• Газеты, часопісы і г.д.
  • Брэменскія музыкі  Браты Грым

    Брэменскія музыкі

    Браты Грым

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 302с.
    Мінск 1999
    69.97 МБ
    Яна спытала, ці не патрэбны каралю паляўнічыя і ці не возьме ён іх усіх разам да сябе на службу. Паглядзеў на яе кароль, але не пазнаў. I таму, што ўсе яны былі маладыя і прыгожыя, ён не адмовіў і сказаў, што ахвотна возьме іх на службу. I былі яны залічаны на службу паляўнічымі.
    Але жыў у караля леў, і быў ён зверам чарадзейным, ведаў аб усіх таямніцах. Неяк увечары ён сказаў каралю:
    — Ты думаеш, што ў цябе на самай справе дванаццаць паляўнічых?
    — Так, — адказаў кароль, — гэта дванаццаць паляўнічых.
    Тады леў і кажа:
    — Ты памыляешся — гэта дванаццаць дзяўчат.
    А кароль пярэчыць:
    — Такога не можа быць... Ну, як ты мне дакажаш, што гэта дзяўчаты?
    — О, загадай толькі рассыпаць у пярэдняй гарох, — адказаў леў, — і ты адразу пераканаешся. У мужчын крок цвёрды, упэўнены: яны пройдуць па гарошынах і не адну не зрушаць; а дзяўчаты — тыя ідуць дробненька, асцярожна, шаркаюць нагамі, вось гарошыны і раскотваюцца па падлозе.
    Каралю спадабалася парада, і загадаў ён рассыпаць гарох у пярэдняй.
    Але ў караля быў адзін слуга, які добра адносіўся да паляўнічых. Пачуўшы, што іх хочуць выпрабоўваць, ён прыйшоў да дзяўчат і аб усім расказаў.
    Падзякавала слугу каралеўна і звярнулася да дзяўчат:
    — Ну, цяпер усё залежыць ад вас — старайцеся ступаць па гарошынах цвёрдым, упэўненым крокам.
    На другі дзень раніцою кароль пазваў да сябе паляўнічых. I калі яны апынуліся ў пярэдняй, дзе быў рассыпаны гарох, то прайшлі па гароху упэўнена і цвёрда, і паходка была ў іх моцная і прыгожая, і ні адна гарошына не пакацілася, нават з месца не зрушылася.
    Калі дзяўчаты пайшлі, кароль кажа ільву:
    — Ты сказаў мне няпраўду: яны прайшлі, як мужчыны.
    Леў растлумачыў:
    — Дзяўчаты даведаліся, што іх будуць выпрабоўваць і абдумалі, як ім ісці. Ты вось загадай паставіць у пярэдняй дванаццаць калаўротаў: прыдуць дзяўчаты, убачаць калаўроты і адразу абрадуюцца... мужчыны радавацца не будуць.
    Каралю спадабалася парада, і ён загадаў паставіць у пярэдняй дванаццаць калаўротаў.
    Ды слуга, які жадаў дабра паляўнічым, пайшоў і адкрыў і гэтую задуму караля. Застаўшыся сам-насам са сваімі дзяўчатамі, каралеўна сказала ім:
    — Трымайце сябе ў руках і на калаўроты нават не пазірайце.
    I вось, калі на другі дзень раніцою кароль пазваў сваіх дванаццаць паляўнічых, яны абыякава прайшлі праз пярэднюю, на калаўроты не зірнулі нават.
    Тады кароль зноў кажа ільву:
    — Ты мяне падмануў: гэта мужчыны, на калаўроты яны не зірнулі.
    Леў адказаў:
    — Яны і на гэты раз даведаліся, што іх хочуць выпрабаваць.
    Але кароль ужо больш не верыў ільву.
    Дванаццаць паляўнічых з гэтага часу заўсёды суправаджалі караля на паляванні. Яны ўсё больш і больш яму падабаліся. Неяк у час палявання прыйшла вестка, што нявеста караля знаходзіцца ўжо ў дарозе. Пачула гэта сапраўдная нявеста і зрабілася ёй крыўдна і балюча, так балюча, што нават сэрца амаль перастала у яе біцца, і яна, беспрытомная, упала. Кароль, убачыўшы, што з яго мілым паляўнічым нешта здарылася, падбег да яго. Жадаючы памагчы, ён сарваў у яго з рукі пальчатку. I тут убачыў ён пярсцёнак, які падарыў сваёй нявесце, паглядзеў у твар і пазнаў яе. I захвалявалася яго сэрца, пацалаваў ён яе, а калі яна расплюшчыла вочы, сказаў:
    — Ты — мая, а я — твой, і ніхто на свеце нас ніколі не разлучыць.
    I кароль паслаў насустрач другой нявесце ганца і загадаў прасіць яе вярнуцца назад у сваё каралеўства, так як, маўляў, у яго ўжо ёсць жонка, а хто стары ключ знойдзе, таму новага не трэба.
    Тут і вяселле згулялі. I леў зноў трапіў у міласць да караля, бо ён жа яму ўсю праўду сказаў.
    БРЭМЕНСКІЯ МУЗЫКІ
    Шмат гадоў таму жыў на свеце млынар. I быў у млынара асёл, разумны і дужы.
    Доўга працаваў асёл на млыне, цягаў на спіне кулі з мукой і вось нарэшце састарыўся. Бачыць гаспадар: аслабеў асёл, не здатны больш для работы — і выгнаў яго з дому.
    Спалохаўся асёл: «Куды я пайду, куды падзенуся? Стары я стаў і слабы».
    А потым падумаў: «Пайду гэтак я ў нямецкі горад Брэмен і стану там гарадскім музыкам».
    Так і зрабіў. Пайшоў у нямецкі горад Брэмен.
    Ідзе асёл па дарозе і крычыць па-аслінаму. I раптам бачыць ён: ляжыць на дарозе сабака і цяжка дыхае.
    — Чаму ты так запыхаўся, сабака? — пытае асёл. — Што з табой?
    — Стаміўся, — гаворыць сабака. — Бег доўга, вось і запыхаўся.
    — Што ж ты так бег, сабака? — пытае асёл.
    — Ах, асёл, — гаворыць сабака. — Пашкадуй мяне. Жыў я ў паляўнічага, доўга жыў. Па палях і балотах за дзічынай для яго бегаў, а цяпер стары стаў,і надумаў мой гаспадар мяне забіць. Вось я і збег ад яго, a што далей рабіць — не ведаю.
    — Пойдзем са мной у горад Брэмен, — адказвае яму асёл, — зробімся там музыкамі. Брэшаш ты гулка, голас у цябе добры — ты будзеш спяваць і ў барабан біць. А я буду на гітары іграць.
    — Што ж, — гаворыць сабака, — пойдзем.
    Пайшлі яны разам.
    Асёл ідзе, крычыць па-аслінаму, сабака ідзе, брэша па-сабачы.
    Ішлі яны, ішлі і раптам бачаць: сядзіць на дарозе кот, сумны сядзіць кот, невясёлы.
    — Што ж ты такі сумны? — пытае яго асёл.
    — Што ж ты такі невясёлы? — пытае сабака.
    — Ах, — гаворыць кот, — пашкадуйце вы мяне, асёл і сабака. Жыў я ў сваёй гаспадыні, доўга жыў, — лавіў пацукоў і мышэй. А цяпер стары стаў, зубы ў мяне прытупіліся, і захацела мая гаспадыня мяне ў рэчцы ўтапіць. Я і збег з дому. А што далей рабіць — не ведаю.
    Асёл яму адказвае:
    — Пойдзем з намі, кот, у горад Брэмен, станем там вулічнымі музыкамі. Голас у цябе добры, ты будзеш спяваць і на скрыпцы іграць, сабака — спяваць і на барабане іграць, а я — спяваць і на гітары іграць.
    — Што ж, — гаворыць кот, — пойдзем.
    Пайшлі яны разам.
    Асёл ідзе, крычыць па-аслінаму, сабака ідзе, брэша па-сабачы, кот ідзе, мяўкае па-кашачы.
    Ішлі яны, ішлі. Праходзяць побач аднаго двара і бачаць: сядзіць на варотах певень і крычыць на ўсё горла: «Ку-ка-рэ-ку!»
    — Ты што, пеўнік, крычыш? — пытае яго асёл.
    — Што з табой здарылася? — пытае яго сабака.
    — Можа, цябе хто пакрыўдзіў? — пытае кот.
    — Ах, — гаворыць певень, — пашкадуйце вы мяне, асёл, сабака і кот. Заўтра да маіх гаспадароў госці прыедуць, і вось збіраюцца мае гаспадары зарэзаць мяне і зварыць з мяне суп. Што мне рабіць?
    Адказвае яму асёл:
    — Пойдзем з намі, певень, у горад Брэмен, і станем там вулічнымі музыкамі. Голас у цябе добры, ты будзеш спяваць і на балалайцы іграць, кот будзе спяваць і на срыпцы іграць, сабака — спяваць і на барабане іграць, а я буду спяваць і на гітары іграць.
    — Што ж, — гаворыць певень, — пойдзем.
    Пайшлі яны разам.
    Асёл ідзе, крычыць па-аслінаму, сабака ідзе, брэша па-сабачы, кот ідзе, мяўкае па-кашачы, певень ідзе, кукарэкае.
    Ішлі яны, ішлі, і вось настала ноч. Асёл і сабака ляглі пад вялізным дубам, кот сеў на галіну, а певень узляцеў на самую вершаліну дрэва і пачаў адтуль глядзець па баках.
    Глядзеў, глядзеў і ўбачыў: свеціцца непадалёку агеньчык.
    — Агеньчык свеціцца! — крычыць певень.
    Асёл кажа:
    — Трэба даведацца, што гэта за агеньчык. Можа, паблізу дом стаіць.
    Сабака кажа:
    — Можа, у гэтым доме мяса ёсць. Я паеў бы.
    Кот кажа:
    — Можа, у гэтым доме малако ёсць. Я папіў бы.
    А певень кажа:
    — Можа, у гэтым доме пшонка ёсць. Я пакляваў бы.
    Усталі яны і пайшлі на агеньчык.
    Выйшлі на паляну, а на паляне дом стаіць, і акенца ў ім свеціцца.
    Асёл падышоў да дому і зазірнуў у акенца.
    — Што ты там бачыш, асёл? — пытае яго певень.
    — Бачу я, — адказвае асёл, — сядзяць за сталом разбойнікі, ядуць і п’юць.
    — Ох, як хочацца есці! — сказаў сабака.
    — Ох, як хочацца піць! — сказаў кот.
    — Як бы нам разбойнікаў з дому выгнаць? — сказаў певень.
    Думалі яны, думалі і прыдумалі.
    Асёл ціхенька паставіў пярэднія ногі на падваконнік, сабака залез на спіну аслу, кот ускочыў на спіну сабаку, а певень узляцеў на галаву кату.
    I тут яны ўсе разам закрычалі:
    асёл па-аслінаму,
    сабака — па-сабачы,
    кот — па-кашачы,
    а певень — закукарэкаў.
    Закрычалі яны і ўваліліся праз акно ў пакой.
    Напалохаліся разбойнікі і ўцяклі ў лес.
    А асёл, сабака, кот і певень селі вакол стала і ўзяліся за ежу.
    Елі-елі, пілі-пілі, — наеліся, напіліся і спаць леглі.
    Асёл расцягнуўся ў двары на сене, сабака ўлёгся перад дзвярыма, кот скруціўся клубком на печы, а певень залез на вароты.
    Патушылі яны святло ў доме і заснулі.
    А разбойнікі сядзяць у лесе і глядзяць з чашчобы на свой дом.
    Бачаць: святло ў акенцы патухла, цёмна стала.
    I паслалі яны аднаго разбойніка паглядзець, што ў доме робіцца.
    Можа, дарэмна яны так напалохаліся.
    Падышоў разбойнік да дому, адчыніў дзверы, зайшоў на кухню. Бачыць, а на печы два агеньчыкі гараць.
    «Напэўна, гэта вуголле, — падумаў разбойнік, — вось я зараз лучыну распалю».
    Ткнуў ён агеньчык лучынкай, а гэта было кацінае вока.
    Раззлаваўся кот, ускочыў, зафыркаў, ды як драпане лапай, ды як зашыпіць.
    Разбойнік — у дзверы.
    А тут яго сабака за нагу схапіў.
    Разбойнік — у двор.
    А тут яго асёл капытом убрыкнуў.
    Разбойнік — у вароты.
    А з варот певень як закрычыць:
    — Кукарэку!
    Кінуўся разбойнік з усіх ног у лес. Прыбег да сваіх таварышаў і кажа:
    — Бяда! У нашым доме пасяліліся страшныя веліканы. Адзін мне ўвесь твар кап’ём падрапаў, другі мне ножыкам нагу парэзаў, трэці мяне па спіне дубінай вытнуў, а чацвёрты закрычаў мне ўслед: «Трымай злодзея!»
    — Ох, — сказалі разбойнікі, — трэба нам адсюль як мага хутчэй уцякаць.
    I пайшлі разбойнікі з гэтага лесу назаўжды.
    А брэменскія музыкі — асёл, сабака, кот і певень — засталіся жыць у іх у доме ды пажываць.
    КАРОЛЬ-ЖАБЯНЯ, АЛЬБО ЖАЛЕЗНЫ ГЕЙНРЫХ
    Устарадаўнія часы, калі закляцці яшчэ дапамагалі, жыў-быў на свеце кароль; усе дочкі былі ў яго прыгажуні, але самая малодшая была такою прыгожай, што нават сонца, якое шмат што бачыла на сваім вяку, і тое здзіўлялася, ззяючы на яе твары.
    Паблізу каралеўскага замка раскінуўся вялікі дрымучы лес, і быў у тым лесе пад старою ліпай калодзеж; і вось у спякотныя дні малодшая каралеўна выходзіла ў лес, садзілася на край сцюдзёнага калодзежа, і калі рабілася ёй сумна, яна брала залаты мяч, падкідвала яго ўверх і лавіла; — гэта было яе самай любімаю гульнёю.
    Але вось аднойчы, падкінуўшы свой залаты мяч, яна злавіць яго не паспела, ён упаў на зямлю і пакаціўся проста ў калодзеж. Каралеўна вачэй не спускала з залатога мяча, але ён знік, а калодзеж быў такі глыбокі, такі глыбокі, што і дна было не відаць. Заплакала тады каралеўна, і стала плакаць усё мацней і мацней, і ніяк не магла супакоіцца.