Чарнобыльская рана
Мікола Мятліцкі
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 336с.
Мінск 2003
— Едзьце самі, суправаджаць не будзем...
Ідзем па вуліцах Прыпяці і чуем нейкія дзіўныя гукі. Нешта побач вохкае, скрыпіць, енчыць. Нібыта горад скардзіцца на свой няшчасны лёс.
Заходзім у адну з мёртвых дзевяціпавярховак. Ад ліфта, які засеў паміж пятым і шостым паверхамі, засталася адна скарожаная скрыня — электроннае начынне ўсё вырвана з коранем: марадзёры пастараліся. Дзверы ў кватэрах расчынены. Hi абажураў, ні плафонаў, ні ракавін. Лінолеум месцамі выдраны. На падлозе ля разбітых вокан дажджавыя лужыны, якія набралі з дахаў радыяцыі. Між рамамі быццам успыхвае яркая жоўтая пляма. Аказваецца, высахлы трупік канарэйкі. Відавочна, птушка спрабавала ды не змагла паляцець услед за сваімі гаспадарамі. На падлозе адной з кватэр раскіданы часопісы «Вясёлыя карцінкі» за той самы 1986 год. Дзеці, якія чыталі гэтыя нумары, цяпер ужо сталі дарослымі.
Горад паступова зарастае. Там, дзе былі вуліцы і пад’езды, падымаецца густы хмызняк, асфальт паступова знікае пад націскам палескіх зараснікаў. Дрэвы падступілі ўжо да паштовага аддзялення і забіраюцца галінкамі ў выбітыя вокны.
Перад адным з дамоў зямля перакапана — нейкім чынам у горад прарываюцца дзікі, каб пагарэзіць на самых ціхіх у свеце вуліцах, паласавацца зараз ужо дзікімі яблыкамі. Гадзіннік на будынку басейна паказвае без чвэрці дванаццаць. Відавочна, у тыя хвіліны і спынілася назаўсёды жыццё Прыпяці...
...У гасцініцы Чарнобыля праходзім чарговую праверку на персанальную радыеактыўнасць. Прыбор раптам загудзеў, загарэлася чырвоная лямпачка. Як толькі памылі падэшвы чаравікаў, апарат прыветліва загарэўся зялёным святлом. Усё добра...
Анатоль ДЗЯТЛАЎ
«РЭАКТАР ПАВІНЕН БЫЎ ВЫБУХНУЦЬ...»
Досыць працяглы час сярод спецыялістаў-ядзершчыкаў не аціхаюць спрэчкі аб прычынах узрыву рэактара на ЧАЭС. Напісаны артыкулы, абаронены дысертацыі, праведзены навуковыя канферэнцыі па дадзенай тэматыцы, але кропку яшчэ рана ставіць. Пэўна можна сцвярджаць, што ўзрыў рэактара быў абумоўлены не толькі памылкамі персаналу АЭС і канструктарамі.
Пошук неабходна прадоўжыць. Карэспандэнтам газеты «Комсомольское знамя» УССР удалося ўзяць інтэрв’ю ў былога намесніка галоўнага інжынера ЧАЭС Анатоля Сцяпанавіча Дзятлава.
Новы кіеўскі мікрараён. Стандартны панельны дом. Абабітыя дэрмацінам дзверы. Звонім. Адчыняе высокі хваравіта худы чалавек. 3-пад бялявых броваў — разумны, уважлівы пагляд. Ён ветла ўсміхаецца, падае руку... Толькі павітаўшыся, міжволі заўважаем на руках плямы радыеактыўных апёкаў. Бледна-ружовыя, але прыкметныя плямы... Гэта —былы намеснік галоўнага інжынера Чарнобыльскай АЭС А. Дзятлаў. Асуджаны, прыгавораны — значыць, вінаваты ва ўсім вядомым злачынстве. Законам і людзьмі Дзятлаў прызнаны адным з асноўных «аўтараў» найбуйнейшай катастрофы XX стагоддзя.
Няварта хаваць: мы ішлі да Дзятлава як да злачынца. А выйшлі з ягонае кватэры, як з жытла ахвяры. Мы
збіраліся выкрываць, а давялося спачуваць... і пагаджацца.
— Распавядзіце крыху пра сябе. Кажуць, што да работы на Чарнобыльскай АЭС вы займаліся на Далёкім Усходзе энергетычнымі ўстаноўкамі атамных падводных лодак?
