Чарнобыльская рана
Мікола Мятліцкі
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 336с.
Мінск 2003
Тут трэба патлумачыць, што хаця радыенуклідаў па актыўнасці і выпала на тэрыторыі рэспублікі вельмі вялікая колькасць — многія дзесяткі мегаКюры, аднак па масе гэтая актыўнасць сканцэнтравана 30 — 50 кг рэчыва. Дастаткова паказаць, што 100 Кюры цэзію-137 маюць масу 1000 мг. Калі гавораць, што дадзеная тэрыторыя па цэзію-137 мае шчыльнасць забруджання 100 Кюры на 1 кв. км, дык гэта абазначае, што на плошчы ў 1 кв. км распылена 1000 мг цэзію-137. Няцяжка разлічыць, што пры гэтым у адзінцы масы глебы (кг) будзе ўтрымлівацца зусім малая колькасць па масе цэзію137 — мільённыя долі міліграма, але з вельмі высокай актыўнасцю выпраменьвання. У той жа час такіх элементаў мінеральнага спажывання, як азот, фосфар і
калій, у глебах знаходзіцца ад 10 да 500 мг на 1 кг глебы, г. зн. у сотні мільёнаў разоў больш, чым радыенуклідаў.
Таму радыенукліды разам з элементамі жыўлення раслін і вадой «незаўважна» для раслін трапляюць у іх арганізм, а потым і да чалавека і робяць там сваю чорную справу.
3 прычыны зусім невялікай масы на адзінцы плошчы радыенукліды маюць у глебе малую рухомасць. Яны сарбіруюцца глебавымі калоідамі і дрэнна вымываюцца вадою ў ніжэйшыя гарызонты.
Разам з тым радыеактыўнасць расліннасці залежыць ад канцэнтрацыі радыенуклідаў у адзінцы аб'ёму глебы. Для вытлумачэння гэтай з'явы можна выкарыстаць аналогію з малаком. Усе ведаюць, што калі малако пастаіць у пасудзіне дзве-тры гадзіны, то ў яго верхнім слаі адстоіцца смятана. Калі з такой пасудзіны зрабіць глыток, то пры гэтым мы адап'ём толькі смятану. Але калі спачатку лыжачкай размяшаць малако ў пасудзіне, то смятана раўнамерна размяркуецца па ўсім аб'ёме пасудзіны, і за адзін глыток мы адап'ём толькі нязначную частку вяршкоў. Так і з ізатопамі, калі яны сканцэнтраваны ў самым верхнім слаі глебы, то ў карэнне раслін іх трапляе вялікая колькасць. Таму вельмі важна, каб ізатопы рассейваліся ў як мага большым аб'ёме глебы.
У сувязі з гэтым практыкам земляробства быў прапанаваны важны прыём — глыбей пераворваць глебу. Толькі з дапамогай гэтага прыёму можна знізіць радыеактыўнасць сельскагаспадарчых раслін у некалькі разоў. Тое ж самае неабходна рабіць і на прысядзібных участках.
У цяперашні час найбольшую рухомасць у глебах мае стронцый-90. Рухомасць цэзію-137 у глебах была высокай у першыя гады пасля аварыі. Гэтая з'ява звязана з фізіка-хімічнымі ўласцівасцямі элементаў і іх злучэнняў.
Калі ацэньваць таксічнасць стронцыю-90 і цэзію-137 для арганізма чалавека, то першы ў 10 разоў перавышае другі. Стронцый-90, трапіўшы ў арганізм чалавека, акумулюецца ў касцях і вельмі марудна выводзіцца з арганізма. Гэты радыенуклід апраменьвае касцявы мозг і такім чынам спрыяе развіццю небяспечных для жыцця чалавека захворванняў крыві.
Значную небяспеку для чалавека ў цяперашні час уяўляе трансуранавы элемент амерыцый-241, які назапашваецца ў глебах у выніку распаду ізатопа плутонію-241. Апошні элемент мае перыяд паўраспаду 14 гадоў, а ўтвораны пры гэтым элемент амерыцыю «жыве» вельмі доўга, яго перыяд паўраспаду вымяраецца 452 гадамі. Плутоній-241 з'яўляецца бэта-выпраменьвальнікам, а амерыцый-241 — альфа-актыўны элемент. Альфа-выпраменьванне — гэта найбольш небяспечны від выпраменьвання для арганізма чалавека, асабліва калі радыенуклід трапляе з пылам, вадой ці ежай у арганізм.
У радыебіялагічнай навуцы ішлі гарачыя спрэчкі наконт небяспекі амерыцыю-241 для чалавека. Нашы даследаванні паказалі, што небяспека забруджання глеб амерыцыем-241 вельмі высокая, паколькі плутонію-241 на тэрыторыі рэспублікі выпала вельмі вялікая колькасць, у шэрагу выпадкаў яго шчыльнасць забруджання дасягае 60 Кюры на кв. км.
