• Газеты, часопісы і г.д.
  • Брэменскія музыкі  Браты Грым

    Брэменскія музыкі

    Браты Грым

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 302с.
    Мінск 1999
    69.97 МБ
    Вось спусцілася сама каралеўна ў сад і ўбачыла на сваё здзіўленне: хлопец зрабіў тое, што было яму даручана. Але яна не магла адолець сваю пыхлівасць і сказала:
    — Хаця ён і выканаў абедзве задачы, але не стаць яму маім мужам перш, чым не прынясе ён мне яблык з дрэва жыцця.
    Хлопец не ведаў, дзе расце дрэва жыцця; але ён выправіўся ў шлях-дарогу і вырашыў шукаць яго да таго часу, пакуль ногі будуць ісці, аднак у яго не было ніякай надзеі тое дрэва знайсці. Вось абышоў ён ужо
    тры каралеўствы і зайшоў пад вечар у лес. Сеў пад дрэвам, і захацелася яму спаць, — але ён пачуў у галінах шолах, і ўпаў яму ў рукі залаты яблык. А тут зляцелі да яго ўніз тры вароны, селі яму на калені і сказалі:
    — Мы тры маладыя вараняці, якіх ты выратаваў ад галоднай смерці. Мы цяпер выраслі і, калі пачулі, што ты шукаеш залаты яблык, прыляцелі з-за мора, даляцелі да самага краю зямлі, дзе расце дрэва жыцця, і прынеслі табе гэты яблык.
    Дужа зарадаваўся хлопец і рушыў у зваротны шлях, і прынёс прыгажуні каралеўне залаты яблык; і ўжо цяпер ёй адмаўляцца было немагчыма: яны раздзялілі яблык жыцця і з’елі яго ўдваіх; і напоўнілася яе сэрца да яго каханнем, і дажылі яны ў ціхамірным шчасці да самай глыбокай старасці.
    ЗАЛАТАЯ ГУСЬ
    Жыў-быў чалавек. Было ў яго тры сыны, звалі малодшага Дурнем; ім пагарджалі, смяяліся з яго і заўсёды крыўдзілі. Сабраўся аднаго разу старэйшы сын ісці ў лес — дровы сячы, і дала яму маці на дарогу смачны здобны пірог і бутэльку віна, каб не ведаў ён ні голаду, ні смагі. Ён прыйшоў у лес і вось сустрэў там старога сівога чалавечка. Павітаўся з ім чалавечак і кажа:
    — Дай мне кавалак пірага, што ў цябе ў кішэні, і глыток віна — я вельмі прагаладаўся і хачу піць.
    Але разумны сын адказаў:
    — Калі я аддам табе свой пірог ды віно, то мне самому нічога не застанецца. Ідзі сваёй дарогай.
    Так і застаўся чалавечак ні з чым, а разумны сын пайшоў сабе далей. Вось пачаў ён сячы дрэва; стукнуў сякерай ды патрапіў сабе прама па руцэ, — давялося
    яму дамоў вяртацца і рабіць сабе перавязку. А выйшла ўсё з-за таго сівога чалавечка.
    Потым пайшоў у лес сярэдні сын, і дала яму маці, як і старэйшаму сыну, здобны пірог і бутэльку віна. Яму таксама сустрэўся стары сівы чалавечак і папрасіў у яго кавалак пірага і глыток віна. Але і сярэдні сын, таксама разумны, адказаў:
    — Дам я табе — мне менш дастанецца.
    Так і застаўся чалавечак ні з чым, а сярэдні сын пайшоў сабе далей. Але і ён быў пакараны: стукнуў ён некалькі разоў па дрэве і патрапіў сякерай па назе, вось і давялося яго дамоў на руках адносіць.
    Тады Дурань і кажа:
    — Дазволь мне, бацька, хоць раз у лес пайсці дроў насячы.
    Адказаў бацька:
    — Браты твае ўжо хадзілі, ды толькі сабе нашкодзілі, — куды ўжо табе, ты ў гэтай справе нічога не разумееш.
    Але Дурань усё прасіў ды прасіў, і бацька нарэшце згадзіўся:
    — Ну, ідзі, а можа, у бядзе паразумнееш.
    I дала яму маці пірог, а быў ён на вадзе замешаны ды ў попеле выпечаны, і бутэльку кіслага піва. Прыйшоў Дурань у лес, сустрэўся яму той жа стары сівы чалавечак, павітаўся з ім і кажа:
    — Дай мне кавалак пірага і глыток з тваёй бутэлькі, — я такі галодны і мне вельмі хочацца піць.
    Адказаў Дурань:
    — Ды ў мяне ж пірог на попеле выпечаны, а піва кіслае; але калі гэта табе да смаку, давай прысядзем і разам перакусім.
