• Газеты, часопісы і г.д.
  • Брэменскія музыкі  Браты Грым

    Брэменскія музыкі

    Браты Грым

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 302с.
    Мінск 1999
    69.97 МБ
    Прынесла Папялушка місачку сваёй мачасе, радуецца, што яна дазволіць ёй пайсці разам з сёстрамі на банкет, а тая і не думае яе пускаць.
    — He, Папялушка, у цябе ж няма сукенкі, ды і танцаваць ты не ўмееш, — там смяяцца будуць з цябе.
    Заплакала Папялушка, а мачаха кажа:
    — Вось калі выбераш мне з попелу за адну гадзіну дзве поўныя міскі сачавіцы, тады можаш пайсці
    разам з сёстрамі. А сама падумала пра сябе: «Гэтага ёй ужо не зрабіць ніколі». Высыпала мачаха дзве міскі сачавіцы ў попел, а дзяўчынка выйшла праз чорны ход у сад і сказала так:
    — Вы, галубкі ручныя, вы, галубкі, птушкі паднебныя, ляціце, дапамажыце мне сабраць сачавіцу!
    Лепшыя каліўцы — у гаршчок, Горшыя — у валлячок.
    I прыляцелі да кухоннага акенца два белыя галубкі, а за імі і галубка, і нарэшце пазляталіся ўсе птушкі паднебныя, селі на попел. Схілілі галубкі галоўкі і пачалі кляваць: тук-тук-тук-тук, а за імі і астатнія таксама: тук-тук-тук-тук, і хутка сабралі ўсе зярняткі ў місачку.
    Прынесла Папялушка сачавіцу мачасе, радуецца, што яна дазволіць ёй пайсці разам з сёстрамі на банкет, а тая і не думае яе пускаць.
    — Нішто табе не дапаможа, не пойдзеш ты разам з сёстрамі: і сукенкі ў цябе няма, ды і танцаваць ты не ўмееш. Нам будзе за цябе толькі сорамна.
    Павярнулася яна спіной да Папялушкі і пайшла са сваімі дзвюма дочкамі на банкет.
    А Папялушка, счакаўшы трохі, накіравалася да магілы сваёй маці пад арэхавае дрэўца. Прыйшла і просіць:
    — Дрэўца, дрэўца, варухніся-атрасіся, Майго твару срэбрам-золатам краніся.
    I скінула ёй птушка залатую і срэбную сукенкі, аздобленыя шоўкам ды срэбрам туфлікі. Надзела яна сукенку і неўзабаве з’явілася на агледзіны.
    А зводныя сёстры і мачаха, нічога не ведаючы, падумалі, што гэта нейкая чужая каралева, такая прыгожая, з’явілася. Ім і ў галаву не прыходзіла, што гэта Папялушка. Яны думалі, што сядзіць тая дома ў гразі і выбірае з попелу сачавіцу.
    Вось выйшаў ёй насустрач каралевіч, узяў яе за рукі і пачаў танцаваць. I не хацеў ён танцаваць ні з якой другой дзяўчынай. I калі хто падыходзіў запрасіць яе на танец, ён гаварыў:
    — Я з ёй танцую.
    Танцавала яна да самага вечара і хацела ўжо дамоў вяртацца, а каралевіч ёй кажа:
    — Я пайду цябе праводзіць. — Яму хацелася даведацца, чыя гэта дачка-прыгажуня; але яна ад яго ўцякла і ўзлезла на галубятню.
    Дачакаўся каралевіч, калі прыйшоў яго бацька, і кажа яму, што невядомая прыгожая дзяўчына ўзлезла на галубятню. Стары падумаў: « А ці не Папялушка гэта?» — і загадаў прынесці сякеру і багор, каб разбурыць галубятню. Але там нікога не было.
    Вярнуліся бацькі дамоў — бачаць: ляжыць Папялушка у сваёй зрэбнай кашулі ў попеле, і гарыць ля печкі масленая лямпачка. А справа была так: Папялушка хутка выскачыла з другога боку галубятні і пабегла да арэхавага дрэўца. Там яна зняла сваю прыгожую сукенку і паклала яе на магілу; занесла яе птушка назад, і надзела Папялушка зноў сваю шэрую кашулю і села на кухні ў кучу no­ne лу.
    На другі дзень, калі банкет працягваўся і бацькі ды зводныя сёстры пайшлі зноў з дому, накіравалася Папялушка да арэхавага дрэва і сказала так:
    — Дрэўца, дрэўца, варухніся-атрасіся, Майго твару срэбрам-золатам краніся.
    I скінула ёй птушка яшчэ больш пышную сукенку.
    I калі з’явілася яна ў гэтай сукенцы на банкет, кожны любаваўся, гледзячы на яе прыгажосць. Каралевіч чакаў яе. Тут жа ўзяў яе за рукі і танцаваў толькі з ёю. Калі да яе падыходзілі іншыя і запрашалі на танец, ён казаў:
    — Я з ёй танцую.
    Вось надышоў вечар, і яна сабралася ісці, і пайшоў каралевіч услед за ёй, каб паглядзець, у які дом яна зойдзе. Але яна пабегла ў сад, які знаходзіўся за домам. I расло ў гэтым садзе вялікае прыгожае дрэва, і віселі на ім цудоўныя грушы. Яна імгненна ўзлезла на яго, а каралевіч і не заўважыў, куды яна знікла. Пачаў ён яе чакаць, і калі прыйшоў бацька, каралевіч сказаў яму: «Ад мяне збегла невядомая дзяўчына. Мне здаецца, што яна ўзлезла на грушу».
    Бацька падумаў: «А ці не Папялушка гэта?» — і загадаў прынесці сякеру і ссеч дрэва. Але там нікога не было. Прыйшлі яны на кухню, бачаць: ляжыць Папялушка, як і ў мінулы раз, у попеле. Ніхто не заўважыў, як яна саскочыла з другога боку дрэва і аддала птушцы сваю цудоўную сукенку і надзела шэрую зрэбную кашулю.
    На трэці дзень, калі бацькі і зводныя сёстры пайшлі на банкет, выправілася Папялушка зноў на магілу да маці і сказала дрэўцу:
    — Дрэўца, дрэўца, варухніся-атрасіся, Майго твару срэбрам-золатам краніся.
    I скінула ёй птушка сукенку, такую бліскучую і цудоўную, якой ні ў кога яшчэ не было; а туфлікі былі з чыстага золата.
    Вось прыйшла яна на банкет у гэтай сукенцы, і ніхто не ведаў, здзіўлены, што і казаць. Каралевіч танцаваў толькі з ёй, а калі хто яе запрашаў, ён казаў:
    — Я з ёй танцую.
    Вось надышоў вечар, і сабралася Папялушка ісці дамоў; і хацелася каралевічу яе праводзіць, але яна так лоўка ўвільнула, што ён нават гэтага не заўважыў. Але пайшоў каралевіч на хітрасць: ён загадаў абмазаць усю лесвіцу смалой; і калі яна ад яго ўцякала, дык туфлік з яе левай нагі застаўся на адной з прыступак. Каралевіч падняў туфлік, і быў ён такі маленькі і прыгожы! I ўвесь з чыстага золата.
    Наступнай раніцай пайшоў каралевіч з тым туфлікам да бацькі Папялушкі і кажа:
    — Маёй жонкай будзе толькі тая, да чыёй нагі падыдзе гэты туфлік.
    Абрадаваліся абедзве сястры — ногі іх былі вельмі прыгожыя. Старэйшая пайшла ў пакой, каб прымераць туфлік, і маці была з ёю. Але ніяк не магла яна ўздзець туфлік на нагу: перашкаджаў вялікі палец. Тады маці падала ёй нож і кажа:
    — А ты адсячы вялікі палец; калі станеш каралевай, усё роўна пешшу хадзіць табе не прыйдзецца.
    Адсекла дзяўчына палец, абула з цяжкасцю туфлік, сцяла вусны ад болю і выйшла да каралевіча. Узяў ён яе ў нявесты, пасадзіў на каня і паехаў.
    I трэба было ім ехаць каля магілы. А сядзелі там на арэхавым дрэўцы два галубкі, і заспявалі яны:
    — Ты прыгледзься — чаравік Ды ўвесь жа у крыві, Чаравічак, бачна, цесны, — Зачакалася нявеста.
    Паглядзеў каралевіч на яе нагу, бачыць: кроў цячэ. Павярнуў ён назад каня, прывёз самазваную нявесту дамоў і сказаў, што гэта нявеста несапраўдная, — няхай, маўляў, абуе туфлік другая сястра.
    Пайшла тая ў пакой, пачала прымяраць туфлік, a той не лезе: пятка аказалася занадта вялікая. Тады маці падала ёй нож і кажа:
    — А ты адсячы кавалак пяткі: калі будзеш каралевай, пешшу табе ўсё роўна хадзіць не прыйдзецца.
    Адсекла дзяўчына кавалак пяткі, з цяжкасцю ўсунула нагу ў туфлік, сцяла вусны ад болю і выйшла да каралевіча. Узяў ён яе сабе ў нявесты, пасадзіў на каня і паехаў.
    Ехалі яны каля арэхавага дрэўца. Там сядзелі два галубкі, убачылі іх і заспявалі:
    — Ты прыгледзься — чаравік
    Ды ўвесь жа у крыві, Чаравічак, бачна, цесны, — Зачакалася нявеста.
    Глянуў ён на яе нагу, бачыць: кроў цячэ з туфліка, і белыя панчохі ўсе чырвоныя ад крыві. Павярнуў ён каня і прывёз самазваную нявесту назад у яе дом.
    — I гэта таксама несапраўдная, — сказаў ён, — ці няма ў вас яшчэ дачкі?
    — Ды вось, — сказаў бацька, — ад жонкі-нябожчыцы маленькая няцямлівая Папялушка, — дык куды ёй там быць нявестай!
    Але каралевіч папрасіў, каб яе прывялі да яго; a мачаха кажа:
    — Ды не, яна такая брудная, яе нельга нікому на вочы паказваць.
    Але каралевіч захацеў абавязкова яе ўбачыць; і давялося прывесці да яго Папялушку. Памыла яна рукі і твар, і ён падаў ёй залаты туфлік. Села яна на лаўку, зняла з нагі свой цяжкі драўляны чаравік і лёгка абула туфлік. Прыйшоўся ён ёй у самы раз. Вось устала яна, паглядзеў каралевіч ёй у твар і пазнаў тую самую прыгажуню, з якой танцаваў, і ўсклікнуў:
    — Вось гэта і ёсць сапраўдная мая нявеста!
    Спалохалася мачаха, а з ёй і зводныя сёстры, пабялелі ад страху і злосці; а каралевіч узяў Папялушку, пасадзіў на каня і паскакаў з ёй.
    Калі ехалі яны каля арэхавага дрэўца, пачулі двух белых галубкоў:
    — Ты прыгледзься — чаравік, Але ў ім няма крыві.
    Чаравік, відаць, не цесны, —
    Вось яна — твая нявеста!
    Галубкі гэта вымавілі, адразу зляцелі з дрэва і паселі на плечы Папялушцы: адзін на правае плячо, другі — на левае. Так і засталіся там сядзець.
    Калі надышоў час вяселля, з’явіліся вераломныя сёстры. Хацелі падлізацца да Папялушкі і падзяліць з ёй шчасце. I калі вясельны поезд накіраваўся ў царкву, старэйшая сястра сядзела справа, а малодшая — злева; і вось выклявалі галубы кожнай з іх па воку. А потым, калі вярталіся назад з царквы, старэйшая сястра сядзела злева, а малодшая — справа; і выклявалі галубы кожнай з іх яшчэ па воку.
    Так вось былі яны пакараны за злосць сваю і хітрасць на ўсё сваё жыццё слепатой.
    ДВАНАЦЦАЦЬ ПАЛЯЎНІЧЫХ
    Жыў каралевіч, і была ў яго нявеста, якую ён вельмі любіў. Ён цешыўся сваім шчасцем, але раптам атрымаў вестку, што яго бацька захварэў, памірае і хоча перад смерцю з ім развітацца.
    I сказаў каралевіч тады сваёй любай:
    — Я павінен ехаць, мне давядзецца цябе пакінуць на нейкі час, дык вось, даю табе на памяць пярсцёнак. Калі я стану каралём, вярнуся назад і забяру цябе.
    Сеў ён на каня і паскакаў. Калі ён прыехаў дамоў, бацька паміраў. Ён сказаў яму перад сконам:
    — Дарагі мой сын, апошні раз хацеў пабачыцца з табой перад смерцю, абяцай мне, што ты жэнішся па маёй волі...
    I назваў ён адну каралеўну, якая павінна была стаць яго жонкай. Сын быў так засмучаны, што не падумаў і сказаў:
    — Добра, дарагі мой татачка, хай будзе па вашай волі.
    I кароль памёр.
    Надышоў час памінак, і сын павінен быў выканаць волю бацькі. Ён накіраваў да той каралеўны сватоў, і яе бацькі далі згоду выдаць дачку за яго замуж. Але пачула пра вяселле першая нявеста і так зажурылася з прычыны яго нявернасці, што ледзь не памерла з гора. I сказаў тады ёй бацька:
    — Дачушка мая любая, навошта ты так перажываеш? Што хочапі, тое я і зраблю для цябе.
    Падумала дзяўчына хвілінку і кажа:
    — Дарагі мой татачка, хачу, каб было ў мяне адзінаццаць падобных на мяне і тварам, і постаццю, і ростам дзяўчат.
    I адказаў кароль:
    — Калі тваё жаданне можа быць выканана — яно будзе выканана.
    I загадаў ён шукаць па ўсяму каралеўству падобных на дачку дзяўчат: і тварам, і постаццю, і ростам.
    Неўзабаве прывялі іх да каралеўны, і яна загадала пашыць ім дванаццаць аднолькавых паляўнічых касцюмаў, і павінны былі адзінаццаць дзяўчат прыбрацца у гэтыя паляўнічыя касцюмы, а каралеўна надзела дванаццаты. Потым яна развіталася са сваім бацькам і разам з дзяўчатамі прыехала на сядзібу свайго колішняга жаніха.