• Газеты, часопісы і г.д.
  • Брэменскія музыкі  Браты Грым

    Брэменскія музыкі

    Браты Грым

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 302с.
    Мінск 1999
    69.97 МБ
    — Трэба нам падстрэліць што-небудзь, інакш галадаваць давядзецца.
    Зарадзіў ён сваю стрэльбу ды пачаў аглядацца па баках. Раптам выскачыў стары заяц. Прыклаўся паляўнічы, аж заяц як закрычыць:
    — Ты не бі, стралец, мяне, Зайчанятак дам табе!
    Скочыў заяц у кусты ды прынёс адтуль двух зайчанятак; але звяркі гулялі так весела і былі такія
    прыемныя, што паляўнічы не змог рашыцца забіць іх. Браты пакінулі іх у сябе, і маленькія зайчаняткі паскакалі следам за імі. А тут убачылі яны неўзабаве, як прабіралася патаемна лісіца, наважыліся забіць яе, аж яна як закрычыць:
    — Пашкадуй, стралец, мяне, Лісянятак дам табе!
    Прынесла яна ім двух лісянят; але паляўнічым не хацелася іх забіваць. Яны пакінулі іх разам з зайчыкамі, і пайшлі лісяняты следам за паляўнічымі. А тут неўзабаве выйшаў з гушчару воўк. Нацэліліся ў яго паляўнічыя, аж воўк як закрычыць:
    — He страляй, стралец, мяне, Ваўчанятак дам табе!
    Пусцілі паляўнічыя да астатніх звяроў двух маладых ваўчанят, і тыя пайшлі следам за імі. Потым з’явіўся мядзведзь, і яму таксама захацелася пажыць яшчэ на свеце ды па лесе патупаць, і ён закрычаў:
    — Пашкадуй, стралец, мяне, Мядзведзянятак дам табе!
    Два маладыя мядзведзяняты таксама далучыліся да астатніх звяроў і пайшлі за паляўнічымі. I хто ж з’явіўся нарэшце? З’явіўся леў ды трасянуў сваёю грывай. Але паляўнічыя не спалохаліся і нацэліліся ў яго. I леў адразу ж сказаў:
    — Пашкадуй, стралец, мяне, Ільвянятак дам табе!
    Ён прынёс сваіх ільвянят, і стала цяпер у паляўнічых два львы, два мядзведзі, два ваўкі, дзве лісіцы ды два зайцы; усе яны пайшлі за імі следам ды ім служылі. Але голаду свайго паляўнічыя так і не сунялі, і кажуць яны лісянятам:
    — Гэй вы, праныры, дастаньце нам што-небудзь паесці, вы ж тут самыя найхітрэйшыя.
    I адказалі яны:
    — Недалёка адсюль знаходзіцца вёска, дзе мы шмат разоў ужо курэй цягалі; дарогу туды мы вам пакажам.
    Пайшлі паляўнічыя ў тую вёску, купілі сабе сёетое паесці, загадалі накарміць і сваіх звяроў ды падаліся далей. Лісянятам усе мясціны тут былі добра знаёмыя, дзе якія двары з курамі знаходзяцца, і яны маглі ўсё падказаць паляўнічым.
    Хадзілі-блукалі паляўнічыя па розных мясцінах, але нідзе не маглі знайсці сабе такой службы, каб застацца ўсім разам. Тады яны і кажуць:
    — Давядзецца нам расстацца, інакш нічога не будзе.
    Падзялілі яны звяроў паміж сабой, — і кожны з іх атрымаў па ільвяняці, мядзведзяняці, ваўчаняці, лісяняці ды зайчыку. Потым яны развіталіся, паабяцалі любіць адзін аднаго братняй любоўю да самае смерці, уторкнулі ў дрэва нож, які даў ім прыёмны бацька, і вось пайшоў адзін на ўсход, а другі на захад.
    Прыйшоў малодшы брат са сваімі звярамі ў горад, і было ў тым горадзе ўсё чорным крэпам абцягнута. Зайшоў ён у карчму і спытаўся ў гаспадара, ці не можа той даць прытулак ягоным звярам. Адвёў гаспадар іх у стайню, а была там у сцяне дзіра; вылез заяц вонкі і прыцягнуў сабе качан капусты, а лісіца прынесла курыцу, з’ела яе і ўзялася за пеўніка. А воўк, мядзведзяня ды львяня былі большыя і вылезці не маглі. Прапанаваў гаспадар вывесці звяроў туды, дзе ляжала ў той час на траве карова, няхай, маўляў, удосталь там наядуцца. Накарміў паляўнічы сваіх звяроў ды пытаецца потым у гаспадара:
    — Чаму гэта ўвесь горад чорным крэпам абцягнуты?
