Чарнобыльская рана
Мікола Мятліцкі
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 336с.
Мінск 2003
вось, абцяжараная сямейнымі турботамі, ліса-матуля, якая несла ў роце сваю здабычу і спяшалася дадому, наткнуўшыся на мяне ў лесе, у той жа час кінула яе і ўцякла прэч. Пяць тлустых вялікіх палёвак, прыдушаныя, горкай ляжалі на зямлі. I я доўга ў той дзень адчувала сябе вінаватай, што яна не данесла дамоў свой наедак.
Паварочваю на зарослыя сады, аблытаныя хмелем. Суцэльная заслона з магутных параснікаў сліў амаль непраходная. Але я ступаю на выбітую на зямлі сцежку са свежымі слядамі дзікоў, казуль і шлях намнога аблегчаны, ухіляйся толькі ад галінак. Такіх сцежак мноства амаль на кожным двары, асабліва дзе пладаносяць слівы, грушы, яблыні. Тонкія атожылкі, як лязом, зрэзаны наўскос, даволі высока. Толькі заяц так можа падрэзаць сваімі вострымі разцамі, але чаму так высока і хто ж яго падсаджваў? Канечне, снежныя сумёты. Яны даўно расталі, а мне ёсць прычына здзівіцца.
Вось і крайнія хаты Бабчына. Блізка лес, а таму сюды на ўскраіну заходзяць ваўкі і ласі. Выразныя адбіткі капытоў лася доўга ідуць уздоўж абочыны. Ну проста прагуляцца выйшаў на шашу. Але не, прыйшоў па справе — ласаваўся галінкамі маладых дрэў, што густа растуць уздоўж дарогі. А вось з ваўкамі ў мяне тут агульны інтарэс — бабры, але мэты — розныя. Мяркуючы па іх слядах, яны таксама рэгулярна наведваюць невялікую сажалку ў канцы сяла. У зараснік трыснягу тут кормяцца і адпачываюць качкі, поўзаюць па беразе балотныя чарапахі, у наваколлі — пакопкі барсука. Галоўнае ўпрыгожанне вадаёма — бабровая хатка. А вось і сляды дзейнасці гэтых жывёлін: вылазы, торныя сцежкі, траншэі, падгрызеныя і паваленыя ўжо ствалы вялікай асіны і бярозы, зрэзаны вострымі разцамі прыбярэжны вербнік, кучы дробных трэсак на беразе, маркіровачныя меткі на пяску, спецыфічны пах бабровага струменя, які нагадвае гаркаваты водар вярбовай кары. Бабровая хатка невялікіх памераў, складзеная з разрэзаных звяркамі на часткі галін і ствалоў бярозы, асіны. Уваход, выхад, як і належыць, пад вадою. Неяк у маі, завярнуўшы да вадаёма, жахнулася агіднаму паху з боку хаткі. Бабры загінулі? Але не, аказваецца, ідзе касметычны рамонт жылля. Свежы, яшчэ мокры глей, з дрэнным пахам, нашлёпалі бабры на сценкі хаткі, замацоўваючы сучча і замазваючы шчыліны. А неяк зімою з гэтага збу-
давання пачуўся такі гулкі, апетытны хруст з'ядаемых запасаў, што я міжволі паглядзела на гадзіннік — а ці не пара мне перакусіць. Што ў бабра ў меню? Восенню, зімою, ранняй вясною — у асноўным кара і драўніна хмызняку, дрэў, сакаўныя карані вадзяных раслін. Тонкія галінкі з'ядаюць цалкам, у тоўстых суччаў і ствалоў згрызаюць толькі кару. У летні перыяд стол багацейшы за кошт прыбярэжных і водна-балотных раслін (іх карэнішчы, карані, пасынкі). Непадалёк ад хаткі, бліжэй да цэнтра вадаёма, ужо ў верасні з'явілася і з кожным днём расла ў аб'ёме рыхлая прытопленая капа нарыхтаванага корму (галінкі, распілаваныя пацурбалкі асіны, вярбы, бярозы, вольхі). Гэта кладоўка на зіму, у халоднай вадзе драўніна не гніе і зберагае свае харчовыя якасці. Бабры, шнырачы пад вадою ад хаткі да кладоўкі, зімой могуць і не з'яўляцца на паверхні. Толькі пухіркі паветра ў тоўшчы лёду будуць нам гаварыць аб іх прысутнасці. За зіму капа знікла, і вясною на яе месцы бачу толькі белыя акораныя стволікі дрэў. Здольнасцю нарыхтоўваць кармы на зіму валодаюць многія млекакормячыя, але памеры кладовых бабра і спосабы, якімі ён іх выштрыкоўвае, выклікаюць захапленне. У чэрвені ўся сетка пракапаных бабрамі каналаў і траншэй, па якіх яны дастаўляюць з берага да свайго жытла і кладовай галінкавы харч і будаўнічыя матэрыялы, узнікла перада мной як на далоні. Вадаём абмялеў, і я расхаджваю пасярод сажалкі проста ў кедах. Акрамя мяне, на высахлым дне пакінулі свае сляды воўк, лось, дзік, янотападобны сабака.
