• Газеты, часопісы і г.д.
  • Брэменскія музыкі  Браты Грым

    Брэменскія музыкі

    Браты Грым

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 302с.
    Мінск 1999
    69.97 МБ
    Стаяла неяк жонка ля акенца, зазірнула ў сад і пабачыла градку, а рос на ёй цудоўны рапунцэль; і быў ён на выгляд такі свежы і такі зялёны, што ёй страх як схацелася пакаштаваць таго рапунцэлю. Гэтае жаданне ў яе з кожным днём усё больш павялічвалася, але паколькі яна ведала, што яго дастаць ёй ніяк немагчыма, дык яна ўся схуднела, збялела і выглядала няшчаснай. Спалохаўся муж і пытаецца:
    — Чаго табе, мая жоначка, не хапае?
    — Ах, — гаворыць яна, — калі не здабыць мне з Ta­ro саду, што за нашым домам, зялёнага рапунцэлю і не пакаштаваць яго, дык застанецца мне адно — памерці.
    1 Рапунцэль — ад лац. — свірэпіца, з насення якой здабываюць алей.
    Муж вельмі яе кахаў і падумаў: «Калі ўжо маёй жонцы ад гэтага паміраць даводзіцца, дык я дастану для яе рапунцэлю, чаго б гэта мне ні каштавала».
    I вось пералез ён прыцемкам цераз каменную агароджу ў сад вядзьмаркі, нарваў спехам цэлыя прыгаршчы зялёнага рапунцэлю і прынёс яго жонцы.
    Яна адразу ж прыгатавала сабе з яго салаты і з прагнасцю яе з’ела. I салата гэтая ёй так спадабалася, здалася ёй такой смачнай, што на другі дзень з’явілася ў яе жаданне ўтрая большае, чым раней. I яна не магла супакоіцца, пакуль муж не пагадзіўся палезці ў сад яшчэ раз.
    Ён прабраўся туды прыцемкам, пералез цераз каменную агароджу, але моцна перапалохаўся, пабачыўшы перад сабою вядзьмарку.
    — Як ты смееш лазіць у мой сад, — сказала яна, з гневам на яго паглядзеўшы, — і красці ў мяне, як злодзей, мой зялёны рапунцэль? Табе дрэнна будзе за гэта.
    — Ах, — адказаў ён, — вы ужо мяне даруйце, я ж адважыўся на гэта па неабходнасці: мая жонка пабачыла з акенца ваш зялёны рапунцэль і адчула такое жаданне пакаштаваць яго, што, мабыць, памерла б, каб яго не пакаштавала.
    Гнеў у вядзьмаркі трошкі прайшоў, і яна сказала яму:
    — Калі гэта праўда, што ты гаворыш, дык я дазволю табе набраць рапунцэлю столькі, колькі ты пажадаеш, але пры адной умове: ты павінен будзеш аддаць мне дзіця, якое народзіцца ў тваёй жонкі. Яму будзе ў мяне добра, я буду пра яго клапаціцца, як родная маці.
    I ён ад страху пагадзіўся на ўсё. Калі жонцы прыйшоў час нараджаць і яна нарадзіла дачку, зараз жа з’явілася вядзьмарка, назвала дзіця Рапунцэль і забрала яго з сабою.
    208
    «ЦВІК»
    «СНЯГУРАЧКА»
    Стала Рапунцэль самай прыгожай дзяўчынкай на свеце. Калі ёй споўнілася дванаццаць гадоў, вядзьмарка заперла яе ў вежу, што знаходзілася ў лесе; у той вежы не было ні дзвярэй, ні лесвіцы, толькі на самым яе версе было маленькае акенца. Калі вядзьмарцы хацелася забрацца на вежу, яна станавілася ўнізе і крычала:
    — Рапунцэль, Рапунцэль, прачніся, Спусці свае косачкі данізу.
    А былі ў Рапунцэль даўгія цудоўныя валасы, тонкія, быццам з залатой пражы. Пачуе яна голас вядзьмаркі, распусціць свае косы, падвяжа іх уверх да аконнага кручка, і ўпадуць валасы на цэлых дваццаць аршынаў уніз, — і ўзбіраецца тады вядзьмарка, ухапіўшыся за іх, наверх.
    Прайшло некалькі гадоў, і здарылася каралеўскаму сыну праязджаць на кані праз лес, дзе стаяла вежа. Раптам ён пачуў спеў, і быў ён такім прыемным, што каралеўскі сын спыніўся і стаў прыслухоўвацца. Гэта спявала Рапунцэль сваім дзівосным голасам песню, бавячы ў адзіноце час. Схацелася каралевічу ўзабрацца наверх, і ён стаў шукаць уваход у вежу, але знайсці яго было немагчыма. Ён паехаў дамоў, але спеў так запаў яму ў душу, што ён кожны дзень выязджаў у лес і слухаў яго.
