• Газеты, часопісы і г.д.
  • Брэменскія музыкі  Браты Грым

    Брэменскія музыкі

    Браты Грым

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 302с.
    Мінск 1999
    69.97 МБ
    — Вось дурні! — сказаў Грыф-птушка. — Ключ жа ляжыць пад парогам за дзвярыма ў драўлянай хаце.
    — I расказваў ён мне яшчэ, што ў адным замку дачка гаспадароў хварэе і не могуць знайсці сродку, каб яе вылекаваць.
    — Вось жа дурні! — сказаў Грыф-птушка. — Гэта ж сядзіць пад парогам у склепе рапуха, ёсць у яе там гняздо, яна звіла яго з валасоў той дзяўчыны. Трэба валасы гэтыя ў рапухі забраць, і дзяўчына зноў будзе здаровая.
    — Ды яшчэ расказваў ён, што недзе чалавек замест парому на плячах людзей пераносіць цераз раку.
    — Вось дурань! — сказаў Грыф-птушка. — Варта яму ўсяго толькі аднаго з сябе скінуць, і не будзе ён болей ніколі пераносіць нікога.
    Ледзь толькі ўзялося на світанак, узняўся Грыфптушка ды паляцеў. Вылез Ганс з-пад ложка, узяў з сабой цудоўнае пяро ды ўсё добра запомніў, што казаў Грыф-птушка — і пра ключ, і пра хворую дзяўчыну ў
    замку, і пра перавозчыка. А Грыфава жонка ўсё гэта яму яшчэ раз паўтарыла, каб ён не забыў чаго. Потым ён зноў падаўся ў дарогу. Але спачатку прыйшоў на раку да перавозчыка, і калі той спытаўся, што адказаў Грыф-птушка, Ганс сказаў:
    — Ты спачатку мяне перанясі, а потым я табе скажу.
    Перанёс яго на другі бераг перавозчык, і сказаў яму Ганс, што варта яму ўсяго толькі аднаго скінуць з сябе ў ваду, і яму нікога больш пераносіць не давядзецца. Дужа ўзрадаваўся перавозчык і прапанаваў яму ва ўдзячнасць перанесці яго яшчэ раз. Але Ганс адмовіўся. Няхай, маўляў, паберажэ свае сілы, што ён і гэтым задаволены, — ды пайшоў сабе далей.
    Прыйшоў ён да таго замка, дзе была дачка хворая; пасадзіў яе сабе на плечы, бо яна хадзіць сама не ўмела, аднёс яе па прыступках у склеп, выцягнуў жабіна гняздо з-пад ніжняй прыступкі, падаў яго ў рукі хворай, — і яна той жа час акрыяла, саскочыла з ягоных плячэй ды пабегла па прыступках уверх зусім здаровая. Вялікая радасць была ў бацькі з маткаю, яны абдарылі Ганса залатымі ды срэбнымі падарункамі і гатовыя былі аддаць яму ўсё, што б ён ні пажадаў.
    Прыйшоў Ганс да другога замка і адразу накіраваўся ў драўляную хату, — і сапраўды знайшоў ён там пад парогам ключ і прынёс яго гаспадару замка. I гэты таксама дужа ўзрадаваўся і даў Гансу за гэта ва ўзнагароду шмат золата, што захоўвалася ў яго ў куфэрку, і яшчэ нямала ўсялякага дабра, — кароў, і авечак, і коз.
    Калі Ганс вярнуўся з усімі гэтымі падарункамі — з грашыма, золатам, срэбрам, з каровамі, авечкамі ды козамі, кароль спытаўся ў яго, дзе ён усё гэта здабыў? I Ганс яму распавёў, што птушка Грыф дае кожнаму ўсё, што той пажадае. I падумаў кароль, што і ён мог бы бадай што, атрымаць не меней, і падаўся ў дарогу да птушкі Грыфа. Але калі ён падышоў да перавоза, a
    пасля Ганса ён з’явіўся туды першы, дык перавозчык адразу ж і скінуў яго з сябе ў раку, і кароль патануў.
    А Ганс ажаніўся з каралеўнай і зрабіўся каралём.
    МАЛЕНЬКІЯ ЧАЛАВЕЧКІ
    Жыў на свеце шавец. Грошай у яго зусім не было.
    I гэтак ён нарэшце збяднеў, што застаўся ў яго толькі адзін кавалак скуры на пару ботаў. Выкраіў пад вечар ён з гэтай скуры загатоўкі для ботаў і падумаў: «Лягу я спаць, а заўтра падымуся раней і пашыю боты ».
    Так ён і зрабіў: лёг і заснуў. А раніцай прачнуўся, памыўся і хацеў садзіцца за працу — боты шыць. Але глядзіць — работа яго ўжо гатова — пашыты боты.