— Так, гэта праўда. Нарадзіўся я ў 1931-м пад Краснаярскам. Па адукацыі і працоўным стажы — кваліфікаваны спецыяліст па эксплуатацыі ядзерных энергетычных установак. Праца на Далёкім Усходзе мне падабалася. Але аднойчы ў час водпуску я заехаў на будоўлю Чарнобыльскай АЭС. I дамовіўся з дырэктарам Віктарам Пятровічам Бруханавым наконт працы намеснікам начальніка цэха. У Чарнобылі я ўдзельнічаў у мантажы, пуску і эксплуатацыі ўсіх чатырох блокаў. Калі ж вялося следства, дык усё падводзілася да таго, што віноўнікі — аператыўны персанал і, у першую чаргу, сам Дзятлаў. Аднак работнікі ЧАЭС разабраліся ўсё ж у тым, што аварыя адбылася зусім не па нашай віне. Таму ў часе суда пераважная большасць сведкаў не адмаўляла маёй кампетэнтнасці. Больш за тое, самі матэрыялы працэсу, на мой погляд, пераканаўча даказваюць: аператыўны персанал станцыі — не вінаваты.
— Але прыгавор, як усім вядома, быў зусім іншы. Як вы гэта растлумачыце?
— Прыгавор не мог быць іншы. Mary паспрачацца, што вы не назавеце ніводнага факта пакарання за буйныя аварыі апошніх гадоў каго-небудзь іншага, акрамя дыспетчараў, аператараў, капітанаў і падобных «стрэлачнікаў». Добра сказана пра гэта ў надрукаваным у часопісе «Молодая гвардпя» лісце горнавыратавальнікаў з Данецкай вобласці, якія ліквідоўвалі наступствы атручвання шахты: «Створана і дакладна дзейнічае сістэма вываду з-пад адказнасці асноўных віноўнікаў бязладдзя. Манапаліст сам расследуе аварыю, сам вызначае меры і кантралюе іх выкананне».
У нас на чарнобыльскай станцыі ўсё было цюцелька ў цюцельку гэтак жа. Hi адна камісія, а іх было некалькі, не ўключала прадстаўнікоў аператыўнага персаналу, гэта значыць тых, каго абвінавачвалі ў аварыі. Камісіі складаліся толькі з патэнцыяльных, а часам і фактычных віноўнікаў катастрофы. Аб’ектыўнага расследавання чакаць ад іх было нельга. Яго й не было. I тым матэрыя-
лам, якія абвяргалі агульнапрынятую версію, на міжведамасных навукова-тэхнічных саветах 2 і 17 ліпеня 1986 года пад старшынёўствам акадэміка А. П. Аляксандрава ніякай увагі не ўдзялялі. На гэтых нарадах і была выпрацавана канцэпцыя аварыі, якая адводзіла стваральнікаў абсталявання ад адказнасці і якая перакладвала ўсю віну на персанал. Матэрыялы нарадаў ляглі ў аснову даклада ўрадавай камісіі, які быў накіраваны ў Палітбюро ЦК КПСС, Савет Міністраў СССР і МАГАТЭ.
Ці варта здзіўляцца, што ў рашэннях Палітбюро было выразна сказана пра нашу віну? Таму разлічваць на аб’ектыўнасць суда было б, прынамсі, наіўна.
Праўда, з трыбуны XX з’езда КПСС прагучала неверагоднае — было сказана, што Палітбюро і ўрад не разабраліся ў прычынах чарнобыльскай аварыі. He, няпраўда, што, маўляў, не разабраліся — не захацелі разбірацца! Ніхто ж не перашкаджаў вышэйшым органам улады прыцягнуць да аналізу прычын аварыі лепшыя навуковыя сілы, уважліва вывучыць, так сказаць, гісторыю пытання...
— Значыць, у чарнобыльскай катастрофы былі пэўныя перадумовы?
— Перадумовы? He тое слова! Афіцыйнае тлумачэнне таго, што здарылася, гучыць так. Аварыя адбылася ў выніку неверагоднага супадзення некалькіх грубых парушэнняў персаналам абслугі норм і правілаў эксплуатацыі энергаблока. Але мне няцяжка даказаць, што рэактар РБМК-1000 немінуча павінен быў дзе-небудзь выбухнуць. Практычна невядомы грамадскасці такія факты.
У 1975 годзе на Ленінградскай АЭС адбылася аварыя: разгерметызаваўся канал на такім жа рэактары, як у Чарнобылі. Камісія з супрацоўнікаў Інстытута атамнай энергіі імя Курчатава разабралася ў здарэнні і распрацавала спіс рэкамендацый па павышэнні надзейнасці рэактара, у тым ліку і па такіх важных пытаннях, як змяншэнне паравога каэфіцыента рэактыўнасці, стварэнне хуткадзейнай сістэмы аварыйнай засцярогі.