    Вось стаяў ён за дрэвам і пабачыў, як з’явілася вядзьмарка, і пачуў, як яна закрычала:
    — Рапунцэль, Рапунцэль, прачніся, Спусці свае косачкі данізу!
    Спусціла Рапунцэль свае косы ўніз, і ўзлезла вядзьмарка да яе наверх.
    «Калі гэта і ёсць тая лесвічка, па якой узбіраюцца наверх, дык і мне хацелася б аднойчы паспрабаваць шчасця», — і на другі дзень, калі пачало ўжо змяркацца, пад’ехаў каралевіч да вежы і крыкнуў:
    — Рапунцэль, Рапунцэль, прачніся, Спусці свае косачкі данізу!
    I адразу ж упалі валасы ўніз, і каралевіч узабраўся наверх.
    Рапунцэль, калі пабачыла, што да яе ўвайшоў чалавек, якога яна ніколі не бачыла, спачатку моцна спалохалася. Але каралевіч ласкава з ёю загаварыў і расказаў, што яго сэрца было так кранута яе спевам і не было яму нідзе спакою, і вось ён вырашыў яе абавязкова пабачыць.
    Тады Рапунцэль перастала палохацца, і калі ён запытаўся ў яе, ці згодна яна выйсці за яго замуж, — а быў ён малады і прыгожы, — яна падумала: «Ён будзе любіць мяне больш, чым старая фрау Готэль», — і дала сваю згоду і працягнула да яго рукі. Яна сказала:
    — Я ахвотна пайду разам з табою, але не ведаю, як мне спусціцца ўніз. Калі ты будзеш да мяне прыходзіць, бяры ўсялякі раз з сабою кавалак шоўку; я буду плесці з яго лесвічку, і калі яна будзе гатова, я спушчуся ўніз, і ты павязеш мяне на сваім кані.
    Яны дамовіліся, што ён будзе прыходзіць да яе па вечарах, таму што днём прыходзіла старая. Вядзьмарка нічога не прыкмячала да тых часоў, пакуль аднойчы Рапунцэль не загаварыла з ёю і не сказала:
    — Скажы мне, фрау Готэль, чаму мне цябе цягнуць наверх цяжэй, чым маладога каралевіча? Ен падымаецца да мяне ў адно імгненне.
    — Ах ты, мярзотная дзяўчынка! — закрычала вядзьмарка. — Што я чую? Я лічыла, што схавала цябе ад усіх, а ты мяне ўсё-ткі падманула! — і яна ўчапілася ў раз’юшанасці ў цудоўныя валасы Рапунцэль, абматала іх некалькі разоў вакол левай рукі, а праваю схапіла нажніцы і — чык-чык! — адрэзала іх, і дзівосныя косы ўпалі на зямлю.
    I была вядзьмарка такою бязлітаснай, што завяла няшчасную Рапунцэль у глухі гушчар; каб давялося ёй там жыць у вялікай беднасці і горы.
    А ў той жа самы дзень, калі яна прагнала Рапунцэль, яна прывязала вечарам адрэзаныя косы да аконнага кручка і, калі з’явіўся каралевіч і крыкнуў:	•
    — Рапунцэль, Рапунцэль, прачніся, Спусці свае косачкі данізу! —
    дык і спусціла вядзьмарка валасы ўніз.
    I ўзабраўся каралевіч наверх, але не знайшоў там сваёй любай Рапунцэль, а пабачыў вядзьмарку. Яна зірнула на яго сваім злосным, з’едлівым позіркам.
    — Ага! — крыкнула яна насмешліва. — Ты хочаш звезці сваю каханую, але прыгажуні птушачкі няма болей у гняздзечку, і яна ўжо не пяе. Яе знесла кошка, а табе да таго ж яна выдзярэ вочы. Ты страціў Рапунцэль навек, не бачыць яе табе больш ніколі!
    Каралевіч быў не ў сабе ад гора і ў роспачы выскачыў з вежы; яму ўдалося захаваць жыццё, але калючыя шыпы кустоўя, на якія ён упаў, выкалалі яму вочы. I ён блукаў сляпы па лесе, харчуючыся толькі адным карэннем ды ягадамі, і ўвесь час сумаваў і плакаў па страчанай ім любай жонцы.
    Гэтак блукаў ён некалькі гадоў у горы і роспачы і зайшоў нарэшце ў густы гушчар, дзе жыла ў бядоце Рапунцэль разам з дзецьмі-блізнятамі, з хлопчыкам і дзяўчынкаю.