Бадай, цяжка было знайсці ў запаведніку вясною 2002 года такі канал, вадаём, дзе не шумела б вада ў плацінах, не бялелі б на беразе конусападобныя пянькі дрэў. Канал за Бабчынам радаваў вока цэлым каскадам плацін, а шум вады на кожнай з іх зліваўся ў адзіны безупынна журкатлівы матыў. Цікава, што амерыканцы кошт адной бабровай запруды ацэньваюць у 300 долараў, зыходзячы з яе супрацьпажарнай функцыі. Бабры літаральна панавалі. Нават ну зусім, на мой погляд, неперспектыўныя канаўкі засяляліся бабрамі. Асіна, якая высілася прама ля шашы, была спілавана імі за два дні. Дзіўна, што маленькія лесарубы адважна прыняліся за старую вярбу ў абхваце больш за тры метры, але толькі акальцавалі. Разцы ў іх — мара ўсіх металаапрацоўшчы-
каў — самазаточвальныя. Звяркі труць напераменку ўнутраны бок разцоў аб вонкавы ніжні і наадварот. Так, баброў многа, разважалі мы, — а раптам эпідэмія пачнецца пры такой іх шчыльнасці? Да такога павароту падзей мы былі не гатовы. Але ўсё ўраўнаважыла прырода. Засушлівае лета расставіла ўсё на свае месцы. Перасохлыя каналы зараслі пяшчотнай зелянінай, а на ранейшым дне проста пасярод пралегла агульная сцежка вепраў, ваўкоў, лісаў. Бабры пакінулі свае ўгоддзі ў пошуках водных мясцін. У момант перасялення пацярпелі. Балявалі ваўкі, ну а рэшткі здабычы падбіралі драпежнікі драбнейшыя. У запаведніку ў ваўка бабёр не на апошнім месцы ў рацыёне, асабліва ў цёплы сезон. Зімой жа.асноўны час праводзячы ў сваёй крэпасці, ён амаль не даступны гэтаму драпежніку. 3 219 экскрэментаў ваўка, разгледжаных мною, яго значныя ахвяры па частаце ўжывання ішлі ў наступным парадку: кабан — 48 працэнтаў, казуля — 17 працэнтаў, бабёр— 14 працэнтаў, лось —5 працэнтаў. «Засталіся ваколіцы Бабчына без баброў, — з жалем думалася мне,— мудрых водных архітэктараў, «маленькіх лясных братоў», як паважліва называлі іх паўночна-амерыканскія індзейцы». Аднак у маі, абыходзячы знаёмыя каналы, зноў чую шум падаючай вады, зноў ляжаць трэскі на беразе, мокры лаз і свежыя пагрызы вярбы. Жыццё працягваецца. Мабыць, вярнуліся гаспадары, але з вялікімі стратамі або прыйшлі новыя жыхары.
За былым свінакомплексам, 50 метраў ад дарогі, лежня дзіка. У якіх толькі месцах не прыходзілася мне іх тут сустракаць: і ў старым сасонніку, і на ўскрайку балота, і на ўзлессі, і ў густых пасадках сямігадовых сасонак. I ў кожным выпадку падсцілка розная: на балоце — са сцяблін трыснягу, у сасняку — з хвоі і галінак, на ўзлеску — сцябліны злакаў. Лось, той проста на зямлі, на снезе ўладкоўваецца, казулі разграбаюць сабе кубло, а вось гэты сібарыт любіць што памякчэй пад бок падаслаць, ды слоем таўсцейшым, і лежні ў яго не аднаразовыя. Затое ў гразь вепр валіцца без усякай падсцілкі. Для купання, догляду цела патрэбны ім невялікія балотцы, лужыны, сажалкі або канавы. Такіх гразевых і водных купальняў у запаведніку не злічыць. Ведаю тут і купалкі з белай гліны. Гліна такая белая, чыстая, без прымесей, што хоць ганчарны промысел адкрывай, гаршчкі ляпі. Прымае ванны дзік звычайна ў ся-
рэдзіне дня, ратуе сваю скуру ад надакучлівых эктапаразітаў. Адмахнуцца ж няма магчымасці — кароткія хвост і ногі, шыя маларухомая. У які б бок ні адправіўся — усюды парыіны дзіка: у лесе, на ўзлеску, у балоце, на лузе, на ўзбочынах дарог, на зарослых сельгасугоддзях. To глыбокія суцэльныя рытвіны і барозны, то павярхоўныя, кропачныя пакопкі. За суткі здольны пераараць 120 квадратных метраў, за год — да 4 гектараў. Сапраўды прыродны земляроб! Стараннае капанне ў зямлі, аднак, у радыяцыйна-экалагічным запаведніку дзіку не на карысць. Здабываючы асноўную частку корму ў верхніх слаях глебы, падсцілцы і надглебавым покрыве, дзе ўзровень забруджання максімальны, з парнакапытных ён назапашвае нуклідаў больш за ўсіх. Гартаю пратаколы вымярэнняў за сакавік 2003 года: Аравічы, кабан, мышцы — цэзій-137 — 18 453 Бк/кг, стронцый90— 1476; Радзін — цэзій — 54 900; Баршчоўка — 15 838 Бк/кг. Ну, хто адважыцца паспытаць дзічыны? Дзік усёедны. Чаго толькі ў страўніку не знойдзеш у яго: зеляніну, карэнне, карэнішчы траў, кустоўя, дрэў, цыбуліны, насенне, дзічкі, ягады, жалуды, грыбы, лішайнікі, насякомых, лічынкі, рэптылій, мышападобных грызуноў, паддіну. У кожны сезон — свой набор кармоў. Ну, а што ж ён знаходзіць тут уздоўж шашы? Асліннік двухгадовы. Бадай, гэта любімая расліна вепра, якой ён гатовы набіць страўнік цалкам і набівае іншы раз да 6 кг вагой. Доўгі, сакавіты стрыжневы корань аслінніку — вось што прываблівае кабана, і капае ён яго дзе толькі сустрэне, а на ўзбочынах — ласунку цэлыя зараснікі. Вось і валяюцца паўсюдна ўздоўж дарогі завялыя без карэньчыкаў сцяблінкі з лісцікамі. Гэта яго работа! Але ж у страўніку кабана, забітага паблізу Аравіч (на Прыпяці) — рыбіная луска, вантробы лася і асколкі бутэлькі. Вось вам рэчавыя доказы ддя пратакола затрымання; браканьеры лавілі рыбу, забілі і асвежавалі лася, пілі гарэлку.
Багата ежы ў запаведніку ў дзіка, але суроваю зімою і тут у іх амаль бяскорміца. Замёрзлую зямлю капаць цяжка. Стараюцца пайсці ў балоты і альхоўнікі, дзе глеба прамярзае менш. Вось што знайшла я ў іх страўніках у гэты час: мох, карэньчыкі злакаў, чарніцы, касцяніцы, скурка, абгрызеная з невялікіх карэнняў дрэў і кустоўя, карэнішча трыснягу, рагозу. Меню небагатае, хіба толькі што дазваляе не працягнуць ногі. Жывучы ў гара-
дах і сёлах, мы ў большасці сваёй не заўважаем і не ўяўляем, як цяжка і сурова прыходзіцца жыць звярам у гэтую халодную і галодную для іх пару, асабліва ў канцы зімы, калі сілы ўжо на зыходзе. Знаёмы мне кабан, які не раз узімку перасякаў мой маршрут, гэтай вясною меў жудасны выгляд і быў варты ўсялякага спачування. Ён не ўзбрыкнуў, не рохнуў, не пабег бадзёра ў кусты, як гэта звычайна рабіў. Панура, абыякава глянуў на мяне, пахістваючыся, ледзь перасоўваючы ногі, пацягнуўся кудысьці ўбок. Суцэльныя рэбры і на хрыбціне шчацінне тырчком. Для парасят суровая зіма яшчэ страшней, верная смерць ад знясілення. Нездарма ўсётакі ў добрых паляўнічых гаспадарках наладжваюць кабанам падкормку. Ім гэта так неабходна ў люты час.
Тэлеграфны слуп ля дарогі, прапітаны смярдзючым бітумам, хутка рухне. Ён не трухлявы і не гнілы, але ўнізе так станчэў, што стаяць яму нядоўга. Вакол слупа ўтаптаная кругам каляя, а на ствале зазубрыны, згубленыя шчацінкі. У запаведніку такія слупы — не рэдкасць. Іх ролю адыгрываюць смалістыя ствалы хвояў, ялін. На іх сляды іклаў дзіка, і вось ужо смала сцякае гусцей і будзе чым яму намасціць сваю шкуру. Вакол «купальняў» звычайна побач і «часалкі». Каб пра іх, свіней, не казалі кепскага, а гэта і ёсць догляд свайго цела.