• Газеты, часопісы і г.д.
  • Брэменскія музыкі  Браты Грым

    Брэменскія музыкі

    Браты Грым

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 302с.
    Мінск 1999
    69.97 МБ
    — Татка, — кажа Хлопчык як пальчык, — я прывязу воз, ты ўжо не сумнявайся, буду ў лесе своечасова.
    — Але як жа ты з гэтым справішся, ты ж такі маленькі, каб канём кіраваць?
    — Гэта, татка, не бяда! Калі маці запражэ, дык я залезу каню ў вуха і буду яму крычаць, куды трэба ехаць.
    — Добра, — адказаў бацька, — адзін раз, бадай што, паспрабуем.
    Калі прыйшла пара, запрэгла маці каня і пасадзіла Хлопчыка як пальчык каню ў вуха, і стаў хлапчына пакрыкваць: «Но! но! Лявей, правей!»
    Усё ішло як мае быць, як у вопытнага фурмана, і воз каціўся проста ў лес. Ды здарылася так, што на паваротцы, калі Хлопчык як пальчык крыкнуў:
    «Налева, налева!», насустрач з’явіліся двое незнаёмых.
    — Глянь, — кажа адзін з іх, — што гэта такое? Едзе сабе воз, фурман на каня пакрыквае, а самога не відаць.
    — Тут штосьці не тое, — зазначыў другі, — давай пойдзем следам за возам і пацікуем, дзе ён спыніцца.
    А воз ехаў сабе ўсё далей і далей у лес і прамым кірункам туды, дзе секлі дровы. Убачыў Хлопчык як пальчык бацьку і кажа яму:
    — Вось, татка, я і прыехаў з возам. А цяпер ты знімі мяне і апусці на зямлю.
    Бацька левай рукой узяў каня за аброць, а правай дастаў з конскага вуха свайго сыночка, той весела ўсеўся на былінцы.
    Убачылі незнаёмцы Хлопчыка як пальчык і не ведалі, што ім і казаць ад здзіўлення. Пасля адзін з іх і кажа:
    — Паслухай, гэты недаростак мог бы прынесці нам шчасце, мы паказвалі б яго ў вялікім горадзе за грошы, — давай купім яго.
    Падышлі яны да селяніна і гавораць:
    — Прадай нам свайго маленькага чалавечка, яму будзе ў нас добра.
    — He, — адказвае селянін, — гэта мой любы сынок, і я яго нават за золата не прадам.
    Але Хлопчык як пальчык пачуў, што яго купляюць, залез па складках вопраткі да бацькі на плечы і пачаў шаптаць яму ў вуха:
    — Татка, прадавай мяне, а назад да цябе я сам вярнуся.
    I вось прадаў яго бацька за вялікія грошы двум незнаёмцам.
    — А куды ж цябе пасадзіць? — пытаюцца яны ў хлопчыка.
    — Ды пасадзіце мяне на палі вашага капелюша, там мне можна будзе шпацыраваць і ваколіцы агля4^ 118
    даць, я адтуль не звалюся. Незнаёмцы згадзіліся з ім; Хлопчык як пальчык развітаўся з бацькам, і яны рушылі ў шлях-дарогу.
    Ішлі яны, ішлі, а ўжо і вечарэць пачынае, тады хлопчык і кажа:
    — Апусціце мяне на дол, бо маю патрэбу.
    — Ат, заставайся там наверсе, — прамовіў чалавек, на галаве ў якога ён сядзеў, — нічога страшнага, ад птушак таксама іншы раз перападае.
    — He, — адказаў Хлопчык як пальчык, — я ведаю, як трэба сябе паводзіць, хутчэй апусціце мяне ўніз.
    Зняў чалавек капялюш і пасадзіў хлопчыка на прыдарожнае поле. Хлопчык як пальчык скокнуў убок і пачаў прабірацца паміж грудамі зямлі, a калі прыкмеціў мышыную норку, узяў і схдваўся туды.
    — Бывайце, спадары, бывайце, ідзіце сабе дамоў • без мяне, — гукнуў ён ім з норкі.
    Падбеглі тыя да мышынай норкі, давай торкаць у яе палкамі, але дарэмна, — Хлопчык як пальчык запаўзаў усё глыбей і глыбей, а незнаёмцаў ужо і ноч агарнула, і давялося ім вярнуцца дамоў са злосцю ды з пустой торбай.
    Калі Хлопчык як пальчык зразумеў, што яны пайшлі, ён вылез з падземнага хода. «Упоцемку ісці па полі, бадай што, будзе небяспечна, — сказаў ён, — яшчэ шыю сабе скруціш». На шчасце, натрапілася яму па дарозе пустая ракавіна слімака. «Дзякуй Богу, — сказаў ён, — цяпер я магу правесці ноч спакойна», — і залез у ракавіну.
    Толькі пачаў ён засынаць, як раптам чуе — ідуць міма два чалавекі, і адзін з іх гаворыць:
    — Як гэта нам украсці ў багатага пастара грошы і серабро?
    — Я табе сказаў бы, як гэта зрабіць! — гукнуў Хлопчык як пальчык.
    — Што гэта? — пытаецца напалоханы злодзей. — Я чую, нехта гаворыць.
    Прыпыніліся яны і пачалі ўслухоўвацца. Тады Хлопчык як пальчык зноўку прамовіў:
    — Вазьміце мяне з сабою, я вам памагу.
    — А дзе ж ты?
    — А вы пашукайце мяне на зямлі і слухайце, адкуль голас чуецца, — адказаў ён.
    Нарэшце зладзеі знайшлі яго і паднялі ўгару.
    — Ну і малеча, як ты можаш нам памагчы? — здзівіліся яны.
    — А вось як, — адказаў ён: — я залезу праз краты ў камору пастара і дастану вам тое, што патрэбна.
    — I то праўда, — сказалі зладзеі, — паглядзім, як ты з гэтым справішся.
    Прыйшлі яны да хаты пастара, і залез Хлопчык як пальчык у камору ды як закрычыць адтуль:
    — Вы хочаце забраць ўсё, што тут ёсць?
    Спалохаліся зладзеі і кажуць:
    — Цішэй гавары, a то яшчэ хто-небудзь прачнецца.
    Але Хлопчык як пальчык нібыта не зразумеў іх ды як закрычыць зноў:
    — Вы хочаце забраць усё, што тут ёсць?
    Пачула гэта кухарка, — яна спала ў суседнім пакоі, — абаперлася на локаць і пачала прыслухоўвацца. Зладзеі перапалохаліся і адбегліся ад хаты, але пасля апомніліся і падумалі: «Наш хлопчына, відаць, хоча нас падражніць. Яны вярнуліся і шапнулі яму:
    — Хопіць сваволіць, дастань нам што-небудзь з каморы.
    Але Хлопчык як пальчык зноў закрычаў, ды так гучна, як толькі мог:
    —Ды я вам усё падам, вы толькі працягніце рукі!
    А служанка ўсё прыслухоўвалася і да слоўца пачула, што яны казалі; саскочыла яна з ложка і, спаты-
    каючыся, пабегла да дзвярэй каморы. Зладзеі пусціліся наўцёкі, быццам іх даганяў чарадзейны стралок. Служанка, нікога не знайшоўшы, пайшла запальваць свечку. Увайшла яна ў камору, а Хлопчык як пальчык тым часам непрыкметна перабраўся ў адрыну.
    Служанка абшнарыла ўсе закуткі і зноў лягла на ложак, думаючы, што ўсё гэта ёй прыснілася. Хлопчык як пальчык тады залез у сена, знайшоў там утульнае месца і вырашыў пераспаць да раніцы, a пасля ўжо вярнуцца дахаты, да маці з бацькам.
    Але давялося яму зазнаць іншае! Так, шмат яшчэ на свеце здараецца гора і няшчасця...
    Калі развіднела, служанка ўстала з ложка, каб падкінуць трохі скаціне. Пайшла яна ў адрыну, узяла ахапак сена, і сталася так, што захапіла яна якраз той жмуток сена, у якім ляжаў бедны Хлопчык як пальчык. Ён спаў так моцна, што нічога не чуў, і прачнуўся ўжо ў роце ў каровы, якая схапіла яго разам з сенам.
    «Авохці мне, а Божухна, — усклікнуў ён, — хіба што я на сукнавальню трапіў!» — але хутка зразумеў, дзе апынуўся. I ён стараўся як-небудзь праслізнуць паміж зубамі каровы, каб яна не раздушыла яго, і нарэшце давялося яму спаўзці ўніз, у страўнік. «А ў каморы, відаць, забыліся вокны прарэзаць, — прамовіў ён, — бач, і сонца ў яе не свеціць, і агню не запальваюць». Калі казаць праўду, дык кватэра гэтая яму мала падабалася, і горай за ўсё было тое, што ў дзверы лезла ўсё новае і новае сена, а месца заставалася ўсё менш і менш. Тады закрычаў ён са страху так моцна, як толькі мог:
    — He трэба мне болей свежага корму, не давайце мне свежага корму!
    А служанка ў гэты час якраз даіла карову і пачула, што нехта крычыць, але нікога не відаць, і здаўся ёй голас падобны на той, які яна чула ноччу, і так перапалохалася, што ўпала з услончыка і разліла ўсё
    5* Зак. 737
    малако. Пабегла, засопшыся, да свайго гаспадара і кажа:
    — Ой, Божухна, спадар пастар, а наша карова пачала гаварыць!