    Раптам пачуў каралевіч чыйсці голас; ён здаўся яму такім знаёмым, і ён пайшоў насустрач яму; і калі падышоў ён бліжэй, дык Рапунцэль яго пазнала, кінулася да яго на шыю і горка заплакала. Але ўпалі дзве слязінкі яму на вочы, і ён зноў стаў бачыць, як раней. I ён прывёў яе ў сваё каралеўства, дзе сустрэлі яго з радасцю, і яны жылі доўгія-доўгія гады ў шчасці і заможнасці.
    РАЗУМНАЯ ЭЛЬЗА
    Жыў-быў чалавек, і была ў яго дачка, звалі яе Разумнай Эльзай. Вось вырасла яна, а бацька і кажа:
    — Пара б аддаць яе замуж.
    — Так, — сказала маці, — калі толькі знойдзецца такі чалавек, які захоча яе ўзяць.
    I вось прыйшоў нарэшце з далёкіх мясцін чалавек, звалі яго Ганс; пачаў ён да яе сватацца, але паставіў умову, каб Разумная Эльза была да таго ж і вельмі разважлівай.
    — О, — сказаў бацька, — яна кемлівая.
    А маці дадала:
    — Ах, ну што і казаць: яна ўсё разумее, бачыць нават, як вецер на вуліцы гуляе, і чуе, як мухі кашляюць.
    — Ну, — сказаў Ганс, — а калі яна будзе не вельмі кемлівай, то я з ёю не ажанюся.
    Вось сядзяць яны за сталом, абедаюць, а маці і кажа:
    — Эльза, схадзі ў склеп ды прынясі нам піва.
    Узяла Разумная Эльза з паліцы збан і спусцілася ў склеп, весела пазвоньваючы накрыўкай, каб час ішоў хутчэй. Прыйшла яна ў склеп, паставіла перад піўной бочкай зэдлік, каб не трэба было нагінацца, і спіна каб не забалела і каб не занадта стаміцца. Паставіла перад сабой збан, адкруціла кран і, каб вочы не заставаліся без справы, пакуль піва нальецца, пачала сцяну разглядваць; вось глядзіць яна ды разглядвае і заўважыла раптам над сабой кірку на сцяне, якую забыліся там памылкова муляры. I вось пачала Разумная Эльза плакаць і галасіць: «Калі выйду замуж за Ганса, і народзіцца ў нас дзіця, і вырасце яно, і пашлем мы яго ў склеп піва нацадзіць, раптам зваліцца яму на галаву кірка і заб’е яго насмерць». Сядзіць яна і плача, што ёсць сілы галосіць з-за будучага няшчас-
    ця. А ў хаце наверсе чакаюць у гэты час піва, а Разумная Эльза ўсё не вяртаецца. Гаспадыня і кажа работніцы:
    — Схадзі ты ў склеп ды паглядзі, што там з Эльзай здарылася.
    Пайшла работніца, бачыць — сядзіць Эльза перад бочкай і плача-заліваецца.
    — Эльза, чаго ты плачаш? — пытаецца работніца.
    — Ох, — адказвае яна, — ды як жа мне не плакаць? Калі выйду я замуж за Ганса, і народзіцца ў нас дзіця, вырасце яно вялікае, і давядзецца яму пайсці ў склеп піва нацадзіць, то раптам незнарок можа зваліцца яму на галаву кірка і забіць яго насмерць...
    I сказала работніца:
    — Вось якая ў нас Эльза разумная!
    Падсела яна да яе і пачала таксама гора аплакваць. А ў хаце ўсё піва чакаюць не дачакаюцца, а работніца не вяртаецца. Тады бацька і кажа работніку:
    — Схадзі ты ў склеп ды паглядзі, што там Эльза з работніцай робяць.
    Спусціўся работнік у склеп, бачыць — сядзіць Разумная Эльза з работніцай, і абедзве плачуць. Пытаецца ён у іх:
    — Чаго вы плачаце?
    — Ой, — адказвае Эльза, — ды як жа мне не плакаць? Калі выйду я замуж за Ганса, і народзіцца ў нас дзіця, вырасце яно вялікае, і давядзецца яму пайсці ў склеп піва нацадзіць, то раптам зваліцца яму на галаву кірка і заб’е яго насмерць...
    Работнік і кажа:
    — Вунь якая ў нас Эльза разумная! — падсеў да яе і таксама заплакаў. А ў хаце чакаюць работніка, а ён не вяртаецца. Тады бацька кажа маці:
    — Схадзі ты сама ў склеп ды паглядзі, што там з Эльзай здарылася.
    Спусцілася маці ў склеп, бачыць — усе трое плачуць. Пытаецца яна ў іх, чаго гэта яны плачуць; рас-
    казала ёй Эльза, што яе будучае дзіця, калі яно падрасце, можа забіць кірка, — будзе яно наліваць піва, а кірка раптам і зваліцца яму на галаву. I сказала маці: