Чарнобыльская рана
Мікола Мятліцкі
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 336с.
Мінск 2003
У Мішы не спытаеш. У таго, хто адказаць можа, пытаць не хочацца. Бо, а як без гэтага абыдзешся, зноў пачуеш: кюры, рэнтгены, цэзій... Мне, шчыра кажучы, хочацца, каб словы і гэтыя, і да іх падобныя з нашага ўжытку ўвогуле зніклі. Як страшны і нядобры сон, які мы, на вялікі жаль, усё яшчэ бачым...
Мінск — Гцзень — Брагін — Мінск
Валеры ВЫСОЦКІ
ПРА ЦЯБЕ ПАМЯТАЮЦЬ, БАРТАЛАМЕЕЎКА
Кожны ранак ад пад'езда інстытута адыходзяць аўтобусы і УАЗы з людзьмі ў камбінезонах і куртках. Часцей за ўсё іх дарога не надта далёкая: вось за ўзбочынай мільганулі дамы Веткі, яшчэ кароткі прамежак часу — і машыны, пагойдваючы на выбоінах пустыннага асфальту, уязджаюць у вялікае сяло. I хоць гэты шлях паўтараецца сотні разоў, пасажыры замаўкаюць, гледзячы на цагляныя сцены з выбітымі вокнамі, на хаты з пабурэлай у гародчыках-кветніках крапівой. Гэта — Барталамееўка, слаўнае сяло, вядомае яшчэ з сярэднявечча. Цяпер яно апусцела: хто ведае, калі на ягоныя вуліцы вернецца жыццё? А за здзічэлым садам пачынаецца малады лес, сетка агароджы, прыземістыя дахі нейкіх будынін. Тут — радыяцыйны палігон, лабараторыя пад адкрытым небам. Іх, людзей у камбінезонах, працоўнае месца.
На палігоне займаюцца ўсім: ад вырошчвання дрэў на пасыпанай попелам зямлі і да складаных доследаў па вывучэнні ўплыву радыяцыі на арганізм раслін — у залежнасці ад ступені ўвільгатнення, відаў драўняных парод, спосабаў апрацоўкі глебы. Менавіта тут, пад вёскай Барталамееўкай, выпрацоўваліся рэкамендацыі па блакіраванні паступлення радыенуклідаў у жывую тканку клеткі.
Яшчэ нядаўна прыязджаў у Барталамееўку сівы ча-
лавек з добрым адкрытым тварам: прафесар Віктар Кузьміч Паджараў. He ашчаджаючы здароўя, а тут, у ваколіцах гэтае вёскі, не месца для адпачынку, — да апошняга свайго дня працаваў у імя аднаўлення «зялёнай нівы», што падпадала пад атамны след. У рэспубліцы, ды і ў суседзяў — на Украіне, у Бранскай вобласці на многіх тысячах квадратных кіламетраў адселены жыхары і толькі сціплыя служкі лесу нясуць штосутачную вахту. Палі зарастаюць пустазеллем — як у такіх нетрах вырошчваць маладыя лясы? Прафесар з Гомеля здолеў паставіць неацэнныя па вартасці доследы, якія даказалі магчымасць з мінімальнай для лесаводаў небяспекаю займацца пасадкай культур, прымяняючы асаблівыя метады і тэхналогіі. I пад Барталамееўкай спецыялісты з многіх краін знаёмяцца з масівамі хваёвых, а таксама дуба, ясеня, клёна — на ягоным, Паджараўскім, палігоне, што ўяўляе асаблівую жывую памяць пра памерлага чалавека.
Вучоныя лесаводы, у адрозненне ад сваіх акадэмічных пабрацімаў з іншых галін навукі, не падкрэсліваюць сваю элітарнасць, больш за тое — з ахвотай успамінаюць аб маладосці: рэдка які доктар ці кандыдат не пачынаў шараговым «Ванькам-узводным», гэта значыць ляснічым, ці з заплечнікам таксатара не блукаў «там, дзе Макар цялят не пасвіў», дзе-небудзь у паўночна-байкальскай тайзе. Старажылы інстытута, з тых, хто прыйшоў дзесяцігоддзі таму ў ягоныя сцены на слаўнай ускраіне Румянцаўскага парка ля Сожа, сцвярджаюць, што лёс і іх саміх, і калег крута змяніўся разам з лёсам краіны, калі ў памятную ноч восемдзесят шостага выйшаў з-пад падпарадкавання атам Чарнобыля. Ад інстытуцкіх сцен да таго гарадка — крыху больш за сто кіламетраў: дробязь, калі меркаваць па мерках сучасных хуткасцей і адлегласцей. Доктар навук Іван Булавік паявіўся ля руін чацвёртага энергаблока ў той самы першы тыдзень. Ехаў з Гомеля — і не ўяўляў сапраўднага памеру катастрофы: маўляў, нічога страшнага, сітуацыя пад кантролем, як паведамлялі бадзёрыя дыктары Цэнтральнага телебачання.
— Але калі ўбачылі кіламетровыя караваны аўтобусаў і грузавікоў, смутак і страх на тварах, тады зразумелі: адбылася жахлівая падзея, — гаворыць Іван Мака-
равіч. — Так яно й было: неўзабаве высветлілася, што толькі ў нас у Беларусі ў зоне забруджання апынулася мільён семсот тысяч гектараў лясных земляў, адна чвэрць усёй плошчы. У той жа дзень, не адкладваючы ў ніжнюю шуфляду, заняліся са спадарожнікамі складаннем Часовага настаўлення па правілах паводзін у забруджаных масівах. Ім, дарэчы, карысталіся ў лясгасах доўгія гады.
Вось што цікава: з ляснога інстытута ў Гомелі той мітуслівай парою не выехаў у бяспечныя рэгіёны ніводны спецыяліст. Нават больш за тое: акадэмічны Інстытут лесу, такая ягоная афіцыйная назва, аказаўся на тэрыторыі краін Садружнасці адзінай установай, дзе не толькі не скараціліся, але й пашырыліся даследаванні ў самых розных кірунках. У тым жа 86-м быў створаны сектар радыялогіі лесу. Разам з Іванам Макаравічам ездзілі за дрот Палескага радыяцыйнага запаведніка, a пасля і сюды, на палігоны Барталамееўкі, яго непасрэдныя супрацоўнікі — кандыдат навук Л. Навойчык, інжынеры В. Жукаў і Г. Пашчанка, лабаранты В. Мельнікава і С. Мажаева. Вывучаючы радыяцыйны фон у кварталах Веткі і Чачэрска, яны выявілі надзвычайную нераўнамернасць, ці як было вызначана — мазаічнасць радыеактыўнага забруджання лясных экасістэм, калі размах між мінімальным і максімальным узроўнямі шчыльнасці гама-фону склаў ад 3 да 10 разоў. I гэта было адным з канкрэтных фактаў, якія пацвярджалі вывады найболыл дальнабачных вучоных: плошчы забруджання ў сілу сваёй неаднароднасці маюць тэндэнцыю да ахопу яшчэ ўчора быццам бы чыстых тэрыторый. Вось чаму й сёння, праз столькі часу, любы пажар у зоне радыяцыі небяспечны новымі ўчасткамі забруджання.
На гэтую тэму гутарым з намеснікам дырэктара па навуковай частцы Уладзімірам Феліксавічам Багінскім.
— Трэба прызнаць, што ў першыя гады пасля аварыі ў некаторых даследчыкаў тадышняга Саюза бытавалі, шчыра кажучы, занадта аптымістычныя ўяўленні і погляды на ліквідацыю наступстваў ядзернага выбуху. Тады да нас досыць часта прыязджалі калегі з Масквы, Ленінграда, Харкава, нават Сыктыўкара, іншых цэнтраў. Мы іх з радасцю прымалі, госці рабілі сваю справу, але іншым разам, вярнуўшыся пасля тыднёвай каман-
дзіроўкі, выступалі з матэрыяламі, дзе сцвярджалі, што гадоў праз пяць-шэсць на нашай зямлі будзе ціша ды спакой — у сэнсе радыяцыйнай сітуацыі, што вось распадзецца атам і спыняцца падкопы ізатопаў. Мы б рады з такімі высновамі пагадзіцца, ды ў радыяцыі свае законы і часавыя прамежкі: нішто не паяўляецца і не знікае бясследна.
К канцу васьмідзесятых даследаванні катастрофы прынялі комплексны характар: «на Чарнобыль» сталі працаваць нават тыя аддзелы і лабараторыі, якія, здавалася, мелі досыць далёкае дачыненне да такой тэмы. У 1992-м упершыню ў сусветнай практыцы ў інстытуце выявілі строгія навуковыя падыходы да правядзення лесаўпарадкавання ў забруджаных лясах, распрацавалі прапановы па выдзяленні асобных груп і катэгорый насаджэнняў з павышаным утрыманнем нуклідаў. Ідэі па радыяцыйным маніторынгу сталі для міжнароднай грамадскасці сапраўдным адкрыццём. 3 задачамі вывучэння наступстваў ядзернага выбуху цесна звязаны працы селекцыянераў, генетыкаў, радыёлагаў. Так, пад кіраўніцтвам члена-карэспандэнта НАН Рыгора Ганчарэнкі вывучаліся працэсы мутацыі ў спадчынным апараце. Доктар навук Аляксандр Дворнік распрацаваў прагнозную мадэль паводзін радыенуклідаў у экасістэмах.