Ажыццяўляць гэтыя рэкамендацыі пачалі праз дзесяць з гакам гадоў, ужо пасля чарнобыльскай катастрофы.
Далей. У 1983 годзе, калі ў нас, у Чарнобылі, рабілася загрузка рэактара тэхналагічным палівам, былі зроблены фізічныя замеры характарыстык актыўнай зоны і выяўлена надзвычай небяспечная з’ява — стрыжні ава-
рыйнай аховы пры сваім руху ўніз на працягу пяці секунд уносілі ў рзактар не адмоўную, а станоўчую рэактыўнасць. Аднак камісія па фізічным пуску цалкам беспадстаўна палічыла магчымым дапусціць рэактар да эксплуатацыі. 3 камісіяй пагадзіўся і інспектар Дзяржатамэнерганагляду. Праўда, навуковы кіраўнік, разумеючы, наколькі гэта небяспечна, піша пісьмо галоўнаму канструктару аб неабходнасці ліквідацыі дэфекту. Канструктар да снежня 1984 года распрацоўвае тэхнічнае заданне, і... на гэтым усё заканчваецца.
Спатрэбілася катастрофа, каб гэтым пытаннем нарэшце-такі ўсур’ёз заняліся і пачалі мяняць стрыжні ў рэактары!
I яшчэ адзін надзвычайны факт. Начальнік групы па надзейнасці і бяспецы атамных станцый з рэактарамі РБМК лабараторыі Інстытута імя Курчатава В. П. Волкаў неаднойчы падаваў дакладныя запіскі ўсім сваім кіраўнікам з абгрунтаваннем небяспекі рэактара і даваў прапановы па яго ўдасканаленні. Увагі на іх ніхто не звяртаў. У рэшце рэшт В. П. Волкаў вымушаны быў звярнуцца да самога акадэміка А. П. Аляксандрава. Але, на жаль, так і праляжала яго дакладная ў канцылярыі прэзідэнта AH СССР да самай аварыі. Калі ж здарылася бяда, Волкаў перадаў усе матэрыялы ў Пракуратуру СССР. Пасля гэтага яго перасталі пускаць у Інстытут. Тады ў пошуках праўды ён напісаў самому М. С. Гарбачову. 3 апарата ЦК КПСС матэрыялы В. П. Волкава пераслалі ў Дзяржатамэнерганагляд. Там стварылі камісію, якая і прызнала правату спецыяліста.
Вось дзе й на самай справе неверагоднае супадзенне жахлівай халатнасці!
Нішто не перашкаджала навуковаму кіраўніку работ па стварэнні рэактара акадэміку А. П. Аляксандраву і галоўнаму канструктару М. А. Даляжалю ўдасканаліць рэактар пасля аварыі на Ленінградскай АЭС, пасля вынікаў пускавых выпрабаванняў у Чарнобылі, пасля сур’ёзных папярэджанняў В. П. Волкава! Было б зроблена гэта своечасова — катастрофы не адбылося б. Дык хто ж сапраўдныя злачынцы — мы ці яны?
На судзе, дарэчы, матэрыялы аб віне канструктара рэактара былі выдзелены ў асобнае судаводства. Чым яно скончылася — ніхто не ведае.
— Па чутках (афіцыйных паведамленняў няма), справа канструктараў спынена ў сувязі з адсутнасцю судовай перспектывы. Яны, ці бачыце, трапляюць пад амністыю, аб’яўленую з нагоды 70-годдзя Савецкай улады.
Праўда пра сапраўдныя прычыны аварыі, калі мы вас правільна зразумелі, дагэтуль так і не сказана. Як вы мяркуеце, чаму?
— Таму, што сапраўдныя віноўнікі катастрофы моцна звязаны агульнай хлуснёю. Часам яна настолькі відавочная, што проста дзіву даешся, як людзі аб гэтым не здагадваюцца.
Хлусня пра Чарнобыль распаўсюджваецца мільённымі тыражамі. Вось элементарны прыклад. Карэспандэнт «Правды» Крывамазаў, са слоў старшыні ўрадавай камісіі па расследаванні трагедыі ва Уфе, піша: «Успомнім, што ў Чарнобылі існавалі цэлыя чатыры сістэмы засцярогі «ад дурня» — чатыры ўмудрыліся адключыць». Няўжо і сапраўды гэтак было? Хоць бы падумалі людзі, перш чым казаць! Мы што — самазабойцы, каб адключаць ахову?