Амерыцый ужо знойдзены ў дзікарослай флоры. Tara значыць, што ён ёсць у ягадах, грыбах, лекавых раслінах і ў кармах ддя жывёлагадоўлі. Верагоднасць уключэння яго ў харчовыя ланцужкі ад раслін да чалавека вельмі вялікая. Максімум назапашвання амерыцыю ў глебах зоны радыеактыўнага забруджання трэба чакаць к 2060 году, таму што к гэтаму часу распадзецца амаль увесь плутоній-241.
Трэба памятаць, што цэзій-137 небяспечны для ўсяго жывога, калі ён знаходзіцца ў асяродку жыхарства і ў паглынутым стане ў арганізме жывых істот, у тым ліку і чалавека. Яго згубнае ўздзеянне на ўсё жывое звязана з жорсткім пранікальным гама-выпраменьваннем.
Стронцый-90, ізатопы плутонію і амерыцыю небяспечныя, калі яны трапляюць унутр арганізма чалавека, жывёл і раслін. У такім выпадку гавораць, што гэта інкарпараваныя радыенукліды.
Павышаны радыяцыйны фон мясцовасці па гамавыпраменьванню вызначаецца ўтрыманнем цэзію-137. У гэтым выпадку кажуць пра шчыльнасць забруджання глеб гэтым элементам. Пры павышаным радыяцыйным фоне неабходна звяртаць увагу на ўдзельную радыеактыўнасць раслін, якая вымяраецца ў Кюры на 1 кг сухой масы. Калі ў раслінах утрыманне цэзію-137 перавышае
10'8 Кі/кг, то гэтыя расліны небяспечна ўжываць у ежу, выкарыстоўваць у абыходку, г. зн. рабіць з іх адзенне, мэблю, будаваць жытло.
Прыродныя фітацэнозы (лясы, лугі і балоты), у якіх глебы забруджаны цэзіем-137 звыш 1 Кі/км2, аднесены да зоны радыеактыўнага забруджання. У гэтай сувязі вызначаны розныя ўзроўні радыеактыўнага забруджання глеб гэтым элементам: 1—5 Кі/км2, 5—15 Кі/км2, 15— 40 Кі/км2 і звыш 40 Кі/км2. Усе радыеактыўныя ізатопы (радыенукліды) чарнобыльскага выкіду, ад якіх пакутуе чалавек, — тэхнагеннага паходжання, яны не характэрныя для прыроды і з'явіліся ў навакольным асяроддзі ў выніку тэхналагічных працэсаў, створаных самім жа чалавекам у атамным рэактары.
Пасля такога экскурсу ў радыеэкалагічную сітуацыю рэспублікі можна пераходзіць да асаблівасцей забруджання прыроднай расліннасці Беларусі радыенуклідамі Чарнобыльскай АЭС.
Пры гэтым варта адзначыць, што тэрыторыя Беларусі знаходзіцца ў лясной зоне, дзе ў глебах пераважае падзолісты працэс глебаўтварэння, у выніку якога фарміруюцца бедныя глебы. Таму глебы прыродных фітацэнозаў у асноўным мала забяспечаны элементамі жыўлення. Заўважана, што чым больш бедныя глебы, тым большая колькасць радыенуклідаў трапляе ў расліны.
У лесе найбольшай радыеактыўнасцю вызначаюцца расліны ніжэйшых ярусаў. Да іх належаць ягаднікі, травяністыя лекавыя расліны, грыбы, імхі і лішайнікі. Маладняк і падлесак з елкі, сасны, дуба, бярозы, ядлоўца, ляшчыны, рабіны, крушыны і іншых раслін па сваёй радыеактыўнасці займаюць другое месца пасля жывога надглебавага покрыва. Найменшай удзельнай радыеактыўнасцю валодае верхні дрэўны ярус.
У цяперашні час найбольшую колькасць радыенуклідаў знаходзяць у хвоі (лісці) і карэннях драўняных парод, а самую малую колькасць — у драўніне. Іншыя органы і часткі раслін займаюць прамежкавае становішча.
Паміж радыеактыўнасцю раслін і шчыльнасцю забруджання глеб радыенуклідамі існуе прамая залежнасць. Чым вышэй забруджанне глеб радыенуклідамі, тым вышэй радыеактыўнасць расліннасці.