    — He можа быць, — сказаў пастар, аднак пайшоў у кароўнік — паглядзець, што там здарылася. Але не паспеў ён увайсці, а Хлопчык як пальчык як закрычыць зноў:
    — He давайце мне болей свежага корму, не давайце мне болей свежага корму!
    Тут і пастар спалохаўся і падумаў, што ў карову ўбіўся злы дух, і загадаў ён зарэзаць яе. Зарэзалі карову, а страўнік, дзе схаваўся Хлопчык як пальчык, кінулі ў кучу гною.
    Хлопчыку як пальчык давялося доўга павалтузіцца, перш чым ён з неверагоднымі высілкамі выбраўся з каровінага страўніка; вось ён ужо амаль што вылез і нават галаву высунуў, ды тут надарылася новая бяда: бег міма галодны воўк, убачыў трыбухі, схапіў іх і праглынуў. Але Хлопчык як пальчык не разгубіўся. «Бадай што з ваўком можна будзе дамовіцца», — падумаў ён і закрычаў з воўчага чэрава:
    — Шаноўны воўк, я ведаю, дзе ёсць для цябе спажыва.
    — А дзе ж яна? — спытаўся воўк.
    — Ды вунь там у той хаце, але залезці ў яе можна толькі цераз сцёкавую канаву; там чакаюць цябе і пірагі, і сала, і каўбасы — усё, усё, чаго захочацца. — I ён падрабязна апісаў ваўку хату свайго бацькі.
    Воўк не вагаючыся залез у хату цераз вадасцёкавую канаву і ўволю наеўся там у каморы ўсяго, што толькі знайшлося. Наеўшыся да адвалу, ён хацеў вылезці назад, але жывот у яго так вырас, што ранейшым шляхам воўк вылезці ўжо не мог! На гэта і разлічваў Хлопчык як пальчык і падняў у воўчым жываце страшны шум, пачаў крычаць і брыкацца, што ёсць моцы.
    — Ды сціхні ты там, — кажа воўк, — а то яшчэ людзей разбудзіш!
    — Ну і хітры ж ты, — сказаў хлопчык, — сам наеўся, дай і мне трохі павесяліцца, — і пачаў зноў крычаць на ўсё горла.
    Тут ад шуму прачнуліся, нарэшце, бацька і маці, падбеглі да каморы і зазірнулі ў шчыліну. Як убачылі яны там ваўка, кінуліся прэч; бацька схапіў сякеру, a маці касу.
    — Ідзі следам за мной, — сказаў бацька, уваходзячы ў камору, — калі я стукну яму, а ён будзе яшчэ жывы, ты яго дабівай і касой распорвай жывот.
    Пачуў Хлопчык як пальчык голас свайго бацькі і як закрычыць:
    — Татка, дарагі, тут я, тут, я схаваўся ў воўчым жываце!
    I ўсклікнуў бацька ад радасці:
    — Дзякуй табе, Божа, наша дзіцятка знайшлося! — і загадаў жонцы кінуць касу, каб Хлопчыка як пальчык не параніць. Затым ён як размахнуўся ды як стукне ваўку сякерай па галаве, той і ўпаў нежывы. Знайшлі яны нож і нажніцы, распаролі ваўку чэрава і выцягнулі адтуль Хлопчыка як пальчык.
    — А мы гэтулькі пакутавалі з-за цябе, — прамовіў бацька.
    — Праўда, татка, шмат прыгод было ў мяне, але, дзякаваць Богу, зноў выбраўся на божы свет!
    —А дзе ж ты прападаў?
    — Ах, татка, быў я і ў мышынай норцы, і ў каровіным страўніку, і ў воўчым жываце, а зараз ужо застануся ў вас, нікуды не пайду.
    — А мы не аддадзім цябе ні за якія скарбы на свеце, — сказалі бацька з маці ды пачалі лашчыць і мілаваць свайго дарагога Хлопчыка як пальчык. Накармілі яго, напаілі, пашылі яму новы касцюмчык, бо ранейшы добра-такі знасіўся.
    ДЗЯЎЧЫНА-ДЗІКУНКА
    Жыў некалі кароль; была ў яго жонка, залатавалосая, такая прыгажуня, што падобнай не знайсці ва ўсім свеце. Аднойчы яна цяжка захварэла, і калі адчула, што хутка памрэ, паклікала караля і сказала:
    — Калі ты пасля маёй смерці захочаш ажаніцца зноў, то бяры сабе жонку толькі такую, якая будзе роўнай мне па прыгажосці і каб былі ў яе такія ж залатыя валасы, як у мяне; гэта ты мне абяцай.