Брэменскія музыкі
Браты Грым
Выдавец: Юнацтва
Памер: 302с.
Мінск 1999
Гаворыць тады сярэдні сын:
— Бацька, дазвольце мне паехаць на пошукі жывой вады, — а сам пра сябе падумаў: «Калі брат мой памёр, дык каралеўства дастанецца мне».
Кароль напачатку таксама не хацеў яго адпускаць, але нарэшце саступіў яго просьбам. Паехаў прынц той жа самай дарогаю, што і яго брат, і таксама сустрэўся яму карлік, які яго спыніў і запытаўся, куды гэта ён так спяшаецца.
— Эх ты, малыш, — сказаў прынц, — пра гэта ведаць табе не трэба, — і паскакаў далей, нават не азірнуўшыся.
Але карлік яго зачараваў, і прынц таксама трапіў, як і яго брат, у горную цясніну і не мог зрушыцца ні ўзад ні ўперад. Вось так яно здараецца з людзьмі фанабэрыстымі!
He вярнуўся назад і сярэдні сын, і падахвоціўся тады ісці на пошукі жывой вады малодшы сын, і давялося каралю ўрэшце яго адпусціць.
Сустрэў меншы прынц карліка, і той запытаўся ў яго таксама, куды гэта ён так спяшаецца. Прынц спы-
ніў каня, пагаварыў з карлікам, адказаў яму на пытанне і сказаў:
— Я шукаю жывую ваду, — бацька мой ляжыць пры смерці.
— А ты ведаеш, дзе знайсці яе?
— He, — адказаў прынц, — не ведаю.
— Таму, што ты трымаеш сябе, як след і не фанабэрышся, як твае крывадушныя браты, я пакажу табе дарогу да жывой вады. Гэтая вада цячэ з крыніцы ў двары зачараванага замка. Але ты туды трапіць не зможаш, калі я не дам табе жалезнага прутка і двух маленькіх боханаў хлеба. Ты стукні тым прутком тройчы ў жалезныя вароты замка, і яны тады расчыняцца; ляжаць на двары два ільвы, яны раззявяць пашчу, ты кінеш кожнаму з іх па бохану, яны будуць маўчаць; але ты не марудзь, набяры сабе жывой вады, пакуль не праб’е поўнач, інакш вароты зачыняцца і ты апынішся там запёртым.
Падзякаваў яму прынц, узяў пруток і боханы і рушыў у шлях-дарогу. Калі ён прыехаў туды, усё было, як сказаў яму карлік. Вароты расчыніліся пасля трэцяга ўдару прутком, і калі ён задобрыў ільвоў хлебам, ён трапіў у замак і ўвайшоў у вялікую цудоўную залу; а сядзелі ў той зале зачараваныя прынцы. Паздымаў ён у іх з пальцаў пярсцёнкі; і ляжалі тут жа меч і хлеб і ён узяў іх з сабою. Потым зайшоў ён у пакой, і стаяла там цудоўная дзяўчына. Пабачыўшы яго, яна ўзрадавалася, пацалавала яго і сказала, што ён яе вызваліў ад злых чараў і можа цяпер атрымаць усё яе каралеўства; а калі ён вернецца праз год назад, дык яны адсвяткуюць з ім вяселле. Потым яна сказала, дзе крыніца з жывой вадою, і што павінен ён спяшацца і набраць з яе вады, раней, чым праб’е поўнач. Пайшоў прынц далей, зайшоў, нарэшце, у пакой, дзе стаяў прыгожы, толькі што разасланы ложак; а быў ён стомлены і схацелася яму трошкі адпачыць. Ён лёг і заснуў; а калі прачнуўся, прабіла без чвэрці дванац-
цаць. Ён ускочыў з перапуду, пабег да крыніцы, зачарпнуў вады ў кубак, які стаяў там, і паспяшаўся хутчэй назад. Толькі ён выйшаў за вароты, якраз прабіла дванаццаць, і вароты зачыніліся, ды так моцна, што адарвалі яму кавалак пяткі.
Але яму было радасна і весела, што дастаў ён жывой вады, і ён пайшоў дамоў. Давялося яму праходзіць зноў міма карліка. Пабачыў карлік меч і хлеб і гаворыць:
— Ты здабыў для сябе вялікае шчасце: гэтым мячом ты можаш разбіць цэлае войска, а гэты хлеб табе есці і не з’есці ніколі.
He схацеў прынц дамоў вяртацца без сваіх братоў і спытаўся:
— Мілы карлік, ці не можаш ты мне сказаць, дзе знаходзяцца мае абодва браты? Яны паехалі па жывую ваду і назад да гэтага часу не вярнуліся.
