Брэменскія музыкі
Браты Грым
Выдавец: Юнацтва
Памер: 302с.
Мінск 1999
Вось аднойчы і кажа дзяўчына бабулі:
280
— Я вельмі засумавала па дому. Як мне ў вас ні добра, але не магу я тут больш заставацца. Мне дужа хочацца родных пабачыць.
Выслухала яе Мяцеліца і сказала:
— Мне падабаецца, што ты сваіх родных не забываеш. Ты добра ў мяне папрацавала. За гэта я табе сама пакажу дарогу дадому.
Узяла яна дзяўчыну за руку і прывяла да вялікай брамы. Брама расчынілася, і калі дзяўчына праходзіла пад ёю, пасыпалася на яе зверху золата. Так і выйшла яна з брамы, уся золатам абсыпаная.
— Гэта табе ўзнагарода за тваю стараннасць, — сказала Мяцеліца і дала ёй верацяно, тое самае, якое ў калодзеж звалілася.
Потым брама зачынілася, і дзяўчына зноў апынулася наверсе, на зямлі. Неўзабаве прыйшла яна да мачахінай хаты. Увайшла яна ў хату, а пеўнік, які сядзеў на калодзежы, у гэты час заспяваў:
— Ку-ка-рэ-ку, дзяўчына прыйшла!
Многа золата ў хату прынясла!
Убачылі мачаха з дачкой, што прынесла падчарка з сабой многа золата, і сустрэлі яе ласкава. Нават не лаялі за доўгую адлучку.
Расказала ім дзяўчына пра ўсё, што з ёю здарылася, і захацелася мачасе, каб яе дачка таксама стала багатай, каб яна таксама многа золата дамоў прынесла.
Пасадзіла яна сваю дачку прасці каля калодзежа. Села лянівая дачка ля калодзежа, але прасці не стала. Толькі падрапала сабе палец цярноўнікам да крыві, вымазала верацяно крывёю, кінула яго ў калодзеж і сама за ім у ваду скокнула.
I вось апынулася яна на тым жа самым зялёным лужку, дзе раслі прыгожыя кветкі. Пайшла яна па сцяжынцы і неўзабаве прыйшла да печы, дзе пякліся хлябы.
11* Зак. 737
— Ax, — крыкнулі ёй хлябы, — вымі нас з печы! Вымі хутчэй! Мы спякліся ўжо! Мы хутка згарым!
— Яшчэ чаго! — адказала гультайка. — Буду я з-за вас пэцкацца, — і пайшла далей.
Потым прыйшла яна да яблыні, яблыня крыкнула ёй:
— Ах, патрасі мяне, дзяўчына, патрасі мяне! Яблыкі ўжо даўно паспелі!
— Як жа, як жа, — адказала яна, — яшчэ, калі я пачну цябе трэсці, які-небудзь яблык мне на галаву зваліцца ды гуз наб’е!
Нарэшце падышла гультайка да хаткі спадарыні Мяцеліцы. Яна зусім не спалохалася Мяцеліцы. Сястра ж расказала ёй пра вялікія зубы Мяцеліцы і пра тое, што яна зусім не страшная.
Вось і пачала гультайка працаваць у Мяцеліцы.
Першы дзень яна яшчэ так-сяк імкнулася пераадолець сваю ляноту, слухала спадарыню Мяцеліцу, узбівала ёй пярыну і падушкі так, што пер’е ляцела ва ўсе бакі.
А на другі і на трэці дзень пачала яе адольваць лянота. Раніцай неахвотна падымалася яна з ложка, пасцель сваёй гаспадыні слала дрэнна, а пярыну і падушкі зусім перастала ўзбіваць.
Надакучыла Мяцеліцы трымаць такую служанку, вось яна і кажа ёй:
— Ідзі ты назад да сябе дамоў!
Тут гультайка ўзрадавалася.
«Ну, — думае, — зараз на мяне золата пасыплецца».
Падвяла яе Мяцеліца да вялікай брамы. Расчынілася брама. Але калі выходзіла з яе гультайка, не золата на яе пасыпалася, а перакуліўся кацёл са смалой.
— Вось табе ўзнагарода за тваю работу, — сказала Мяцеліца і зачыніла браму.
Прыйшла гультайка дадому, а пеўнік, які сядзеў на калодзежы, убачыў яе і закрычаў:
— Будуць смяяцца ўсе ў сяле: Уваходзіць дзяўчына ўся ў смале!
I так гэта смала да яе моцна прыліпла, што засталася на скуры на ўсё жыццё.
РАЗБОЙНІК-ЖАНІХ
Жыў-быў некалі млынар. Была ў яго прыгожая дачка. Вырасла яна, і захацелася бацьку ўдала выдаць яе замуж.
Вось неўзабаве аб’явіўся багаты жаніх. Бацька пра такога і марыў, таму і паабяцаў яму сваю дачку. A дзяўчыне хлопец не вельмі спадабаўся. Зірне на яго ці падумае пра яго, і нейкі страх ахоплівае яе сэрца.
Аднойчы жаніх кажа:
— Ты вось — мая нявеста, а ні разу да мяне ў госці не завітала.
— Ды я ж не ведаю, дзе стаіць ваша хата.
Жаніх растлумачыў:
— Хата мая вунь там, у цёмным лесе.
— Ці знайду дарогу? — сумняваецца нявеста.
— Я насыплю на дарогу попелу. Ён і прывядзе цябе ў маю хату. Прыходзь у наступную нядзелю. Я ўжо гасцей запрасіў.
Наступіла нядзеля. Трэба збірацца ў дарогу, a дзяўчыне зрабілася так страшна, што не можа растлумачыць. Але ж пераадолела страх. Насыпала поўныя кішэні гароху, рушыла ў дарогу.
Амаль цэлы дзень ішла. I вось перад ёй — густы лес, а ў ім — адзіная хата. He спадабалася дзяўчыне хата: змрочная, няўтульная. Увайшла ў яе — нікога. Ціха-ціха, аж страшна.
Раптам чуецца голас:
— Азірніся, нявеста, ці не ў разбойным ты месцы? Азірнулася дзяўчына і ўбачыла птушку ў клетцы.
Птушка яшчэ раз папярэдзіла:
— Азірніся, нявеста, ці не ў разбойным ты месцы?
Нявеста абышла ўсе пакоі, але ўсюды было пуста, ніводнай чалавечай душы. Урэшце спусцілася яна ў склеп. А там — старая жанчына сядзіць, галавой хітае.
— Ці не скажаце мне, — пытае дзяўчына, — тут жыве мой жаніх?
— Ах, небарака, — адказала бабуля, — куды ты трапіла! Тут жа разбойны прытон. Ты чакаеш вяселля, але глядзі, як бы не святкаваць яго разам са смерцю. Вунь бачыш, вялікі кацёл з вадой. Мяне прымушаюць яго кіпяціць, а тады ў ім вараць людзей і ядуць. Яны ж — людаеды! Ратуйся хутчэй, пакуль цябе не схапілі...
Старая завяла і схавала дзяўчыну за вялізную бочку. Загадала:
— Сядзі ціха, як мышка ў норцы! А ноччу, калі разбойнікі заснуць, мы з табой збяжым.
Толькі яны пра ўсё дамовіліся, як дамоў вярнулася разбойная шайка. Прыцягнулі з сабой нейкую дзяўчыну. Яна крычала, прасілася, а яны як бы не чулі, бо былі ўсе п’яныя.
Разбойнікі прымусілі і дзяўчыну выпіць тры шклянкі віна: белага, чырвонага, бурштынавага. Ад гэткага пітва разарвалася ў паланянкі сэрца. Яны сарвалі з яе прыгожую сукенку, паклалі на стол, пасеклі на кавалкі дзявоцкае цела, пасыпалі соллю.
Ледзь жывая сядзела за бочкай нявеста. Яна зразумела, якую долю рыхтаваў ёй разбойнік-жаніх. Раптам на яе калені ўпаў мезенец той дзяўчыны, якую забілі разбойнікі. На ім свяціўся залаты пярсцёнак.
А здарылася так, што адзін разбойнік прыкмеціў на руцэ паланянкі золата і захацеў зняць яго. Адсек палец, а ён падскочыў уверх і ўпаў за бочку.
Узялі разбойнікі свечку, пачалі шукаць адсечаны мезенец. He знайшлі. Тады адзін з іх кажа другому:
— А ты за бочкай шукаў?
Тут старая я-я-к закрычыць:
— Ступайце хутчэй есці! Заўтра пашукаеце палец, ён ад вас не збяжыць.
— Праўду кажаш, — пагадзіліся разбойнікі.
Селі яны вячэраць, пачалі піць віно. А ніхто ж з іх не ведаў, што бабуля падсыпала ў бутлю соннага зелля.
Паелі-папілі разбойнікі дый заснулі-захраплі ў склепе. Вось тады і вылезла з-за бочкі нявеста. Асцярожна, пераступаючы цераз спячых, выйшла яна на вуліцу. За ёй — бабуля. I кінуліся яны ўцякаць далей ад разбойнага прытона.
Вецер здзьмуў з дарогі попел, які насыпаў некалі жаніх. Затое гарох, які раскідала дзяўчына, пусціў расткі. У месячковым ззянні яны і паказвалі дарогу. Так ішлі яны ўсю ноч, а пад раніцу былі ўжо дома. I паведала дзяўчына бацьку ўсю праўду.
Вось надышоў дзень, калі трэба святкаваць вяселле. Млынар склікаў усіх сваіх родзічаў і знаёмых. З’явіўся і жаніх.
Уселіся госці за стол. I прапанавана было кожнаму што-небудзь расказаць. Нявеста сядзела ціха, маўкліва. Тады жаніх звярнуўся да яе:
— Ну, мая душачка, хіба ты нічога не ведаеш? Раскажы нам што-небудзь.
Нявеста пагадзілася:
— Добра, раскажу я вам сон. Іду нібыта цераз лес, іду і раптам перада мною — хата. А ў ёй ніводнай жывой душы. Вісіць на сцяне клетка з птуіпкай. I кажа мне тая птушка: «Азірніся, нявеста, ці не ў разбойным ты месцы?» I паўтарыла яшчэ раз. Ды гэта, мой мілы, мне толькі снілася... Прайшлася я паўсіх пакоях. Усе яны — пустыя, беспрытульныя. Спусцілася ў склеп, і сядзела там старэнькая жанчына. Пытаюся ў
яе: «Ці не ў гэтай хаце жыве мой жаніх? » А яна адказвае: «Ах, небарака, ты ж у разбойны прытон трапіла. Жаніх твой жыве тут, але ён цябе збіраецца на кавалкі пасекчы, а пасля зварыць дый з’есці». Мілы мой, гэта ж мне толькі прыснілася... I схавала мяне бабуля за вялізную бочку. Толькі там прытаілася, як вярнуліся дамоў разбойнікі, прыцягнулі з сабой нейкую дзяўчыну, далі ёй выпіць трайнога віна — белага, чырвонага і бурштынавага. Ад яго разарвалася ў паланянкі сэрца. Мілы мой, гэта ж мне толькі прыснілася... I ўбачыў адзін разбойнік на мезенцы ў дзяўчыны залаты пярсцёнак. Цяжка яго сцягнуць. Тады ён узяў сякеру і адсек палец. Падскочыў той мезенец уверх, упаў за вялізную бочку і трапіў якраз мне на калені. Вось ён, гэты палец з пярсцёнкам!..
Нявеста паказала гасцям адсечаны палец з залатым пярсцёнкам.
Разбойнік-жаніх збялеў што палатно, падхапіўся з-за стала і хацеў бегчы. Але госці схапілі яго, прывялі на суд. I прысудзілі пакараць смерцю. А разам і яго шайку за іх разбойныя справы.
КАРАЛЕВІЧ, ЯКІ НІЧОГА HE БАЯЎСЯ
Жыў-быў аднойчы каралевіч, не хацелася яму болып заставацца дома ў свайго бацькі, а раз ён нічога не баяўся, то падумаў: «Пайду я па белым све-
це вандраваць і не сумна мне будзе, ды і нагляджуся на розныя дзіўныя рэчы». Развітаўся ён са сваімі бацькамі і пайшоў ад іх, і ішоў усё напрасткі з раніцы да самага вечара, і было яму ўсё роўна, куды дарога вядзе. Здарылася так, што падышоў каралевіч да дома аднаго велікана; здарожыўся ён і сеў каля дзвярэй адпачыць. Пачаў каралевіч па баках разглядваць і раптам заўважыў на двары ў велікана цацку: былі гэта два вялізныя шары і кеглі з рост чалавека. Захаце-
лася яму пагуляць у тыя кеглі, ён расставіў іх, пачаў збіваць іх шарамі, і калі кеглі падалі, то гучна крычаў, таму што было яму весела. Пачуў велікан шум, высунуў галаву ў акно і ўбачыў чалавека; і быў той ростам, як усе людзі, але аднак жа гуляў у яго кеглі.
— Гэй ты, казяўка! — крыкнуў велікан. — Што гэта ты ў мае кеглі гуляеш? Адкуль у цябе такая сіла?
Паглядзеў каралевіч наверх, агледзеў велікана і сказаў:
— Ах ты, даўбешка гэтакая! Што ж ты думаеш, што ў цябе аднаго толькі дужыя рукі? Я магу ўсё, чаго захачу!
Спусціўся велікан уніз, пачаў са здзіўленнем глядзець на гульню ў кеглі і сказаў:
— Калі ты такі чалавек, то ідзі і прынясі мне яблык з дрэва жыцця.
— А навошта ён табе? — запытаў каралевіч.
— Гэты яблык я хачу не для сябе, — адказаў велікан. — Ёсць у мяне нявеста, гэта яна яго патрабуе. Хадзіў я, вандраваў нямала па свеце, але такога дрэва адшукаць не мог.
— Ну, я яго адшукаю, — сказаў каралевіч, — чаго б гэта ні каштавала!