Брэменскія музыкі
Браты Грым
Выдавец: Юнацтва
Памер: 302с.
Мінск 1999
Выцягнуў тады паляўнічы насовачку, што дала яму каралеўна на Драконавай гары, а ў ім былі завязаныя сем языкоў страшыдла, ды сказаў:
— Мне гэтыя знакі доказу дапамогуць.
Агледзеў гаспадар насоўку ды кажа:
— Калі я ўсяму і паверыў, дык ужо гэтаму нізавошта веры не дам і стаўлю ў заклад сваю карчму разам з дваром.
Дастаў паляўнічы кашалёк з тысячаю чырвонцаў, паклаў яго на стол ды кажа:
— А я стаўлю тысячу чырвонцаў.
Пачаў кароль пытацца ў сваёй дачкі падчас балявання:
— А чаго хацелі ўсе гэтыя дзікія звяры, што прыходзілі ў мой замак ды зноў пайшлі?
— Я гэтага сказаць не смею, — адказала яна, — a вы паклічце гаспадара гэтых звяроў, ён вам ўсё і раскажа.
Паслаў кароль свайго служку ў карчму ды загадаў яму запрасіць да сябе незнаёмца; слуга з’явіўся туды якраз у той час, калі паляўнічы біўся аб заклад з гаспадаром карчмы. I сказаў паляўнічы:
— Вось бачыце, гаспадар, а кароль прыслаў жа свайго служку ды запрашае мяне з’явіцца, але я так проста не пайду. — I ён звярнуўся да каралеўскага служкі: — Перадайце маю просьбу каралю, каб прыслаў ён мне каралеўскае адзенне, карэту, запрэжаную шасцярыком, ды служак, якія мяне суправаджалі б.
Пачуў гэта кароль ды кажа да сваёй дачкі:
— Што мне рабіць?
— Загадайце яго прывезці, як ён гэтага патрабуе, — сказала яна, — і вы зробіце правільна.
Паслаў тады кароль яму каралеўскае адзенне, карэту, запрэжаную шасцерыком коней, ды служак, якія яго суправаджалі б.
Убачыў паляўнічы, што па яго прыехалі, ды кажа:
— Вось бачыце, гаспадар, а зараз мяне адвязуць, як я і патрабаваў, — і ён адзеўся ў каралеўскае адзенне, узяў насовачку з драконавымі языкамі ды падаўся да караля.
Убачыў кароль, што той прыехаў, ды кажа да сваёй дачкі:
— Як мне належыць прыняць яго?
— Вы павінны выйсці яму насустрач, — сказала яна, — і вы зробіце правільна.
ф ™ ф
Вось выйшаў яму насустрач кароль, павёў яго ў замак, а следам за ім ішлі ўсе ягоныя звяры. Кароль запрасіў яго сесці побач з сабою ды каралеўнай, — a маршал сядзеў з другога боку ад яго як жаніх, але паляўнічага ён цяпер не пазнаў.
I вось якраз прынеслі ў гэты час сем галоў дракона, каб госці на іх паглядзелі, і сказаў кароль:
— Гэтыя сем галоў адсек у дракона маршал, таму я выдаю дачку сваю сёння за яго замуж.
Тады ўзняўся з-за стала паляўнічы, раскрыў сем драконавых пашчаў ды спытаўся:
— А дзе ж сем языкоў дракона?
Спалохаўся маршал, збялеў і не ведаў, што адказаць; нарэшце ён прамовіў, калоцячыся:
— У драконаў языкоў не бывае!
— Так, іх не варта мець хлусам, але драконавыя языкі — гэта знак доказу пераможцы!
Паляўнічы развязаў сваю насоўку, дзе ляжалі сем языкоў, ды прыклаў кожны з іх да пашчы дракона, — і языкі якраз падышлі да кожнай з іх. Потым ён дастаў насовачку, на якой было вышытае імя каралеўны, паказаў яе нявесце ды спытаўся, каму яна падаравала яе. Яна адказала:
— Таму, хто забіў дракона.
Тады ён паклікаў сваіх звяроў, зняў у кожнага з іх каралі, а з ільва залаты замочак, паказаў іх нявесце ды спытаўся, каму яны належаць.
— Каралі з залатым замочкам, — адказала яна, — былі мае, я падзяліла іх паміж звяроў за тое, што яны дапамаглі адолець дракона.
I сказаў паляўнічы:
— Калі я ляжаў на полі бою стомлены ды заснуў, дык з’явіўся маршал і адцяў мне галаву. Потым ён аднёс каралеўну ды абвясціў, быццам бы гэта ён забіў дракона; а тое, што ён схлусіў, я даказваю драконавымі языкамі, вось гэтай насовачкай ды каралямі.
