• Газеты, часопісы і г.д.
  • Брэменскія музыкі  Браты Грым

    Брэменскія музыкі

    Браты Грым

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 302с.
    Мінск 1999
    69.97 МБ
    — Хлуслівая жанчына вакол пальца мяне абвяла. — I ахінуўся накідкай, і нябачна ўвайшоў у палац.
    Ступіў у залу, а пасярод яе стаіць вялікі стол, а на стале тым багата розных страваў; госці ядуць, п’юць, смяюцца, жартуюць. А каралева сядзіць між імі, уся ў прыгожым адзенні, раскашуе на каралеўскім троне, а на галаве ў яе золатам зіхаціць карона. Хлапец наблізіўся да яе, стаў за плячыма, і ніхто яго не бачыць. Калі каралеве клалі на талерку кавалачак мяса, ён працягваў нябачную руку, браў мяса і з’ядаў сам; налівалі ёй віна, ён падхопліваў шклянку і выпіваў; ёй увесь час падкладалі яду, а яна заставалася галодная — і талерка, і шклянка бясследна знікалі. Яна таму вельмі засмуцілася, зрабілася ёй сорамна, тады яна паднялася і пайшла да сябе ў пакой і там заплакала, а ён таксама следам за ёй пайшоў. Скрозь слёзы каралева мовіла:
    — Ці не зноў нячысцік мной завалодаў, няўжо мяне ад яго не выратавалі?
    Тады ён грозна спытаў у яе:
    — Хіба ніколі да цябе не прыходзіў выратавальнік? Дык ён і цяпер з табой побач, хлусліўка!
    Ён скінуў накідку, адразу зрабіўся бачным, адчыніў дзверы, зайшоў у залу і там гучна абвясціў:
    — Канец балю! Сапраўдны кароль вярнуўся!
    Каралі, князі, саветнікі, якія за сталом балявалі, пачалі смяяцца, паказваць на яго пальцамі; тады ён грозна мовіў:
    — Вы пакінеце залу ці не?
    Яны спачатку намерыліся схапіць яго, нават з-за стала павыходзілі, але ён выхапіў шаблю і сказаў:
    — Усе галовы з плеч далоў, акрамя маёй адной! I пакаціліся ўсе галовы на зямлю, і ён застаўся адзіным гаспадаром палаца ды зноў зрабіўся каралём Залатой гары.
    СНЯГУРАЧКА
    Гэта было ў сярэдзіне зімы. Падалі сняжынкі, быццам пух з неба, і сядзела каралева ля акна, — рама яго была з чорнага дрэва, — і каралева шыла. Калі яна шыла, заглядзелася на снег і ўкалола іголкай палец, — і ўпалі тры кроплі крыві на снег. I чырвонае на белым снезе выглядала так прыгожа, што падумала яна сама сабе: «Вось, калі б нарадзілася ў мяне дзіця, белае, як гэты снег, і румянае, як кроў, і чорнавалосае, як дрэва на аконнай раме!»
    I нарадзіла каралева неўзабаве дачку, і была яна белая, як снег, румяная, як кроў, і такая чорнавалосая, як чорнае дрэва, — і празвалі яе таму Снягурачкай. А калі дзіця нарадзілася, каралева памерла.
    Праз год узяў кароль сабе другую жонку. Гэта была прыгожая жанчына, але ганарыстая і пыхлівая, яна трываць не магла, калі хто-небудзь пераўзыходзіў яе хараством. Было ў яе чароўнае люстэрка, і калі станавілася яна перад ім і глядзелася ў яго, то пыталася:
    — Люстэрка, люстэрка на белай сцяне, Хто самы прыгожы ў лясной старане?
    I люстэрка адказвала:
    — Вы, каралева, прыгажэй у лясной старане.
    I яна была задаволена, паколькі ведала, што люстэрка кажа праўду.
    6 Зак. 737
    А Снягурачка за гэты час падрасла і станавілася ўсё харашэй, і, калі ёй споўнілася сем гадоў, была яна такая цудоўная, як ясны дзень, і прыгажэйшая за саму каралеву. Калі каралева спытала ў свайго люстэрка:
    — Люстэрка, люстэрка на белай сцяне, Хто самы прыгожы ў лясной старане?
    Люстэрка адказала так:
    — Вы, каралева, канечне, прыгожы сабой, Ды толькі Снягурачка вас засланяе красой.
    Спалохалася тады каралева, пажаўцела, пазелянела ад зайздрасці. Убачыць, бывала, Снягурачку — і сэрца ў яе разрываецца, так неўзлюбіла яна дзяўчынку. I зайздрасць, і фанабэрыстаць разрасталіся, як пустазелле, у яе сэрцы ўсё вышэй і вышэй, і не было ёй з гэтага часу спакою ні ўдзень, ні ўночы.
    Тады яна паклікала аднаго са сваіх егераў і сказала:
    — Завядзі гэтую дзяўчынку ў лес, — я больш бачыць яе не магу. Ты павінен яе забіць і прынесці мне ў знак доказу яе лёгкія і печань.
    Егер паслухаўся і завёў дзяўчынку ў лес; але, калі ён выцягнуў свой паляўнічы нож і хацеў было ўжо працяць ні ў чым не вінаватае сэрца Снягурачкі, тая пачала плакаць і прасіць:
    — Ах, мілы егер, пакінь мяне жывою! Я ўцяку далёка-далёка ў дрымучы лес і ніколі не вярнуся дадому.
    I таму, што была яна такая прыгожая, егер над ёю злітаваўся і сказаў:
    — Так і быць, бяжы, бедная дзяўчынка!
    I падумаў сам сабе: «Усё адно там цябе хутка з’ядуць дзікія звяры», — і быццам камень зваліўся ў яго з сэрца, калі не давялося яму забіваць Снягурачку.
    I якраз y гэты час падбег малады алень, егер яго закалоў, выразаў у яго лёгкія і печань і прынёс іх каралеве ў знак доказу, што яе загад выкананы. Кухару распарадзіліся зварыць іх у салёнай вадзе, і ліхая жанчына іх з’ела, думаючы, што гэта лёгкія і печань Снягурачкі.
    Засталася бедная дзяўчынка ў дрымучым лесе адна-адзінюткая, і са страхам яна агледзела ўсе лісцікі на дрэвах, не ведаючы, як ёй быць далей, як свайму ropy дапамагчы.
    Яна кінулася бегчы, і бегла па вострых камянях, праз калючыя зараснікі, і скакалі каля яе дзікія звяры, але яе не чапалі. Бегла яна колькі сілы хапіла, але вось пачало нарэшце вечарэць. Раптам яна ўбачыла маленькую хатку і зайшла ў яе адпачыць. I было ў той хатцы ўсё такім маленькім, але прыгожым і чыстым, што ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць.
    Стаяў там накрыты белай сурвэткай столік, а на ім сем маленькіх талерачак, каля кожнай талерачкі па лыжачцы, а яшчэ сем маленькіх нажоў і відэльцаў і сем маленькіх кубкаў. Стаялі каля сцяны ў рад сем маленькіх ложачкаў, і былі яны засланы беласнежнымі пакрываламі.
    Захацелася Снягурачцы паесці і папіць, яна ўзяла з кожнай талерачкі патрошку гародніны і хлеба і выпіла з кожнага кубачка па кропельцы віна, — ёй не хацелася піць усё з аднаго. А паколькі яна вельмі стамілася, то легла ў адну з пасцелек, але ніводная з іх для яе не падыходзіла: адна была занадта доўгая, другая занадта кароткая; але сёмая аказалася нарэшце якраз па яе росту; яна на яе ўлеглася і, аддаўшыся на літасць боскую, заснула.
    Калі ўжо зусім сцямнела, прыйшлі гаспадары хаткі; былі то сямёра карлікаў, якія ў гарах здабывалі руду. Яны запалілі сем сваіх лямпачак, і, калі ў хатцы стала светла, яны заўважылі, што ў іх хтосьці быў,
    таму што не ўсё аказалася ў тым парадку, у якім было раней. I сказаў першы карлік:
    — Хто гэта на маім крэсле сядзеў?
    Другі:
    — Хто гэта з маёй талерачкі еў?
    Трэці:
    — Хто ўзяў скібачку майго хлеба?
    Чацвёрты:
    — А хто маю гародніну еў?
    Пяты:
    — Хто маім відэльчыкам браў?
    Шосты:
    — А хто маім ножычкам рэзаў?
    Сёмы спытаў:
    — Хто гэта піў з майго маленькага кубка?
    Азірнуўся першы і заўважыў на сваёй пасцельцы маленькую складачку, і спытаў:
    — А хто гэта ляжаў на маім ложачку?
    Тут збегліся астатнія і пачалі гаварыць:
    — I ў маім таксама хтосьці ляжаў.
    Зірнуў сёмы карлік на сваю пасцель, бачыць — ляжыць у ёй Снягурачка і спіць. Гукнуў ён тады астатніх; падбеглі яны, пачалі ад здзіўлення крычаць, прынеслі сем сваіх лямпачак і асвяцілі Снягурачку.
    — Ах, божа мой! Ах, божа мой! — усклікнулі яны. — Якое, аднак, прыгожае дзіця!