Віктар Іпацьеў — дырэктар інстытута, акадэмік НАН Беларусі і Расійскай сельгасакадэміі, член шматлікіх міжнародных камітэтаў і камісій, ахвотней гаворыць не аб ліквідацыі наступстваў бяды Чарнобыля (так і ўспрымаецца з гісторыі эпохі бальшавізму тэзіс аб «ліквідацыі кулацтва як класа»), а пра паскарэнне рэабілітацыі лясоў. Вядома, вучоныя Гомеля ў праблемах вырошчвання больш чыстай драўніны ва ўмовах радыяцыйнага забруджання сталі па многіх пытаннях піянерамі, але тым больш важкія іх практычныя напрацоўкі ў гэтай сферы. Дабратворны ўплыў біяхімічных, меліяратыўных і іншых метадаў быў вядомы і раней, але выкарыстанне на практыцы дарагіх спецыяльных рэагентаў, а таксама каштоўных мінеральных удабрэнняў было нашай збяднелай дзяржаве не па кішэні. I тады вучоныя, займаючыся пошукамі аптымальных рашэнняў, знайшлі танныя эфектыўныя метады. Справа ў тым, што ў непасрэднай блізкасці ад зон забруджання толькі на Гомельшчыне
знаходзяцца буйныя прадпрыемствы мікрабіялагічнай і хімічнай прамысловасці, вакол карпусоў якіх утварыліся цэлыя горы адыходаў, што забруджваюць экалагічнае становішча рэгіёна. I тут высветлілася, што паасобныя з іх, скажам, лігнін, што застаецца на гідролізным заводзе ў Рэчыцы, ці фосфагіпс на хімічным заводзе ў Гомелі, служаць фактарам зніжэння назапашвання ў сасновых насаджэннях радыяцэзію.
— Радыеактыўнасць нейтралізаваць чалавецтва не здолее і не навучыцца ў агляднай будучыні, — лічыць акадэмік Іпацьеў. — Радыеактыўнасць магчыма толькі блакіраваць, прымяніўшы дзеля гэтага непраходную ці цяжкапраходную біялагічную перагародку.
Гэтым і займаецца Віктар Аляксандравіч са сваімі супрацоўнікамі: ідэі «перагародкі» прыцягнулі да сябе ўвагу вучоных многіх кантынентаў, чаму сведчанне — водгукі буйнейшых навуковых цэнтраў. Больш за тое, вынікі прагнознага мадэлявання і даныя эксперыментаў ужо выкарыстаны ў міжнародных праектах МАГАТЭ.
...На зямлю Барталамееўкі падае першы сняжок — вільготны, іскрысты на пасвяжэлых яловых лапах на маладняковых парастках плантацый. Людзі не глядзяць на гадзіннікі. Яны заняты справаю. Яны працуюць у імя тваёй будучыні, Барталамееўка.
Эдуард САМУСЕНКА
БЕЛАРУСКІЯ ЛЯСЫ ЎРАТАВАЛІ ЕЎРОПУ
Агульныя страты Беларусі ад катастрофы на ЧАЭС складаюць 35 дзяржаўных бюджэтаў рэспублікі ў цэнах 1985 года. 3 імі абсалютна невымерная тая мізэрная дзяржаўная, але часцей прыватная ці грамадская дапамога, якая аказвалася Беларусі ў першыя гады пасля катастрофы, а зараз амаль забыта.
У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС доўгажывучымі ізатопамі радыенуклідаў забруджана 23 працэнты тэрыторыі Беларусі (46 450 тыс. га), 4,8 працэнта земляў Украіны (37 450 тыс. га) і 0,5 працэнта — Расіі (47 170 тыс. га). Істотнае забруджанне, асабліва кароткажывучымі ізатопамі атрымала амаль уся Еўропа, у першую чаргу Скандынавія, Балканы, Германія, Польшча, Аўстрыя, Італія, а за яе межамі — Турцыя, Закаўказзе і нават Японія і Паўночная Амерыка.
Забруджанне многіх краін аказалася б значна большым, калі б асноўную частку выкідаў выбухнуўшага рэактара не затрымалі беларускія лясы. У энцыклапедычным выданні «Чарнобыль» (Мінск, 1996) гаворыцца: «Бязлесныя мясціны, не ствараючы істотнага супраціўлення паветраным патокам, у меншай ступені забруджваюцца радыеактыўнымі аэразолямі, чым суседнія лясы». Сказана больш чым сціпла, бо лясы прымаюць на сябе ў 4 разы больш радыеактыўных ізатопаў, чым адкрытыя прасторы.