Брэменскія музыкі
Браты Грым
Выдавец: Юнацтва
Памер: 302с.
Мінск 1999
Мядзведзь спытаўся ў ваўка:
— Чаму ты мяне не пабудзіў?
А воўк у лісіцы:
— Чаму ты мяне не пабудзіла?
А лісіца ў зайца:
— Чаму ты мяне не пабудзіў?
I толькі адзін бедны заяц не ведаў, што яму адказаць, — так і застаўся ён вінаваты.
Парашылі тады звяры на яго накінуцца, але ён стаў прасіць літасці і сказаў:
— Пашкадуйце мяне, я нашага гаспадара ажыўлю. Я ведаю адну гару, расце на ёй корань: калі каму пакласці яго ў рот, той ад усялякіх хваробаў ды ранаў вылекуецца. Але ходу да гэтай гары дзвесце гадзін.
Сказаў леў:
— Ты павінен за суткі злётаць туды і назад вярнуцца ды прынесці гэты корань.
Паімчаўся заяц, і за суткі вярнуўся назад, ды прынёс корань. Прыставіў леў галаву паляўнічаму, заяц засунуў яму ў рот корань, імгненна ўсё зраслося, пачало біцца сэрца, і ён ажывеў зноў.
Прачнуўся паляўнічы, бачыць — няма дзяўчыны, спалохаўся ён ды падумаў: «Яна, мабыць, пайшла, пакуль я спаў, каб пазбавіцца мяне».
Леў у спешцы прыставіў галаву свайму гаспадару перадам назад, але за сумнымі думкамі пра каралеўну паляўнічы гэтага не заўважыў: толькі апаўдня, калі яму захацелася есці, ён убачыў, што галава ў яго пас-
таўлена перадам назад; ён аніяк не мог уцяміць, з чаго гэта так, і спытаўся ў звяроў, што з ім здарылася ўва сне.
Тады распавёў яму леў, што ўсе яны, стаміўшыся, паснулі, а калі прачнуліся, знайшлі яго мёртвага, з адсечанай галавою; заяц прынёс корань жыцця, а ён у спешцы прыставіў галаву перадам назад; але памылку сваю ён, вядома, выправіць. Ён адарваў паляўнічаму галаву, павярнуў яе, а заяц зажывіў яе коранем.
Аднак паляўнічы зажурыўся, пайшоў бадзяцца па свеце і прымусіў сваіх звяроў скакаць перад людзьмі. I здарылася так, што, калі прамінуў роўна год, прыйшоў ён зноў у той самы горад, дзе вызваліў каралеўну ад дракона; але цяпер увесь горад быў упрыгожаны чырвонай тканінаю. Спытаўся паляўнічы ў гаспадара карчмы:
— Год таму горад быў увесь у жалобе, а сёння ўвесь у чырвоным? Што гэта значыць?
Адказаў гаспадар карчмы:
— Год таму дачку нашага караля павінны былі аддаць на з’ядзенне дракону, але маршал уступіў з ім у бойку ды забіў яго, і вось заўтра павінны святкаваць іхняе вяселле, — вось чаму тады горад быў у жалобе, а сёння ён увесь у чырвоным.
Другога дня, калі прызначаны быў вясельны баль, кажа паляўнічы гаспадару карчмы:
— Ці паверыш ты мне, гаспадар, што сёння я буду есці пры табе хлеб з каралеўскага стала?
— He, — адказаў гаспадар, — б’юся з табой аб заклад на сто чырвонцаў, што гэткае не здарыцца.
Паляўнічы згадзіўся на ўмову і выставіў у сваю чаргу кашалёк з такою самай колькасцю залатых. Потым паклікаў ён зайца:
— Ідзі, даражэнькі мой паскакунчык, ды прынясі мне хлеб з каралеўскага стала.
Для зайчыка гэта было зусім няцяжка, а даручыць гэта каму-небудзь іншаму ён не мог, і давялося яму
скакаць аднаму. «Box, — падумаў ён, — прыйдзецца мне аднаму па вуліцах скакаць, — бадай што, кінуцца за мною ганчакі». Як падумаў ён, так і здарылася; кінуліся за ім сабакі і меліся ўжо ўчапіцца ў ягоную шкуру. Але заяц падскочыў — хіба ты не бачыў? — ды як кінецца ў вартаўнічую будку, і салдат яго нават не заўважыў. Падбеглі сабакі, хацелі былі зайца адтуль выцягнуць, але салдат жартаў не любіў, выцяў іх прыкладам стрэльбы, і яны з брэхам ды скавытаннем паўцякалі прэч.
Заўважыў заяц, што хітрасць яму ўдалася, прыскакаў у замак ды проста да каралеўны; сеў да яе пад крэсла ды пачаў нагу ёй драпаць. А каралеўна кажа:
— Пайшоў прэч!
Яна падумала, што гэта сабака. Заяц падрапаў каралеўну за нагу яшчэ раз. А яна зноў кажа:
— Пайшоў прэч!
Бо і на гэты раз падумала, што гэта сабака. Але заяц не збянтэжыўся ды падрапаў каралеўну ў трэці раз. Зірнула яна ўніз ды пазнала зайца па сваіх каралях. Узяла яна зайца да сябе на калені, аднесла ў свой пакой ды пытаецца:
— Любы зайчык, чаго ты хочаш?
Ён адказаў:
— Мой гаспадар, які забіў дракона, знаходзіцца тут; ён паслаў мяне папрасіць хлеба, што есць сам кароль.
Узрадавалася каралеўна, загадала паклікаць хлебадайцу ды патрабавала, каб ён прынёс хлеб, што есць сам кароль. Тады зайчык кажа:
— Але няхай хлебадайца мне яго і аднясе, інакш нападуць на мяне ганчакі.
I аднёс хлебадайца гэты хлеб да самых дзвярэй карчмы. Стаў заяц на заднія лапы, узяў хлеб у пярэднія ды прынёс яго свайму гаспадару. Тады паляўнічы і кажа:
— Ну, гаспадар, а сто залатых жа цяпер мае!
Здзівіўся гаспадар, а паляўнічы кажа:
— Што ж, гаспадар, хлеб у мяне ёсць! Ды вось хацелася б мне цяпер і каралеўскай смажанкі пакаштаваць.
Сказаў гаспадар:
— Што ж, паглядзім, — але спрачацца больш не стаў.
Паклікаў паляўнічы лісіцу ды кажа:
— Ліска, схадзі ты ды прынясі мне смажанку, якую есць сам кароль.
Рыжая лісіца ведала ўсе ўваходы ды выхады лепш за іншых. Прабралася яна па вулках ды завулках, і ніводзін сабака яе не заўважыў. Села лісіца пад крэслам каралеўны, пачала ёй нагу драпаць. Зірнула каралеўна ўніз ды пазнала лісіцу па каралях; узяла яе да сябе ў пакой ды пытаецца:
— Лісачка, даражэнькая, што табе трэба?
Адказала лісіца:
— Мой гаспадар, які забіў дракона, знаходзіцца тут і паслаў мяне, каб я папрасіла смажанкі, што сам кароль есць.
Загадала каралеўна паклікаць кухара ды сказала, каб ён згатаваў смажанку, якую есць кароль, і данёс бы яе лісіцы да самых дзвярэй карчмы.
Узяла лісіца блюда, адагнала спачатку хвастом мух, што паселі на смажанку, і прынесла яе свайму гаспадару.
— Ну, карчмар, — сказаў паляўнічы, — хлеб ды мяса ў нас цяпер ёсць, але хацелася б пакаштаваць і тае гародніны, што есць сам кароль.
Паклікаў ён ваўка ды кажа:
— Любы воўча, ідзі ды прынясі мне тае гародніны, што есць кароль.
Пайшоў воўк напрасткі ў замак, бо ён анікога не баяўся, увайшоў у пакой каралеўны ды тузануў яе ззаду за сукенку, каб яна азірнулася. Пазнала яна яго па каралях ды пытаецца:
— Даражэнькі воўча, што табе трэба?
Ён адказаў:
— Мой гаспадар, які забіў дракона, знаходзіцца тут, ён прасіў даць тае гародніны, якую есць сам кароль.
Паклікала каралеўна кухара ды загадала яму згатаваць тае гародніны, якую есць сам кароль, і данесці яе ваўку да самых дзвярэй карчмы. Узяў воўк у яго блюда і прынёс яго свайму гаспадару.
— Вось бачыце, гаспадар, — кажа паляўнічы, — цяпер ёсць у мяне і хлеб, і смажанка, і гародніна; але хацелася б мне пакаштаваць яшчэ і салодкае, якое есць кароль.
Ён паклікаў мядзведзя ды кажа:
— Любы мядзведзь, ты нябось любіш салодкім паласавацца, дык вось ідзі ды прынясі мне салодкае, якое есць сам кароль.
Затупаў мядзведзь проста да замка, і кожны яму саступаў дарогу. Падышоў ён да варты, і выставіла варта перад іх стрэльбы, не хацела яго прапускаць у каралеўскі замак. Тут падняўся мядзведзь на заднія лапы, панадаваў ён такіх аплявушын, што ўся варта пападала на зямлю, — і рушыў мядзведзь проста да каралеўны, стаў ззаду яе і ціхенька зарычаў. Азірнулася яна, пазнала мядзведзя і загадала яму ісці з ёю у пакой ды пытаецца:
— Даражэнькі мядзведзь, ты чаго хочаш?
