнікамі стрэл, якія, па класіфікацыі А. Ф. Мядзведзева, падраздзяляюцца на чатыры віды: чатырохгранныя чарашковыя (8 экз.), ланцэтападобныя сплюшчаныя (3 экз.), астатнія ромбападобныя з найбольшым пашырэннем у верхняй палове пяра (рыс. 22).
Рыс. 22. Зброя з гарадзішча Маскавічы: 1 — наканечнік ножнаў мяча; 2—7 — наканечнікі стрэл; 8— булава; 9—11, 13, 14 — нак.анечнікі коп'яў; 12 — уток (наканечнік супрацьлеглага канца кап’я)
Чатырохгранныя чарашковыя наканечнікі ўжываліся з X ст. да канца сярэдневякоўя. Ланцэтападобныя сплюшчаныя былі распаўсюджаны ў XI — XII стст. на паўночным захадзе Русі і ў Прыбалтыцы. Арбалетныя ромбападобныя ў сячэнні са зрэзанымі вугламі характэрны для XII — . XIII стст., ромбападобныя з пашырэннем у верхняй частцы пяра былі шырока распаўсюджаны ў VIII — XIII стст., а зрэзні ў выглядзе вузкай лапатачкі з’явіліся не раней XIII ст.7 Вага маскавіцкіх арбалетных наканечнікаў 17, 20 і 22 г, вага астатніх прыблізна 4 г. Утульчатыя двухшыпныя наканечнікі стрэл вядомы ў Браславе і Прудніках, шылападобныя выяўлены ў Браславе. Утульчатыя двухшыпныя наканечнікі характэрны для VIII — XIII стст., а шылападобныя — для XII — XIII стст.8
Зброя бліжняга бою (Маскавічы, 10 экз.). Галоўнай зброяй бліжняга бою на Русі было кап’ё. Кап’ёўшчыкі першымі наступалі і наносілі таранны ўдар па войску праціўніка, распачынаючы асноўную бітву. Кап’ё патрабуе добрай вывучкі байцоў. Наканечнікі коп’яў прадстаўлены пяццю тыпамі: двухшыпныя чарашковыя, лаўралісцевыя з доўгім чаранком, утульчатыя ланцэтападобныя, лістападобныя чарашковыя, аднашыпныя гарпунападобныя. У асноўным гэта знаходкі з Маскавічаў.
Двухшыпныя чарашковыя — 1 экз. Наканечнік знойдзены з абламаным чарашком. Даўжыня пяра 122 м. Для старажытнарускіх помнікаў такія наканечнікі лічацца рэдкімі. У асноўным яны характэрны для помнікаў XI — XII стст. на тэрыторыі Латвіі 9.
Лаўралісцевыя з доўгім чаранком — 2 экз. Агульная даўжыня аднаго наканечніка 210 мм, другога 300 мм. Сячэнне пяра ў абодвух экземплярах мае ромбападобную форму, а стрыжань — круглую. Па класіфікацыі A. М. Кірпічнікава, гэтыя наканечнікі адносяцца да тыпу IX і датуюцца XI—XII стст.10
Утульчатыя ланцэтападобныя —1 экз. Ужываліся пераважна ў XI ст. Па класіфікацыі A. М. Кірпічнікава, адносяцца да тыпу I. Аналагічныя знаходкі вядомы таксама ў Браславе і ў курганах у Заборных Гумнах і Уклі.
Лістападобныя чарашковыя (дроцікі-суліцы) — 2 экз. Выконвалі ролю дапаможнай зброі. Агульная даўжыня знаходак 200 і 254 мм. Такія ж наканечнікі знойдзены ў Браславе і ў кургане каля в. Кублішчына. На думку A. М. Кірпічнікава, такія знаходкі характэрны для XIII ст.1
Аднашыпныя гарпунападобныя — 6 экз. Канец стрыжня ў трох экземплярах адагнуты з боку шыпа. У аднаго наканечніка чарашок тардзіраваны (віты). Агульная даўжыня знаходак 230 — 290 мм. Такія наканечнікі ўжываліся і як зброя, і як прылада для палявання і рыбнай лоўлі. Аналогіі такім наканечнікам добра вядомы на тэрыторыі Усходняй Латвіі, у заходніх раёнах Літвы, Эстоніі, Латвіі, Фінляндыі, старажытнарускіх гарадах — Пскове, Ноўгарадзе, Гародні. Яны бытавалі ў XI — XII стст. 2
У Маскавічах выяўлены ўток ад кап’я. Агульная даўжыня 190 мм, дыяметр утулкі 24 мм. Маецца адтуліна для цвіка. Тут знойдзены таксама два навершшы ад рукаяцяў мячоў і бронзавы наканечнік ножнаў мяча. Адно навершша паўкруглае (тып IV па класіфікацыі A. М. Кірпічнікава), другое дыскападобнае (тып VI). Вага першага 310 г, другога 265 г. Такія навершшы датуюцца XII — XIII стст. і характэрны для многіх еўрапейскіх помнікаў .