У лясных фітацэнозах найбольшую цікавасць практыкаў лясной гаспадаркі прыцягвае драўнінная прадукцыя лесу. Даследаванні ў гэтым кірунку сведчаць, што «чыстая» драўнінная прадукцыя, якая мае па цэзію-137 удзельную радыеактыўнасць 10’8 Кі/кг, можа быць здабыта ў лясах са шчыльнасцю забруджання глеб да 40 Кі/км2. Аднак для распрацоўкі лясных масіваў з такой шчыльнасцю забруджання глебы радыенуклідамі патрэбны спецыялізаваная тэхніка, асаблівыя тэхналогіі нарыхтоўкі драўніны, асаблівыя тэхналагічныя прыёмы і меры бяспекі работнікаў лесу. Усё гэта робіць драўніну, нарыхтаваную ў такіх умовах, занадта дарагой. Таму ў Інструкцыі па вядзенню лясной гаспадаркі ў зонах радыеактыўнага забруджання, складзенай з нашым удзелам, рэкамендуецца весці лесараспрацоўкі ў лясах са шчыльнасцю забруджання глеб не больш за 15 Кі/км2. Лясы з большай шчыльнасцю забруджання глеб цэзіем-137 рэкамендуецца пакінуць да распаду радыенуклідаў да прымальнага ўзроўню. Паводле нашых падлікаў, каб распачаць распрацоўку лясоў са шчыльнасцю забруджання глебы 40 Кі/км2, неабходна чакаць каля 40 гадоў (да той пары, пакуль шчыльнасць забруджання не дасягне 15 Кі/км2). За гэты час узрост пасадак дасягне 100 — 120 гадоў і драўніна не страціць сваёй каштоўнасці. Гэта будзе нашым падарункам ддя будучых пакаленняў.
У аднолькавых умовах росту (уласцівасцей глеб і шчыльнасці іх забруджання радыенуклідамі) найбольш радыеактыўнымі з'яўляюцца лісцевыя драўнінныя пароды. 3 хвойных відаў найбольшай радыеактыўнасцю вызначаецца елка, якая мае паверхневую каранёвую сістэму.
У вільготных умовах росту ўсе віды раслін маюць павышаную радыеактыўнасць. Напрыклад, у сасонніку чарнічным (на вільготных глебах) радыеактыўнасць хвоі сасны будзе ў два-тры разы вышэй, чым у сасонніку лішайнікавым на сухіх пясчаных глебах.
Гэта з'ява абумоўлена тым, што ў вільготных умовах (экатопах) росту расліны маюць магчымасць у большай меры спажываць вільгаць на выпарванне яе ў атмасферу (транспірацыю), а з вільгаццю ў расліны паступаюць радыенукліды.
Вялікае значэнне для назапашвання радыенуклідаў раслінамі мае від глебаўтваральнай пароды — на мінеральных глебах радыеактыўнасць расліннасці значна меншая, чым на тарфяных, паколькі радыенукліды ў торфе маюць большую засваяльнасць.
Насельніцтва рэспублікі павінна звяртаць асаблівую ўвагу на радыеактыўную небяспеку пры выкарыстанні дароў прыроды (ягад, грыбоў, лекавых раслін) зон радыеактыўнага забруджання.
Для гэтых мэт неабходна выкарыстоўваць карты радыяцыйнага становішча на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, складзеныя прадпрыемствам «Белкартаграфія». На гэтых картах рознымі колерамі адзначаны тэрыторыі з рознымі ўзроўнямі забруджання глеб радыенуклідамі. Пры гэтым збор ягад, грыбоў, лекавай сыравіны магчымы на тэрыторыях без прыкмет радыеактыўнага забруджання, якія не маюць на карце жоўтых, зялёных, ружовых і карычневых тонаў.
На тэрыторыях з узроўнямі забруджання ад 1 да 5 Кі/км2 сабраныя лекавыя расліны, грыбы і ягады неабходна кантраляваць на санэпідэмстанцыях на прадмет прыгоднасці іх для спажывання.
У месцах, дзе шчыльнасць забруджання глеб перавышае 5 Кі/км2, збор любых дароў лесу забараняецца.
Ніжэй прыводзіцца абагуленая карта-схема збору ягад, грыбоў і лекавай сыравіны на тэрыторыі Беларусі з улікам узроўняў забруджання глеб радыяцэзіем-137. Як мы адзначалі вышэй, гэта асноўны індыкатар радыеактыўнага забруджання ўсіх глеб рэспублікі. Са схемы бачна, што на плошчы без штрыхоўкі збор дароў лесу, лугоў і балот ажыццяўляецца без перашкод. Гэтая плошча складае амаль 80 працэнтаў тэрыторыі рэспублікі. На тэрыторыях з косай штрыхоўкай, плошча якіх складае 15 працэнтаў тэрыторыі рэспублікі, збор ягад, грыбоў і лекавай сыравіны павінен быць пад кантролем санэпідэмстанцый. Прыблізна на 5 працэнтах тэрыторыі нашай дзяржавы, якая размешчана на поўдні і ўсходзе рэспублікі і адзначана на карце-схеме суцэльнай чорнай афарбоўкай, збор і выкарыстанне раслінных рэсурсаў выключаны.