    Адказаў гаспадар:
    — Таму, што заўтра павінна памерці адзіная дачка караля.
    Пытаецца паляўнічы:
    — Хіба яна смяротна хворая?
    — He, — адказаў гаспадар, — яна зусім здаровая, але павінна памерці.
    — Як жа гэта так? — спытаўся паляўнічы.
    — Ды вось стаіць за горадам высокая гара, і жыве на ёй дракон; і кожны год абавязаны аддаваць яму бязвінную дзяўчыну, інакш ён спустошыць усю нашу краіну. Яму аддалі ўжо ўсіх дзяўчат, і не засталося ніводнай, акрамя каралеўны; але чакаць літасці не даводзіцца, яе павінны аддаць заўтра дракону.
    Паляўнічы сказаў:
    — А чаму ж не заб’юць дракона?
    — Эт, — адказаў гаспадар, — колькі ўжо рыцараў спрабавала гэта зрабіць, але ўсе жыццём сваім расплаціліся; кароль абяцаў таму, хто адолее дракона, аддаць сваю дачку за жонку, а пасля смерці сваёй і ўсё каралеўства.
    Нічога не сказаў на гэта паляўнічы, але наступнае раніцы ўзяў ён сваіх звяроў і падняўся разам з імі на Драконаву гару. Стаяў на яе вяршыне невялікі хорам, на алтары было тры чашы з віном, і было на іх напісана: «Хто гэтыя чашы вып’е, стане самым магутным чалавекам на свеце і авалодае мячом, што закапаны перад парогам ля дзвярэй».
    Паляўнічы з чашаў гэтых піць не стаў, выйшаў адтуль і знайшоў у зямлі меч, але не змог яго і з месца скрануць. Ён вярнуўся назад, выпіў чашы і стаў раптам такі магутны, што змог ужо меч падняць, трымаючы яго ў руцэ, ды ім размахваць.
    Надышоў час, калі дзяўчына павінна была быць выдадзена дракону, і яе праводзілі кароль, маршал і прыдворныя. Убачыла дзяўчына здалёк на вяршыне Драконавай гары паляўнічага ды падумала, што гэта стаіць дракон і яе чакае, і не хацела ўзнімацца на
    гару; але, нарэшце, давялося ёй узысці туды мімаволі, бо інакш загінуў бы ўвесь горад. Вярнуўся кароль дадому з прыдворнымі ў вялікай скрусе, а маршал каралеўскі павінен быў там застацца ды здаля за ўсім назіраць.
    Узнялася каралеўна на самую вяршыню гары, — і стаяў там не дракон, а малады паляўнічы; ён суцешыў яе ды сказаў, што хоча яе выратаваць; ён адвёў яе ў хорам ды там замкнуў.
    Неўзабаве з’явіўся з вялікім шумам сямігаловы дракон. Убачыў паляўнічага, здзівіўся ды кажа:
    — Што табе тут, на гары, трэба?
    Адказаў паляўнічы:
    — Я хачу з табою біцца.
    Сказаў дракон:
    — He адзін ужо рыцар тут сваё жыццё паклаў, і з табой я таксама ўпраўлюся, — і ён дыхнуў полымем з усіх сваіх сямі пашчаў.
    Загарэлася сухая трава, і давялося б паляўнічаму ў полымі і дыме задыхнуцца; ды прыбеглі звяры і ўвесь агонь затапталі.
    Кінуўся дракон на паляўнічага, але паляўнічы выхапіў свой меч, той засвістаў у паветры ды знёс дракону тры галавы прэч. Тут раз’юшыўся дракон, узняўся ў паветра і пачаў выкідваць на паляўнічага полымя; наважыўся кінуцца на яго, але паляўнічы выхапіў зноў меч ды адсек яму яшчэ тры галавы.
    Аслабела страшыдла і павалілася на зямлю, але ўсё-ткі рыхтавалася кінуцца на паляўнічага; але той, сабраўшы астатнія сілы, адцяў яму хвост. Змагацца паляўнічы больш не мог, ён паклікаў сваіх звяроў, — і яны папарвалі дракона на шматкі.
    Скончылася бойка, адамкнуў паляўнічы хорам, бачыць — ляжыць каралеўна на падлозе: са страху ды жаху, пакуль цягнуўся бой, яна страціла прытомнасць. Ён вынес яе на паветра, і калі яна зноў ачуняла ды адкрыла вочы, ён паказаў ёй пасечанага на ка-
    валкі дракона і сказаў, што яна цяпер выратаваная. Яна ўзрадавалася ды сказала:
    — Ты станеш цяпер маім мужам, мой жа бацька абяцаў выдаць мяне за таго, хто заб’е дракона.
