Чарнобыльская рана
Мікола Мятліцкі
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 336с.
Мінск 2003
Тут, думаецца, трэба дакладна размежаваць разуменні адаптацыі ў медыцыне і ў сацыялогіі. Медыцынская адаптацыя — гэта супрацьстаянне арганізма канкрэтнай сітуацыі, развіццё гэтага арганізма ў існуючай сітуацыі. На думку ж сацыёлагаў, калі чалавек адаптаваўся, то ён ужо не звяртае ўвагі на радыенукліды, харчуецца тым, што расце побач, дзяцей нараджае...
У біялагічным плане адаптавацца проста немагчыма, бо пры такім экалагічным становішчы, якое склалася ў шматлікіх рэгіёнах рэспублікі, будуць нараджацца біялагічна непаўнацэнныя дзеці. Каму спатрэбіцца псіхалагічная адаптацыя, калі краіну будуць насяляць фізічна і разумова адсталыя людзі?
Страшнаватае будучае вымалёўваецца, таварышы герастраты. На парадак дня вырываецца пытанне аб генетычнай катастрофе нацыі.
Кажуць, у працэсе пазнання без ахвяр не бывае. 3 гэтым можна пагадзіцца. Сапраўды гераічна, калі эксперыментатары ахвяруюць сабою — прывіваюць сабе чуму, тыф, апраменьваюць свой арганізм высокай дозай радыяцыі...
Калі ж гінуць людзі, якія не ведаюць нават пра ўчынены эксперымент над імі, — гэта злачынства. Сённяшнія герастраты сабою ахвяраваць не хочуць і не будуць.
3. Хто асудзіць?
На шчасце, прырода не падпарадкоўваецца ні сацыялістычнай, ні рыначнай, ні нават сацыяльнай арыентацыі чалавецтва. Яна існуе сама па сабе. Яна — найважнейшая субстанцыя, створаная магутнымі сіламі, пра якія мы нічога не ведаем. Нам бы паспрабаваць іх зразумець, нам бы нашы намаганні састыкаваць па магчымасці з законамі Прыроды, а мы ўсё робім насуперак ёй.
I тады, хочам мы таго ці не, наступае час пераацэнкі каштоўнасцей — вымушанай (аб'ектыўныя факты патрабуюць), частковай (упарта шукаюць апраўдальныя моманты), спрэчнай (героі заўсёды знаходзяць хітрыя навуковыя канцэпцыі)...
А разам з пераацэнкай каштоўнасцей без усялякага сумнення ўзнікае неабходнасць самага жорсткага, бескампраміснага, няўмольнага асуджэння.
Але хто будзе судзіць? I каго?
Судзіць, вядома ж, павінен народ. Але ў нас сёння няма народа, ёсць электарат — палітызаваны, разрознены, па-варожаму настроены супраць такіх жа, як і сам, але па-другому думаючых, непахісны ў сваіх нават не перакананнях, а ў невытлумачаных догмах. I ён маўчыць.
Народ, нацыя, ператвораная ў электарат, вялікае дасягненне палітыкі падману, замоўчвання, нацкоўвання. А калі член супольніцтва электаратаў памірае і, натуральна, не ведае ад чаго, — ён памірае ціха. I ўсе вакол маўчаць. А што тычыцца экалагічнай цішыні, то яна ўсталявалася ва ўсім нашым грамадстве. Сёння чалавек не ведае, якую ваду ён п'е, — а яна практычна ўся брудная і нават атручаная; не ведае, якія прадукты спажывае, — а яны часам атручаныя вышэй за дапушчальныя нормы, якія ў нас і так балансуюць на мяжы магчымага; не ведае, у якім экалагічным стане знаходзіцца зямля, паветра... Ніякай інфармацыі — і няма праблем. Зручна.
Здараецца, што іншы раз нехта з інтэлігентаў узнімае голас. Дык электарату даўно ўведзена ў вушы, што інтэлігенцыя зусім і не народ. Адзін з былых крамлёўскіх герояў, наш зямляк, вывеў ёй свой прысуд: усе яны нікчэмныя чалавечкі, памагатыя фашызму, сталінізму... Можна толькі здагадацца, з якога вопыту ён зрабіў такія высновы.