    Вельмі здзівіўся шавец. Ён не ведаў нават, як такі выпадак можна растлумачыць.
    Узяў ён боты і пачаў іх уважліва разглядваць.
    Як добра былі яны пашыты! Hi аднаго шыўка няправільнага. Адразу было відаць, што адмысловы майстар тыя боты шыў. А хутка знайшоўся і пакупнік на боты. I так яны яму спадабаліся, што заплаціў ён за іх вялікія грошы. Змог цяпер шавец купіць сабе скуры на дзве пары ботаў. Скроіў ён вечарам дзве пары і думае: «Лягу я зараз спаць, а раніцай на зары ўстану і пачну шыць».
    Падняўся ён раніцай, памыўся, глядзіць — гатовы абедзве пары ботаў.
    Пакупнікі зноў хутка знайшліся. Вельмі ім спадабаліся боты. Заплацілі яны шаўцу вялікія грошы, і змог той купіць сабе скуры на цэлыя чатыры пары ботаў.
    На наступную раніцу і гэтыя чатыры пары былі гатовы.
    I так пайшло з гэтага часу кожны дзень. Што скроіць вечарам шавец, тое да раніцы пашыта ўжо.
    Скончылася ў шаўца беднае ды галоднае жыццё.
    Аднойчы вечарам скроіў ён, як заўсёды, боты, але перад сном раптам гаворыць сваёй жонцы:
    — Слухай, жонка, а што, калі сёння ноччу не класціся спаць, а паглядзець, хто гэта нам боты шые?
    Жонка абрадавалася і сказала:
    — Зразумела, не будзем класціся, давай паглядзім. Запаліла жонка свечку на стале, потым схаваліся яны ў кутку пад адзеннем і пачалі чакаць.
    I вось роўна ў поўнач прыйшлі ў пакой маленькія чалавечкі. Селі яны за шавецкі стол, узялі сваімі маленькімі пальчыкамі накроеную скуру і пачалі шыць.
    Яны так жвава і хутка тыкалі шыламі, шылі ды ластуквалі малаткамі, што шавец ад здзіўлення не мог адарваць ад іх вачэй. Яны працавалі да таго часу, пакуль не пашылі ўсе боты. А калі апошняя пара была гатова, саскочылі чалавечкі са стала і адразу зніклі.
    Раніцай жонка кажа мужу:
    — Маленькія чалавечкі зрабілі нас багатымі. Трэба і нам зрабіць для іх што-небудзь добрае. Прыходзяць чалавечкі да нас па начах, адзення на іх няма, і, напэўна, ім вельмі холадна. Ведаеш, што я прыдумала: пашыю я кожнаму з іх куртачку, кашульку і штонікі. А ты ім боцікі змайструй.
    Выслухаў жонку муж і гаворыць:
    — Добра ты прыдумала. Вось жа яны, мусіць, абрадуюцца!
    Аднойчы вечарам паклалі яны свае падарункі на стол замест выкраенай скуры, а самі зноў схаваліся ў кутку і пачалі чакаць маленькіх чалавечкаў.
    Роўна ў поўнач, як заўсёды, прыйшлі ў пакой маленькія чалавечкі. Яны скочылі на стол і хацелі адразу ж узяцца за работу. Але глядзяць — на стале замест скроенай скуры ляжаць чырвоныя кашулькі, касцюмчыкі і стаяць маленькія боцікі.
    Адразу здзівіліся маленькія чалавечкі, а пасля
    вельмі абрадаваліся.
    Хутка-хутка адзелі свае прыгожыя касцюмчыкі і боцікі, затанцавалі і заспявалі:
    — Славім мы ўборы хорам —
    Болей нечага тужыць! Рады мы сваім уборам I не будзем боты шыць!
    Доўга спявалі, танцавалі і скакалі цераз крэслы і лаўкі маленькія чалавечкі. Потым яны зніклі і больш ужо не прыходзілі шыць боты. Але шчасце і ўдача не пакідалі з таго часу шаўца праз усё яго доўгае жыццё.
    ШЭСЦЬ СЛУГ
    аўным-даўно жыла старая каралева. Была яна вядзьмарка. А дачка яе — прыгажуня на ўвесь белы свет. Але яна пра яе мала клапацілася. Усё болей пра сваё вядзьмарства.
    Прыходзіць, напрыклад, да дачкі жаніх. А яна яму свае заданні дае. Хлопец дзеля нявесты пагаджаецца, а таго не ведае, што заданні ў старой каралевы вядзьмарскія, іх нельга выканаць. Вось і ставілі смельчакоў на калені, адсякалі ім галовы.
    Пачуў адзін каралевіч пра незвычайную прыгажосць дзяўчыны, кажа свайму бацьку:
    — Дазвольце мне схадзіць у сваты да прыгажуні.