    Потым зняла яна з шыі каралавыя каралі ды падзяліла іх ва ўзнагароду паміж звярмі, і дастаўся льву залаты замочак. А сваю насовачку, на якой было вышыта яе імя, яна падаравала паляўнічаму. Ён пайшоў і выразаў з сямі драконавых галоў языкі ды загарнуў іх у насовачку, каб лепей іх захаваць.
    Пасля таго, як усё гэта здарылася, паляўнічы, змучаны спякотай ды змаганнем, сказаў да дзяўчыны:
    — Мы абое з табой стаміліся, давай крыху адпачнем.
    Яна згадзілася. Яны леглі на зямлю, і прамовіў паляўнічы да льва:
    — Ты нас ахоўвай, каб у час сну ніхто на нас не напаў, — і яны з дзяўчынай заснулі. Леў улёгся побач з імі, каб несці варту, але ён таксама стаміўся ад бойкі з драконам і таму паклікаў мядзведзя ды сказаў:
    — Кладзіся побач са мной, мне трэба крыху паспаць; калі хто падыдзе, ты мяне пабудзі.
    Улёгся мядзведзь побач з ім, але ён таксама стаміўся, паклікаў ваўка ды сказаў:
    — Кладзіся побач са мной, мне трэба крыху паспаць; калі хто падыдзе, ты мяне пабудзі.
    Улёгся воўк побач з ім, ён таксама стаміўся, паклікаў лісіцу ды сказаў:
    — Кладзіся са мной побач, мне трэба крыху паспаць; а калі хто падыдзе, ты мяне пабудзі.
    Паклалася з ім побач лісіца, яна таксама стамілася, паклікала зайца ды кажа:
    — Кладзіся са мной побач, мне трэба крыху паспаць; калі хто прыдзе ты мяне пабудзі.
    Сеў заяц побач з ёю, але бедны зайчык таксама ж стаміўся, яму не было каго паклікаць у вартавыя, — і ён заснуў.
    I вось заснулі каралеўна, паляўнічы, леў, мядзведзяня, воўк, лісіца ды зайчык, і ўсе спалі глыбокім сном.
    Але маршал, які павінен быў за ўсім назіраць здаля, не бачыў, каб дракон ды паляцеў з дзяўчынай. На гары было ўсё ціха, і вось нарэшце, ён насмеліўся і ўзышоў на вяршыню. I ляжаў дракон на зямлі, пасечаны ды парваны на кавалкі; а воддаль ад яго каралеўна і паляўнічы са сваімі звярмі, і ўсе ў глыбокім сне. А быў маршал чалавек злосны ды бязлітасны, ён выхапіў свой меч ды адсек паляўнічаму галаву, схапіў дзяўчыну на рукі ды панёс яе з гары. Дзяўчына, прахапіўшыся, спалохалася, але маршал ёй кажа:
    — Ты цяпер у маіх руках; ты павінна будзеш сказаць, што гэта я забіў дракона.
    — Гэтага сказаць я не магу, — адказала яна, — гэта ж зрабіў паляўнічы са сваімі звярмі.
    Тады выхапіў маршал свой меч і стаў пагражаць, што заб’е яе, калі яна не паслухаецца яго, і гэтак прымусіў яе даць абяцанне. Затым ён прынёс яе да караля. Як убачыў кароль сваю любімую дачку жывую, дык не ведаў, як яму і радавацца, — ён жа думаў, што яе разарвала страшыдла.
    I сказаў маршал:
    — Гэта я забіў дракона і вызваліў дзяўчыну ды ўсё каралеўства, таму патрабую яе сабе ў жонкі, як гэта было абяцана.
    Кароль спытаўся ў дзяўчыны:
    — Ці праўда тое, што ён кажа?
    — Ах, так, — адказала яна, — гэта, напэўна, праўда. Але я стаўлю ўмову, каб вяселле святкавалася толькі праз год ды адзін дзень.
    Яна спадзявалася, што за гэты час пачуе што-небудзь пра свайго любага паляўнічага.
    А на Драконавай гары ўсё яшчэ ляжалі звяры са сваім мёртвым гаспадаром. Але вось прыляцеў вялікі чмель ды сеў на нос зайцу; заяц сагнаў яго лапай і не
    прачнуўся. Прыляцеў чмель у другі раз, але заяц зноў сагнаў яго лапай і не прачнуўся. Прыляцеў чмель у трэці раз і ўкусіў яго за нос, каб заяц прахапіўся. Толькі заяц ускочыў, пабудзіў ён лісіцу, лісіца — ваўка, воўк — мядзведзя, мядзведзь — ільва. Прачнуўся леў, бачыць — няма дзяўчыны, а гаспадар ляжыць мёртвы; узняў леў страшэнны рык:
    — Хто гэта зрабіў? Мядзведзь, чаму ты мяне не пабудзіў?