Некалькі гадоў таму на міжнароднай экалагічнай канферэнцыі ў Мінску адзін з замежных спецыялістаў з непрыхаванай трывогай сказаў, што гэта страшна, калі ў дзяржаве, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, у наш цывілізаваны век людзі не дажываюць у сярэднім да шасцідзесяці гадоў. Ён заклікаў аб'яднаць навуковыя сілы нашай краіны, каб выявіць прычыны такога стану.
Ніхто не аб'яднаўся, не пачаў выяўляць. Я спрабаваў даведацца — чаму такая відавочная і ўсім зразумелая ідэя нікога не захапіла? Многія вучоныя проста адмахваліся — не да гэтага, маўляў. Толькі адзін з іх адказаў, як думаў: гэта нікому не трэба.
Вось так. Больш таго, у Беларусі, здаецца, так і не праводзіліся кантрольныя эпідэміялагічныя абследаванні, каб паспрабаваць аддзяліць уздзеянне на стан здароўя людзей забруджанага навакольнага асяроддзя ад фактараў спосабу жыцця. Калі ўсё ў кучы — больш блытаніны і няма вінаватых.
Дык каго судзіць?
У жыцці чалавечага супольніцтва заўсёды існуе нейкая мяжа магчымага, дазволенага, якую нельга пераступаць. За ёй невядомасць, а значыць — ніякай гарантыі. Невядомасць прывучала быць асцярожным. Але канкрэтны сённяшні чалавек ад улады, палітыкі, а то і ад навукі слухаць не хоча аб нейкай там мяжы, тым больш аб асцярожнасці. Ён спяшаецца, ён павінен быць першым, а таму прыспешвае і тых, хто побач. Трэба было б у таямніцы Прыроды ўваходзіць на пальчыках, а тут галопам. Эксперымент праводзіцца на людзях. Можна, вядома ж, і на жывёлах, але гэта не гуманна. Жывёл абараняюць шматлікія таварыствы. Таму эксперыментаваць над сваімі членамі гэтых таварыстваў і проста, і бяспечна.
Для герояў-герастратаў няма немагчымага, недазволенага. Яны гарантуюць тое, чаго нельга гаранта-
ваць; нават сумленне іншых бяруць на сябе — знаёмыя факты. Калі ж эксперымент правальваецца — знікаюць з поля зроку. I тады ўзнікае абстрактнае разуменне «чалавек». Гэта ён, абязлічаны, абагулены, непрадказальны, эгаістычны «ча-ла-век» ва ўсім вінаваты. Толькі вось расплачваецца за ўсё гэта чалавек з канкрэтнай вёскі, горада, вуліцы, чалавек з імем і прозвішчам. Нясуць на могілкі канкрэтнага дзядзьку Івана ды цётку Мар'ю.
Вялікая загадка часу: чаму ў нашых людзей так абвострана развілося пачуццё разбурэння? Ледзь не з калыскі мы ламаем, разбіваем, выварочваем усё, што трапляецца пад рукі. Чым прыгажэйшая рэч — тым з большай лютасцю. Прыгожыя ліхтары на вуліцы разбіваюцца, a то і проста выварочваюцца з зямлі ў першую ж ноч; элегантную загародку паламаюць не дачакаўшыся цемры; лавачкі для сядзення разбіраюцца па частках калі яшчэ і фарба на іх не высахла...
Няўжо нам так не падабаюцца прыгожыя рэчы? Няўжо прыгажосць настолькі чужая ява для нашага ўспрымання, што не можам змірыцца з яе існаваннем?
Такой з'яве цяжка знайсці іншае тлумачэнне, як толькі тое, што самі мы ніколі не жылі прыгожа, не бачылі таго светлага цяпла, якое ахутвае любую прыгажосць. А таму проста нішчым яе.
Акрамя таго, мы, думаецца, міжволі ўнаследавалі філасофію жыхароў вялікай імперыі. Наша краіна маленькая, кампактная і не вельмі багатая, а нам усё здаецца, што мы — гэта неабсяжныя прасторы, нямераныя і няўзважаныя багацці і няма патрэбы дрыжаць над нейкімі там дробязямі. Лянота думкі жыхароў вялікай дзяржавы стала характэрнай рысай грамадзян нашай невялікай краіны.
Быццам апраўдваючы гэтую думку, сёння ўсё часцей даводзіцца чуць, што нашы адносіны да прыроды — гэта гістарычна складзеныя традыцыі, што мы ніколі не выхоўваліся належным чынам, што само разуменне аховы прыроды — з'ява, якая ці не ўчора звалілася на нас. А паколькі мы жывём без вопыту мінулага, то і экалагічная культура нацыі на нулі.