Можна меркаваць, што мячы, навершшы рукаяцяў, якія знойдзены ў Маскавічах, маюць заходняе паходжанне. Наканечнікі ножнаў мяча
па краю ўпрыгожаны штрыхаванымі лініямі. Па даных П. Паўльзена, такія наканечнікі ножнаў вырабляліся ў землях куршаў і прусаў |4. A. М. Кірпічнікаў падобныя наканечнікі ножнаў мячоў адносіць да XII— першай паловы XIII ст.15
У арсенал узбраення ўваходзілі таксама булавы, якія лічыліся падсобнай дапаўняльнай зброяй. На Маскавіцкім гарадзішчы знойдзены дзве жалезныя і адна бронзавая булавы. Жалезныя булавы маюць выгляд куба са зрэзанымі вугламі. Папярочнік адной булавы 41 мм, вышыня 28, дыяметр адтуліны 13 мм, вага 110 г. Памеры другой булавы — дыяметр 50 мм, вышыня 30, папярочнік 15 мм, вага 175 г. Па класіфікацыі
Рыс. 23. Рыштунак каня і конніка з гарадзішча Маскавічы: 1—3 — спражкі; 4, 6, 7, 10 — шпоры і іх фрагменты; 5 — ледаходны шып; 8, 9, 11—14 — цуглі; 15, 16 — страмёны
A. M. Кірпічнікава, яны адносяцца да тыпу II, які датуецца XII — XIII стст. Зроблены яны шляхам коўкі. Бронзавая булава мае 8 плаўна закругленых граняў. Дыяметр 47 мм, вышыня 38, дыяметр адтуліны 18 мм. Гэта тып V па класіфікацыі A. Н. Кірпічнікава, які характэрны для XII—XIII стст. Шарападобная, арнаментаваная рэльефнымі кропкамі і крыжыкамі булава знойдзена на полі паблізу гарадзішча Рацюнкі. Дыяметр 47 мм, вышыня 40 мм. На думку A. М. Кірпічнікава, яна адносіцца да пачатку XIII ст.
У ваяўнічых мэтах выкарыстоўваліся таксама нажы. Вядома, што нож лічыўся абавязковай прыналежнасцю кожнага воіна. Шчытоў і засцерагальнага адзення не знойдзена, але аб іх можна меркаваць па малюнках на абломках касцей жывёл, знойдзеных на Маскавіцкім гарадзішчы. У літаратуры вядомы таксама ўспамін аб знаходцы панцыра паблізу гарадзішча ў Маскавічах |6.
Рыштунак конніка і рэчы конскай збруі (рыс. 23). Гэта катэгорыя знаходак прадстаўлена шпорамі, страмёнамі і цуглямі. Шпор і іх фрагментаў вядома 14 экз. Карыстаючыся класіфікацыяй A. М. Кірпічнікава, цэлыя шпоры (5 экз.) можна раздзяліць на тры віды: з чатырохгранным шыпам і петлепадобнымі канцамі; з доўгім шыпам і прыпаянымі петлямі на кругападобных канцах дуг; без петляў, з доўгім шыпам і зубчатай дугой.
Шпоры з чатырохгранным шыпам і петлепадобнымі канцамі (3 экз.) адносяцца да тыпу III, шырока распаўсюджанага па ўсёй тэрыторыі Старажытнай Русі. 3 усіх старажытнарускіх шпор гэты від лічыцца самым цяжкім і датуецца XII — першай паловай XIII ст.
Шпоры з доўгім шыпам і прыпаянымі петлямі на кругападобных канцах дуг (1 экз.). Частка шыпа і дугі абвіты сплюшчаным медным дротам. Знаходка адносіцца да тыпу II і датуецца XII ст. Большасць шпор гэтага тыпу, па назіраннях A. М. Кірпічнікава, знойдзена ў паўднёварускіх землях. На поўначы яны адзінкавыя. Шпоры з доўгімі шыпамі, інкруставаныя медным дротам, маглі мець заходняе паходжанне |7.