    Селі яны, дастаў Дурань свой пірог, які быў на попеле выпечаны, а ён аказаўся здобным і смачным, a кіслае піва стала добрым віном. З’елі яны пірог, выпілі віно, і сказаў чалавечак:
    — Таму, што ў цябе сэрца добрае і ты ахвотна са мной падзяліўся, я ўзнагароджу цябе шчасцем. Вунь стаіць старое дрэва, ты ссячы яго, і між каранёў табе штосьці знойдзецца. — Потым чалавечак развітаўся і знік.
    Пайшоў Дурань, падсек дрэва, яно павалілася, раптам бачыць ён — сядзіць на каранях гусь, а пер’е ў гусі ўсё з чыстага золата. Падняў ён гусь, узяў яе з сабой і пайшоў у харчэўню, дзе і вырашыў заначаваць. А ў гаспадара харчэўні былі тры дачкі; убачылі яны гусь, зацікавіліся, што гэта за дзіўная птушка такая, і захацелася ім здабыць адно з яе залатых пёраў. Старэйшая падумала: «Выпадак для гэтага, відаць, надарыцца, я выцягну сабе залатое пяро». Толькі Дурань адлучыўся, схапіла яна гусь за крыло, але тут пальцы яе так да крыла і прыліплі. Прыйшла хутка другая сястра, і было ў яе адно ў галаве: як бы гэта выцягнуць і сабе залатое пяро; але толькі яна дакранулася да сваёй сястры, дык адразу да яе і прыліпла. А тут прыйшла і трэцяя сястра, каб здабыць сабе залатое пяро, але сёстры ёй крыкнулі:
    — Богам просім, не падыходзь да нас, адыдзі! Але яна не зразумела, чаму гэта нельга падысці, і падумала: «Калі сёстры мае там, то і я магу быць таксама з імі», — і толькі яна падбегла і дакранулася да адной з сясцёр, дык адразу да яе і прыліпла. Вось і давялося ім правесці ноч каля гусі.
    Раніцай узяў Дурань гусь пад паху і пайшоў, мала турбуючыся аб тым, што тры дзяўчыны ідуць за ім следам. Давялося ім увесь час бегчы ўслед за гуссю то туды, то сюды, куды ногі Дурневы надумаюць. Сустрэўся ім у полі пастар; убачыў ён такое шэсце і кажа:
    — Пасаромейцеся, бессаромныя дзяўчаты! Чаго бяжыце ўслед за хлопцам, куды гэта варта? — I ён схапіў малодшую за руку, збіраючыся яе адцягнуць.
    Але толькі ён да яе дакрануўся, як таксама прыліп, і давялося яму самому бегчы ўслед за імі.
    Сустрэўся ім неўзабаве на шляху дзяк; убачыў ён пастара, які спяшаўся ўслед за трыма дзяўчынамі, здзівіўся і закрычаў:
    — Эй, спадар пастар, куды гэта вы так спяшаецеся? He забудзьце, што сягоння трэба яшчэ дзіця хрысціць, — і ён падбег да пастара, схапіў яго за рукаў і таксама прыліп.
    Калі яны ўсе ўпяцярых беглі ўслед адно за адным, сустрэлася ім двое сялян, якія вярталіся са сваімі матыкамі з поля; пастар крыкнуў ім, каб яны вызвалілі яго і ксяндза. Але толькі дакрануліся сяляне да ксяндза, як таксама прыліплі, — стала іх цяпер сямёра, і ўсе беглі ўслед за Дурнем і яго гуссю.
    Вось прыйшоў Дурань у горад, а правіў у тым горадзе кароль, і была ў яго дачка, такая строгая ды панурая, што ніводзін чалавек не мог яе ніяк рассмяшыць. I таму кароль аб’явіў, што хто, маўляў, яе рассмяшыць, той ажэніцца з ёю.
    Пачуў Дурань пра гэта і накіраваўся са сваёй гуссю і цэлай чарадой спадарожнікаў да каралеўны. Убачыла тая семярых, якія беглі адно за адным, і так пачала смяяцца, што і спыніцца ёй было цяжка. Запатрабаваў тады Дурань яе сабе ў нявесты, але каралю будучы зяць штосьці не вельмі спадабаўся. Пачаў кароль выдумляць усялякія адгаворкі і сказаў, каб прывёў ён да яго такога чалавека, які б змог цэлы склеп віна выпіць. Тут Дурань і прыгадаў сівога чалавечка і падумаў, што той зможа, мабыць, дапамагчы яму. Накіраваўся Дурань у лес і ўбачыў на тым самым месцы, дзе сек ён аднойчы дрэва, нейкага чалавечка; той сядзеў і па твары ягоным было відаць, што ён надта зажурыўся. Пачаў Дурань яго распытваць, чаму ён бядуе. Той адказаў:
    — Мучыць мяне моцная смага, ніяк не магу я яе прагнаць. Халоднай вады я не п’ю, бочку віна я ўжо
    апаражніў, але для мяне гэта ўсё роўна, што кропля на гарачы камень.
    — Я магу ў гэтай справе табе дапамагчы, — сказаў Дурань. — Ідзі за мной, і ты ўволю нап’ешся.
    Павёў яго Дурань у каралеўскі склеп. Падсеў чалавечак да вялізных бочак і пачаў піць; піў і піў, пакуль жывот у яго не раздзьмуўся, і не прайшло і дня, як выпіў ён цэлы склеп.
    Запатрабаваў другі раз Дурань сабе нявесту, але кароль раззлаваўся, што такі просты хлопец, якога кожны называе Дурнем, можа ажаніцца з яго дачкой, і паставіў тады новую ўмову: павінен Дурань спачатку знайсці такога чалавека, які б змог цэлую гару хлеба з’есці.
    He доўга думаючы, накіраваўся Дурань у лес; і сядзеў на тым самым месцы нейкі чалавек; ён падцягнуў свой пояс тужэй, твар у яго быў сумны, і ён сказаў Дурню:
    — Я ўжо з’еў цэлую печ сітнага хлеба, ды што гэта для мяне, калі я страшэнна галодны! Ніяк мне не наесціся, і даводзіцца таму пояс падцягваць усё тужэй, каб з голаду не памерці.
    Узрадаваўся Дурань і кажа:
    — Дык уставай і ідзі за мной: ужо ты ўволю наясіся.
    Прывёў ён яго да каралеўскага двара, а туды звезлі да таго часу ўсю муку з усяго каралеўства і напяклі вялізную гару хлеба; ну, тут лясны чалавек падышоў і пачаў есці, — і за адзін дзень уся хлебная гара знікла.
    Трэці раз запатрабаваў Дурань сабе нявесту, але каралю хацелася ад яго пазбавіцца, і запатрабаваў ён у Дурня такі карабель, каб мог па вадзе і па сушы плаваць.
    — Як толькі ты на тым караблі да мяне падплывеш, — сказаў ён Дурню, — адразу мая дачка будзе тваёю жонкай.
    Накіраваўся Дурань прамой дарогай у лес; сядзеў там стары сівы чалавечак, якому ён аддаў некалі свой пірог, і сказаў чалавечак:
    — Гэта ты мяне накарміў, напаіў, дам я табе за гэта карабель; я гэта раблю таму, што ты мяне пашкадаваў.
    I даў ён яму карабель, які мог хадзіць і па сушы і па моры. Убачыў кароль той карабель і не мог адмовіцца аддаць дачку сваю замуж за Дурня. Вось згулялі вяселле, і пасля смерці караля атрымаў у спадчыну Дурань усё каралеўства і жыў доўгія гады шчасліва са сваёю жонкай.
    МІЛЫ РАЛАНД
    Жыла калісьці жанчына, і была яна сапраўднай ведзьмай. Было ў яе дзве дачкі; адна з іх нязграбная і злая, і жанчына любіла яе таму, што яна даводзілася ёй роднай дачкой; а другая — добрая і прыгожая, і жанчына яе ненавідзела таму, што тая была яе падчарыцай.
    Аднойчы надзела падчарыца прыгожы фартух, ён спадабаўся другой дачцэ, і тая пачала зайздросціць зводнай сястры і сказала маці, што хоча — чаго б ні каштавала — атрымаць гэты фартух.
    — Супакойся, маё дзіцятка, — сказала старая, — ты яго атрымаеш. Тваю зводную сястру даўно пара забіць; сёння ўночы, якраз, як яна засне, я прыду і адсяку ёй галаву. Толькі глядзі, каб ты сама легла ў ложак бліжэй да сцяны, а яе падсунь на самы край.
    I давялося б беднай дзяўчыне загінуць, але іменна у гэты час яна стаяла у кутку і ўсё чула. Дзяўчыну ўвесь дзень з дому не выпускалі, а калі надышоў час класціся спаць, ёй загадалі класціся першай. Калі сястра заснула, дзяўчына асцярожна пасунула
    яе на край ложка, а сама легла каля сцяны, на яе месца.
    Падкралася ўночы старая, і быў у яе правай руцэ тапор, а левай яна спачатку памацала, ці ляжыць хто на краю ложка; потым яна моцна сціснула тапор рукамі і адсекла галаву сваёй роднай дачцэ.