I ён распавёў, як выратавалі яго звяры з дапамогай чарадзейнага кораня, як цэлы год ён блукаў разам з імі па свеце, а цяпер зноў вярнуўся сюды і даведаўся пра падман маршала ад гаспадара карчмы.
Тады спытаўся кароль у сваёй дачкі:
— Ці праўда, што гэты чалавек забіў дракона?
Яна адказала:
— Так, гэта праўда. Цяпер я магу адкрыць злачынствы маршала, бо ўсё высветлілася без майго ўдзелу; ён узяў з мяне абяцанне маўчаць. Вось чаму я прасіла святкаваць вяселле не раней як праз год ды адзін дзень.
Тады кароль загадаў паклікаць дванаццаць дарадцаў, каб яны вынеслі маршалу прысуд; яны прысудзілі, што ён павінен быць разадраны чатырма быкамі. Маршала пакаралі смерцю, а кароль аддаў дачку сваю замуж за паляўнічага і прызначыў яму ў спадчыну ўсё каралеўства. Вяселле адсвяткавалі ў вялікай радасці, і малады кароль загадаў паклікаць свайго роднага бацьку ды прыёмнага і ўзнагародзіў іх вялікімі скарбамі. He забыў ён і пра гаспадара карчмы, — ён паклікаў яго ды сказаў:
— Вось бачыце, гаспадар, я з каралеўнаю ажаніўся, і вашая карчма з дваром, значыцца, цяпер мае.
Сказаў гаспадар:
— Так, яны цяпер вашыя па праву.
Але малады кароль сказаў:
— 3 ласкі маёй няхай карчму і двор гаспадар пакіне сабе, і дарую я яму яшчэ тысячу чырвонцаў у прыдачу.
I былі малады кароль і маладая каралева вясёлыя і задаволеныя і зажылі ў шчасці разам. Ён часта выязджаў на паляванне, гэта было для яго вялікай радасцю, і верныя звяры заўсёды яго суправаджалі.
Паблізу знаходзіўся лес, пра яго казалі, што там нячыстая сіла вядзецца, і хто ў яго трапляў упершыню, таму было цяжка выбрацца назад. Але маладому
каралю дужа захацелася ў тым лесе папаляваць, і ён не даваў старому каралю спакою, пакуль той, нарэшце, гэта яму дазволіў.
Вось выехаў малады кароль з вялікаю світай і, заязджаючы ў лес, заўважыў беласнежную самку аленя ды сказаў сваім людзям:
— Вы пачакайце тут, пакуль я вярнуся назад, я хачу ўпаляваць цудоўнага звера, — і ён паскакаў следам за ёю ў самую гушчэчу лесу, а за ім пайшлі толькі ягоныя звяры.
Людзі прачакалі яго да самага вечара, але ён назад не вярнуўся. Тады яны паехалі дадому ды сказалі маладой каралеве:
— Кароль пагнаўся ў зачараваным лесе за белаю самкай аленя і назад не вярнуўся.
I каралева дужа па ім непакоілася. А ён усё скакаў і скакаў за цудоўным зверам і ніяк не мог яго дагнаць; часам здавалася яму, што трэба ўжо страляць, але звер імгненна ўцякаў далёка-далёка, і нарэшце знік зусім з вачэй. Тут ён заўважыў, што заехаў у самыя нетры лясныя; узяў свой рог ды пачаў трубіць; але адказу не было, людзі не маглі яго пачуць. А ўжо надышла ноч, і ён зразумеў, што сёння яму дамоў не вярнуцца.
Ён злез з каня, распаліў каля дрэва вогнішча і вырашыў там заначаваць. Калі ён сядзеў ля вогнішча, а ягоныя звяры ляжалі з ім побач, яму здалося, быццам пачуўся чалавечы голас: ён агледзеўся, але нічога не ўбачыў. Неўзабаве ён зноў пачуў, быццам уверсе нехта стогне; ён зірнуў угору, бачыць — сядзіць на дрэве нейкая бабуля і ўсё галосіць:
— Вух, вух, вух, як мне холадна!
Ён сказаў:
— Злазь ды пагрэйся, калі табе холадна.
Але яна адказала:
— He, твае звяры мяне ўкусяць.
Ён сказаў:
— Бабуля, яны не крануць цябе, злазь уніз.