Так кажуць — і ўсё гэта няпраўда. Вопыт мінулага на Беларусі быў, і ён вельмі істотны. 3 даўніх часоў пытанні аховы прыроды на нашай тэрыторыі ставіліся
вельмі востра і прынцыпова. Для гэтага дастаткова зазірнуць у Статут Вялікага княства Літоўскага (1588 г,), які з'яўляецца бліскучым прыкладам заканадаўчай дзейнасці свайго часу.
Звычайна мы прывыклі цытаваць выказванні Пятра I аб неабходнасці аховы лясоў, рэк... Але гэта было больш як на сто гадоў пазней, чым быў прыняты статут.
У гэтым зводзе законаў нашай старадаўняй дзяржавы асаблівае месца адводзілася экалагічнай палітыцы Вялікага княства Літоўскага. Была распрацавана шматгранная сістэма канкрэтных палажэнняў, якія рэгулявалі працоўную дзейнасць сялян і рамеснікаў і іх адносіны да прыроды. Тыя палажэнні, няхай не падасца гэта наіўным, маюць практычны інтарэс і сёння. Ужо тады была распрацавана і дзейнічала сістэма пакаранняў і заахвочванняў, накіраваных на беражлівыя адносіны да навакольнага асяроддзя. Так, у прыватнасці, за падтрыманне чысціні рэк і азёр прадугледжваліся спецыяльныя грашовыя выплаты. Асабліва гэта тычылася ачысткі рэчышчаў і акультурвання берагоў суднаходных і партовых рэк.
У артыкулах статута абазначаліся тыя віды флоры і фауны, якія трэба было ахоўваць. Вось фрагмент аднаго артыкула: «...Пан, у чыім валоданні будуць (бабровыя) гоны, не павінен дазваляць сваім людзям і сам не павінен разворваць старое поле настолькі, што можна было б да бабровых гняздоўяў дакінуць палку. На такую ж адлегласць не павінен падкошваць і сенакосныя лугі і расчышчаць кусты».
Трэба сказаць, што ў статуце былі закладзены прававыя нормы прыродакарыстання, якія арыентавалі грамадства на захаванне і памнажэнне прыродных багаццяў, на іх рацыянальнае выкарыстанне. Прычым у самых розных кірунках чалавечай дзейнасці. Тут дакладна і скрупулёзна трактаваліся правы і абавязкі бакоў, калі іх інтарэсы нейкім чынам перасякаліся. Вызначаліся правы і абавязкі тых, хто, скажам, ехаў працаваць на сваё поле, якое знаходзілася ў чужой пушчы. У гэтым выпадку распісвалася літаральна ўсё: што можна браць з сабою, колькі браць, што дазвалялася рабіць... Словам, рэгулявалася руцінная штодзённая праца людзей на прыродзе. Асаблівая ўвага надавалася ахове птушак і звяроў.
Як бачым, у статуце відавочна праяўляецца не толькі стан культуры таго часу ўвогуле, але і канкрэтна ў галіне прыродакарыстання. Нашы далёкія продкі не толькі прызнавалі права людзей карыстацца прыроднымі аб'ектамі, але і «права» прыроды на сваё жыццё.
Такім чынам, пачынаючы з XVI стагоддзя, а можа, і яшчэ раней, і сама меней на 250 гадоў наперад, пакуль дзейнічаў статут, лепшыя прадстаўнікі чалавечага роду— мудрэйшыя, разумнейшыя, якія найбольш востра ўспрымалі жыццёвыя памылкі, — пастаянна, з пакалення ў пакаленне гаварылі аб неабходнасці не толькі пазнаваць, але і ахоўваць прыроду. Яны імкнуліся выхаваць у людзей любоў да прыроднага асяроддзя, а праз яе — фарміраваць чалавека-асобу, як аснову нацыянальнай культуры.
Здавалася б, нам толькі і трэба было не забываць усё гэта і на гістарычных ісцінах фарміраваць сучасную свядомасць. На жаль, нічога з гэтага не атрымалася.
Што здарылася — наш чалавек іх не пачуў? He захацеў усвядоміць і ўспрыняць?
Думаецца, што калі чалавек не ўспрымае гістарычную памяць, значыць, парушана, калі можна так сказаць, сацыяльна-генетычная памяць. I парушылі яе самі людзі сваімі вялікімі гістарычнымі і сацыяльнымі пераломамі.