    Яны так зарадаваліся, што не сталі яе будзіць і пакінулі яе спаць у пасцельцы. А сёмы карлік праспаў у кожнага са сваіх таварышаў па гадзіне, — так вось і ноч праляцела.
    Надышла раніца. Прачнулася Снягурачка, убачыла сем карлікаў і спалохалася. Але былі яны з ёю ласкавыя і спыталі яе:
    — Як цябе зваць?
    — Мяне клічуць Снягурачкай, — адказала яна.
    — Як ты трапіла ў нашу хатку? — працягвалі пытацца карлікі.
    I яна расказала ім аб тым, што мачыха хацела яе забіць, але егер злітаваўся над ёю, і што бегла яна цэлы дзень, пакуль нарэшце не знайшла іх хатку.
    Карлікі спыталі:
    — Хочаш весці ў нас гаспадарку? Кухарыць, пасцелі ўзбіваць, мыць, шыць і вязаць, усё ўтрымліваць у чысціні і парадку, — калі ты на гэта згодная, то можаш у нас застацца, і будзе ў цябе ўсяго ўдосталь.
    — Добра, — сказала Снягурачка, — з вялікай ахвотай, — і засталася ў іх.
    Яна ўтрымлівала хатку ў парадку. Раніцай карлікі ішлі ў горы капаць руду і золата, а вечарам вярталіся дамоў, і яна павінна была да іх прыходу прыгатаваць ім вячэру. Цэлы дзень дзяўчынцы прыходзілася заставацца адной, і таму добрыя карлікі яе перасцерагалі і казалі:
    — Сцеражыся сваёй мачыхі: яна хутка даведаецца, што ты тут. Глядзі, нікога не ўпускай у дом.
    А каралева, з’еўшы лёгкія і печань Снягурачкі, пачала зноў думаць, што яна цяпер самая першая красуня ў каралеўстве. Яна падышла да люстэрка і спытала:
    — Люстэрка, люстэрка на белай сцяне, Хто самы прыгожы ў лясной старане?
    I адказала люстэрка:
    — Вы, каралева, прыгожы сабой, Ды Снягурачка там, за гарамі, У карлаў сямёх між барамі Сваёй вас заслоніць красой.
    Спалохалася тады каралева, — яна ж ведала, што люстэрка кажа праўду, і зразумела, што егер яе падмануў, што Снягурачка яшчэ жывая. I яна стала зноў думаць і гадаць, як бы яе знішчыць. I не было ёй ад зайздрасці спакою, таму што не яна самая першая прыгажуня ў каралеўстве.
    I вось пад канец яна сёе-тое прыдумала: яна нафарбавала сабе твар, пераапранулася старой гандляркай, і цяпер яе ніяк нельга было пазнаць. Накіравалася яна цераз сем гор да сямі карлікаў, пагрукалася ў дзверы і кажа:
    — Прадаю тавары харошыя! Прадаю!
    Глянула Снягурачка ў акенца і кажа:
    — Добры дзень, галубка! Ты што прадаеш?
    — Харошыя тавары, цудоўныя тавары, — адказала тая, — шнуркі рознакаляровыя, — і выняла ёй адзін з іх паказаць, і быў ён сплецены з пярэстага шоўку.
    «Гэту шаноўную жанчыну можна, бадай, і ў дом пусціць», — падумала Снягурачка. Яна адкінула дзвярную засаўку і купіла сабе прыгожыя шнуркі.
    — О, як яны табе ідуць, дзяўчынка, — мовіла старая, — дай жа я зашнурую табе ліф як трэба.
    Снягурачка, не прадчуваючы нічога кепскага, стала перад ёю і дала зацягнуць на сабе новыя шнуркі. I пачала старая шнураваць, ды так хутка і так туга, што Снягурачка задыхнулася і ўпала як мёртвая долу.
    — Гэта за тое, што ты самай прыгожай была, — сказала каралева і хутка знікла.
    А неўзабаве, надвячоркам, вярнуліся сем карлікаў дахаты, і як яны спалохаліся, калі ўбачылі, што іх любая Снягурачка ляжыць на падлозе — не варухнецца, не кранецца, нібы мёртвая! Яны паднялі яе і ўбачылі, што яна моцна-моцна зашнуравана; тады разрэзалі яны шнуркі, і пачала яна пакрысе дыхаць і паступова апрытомнела.
    Калі карлікі пачулі аб тым, як усё гэта здарылася, яны сказалі:
    — Старая гандлярка была на самой справе злою каралевай. Сцеражыся, не ўпускай да сябе нікога, калі нас няма дома.
    А ліхая жанчына вярнулася тым часам дамоў, падышла да люстэрка і спытала: