• Газеты, часопісы і г.д.
  • Брэменскія музыкі  Браты Грым

    Брэменскія музыкі

    Браты Грым

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 302с.
    Мінск 1999
    69.97 МБ
    — Сама не пойдзеш, дык дастану цябе куляй.
    А яна кажа:
    — Страляй, я тваіх куляў не баюся.
    Прыклаў ён да пляча стрэльбу, стрэліў у яе, але вядзьмарка была супроць свінцовых куляў зачараваная і крыкнула:
    — Табе ў мяне не патрапіць!
    Тут паляўнічы сцяміў, сарваў са сваёй курткі тры срэбныя гузікі ды зарадзіў імі стрэльбу, бо супроць іх яе вядзьмарства сілы не мела. Калі ён стрэліў, яна адразу ж паляцела з енкам уніз. Ён наступіў на яе нагой ды кажа:
    — Старая вядзьмарка, калі ты зараз жа не прызнаеіпся, дзе мой брат, я схаплю цябе ды кіну ў вогнішча.
    Дужа спалохалася вядзьмарка, пачала прасіць літасці ды кажа:
    — Ён ляжыць са сваімі звярмі ператвораны ў камень, у яміне.
    Тады ён прымусіў яе пайсці з ім разам, прыгразіў ёй ды сказаў:
    — Цяпер ты, старая малпа, вернеш жыццё майму брату і ўсім, хто ляжыць з ім разам, а інакш трапіш у вогнішча.
    Узяла вядзьмарка дубчык, дакранулася да камянёў — і адразу ж ажылі брат са звярмі ды шмат іншых людзей, купцоў, рамеснікаў, пастухоў. Яны пачалі дзякаваць яму за сваё вызваленне і падаліся потым па дамах. А браты-блізняты, убачыўшы адзін аднаго, па-
    чалі цалавацца, і вялікая была ў іх радасць на сэрцы. Схапілі яны потым вядзьмарку, звязалі яе ды кінулі ў вогнішча; і толькі яна згарэла, ачысціўся лес сам сабою, стаў светлы ды такі празрысты, што можна было бачыць каралеўскі замак за тры гадзіны ходу адтуль.
    Накіраваліся два браты дадому, і па дарозе распавялі кожны адзін аднаму пра свой лёс. Калі малодшы брат расказваў, што ён спадчыннік усяго каралеўства, старэйшы кажа яму:
    — Гэта я адразу зразумеў: калі я прыйшоў у горад, мяне прынялі за цябе і пачалі ўшаноўваць мяне пакаралеўску, маладая каралева прыняла мяне за свайго мужа і давялося мне сядзець за сталом з ёю побач ды спаць з ёю разам на тваім ложку.
    Як пачуў гэта малодшы брат, так зараўнаваў ды ўгнявіўся, што выхапіў меч і адсек брату галаву. Але калі ён убачыў, што той ляжыць мёртвы ды цячэ яго чырвоная кроў, ён моцна аб гэтым пашкадаваў.
    — Мой брат вызваліў мяне ад чарадзейства, — усклікнуў ён, — а я яго за гэта забіў! — I ён горка заплакаў.
    Але да яго падышоў заяц і прапанаваў прынесці корань жыцця; ён паскакаў ды прынёс яго якраз своечасова. Мёртвы ажыў і нават раны сваёй не заўважыў.
    Потым яны падаліся далей, і сказаў малодшы брат:
    — Ты выглядаеш гэтак жа, як я, на табе гэткія каралеўскія ўборы, і ўслед за табой, гэтак жа як і за мной, ідуць звяры. Давай увойдзем у розныя брамы ды з’явімся да старога караля адначасова.
    Яны рассталіся, і вось да старога караля прыйшла ў адзін і той жа час варта абедзвюх брамаў і далажыла, што малады кароль, маўляў, вярнуўся са сваімі звярмі з палявання.
    Сказаў тады кароль:
    — Гэтага быць не можа, бо ад адной брамы да другой ходу будзе не меней за гадзіну.
    Але ў гэты самы час з двух розных бакоў прыбылі на каралеўскі двор два браты ды ўвайшлі ў замак. Спытаўся тады кароль у сваёй дачкі:
    — Скажы, які ж з двух твой муж? Яны абодва падобныя адзін да аднаго, — я гэтага зразумець аніяк не магу.
    Але яна так спалохалася, што не магла нічога растлумачыць. Раптам яна заўважыла каралі, якія раздала звярам, і ўбачыла на адным з ільвоў свой залаты замочак і з радасці выгукнула:
    — Той, за кім ідзе гэты леў, і ёсць мой сапраўдны муж!
    Засмяяўся малады кароль ды сказаў:
    — Так, і сапраўды я сапраўдны.
    I яны паселі разам усе за стол, пачалі есці ды піць і былі радасныя ды вясёлыя.
    Увечары, калі малады кароль клаўся ў ложак, спыталася ў яго жонка:
    — Ты навошта ў мінулыя ночы клаў заўсёды ў наш ложак навостраны меч? Я думала, што ты хацеў мяне забіць.
    I даведаўся ён тады, які адданы быў яму брат.
    БЕЛАЯ ЗМЯЯ
    Даўным-даўно жыў на свеце кароль, і быў ён славуты па ўсёй зямлі сваёй мудрасцю. Усё было яму вядома, быццам хто цераз паветра перадаваў яму звесткі аб самых патаемных рэчах. Але быў у яго дзіўны звычай: кожнага паўдня, калі ўсё са стала прыбіралі і нікога старонняга не заставалася, прыносіў яму надзейны слуга яшчэ адно блюда. Аднак было яно прыкрыта, і нават слуга, і той не ведаў, што знаходзіцца на гэтым блюдзе; і не ведаў аб тым ніводзін
    242
    чалавек, таму што кароль адкрываў блюда і прыступаў да яды толькі тады, калі заставаўся абсалютна адзін.
    Так паўтаралася працяглы час, але вось аднойчы адолела слугу цікаўнасць, ён не мог з сабой нічога зрабіць і занёс блюда ў свой пакой. Ён прычыніў як належыць дзверы, падняў з блюда вечка, бачыць — ляжыць там белая змяя. Глянуў ён на яе і не мог стрымацца, каб яе не пасмакаваць; ён адрэзаў кавалак і паклаў яго ў рот. I толькі ён дакрануўся да яго языком, як зараз жа пачуў каля акна дзіўны шэпт пяшчотных галасоў. Ён падышоў бліжэй, прыслухаўся — бачыць, што гэта размаўляюць паміж сабой вераб’і і апавядаюць адзін аднаму ўсялякую ўсячыну, бачаную імі на полі і ў лесе: смак змяінага мяса даў яму магчымасць разумець птушыную мову.
    I вось здарылася, што акурат у гэты дзень у каралевы прапаў яе самы прыгожы пярсцёнак, і падазрэнне выпала на гэтага бліжэйшага слугу, які меў усюды доступ. Кароль клікнуў слугу і пачаў яму гразіцца, усяляк яго лаючы, што калі ён да раніцы не назаве вінаватага, то будзе прызнаны злодзеем і аддадзены пад суд. Але нічога не дапамагло, слуга настойваў на сваёй невінаватасці, і яго адпусцілі з тым жа рашэннем. Са страхам і хваляваннем выйшаў ён на двор і пачаў разважаць, як яму з бяды выблытацца. А сядзелі каля ручая ціхамірна ды радком качкі і адпачывалі; яны чысцілі і прыгладжвалі сябе дзюбамі і вялі паміж сабой размову. Слуга спыніўся і пачаў прыслухоўвацца. А расказвалі качкі адна адной, дзе яны сёння раніцай былі, дзе плавалі, які знайшлі корм; і вось адна кажа з прыкрасцю:
    — У мяне такі цяжар у страўніку, я ў спешцы праглынула пярсцёнак, які ляжаў пад акном каралевы.
    Схапіў слуга качку зараз жа за шыю, прынёс яе на кухню і кажа кухару:
    — Зарэж мне гэтую качку, бачыш — якая яна тлустая.
    — Ага, — сказаў кухар, узважваючы яе на руцэ, — яна, што і казаць, добра адкармілася, пастаралася, відаць, і даўнютка чакае, каб яе засмажылі.
    Ён адсек ёй галаву і пачаў яе патрашыць, і вось знайшоўся ў яе страўніку пярсцёнак каралевы. I мог цяпер слуга лёгка даказаць каралю сваю невінаватасць; а паколькі каралю хацелася загладзіць сваю несправядлівасць, то ён дазволіў яму што-небудзь у яго папрасіць і абяцаў самую ганаровую пасаду пры двары, якую ён толькі пажадае.
    Але слуга ад усяго адмовіўся і папрасіў толькі каня і грошай на дарогу, — хацелася яму свет пабачыць і нейкі час павандраваць. Яго просьба была выканана, і ён рушыў у шлях-дарогу.
    Аднойчы, праязджаючы паўз возера, убачыў ён трох рыбін, якія захраснулі ў чароце і стараліся выбрацца да вады. Хаця і кажуць, што рыбы быццам бы нямыя, але слуга пачуў іх скаргу, што вось даводзіцца ім зараз гінуць такой нікчэмнай смерцю. А было ў яго сэрца жаласлівае, — ён нагнуўся з каня і кінуў трох палонніц назад у возера. Пачалі яны з радасці трапятацца, высунулі з вады галовы і мовілі яму:
    — Мы гэтага табе не забудзем і аддзячым цябе за тое, што ты выратаваў нам жыццё.
    Паехаў ён далей; і неўзабаве яму падалося, быццам ля самых яго ног на пяску чуецца чыйсьці голас. Ён пачаў прыслухоўвацца і пачуў, як цар мурашыны скардзіўся:
    — Хоць бы пакінулі нас людзі ў спакоі, а заадно і няўклюдныя жывёлы!
    I ён збочыў з дарогі, і тады сказаў яму цар мурашыны:
    — Мы гэтага табе не забудзем і аддзячым цябе за гэта.
    Далей прывяла яго дарога ў лес, і ўбачыў ён там дзвюх варон, яны стаялі каля гнязда і выкідвалі адтуль сваіх птушанят.
    — Прэч, адсюль, шалапуты вы гэтакія! — крычалі яны. — Вас цяпер не накорміш, вы ўжо дастаткова выраслі і можаце самі сябе пракарміць.
    Бедныя вараняты ляжалі на зямлі і, спрабуючы падняцца, размахвалі крылцамі і крычалі:
    — Але ж мы бездапаможныя птушаняткі, мы лётаць яшчэ не ўмеем! Зараз нам адно застаецца — памерці з голаду.
    Злез тады добры хлопец з каня, забіў яго шпагай і пакінуў яго на пракорм маладым варанятам. Яны падскочылі, наеліся дасыта і закрычалі:
    — Мы гэтага ніколі не забудзем і дапаможам табе ў бядзе!
    Давялося цяпер хлопцу ісці пяшком; прайшоў ён нямала доўгіх шляхоў і дарог, пакуль трапіў нарэшце ў сталіцу. I былі там на вуліцах вялікі шум і мітусня; і з’явіўся вершнік і абвясціў пры народзе:
    — Каралеўна шукае сабе мужа, і хто хоча за яе пасватацца, той павінен спярша выканаць цяжкую задачу; а хто не зможа з ёю ўдала справіцца, той паплаціцца жыццём.
    Багата людзей ужо спрабавала выканаць гэта, але толькі дарэмна з жыццём сваім развіталася. Аднак, калі хлопец убачыў каралеўну, ён быў так аслеплены яе нявыказанай прыгажосцю, што забыў пра ўсялякую небяспеку, прыйшоў да караля і аб’явіў сябе яе жаніхом.
    Яго прывялі зараз жа на марскі бераг, і быў кінуты ў мора на вачах у яго пярсцёнак, і кароль загадаў яму дастаць гэты пярсцёнак з дна мора і дадаў:
    — А калі ты вернешся назад без яго, дык будуць цябе скідваць увесь час у ваду, пакуль ты не патонеш у хвалях.
    Усе пашкадавалі прыгожага хлопца і пакінулі яго аднаго каля мора. Стаяў ён на беразе і разважаў, што яму зараз рабіць. Раптам бачыць — падплываюць да яго тры рыбіны, то былі тыя самыя, якім ён выратаваў жыццё. I трымала сярэдняя ў роце ракавіну, яна паклала яе на бераг да ног юнака. Ён падняў ракавіну, адкрыў яе, і ляжаў там залаты пярсцёнак. Радасны, прынёс ён яго каралю і чакаў, што той дасць яму абяцаную ўзнагароду. Але калі ганарлівая каралеўна пачула, што ён просты слуга, адмовіла яму і патрабавала, каб выканаў ён спачатку другую задачу. Яна спусцілася ў сад і рассыпала там на траве дзесяць вялікіх мяшкоў проса.
    — Да раніцы, перш чым падымецца сонца, ты павінен мне гэта ўсё проса выбраць, — сказала яна, — ды так, каб ніводнае зернейка не прапала.
    Сеў хлопец у садзе і пачаў разважаць, як выканаць яму такую задачу, але нічога прыдумаць не мог і сядзеў зажураны і чакаў, што з надыходам раніцы яго пакараюць смерцю. Але вось заззялі ў садзе першыя промні сонца, і ён убачыў, што ўсе дзесяць мяшкоў поўныя проса, і стаяць усе ў рад, і не прапала пры гэтым ніводнага зернейка. З’явіўся ноччу цар мурашыны са сваімі тысячамі мурашоў, і ўдзячныя насякомыя з вялікім стараннем выбралі проса і ссыпалі яго ў мяшкі.