— Яны сядзяць запёртыя паміж дзвюма гарамі, — сказаў карлік, — я там іх зачараваў, таму што былі яны надта фанабэрыстымі.
Стаў прынц упрошваць карліка і прасіў яго да таго часу, пакуль той іх не выпусціў. Але карлік яго перасцярог і сказаў:
— Ты іх сцеражыся, у іх злое сэрца.
З’явіліся яго браты, ён узрадаваўся ім і расказаў, што з ім было, — як знайшоў ён жывую ваду, набраў яе поўны кубак, як вызваліў цудоўную прынцэсу; што будзе яна яго чакаць цэлы год, а пасля яны адсвяткуюць вяселле і ён атрымае вялікае каралеўства. Потым паехалі яны разам і трапілі ў такую краіну, дзе былі вайна і голад, і кароль той краіны думаў, што яму давядзецца згінуць, такая была вялікая небяспека. Тады пайшоў да таго караля прынц, даў яму хлеба, і кароль накарміў гэтым хлебам усё сваё каралеўства; даў прынц яму меч, — ён разграміў ім варожае войска і мог з таго часу жыць у міры і спакоі. Узяў прынц назад свой хлеб і меч, і трое братоў рушылі да-
196 4^
лей. Але давялося ім пабываць яшчэ ў дзвюх краінах, дзе панавалі вайна і голад; і прынц даваў каралям кожны раз свой хлеб і меч, — гэтак ён выратаваў тры краіны. Потым селі браты на карабель і паплылі па моры.
Дарогаю старэйшыя браты гавораць адзін аднаму:
— Меншы ж брат знайшоў жывую ваду, а не мы; бацька аддасць яму за гэта ўсё каралеўства, а яно па праву належыць нам, ён адніме ў нас наша шчасце.
I яны вырашылі яму адпомсціць і дамовіліся паміж сабою малодшага брата загубіць. Яны выбралі час, калі ён моцна заснуў, вылілі жывую ваду з кубка, забралі яе сабе, а яму налілі ў кубак горкай марской вады.
Вярнуліся яны дамоў, і прынёс малодшы сын хвораму каралю свой кубак, каб той выпіў з яго і стаў здаровым. Але толькі адпіў ён трошкі горкай марской вады, як расхварэўся яшчэ больш. Стаў ён на хваробу скардзіцца; тады з’явіліся да яго старэйшыя сыны, пачалі малодшага абвінавачваць, быццам хацеў ён бацьку атруціць; прынеслі яму сапраўднай жывой вады і падалі яму напіцца. Толькі ён адпіў той вады, як адчуў, што хвароба ў яго прайшла і стаў ён дужым і здаровым, якім быў у маладыя гады.
Прыйшлі старэйшыя браты да малодшага, сталі над ім насміхацца і гавораць:
— Хаця ты жывую ваду і знайшоў і ўжо як стараўся, а ўзнагароду за гэта атрымаем мы. Трэба было быць табе разумнейшым і лепей глядзець; мы яе ў цябе забралі, калі ты заснуў на караблі, а праз год адзін з нас возьме сабе і цудоўную каралеўну. Але глядзі, сцеражыся, нас не выдай; бацька ж табе не верыць, і калі ты скажаш хоць слова, паплацішся жыццём, а будзеш маўчаць, дык мы цябе памілуем.
Раззлаваўся стары кароль на малодшага сына: ён паверыў, што той задумаў яго загубіць. I загадаў ён
сабраць прыдворных, каб яго судзіць, і было вырашана яго тайна забіць. Выехаў прынц аднойчы на паляванне, нічога не падазраючы кепскага, і паехаў разам з ім каралеўскі егер. Яны апынуліся ў лесе зусім адны, выгляд у егера быў вельмі журботны, і вось кажа яму прынц:
— Што з табою, мілы мой егер?
А егер адказвае:
— Пра гэта сказаць я не смею, а ўсё-ткі павінен.
Прынц і гаворыць:
— А ты ўсё мне скажы, я табе дарую.
— Ах, — адказаў егер, — я вас павінен забіць, мне загадаў гэта кароль.
Спалохаўся прынц і папрасіў:
— Мілы егер, пакінь мяне ў жывых; я дам табе сваё каралеўскае адзенне, а ты дай мне ўзамен яго сваё простае.
— Я гэта ахвотна зраблю, — сказаў егер, — усё роўна я страляць бы ў вас не змог.