Шпоры без петляў, з доўгім шыпам і зубчатай дугой (1 экз.). Мяркуючы па дузе, знойдзеную шпору можна аднесці да літоўскіх рэчаў, характэрных для X — XIV стст. 18
Акрамя апісаных шпор знойдзены яшчэ 2 фрагменты шпор, дугі якіх заканчваюцца кругападобнымі канцамі з прыпаянымі петлямі. Шпоры з такімі петлямі адносяцца да тыпаў II, III, IV і датуюцца XII — першай паловай XIII ст. Адзін абломак шпоры на дузе мае кругападобнае пашырэнне, упрыгожанае сярэбранай кропкавай інкрустацыяй. Знойдзены 3 абломкі шпор з шарападобнымі шыпамі. Мяркуючы па шыпах, шпоры можна аднесці да аднаго з тыпаў — III, IV ці IVa. Датаванне гэтых тыпаў шпор — XII — першая палова XIII ст. Акрамя таго, ад шпор знойдзены 4 петлепадобныя канцы з дугой. Такія фрагменты маглі належаць шпорам, якія адносяцца да тыпаў II, III ці V і бытавалі ў XII — XIII стст. 9
Страмёны (4 экз.). Гэта катэгорыя знаходак прадстаўлена адным цэлым стрэменем і трыма абломкамі. Па класіфікацыі A. М. Кірпічнікава, цэлае кольцападобнае і два абломкі такіх страмёнаў адносяцца да тыпу IX. У XII — XIII стст. кольцападобныя страмёны распаўсюджаны ад Сібіры і Сярэдняй Азіі да Прыбалтыкі і Польшчы. Такія знаходкі ёсць таксама ў Даніі, Швецыі, Чэхіі20. Адзін фрагмент стрэмені ўяўляе сабой зубчатую верхнюю частку з дзвюма круглымі адтулінамі. Такая форма
страмёнаў характэрна ў асноўным для Цэнтральнай Літвы ў XI — XIII стст. 21
Цуглі (19 экз.). Сярод знаходак гэтай катэгорыі 15 цугляў двухзвённыя кольчатыя і 4 — з псаліямі. Дыяметр кольцаў 40—50 мм. У сячэнні кольцы круглыя ці прамавугольныя. Даўжыня злучальнай часткі 140—155 мм. Злучальныя звёны 2 цугляў упрыгожаны насечкамі. Па класіфікацыі A. М. Кірпічнікава, цуглі адносяцца да тыпу IV. Цуглі, у якіх псаліі і кальцо злітыя, належаць да тыпу II. Усе знойдзеныя ў Маскавічах цуглі датуюцца XII — XIII стст. 22
У Маскавічах знойдзена 7 ледаходных шыпоў. Канцы платформы чатырох шыпоў закругленыя. Тры шыпы маюць выгляд трохвугольніка. Першы від шыпоў, на думку A. М. Кірпічнікава, з’явіўся не пазней XIII ст.
Рыс. 24. Вырабы з косці з гарадзішча Маскавічы: 1,2 — гузікі; 3, 5,7, 8, 11 — накладкі ад тронак нажоў; 4 — дробны выраб; 6, 11 — трапецападобныя грабеньчыкі; 9 — костка для гульні ў «бабкі»
Шыпы ў выглядзе трохвугольніка лічацца абутковымі, яны дапамагалі бяспечна перамяшчацца па слізкіх дарогах у зімовы час 23. Сярод археалагічнага матэрыялу ў Браславе вядома конская падкоўка.
Вырабы з косці шматлікія і разнастайныя на ўсіх гарадзішчах. У пахаваннях, за выключэннем аднаго грабеньчыка у Чарневічах, касцяных вырабаў не знойдзена. У Маскавічах выяўлена 20 праколак. Даўжыня іх 60— 190 мм. Есць 3 цэлыя касцяныя ручкі ад нажоў, 8 насадак (муфтачак) для драўляных ручак і 2 накладкі. Знойдзены 2 гузікі, а таксама розныя дробныя вырабы. Большасць гэтых рэчаў упрыгожана цыркульным арнаментам. Шматлікія знаходкі грабеньчыкаў, з якіх 39 цэлыя. Па форме грабеньчыкі падраздзяляюцца на трапецападобныя з увагнутымі бакамі, трапецападобныя з накладкамі і прамавугольныя двухбаковыя наборныя (рыс. 24). Па наўгародскай класіфікацыі, яны адносяцца да тыпаў Д (5 экз.), М (5 экз.), Н (19 экз.), О (16 экз.), Ж (3 экз.) і I (1 экз.). Датаванне маскавіцкіх грабеньчыкаў — XI — XIV стст. 24 У Браславе выяўлены аднабаковыя і двухбаковыя грабяні25. Аднабакова арнаментаваны грабенчык вядомы ў Прудніках26.