Ён адказаў:
— Мой гаспадар, які забіў дракона знаходзіцца тут, ён паслаў мяне па салодкае, якое есць сам кароль. Паклікала каралеўна кандытара і загадала згатаваць салодкую страву, якую есць кароль і аднесці яе мядзведзю да самых дзвярэй карчмы. Пачаў тут мядзведзь лізаць салодкія лізунцы, што скаціліся на зямлю, потым надняўся на заднія лапы, узяў у пярэднія блюда і прынёс яго да свайго ўладара.
— Бачыце, гаспадар, — сказаў паляўнічы, — вось ёсць у мяне цяпер і хлеб, і смажанка, і гародніна, і салодкае; але хацелася б мне папіць і віна, якое п’е сам кароль.
Паклікаў ён свайго льва ды сказаў:
— Любы леў, ты ж да хмельнага ахвотнік, дык вось ідзі ды прынясі мне віна, якое п’е сам кароль.
Пакрочыў леў па вуліцах, і людзі ад яго ўцякалі; a калі падышоў ён да варты, тая хацела яму перагарадзіць дарогу, але леў так зароў, што ўсе ад яго адскочылі.
Падышоў леў да пакоя каралеўны і пастукаў хвастом у дзверы. Выйшла адтуль каралеўна, яна была спалохалася льва, але, пазнаўшы яго па залатым замочку ад сваіх караляў, загадала яму ісці за ёю ў пакой ды спыталася:
— Любы леў, ты чаго хочаш?
Ён адказаў:
— Мой гаспадар, які забіў дракона, знаходзіцца тут; ён даручыў мне папрасіць віна, якое п’е сам кароль.
Паклікала каралеўна віначэрпа, і ён павінен быў даць ільву віна, якое п’е сам кароль. Сказаў леў:
— Я хачу пайсці з віначэрпам разам ды паглядзець, каб ён даў мне сапраўднага.
Спусціўся леў разам з віначэрпам у вінны склеп. Прыйшлі яны туды, і наважыўся віначэрп нацэдзіць яму простага віна, якое п’юць служкі, але леў сказаў:
— Пачакай! Спярша я віно пакаштую, — нацэдзіў сабе паўконаўкі і выпіў яго нагбом. — He, — сказаў ён, — гэта віно не тое.
Зірнуў на яго віначэрп скосу, але пайшоў і хацеў нацэдзіць яму віна з другой бочкі, што была для каралеўскага маршала. Але леў сказаў:
— Пачакай! Спярша я віно пакаштую, — нацэдзіў сабе паўконаўкі ды выпіў яго. — Гэтае будзе крыху лепей, але ўсё ж такі і гэтае не тое.
Раззлаваўся тады віначэрп ды сказаў:
— Ці можа такі дурны звер у віне разбірацца?
Але леў даў яму ў вуха, — той так і пакаціўся на зямлю; і калі падняўся на ногі, ён павёў ільва, ні слова не кажучы, у асобны невялікі склеп, дзе стаяла каралеўскае віно, якое не давалі піць анікому з людзей. Нацэдзіў леў спярша сабе паўконаўкі, пакаштаваў віна ды кажа:
— Гэта, бадай што, сапраўднае, — і загадаў віначэрпу наліць яго шэсць пляшак.
Потым падняліся яны наверх. Выйшаў леў са склепа пахістваючыся, быў ён трошкі пад хмелем, і павінен быў віначэрп аднесці яму віно да самых дзвярэй карчмы; тут узяў леў кошык у пашчу ды прынёс яго свайму ўладару.
Сказаў паляўнічы:
— Бачыш, гаспадар, цяпер ёсць у мяне хлеб, і мяса, і гародніна, і салодкае, і віно — усё, што есць ды п’е сам кароль; а зараз я са сваімі звярмі папалудную.
Ён сеў, пачаў есці ды піць і даў таксама паесці ды папіць зайцу, лісіцы, ваўку, мядзведзю ды льву; быў ён вясёлы, — ён ведаў, што каралеўна па-сапраўднаму кахае яго. Вось папалуднаваў ён ды кажа:
— Ну, гаспадар, я паеў ды папіў па-каралеўску, a зараз пайду ў каралеўскі замак ды ажанюся з каралеўнай.
А гаспадар пытаецца:
— Як жа гэта можа здарыцца, калі яна мае жаніха і сёння будуць ладзіць вяселле?