I яны абмяняліся адзеннем. Вярнуўся егер дамоў, a прынц рушыў далей у лес. Праз некаторы час прыбылі да старога караля для яго малодшага сына тры павозкі золата і каштоўных камянёў; а былі яны прысланыя трыма каралямі, што разбілі сваіх ворагаў мячом прынца і накармілі свае каралеўствы яго хлебам. Падумаў стары кароль: «Няўжо мой сын ні ў чым невінаваты?», — і сказаў сваім слугам:
— Каб жа мой сын застаўся ў жывых! Як я шкадую, што загадаў яго забіць.
— Ён яшчэ жывы, — сказаў егер, — я не змог адужаць свайго сэрца і выканаць ваш загад, — і ён расказаў каралю ўсё, як было.
Нібыта камень зваліўся з сэрца караля, і ён загадаў абвясціць па ўсіх каралеўствах, што сын яго можа вярнуцца назад і будзе ім ласкава прыняты.
Каралеўна загадала пракласці перад сваім замкам дарогу, ды каб была яна ўся залатая, бліскучая, і ска-
зала сваім людзям, што хто па дарозе той будзе скакаць, не зварочваючы, проста да яе, той і ёсць яе сапраўдны жаніх, і яго павінны прапусціць, а хто будзе ехаць кружною сцежкай, той не сапраўдны жаніх, і каб яны яго не ўпускалі.
Вось падышоў час, і старэйшы брат падумаў, што трэба хутчэй спяшацца да каралеўны і выдаць сябе за яе вызваліцеля, і тады ён возьме яе сабе ў жонкі і атрымае да таго яшчэ і каралеўства ў дадачу. Ён выехаў і, пад’язджаючы да замка, пабачыў дзівосную залатую дарогу і падумаў: «Як шкада скакаць па такой дарозе», і ён звярнуў з яе і паехаў правым бокам па абочыне. Ён пад’ехаў да варотаў, але людзі сказалі яму, што ён не сапраўдны жаніх і няхай, маўляў, едзе сабе адсюль. Хутка пасля таго сабраўся ў шляхдарогу другі прынц; ён пад’ехаў да залатой дарогі, і толькі ступіў конь на яе капытом, прынц падумаў: «Шкада такую дарогу збіваць», і звярнуў, паехаў левым бокам, па абочыне. Пад’ехаў ён да варотаў, але людзі сказалі, што і ён не сапраўдны жаніх, няхай, маўляў, сабе едзе адсюль. Якраз споўніўся год, і сабраўся выехаць з лесу да сваёй каханай меншы брат, каб разам з ёю развеяць сваё гора. Сабраўся ён у шлях-дарогу і ўсё думаў толькі пра каралеўну, і так хацелася яму быць хутчэй з ёю, што не заўважыў ён зусім той залатой дарогі. Паскакаў яго конь проста пасярэдзіне; вось ён пад’ехаў да варотаў, расчыніліся вароты, і радасна сустрэла яго каралеўна і сказала, што ён — яе вызваліцель і ўсяму каралеўству гаспадар; і адсвяткавалі вяселле ў вялікай весялосці і радасці. Калі вясельная бяседа закончылася, яна сказала яму, што яго бацька запрашае яго да сябе і даруе яму. Ён паехаў да бацькі і расказаў яму пра ўсё — як падманулі яго браты і як давялося яму пры гэтым маўчаць. Стары кароль хацеў іх пакараць смерцю, але яны селі на карабель і паплылі за мора і з таго часу так назад і не вярнуліся.
ВЫГАДНАЯ СПРАВА
Прывёў селянін на базар карову і прадаў яе там за сем талераў.
Прадаў карову, атрымаў грошы і пайшоў назад дадому. Вось ідзе ён каля сажалкі і чуе — крычаць у вадзе жабы: «Ква, ква, ква, ква!»
«Вось дурныя жабы, — падумаў селянін, — якую лухту кажуць. Сем талераў я за карову атрымаў, а зусім не два».
Падышоў ён да вады і крыкнуў жабам:
— Гэй вы, жабы, каму лепей ведаць: мне ці вам, колькі я атрымаў — сем талераў ці два?
А жабы ўсё крычаць: «Ква, ква, ква,ква!»
— Ну вось, калі не верыце, глядзіце — я іх яшчэ раз пералічу.
— Выцягнуў ён грошы з кішэні і пералічыў усе сем талераў.
А ў жаб, відаць, свой лік быў, і яны зноў пачалі крычаць: «Ква, ква, ква, ква!»