    — Я не магу табе дазволіць, — адказаў кароль. — Калі пойдзеш туды, то назад ужо не вернешся.
    Пасля гэтага каралевіч моцна захварэў. Праляжаў у ложку ажно сем гадоў. Ніводзін лекар не мог яго вылечыць. Зразумеў бацька, што сын жыве адной надзеяй, і з сумам у сэрцы сказаў:
    — Адпраўляйся да прыгажуні і паспрабуй шчасця. Я бяссільны табе дапамагчы.
    Як пачуў гэта каралевіч, падняўся з ложка, адчуў сябе здаровым. Весела рушыў у шлях-дарогу.
    Ехаў ён на кані цераз пустку, бачыць, ляжыць у полі як бы вялікая капа сена. Пад’ехаў бліжэй і вачам сваім не паверыў. Там ляжаў вялізны чалавек. Пуза ў яго было падобна на невялікі пагорак. Убачыў таўстун вандроўніка, падняўся ў поўны рост, кажа:
    — Калі вам патрэбен слуга, вазьміце мяне з сабою.
    Каралевіч засумняваўся:
    — Ды што мне з такім цельпуком рабіць?
    — О, — сказаў таўстун, — гэта што, вось калі я раздзьмуся ва ўсю моц, то стану ў тры тысячы разоў таўсцейшым.
    — Калі так, — пагадзіўся каралевіч, — ты мне спатрэбішся. Ідзі за мной!
    Пайпіоў таўстун за каралевічам. Праз нейкі час сустрэлі яны яшчэ аднаго чалавека. Той ляжаў на зямлі вухам да травы.
    — Што ты тут робіш? — спытаў каралевіч.
    — Прыслухваюся, — адказаў чалавек.
    — Да чаго?
    — Прыслухваюся, што цяпер робіцца ў свеце. Ад мяне нічога не ўтоіцца. Я чую нават, як расце трава.
    Каралевіч пацікавіўся:
    — Скажы, што ты чуеш у двары старой каралевы, у якой дачка прыгажуня?
    — Чую, як меч свішча, галаву жаніху адсякаюць.
    Каралевіч вырашыў:
    — Ты мне спатрэбішся. Ідзі за мной!
    Рушылі яны далей. У хуткім часе прыкмецілі чалавечыя ногі са ступнямі. Праехалі яшчэ нямала пакуль убачылі тулава, а пасля і саму галаву.
    — Эй! — здзівіўся каралевіч. — Ты доўгі, як вялікі канат.
    — Гэта што, — адказаў незнаёмец, — калі я выцягнуся як след, то зраблюся ў тры тысячы разоў даўжэйшым і большым за самую высокую гару на зямлі. Я мог бы служыць вам, калі возьмеце з сабой.
    — Ідзі за мной! Ты мне спатрэбішся.
    Па дарозе сустрэлі яшчэ аднаго чалавека. Той сядзеў з завязанымі вачыма.
    — Можа, у цябе вочы хворыя? — спытаў каралевіч.
    — Ды не, — адказаў незнаёмец, — калі я здыму павязку і зірну на што-небудзь, то ўсё разляціцца на кавалкі.
    — Добра, ідзі за мной! Ты мне спатрэбішся.
    Пайшлі яны далей усе разам. Ды раптам знайшлі на дарозе новага чалавека. Ён ляжаў на самым сонцапёку і трымцеў. Яго калаціла так, што зуб на зуб не трапляў.
    — Чаму табе так холадна? — спытаў каралевіч.
    — Ах, — адказаў чалавек, — у мяне такая натура: чым гарачэй у прыродзе, тым халадней мне, і наадварот: чым халадней, тым мне гарачэй. На лёдзе я пакутую ад спёкі, а ў агні — ад холаду.
    — Дзіўны чалавек! — сказаў каралевіч. — Калі хочаш мне служыць, то ідзі за мной.
    Пайшлі яны далей. Бачаць, стаіць чалавек, узіраецца ў горы.
    — Што ты там бачыш? — цікавіцца каралевіч.
    — У мяне такі востры зрок, што я ўсё бачу праз лес, поле, горы, даліны. Праз увесь свет бачу!
    Сказаў каралевіч:
    — Калі хочаш, ідзі за мной. Такога ў мяне яшчэ няма.
    Так з шасцю сваімі слугамі каралевіч завітаў у горад, дзе жыла старая каралева. Ён не аб’явіў, хто такі, а сказаў:
    — Калі вы згодны выдаць за мяне вашу дачкупрыгажуню, я выканаю ўсё, што загадаеце.
    Узрадавалася вядзьмарка, што зноў трапіў да яе такі цудоўны юнак, і кажа:
    — Я задам табе трайную задачу. Калі выканаеш кожную з іх, станеш мужам маёй дачкі.
    — Якая твая першая задача? — спытаў каралевіч.