Але гэта была вядзьмарка, яна сказала:
— Я скіну табе з дрэва дубчык; калі дубчыкам гэтым ты ўдарыш звяроў па спіне, тады яны мне ніякай шкоды не зробяць, — і яна скінула яму маленькі дубчык.
Ён хвастануў тым дубчыкам звяроў, тыя адразу ж ціха ўлегліся — і раптам скамянелі. Цяпер вядзьмарцы звяроў не трэба было баяцца, яна саскочыла ўніз і дакранулася дубчыкам да караля і ператварыла яго ў камень. Потым яна засмяялася ды пацягнула яго і звяроў у яму, дзе ляжала шмат ужо такіх камянёў.
He вярнуўся малады кароль дадому, і непакой ды страх у каралевы ўсё раслі і раслі. А здарылася, што якраз у гэты час прыйшоў у каралеўства другі брат — той, што пры растанні пайшоў вандраваць на ўсход. Ён шукаў працы, ды не мог яе нідзе знайсці. Ён стаў тады блукаць па розных мясцінах ды прымушаў сваіх звяроў скакаць перад людзьмі.
I вось прыйшло яму ў галаву пайсці паглядзець на нож, які ўторкнулі яны пры расстанні ў ствол дрэва, каб даведацца, што з ягоным братам. Прыйшоў ён туды, аж бачыць, што адзін бок напалову ўжо заіржавеў, а напалову застаўся бліскучы. Ён спалохаўся ды падумаў: «3 маім братам, відаць, здарылася вялікае няшчасце, але я, магчыма, выратую яго: палова ж нажа засталася бліскучай».
I ён рушыў з усімі звярмі на захад. Калі ён падышоў да гарадской брамы, выйшла яму насустрач варта ды спыталася, ці далажыць аб ім ягонай жонцы, маладая каралева ўжо некалькі дзён, маўляў, у вялікай трывозе з прычыны ягонай адсутнасці і баіцца, што ён загінуў у зачараваным лесе. Варта прыняла яго за маладога караля, бо ён вельмі да таго быў падобны, і за ім гэтак жа ішлі следам дзікія звяры. Ён зразумеў, што гаворка ідзе пра ягонага брата, ды па-
думаў: «Самае лепшае, гэта выдаць сябе за яго; тым лягчэй, бадай што, я змагу яго выратаваць». I ён загадаў варце праводзіць яго ў замак, дзе быў прыняты з вялікай радасцю. Маладая каралева падумала, што гэта яе муж, ды спыталася, чаму ён так доўга не вяртаўся. Ён адказаў:
— Я заблукаў у лесе і выбрацца адтуль раней аніяк не мог.
Увечары яго праводзілі ў каралеўскую спальню, але ён паклаў на ложку паміж сабой і маладою каралевай навостраны меч. Яна не ведала, што гэта значыць, але спытацца ў яго пра тое не рашылася.
Ён прабыў там некалькі дзён і за гэты час паспеў даведацца ўсё пра зачараваны лес, ды сказаў нарэшце:
— Я хачу яшчэ раз у ім папаляваць.
Кароль і маладая каралева пачалі яго адгаворваць, але ён стаяў на сваім і выехаў у лес з вялікаю світай. Вось трапіў ён у той лес, і здарылася з ім тое самае, што і з ягоным братам; ён убачыў белую самку аленя ды сказаў сваім людзям:
— Вы тут заставайцеся і мяне пачакайце, пакуль я вярнуся, я хачу ўпаляваць цудоўнага звера.
I ён паскакаў у лес. А следам за ім імчаліся ягоныя звяры. Але ён не мог дагнаць самку аленя і трапіў у такія нетры лясныя, што давялося яму там заначаваць. Ён распаліў вогнішча і пачуў, што нехта ўверсе на дрэве стогне:
— Вух, вух, вух, як мне холадна!
Ён глянуў угору, аж бачыць — сядзіць на вершаліне бабуля: гэта была тая самая вядзьмарка. Ён сказаў:
— Калі табе, бабуля, холадна, злазь уніз ды пагрэйся.
Яна адказала:
— He, твае звяры мяне ўкусяць.
А ён кажа:
— Яны не крануць цябе.
Тады яна крыкнула:
ф 239 ф
— Я скіну табе дубчык, ты ўдар іх тым дубчыкам, і яны тады не крануць мяне.
Пачуў гэта паляўнічы, але бабульцы не паверыў ды кажа:
— Сваіх звяроў я лупцаваць не стану, злазь уніз, бо інакш я цябе сам сцягну.
— Бач чаго захацеў! Усё адно ты са мной не ўправішся!
Але ён адказаў: