• Газеты, часопісы і г.д.
  • Чарнобыльская рана  Мікола Мятліцкі

    Чарнобыльская рана

    Мікола Мятліцкі

    Выдавец: Літаратура і Мастацтва
    Памер: 336с.
    Мінск 2003
    59.65 МБ
    Ісціна заключаецца ў тым, што на рэактары РБМК1000 у 1986 годзе наогул не было аніводнай так званай засцярогі «ад дурня». Я пісаў пра гэта ў «Правду», але адказу так і не дачакаўся... I гэта не адзінкавы выпадак. Акадэмік Булдакоў са старонак часопіса «Смена» (№ 24 за 1990 год) сцвярджае, што не было запозненай, а была своечасовая эвакуацыя насельніцтва з Прыпяці. Пра якую своечасовасць можна гаварыць, калі 26 красавіка да 12 гадзін не было цалкам зразумела, што людзі ў Прыпяці жыць не павінны. Навошта ж гаварыць заведамую хлусню?
    Я хачу падкрэсліць: Л. А. Булдакоў — медык, непасрэднай адказнасці за аварыю ён не нясе. Цяпер уявіце сабе, што гавораць людзі, непасрэдна вінаватыя ў катастрофе, скажам, акадэмік Анатоль Пятровіч Аляксандраў. Ён з самага пачатку падзей і да сёлетняга часу (мяркую па апошняй публікацыі «Огонька») гаворыць пра адказнасць персаналу абслугі.
    Давайце падумаем разам. Калі афіцыйная версія аб прычынах катастрофы справядлівая, дык навошта засакрэчваць усе звесткі аб аварыі? Спецыялісты, якія не
    працуюць на АЭС, павінны ведаць аб катастрофе, каб не нарабіць падобных памылак, і ім не сказалі ні слова, бо гэтыя людзі разабраліся б у сапраўднай надзейнасці рэактара аляксандраўскай вытворчасці.
    — Добра, але ніхто не пазбаўляў вас і іншых спецыялістаў права голасу на судзе.
    — Правільна. Я й не збіраўся маўчаць. Матэрыялы працэсу, як я ўжо казаў, цалкам даказваюць нашу невінаватасць.
    Да справы далучана красамоўнае прызнанне самога акадэміка Даляжаля. Дазволю сабе працытаваць яго.
    «Пры рабоце з двухпрацэнтным абагачэннем урана ўплыў паравога эфекту і рэактыўнасці рэгулюецца пастаноўкай каналаў спецыяльных паглынальнікаў, што строга прадугледжваецца ў эксплуатацыйных інструкцыях. Адступленне ад іх недапушчальнае, бо робіць рэактар некіруемым».
    Наш рэактар дадатковых паглынальнікаў у актыўнай зоне не меў. Атрымліваецца, што рана ці позна павінен быў узарвацца — паводле прызнання самога галоўнага канструктара!
    Даляжаль, дарэчы, — адзіны са спецыялістаў, якія займаліся рэактарамі, сказаў праўду. Ён, як бачыце, сам прызнаў, што той рэактар, які быў у Чарнобылі, быў некіруемы, а аварыйная засцярога не была належным чынам сканструявана. Аляксандраў жа дасюль усё валіць на аператыўны персанал і нічога не прызнае.
    Прыгадайце: катастрофа пачалася з націску кнопкі аварыйнай аховы. Хачу патлумачыць: кнопка гэтая служыць і для звычайнага спынення рэактара ў нармальных умовах. Дык вось, 26 красавіка 1986 года мы націснулі на кнопку ў звычайных, прадугледжаных усімі канструкцыямі рэжымах, каб заглушыць рэакцыю. I замест гэтага атрымалі выбух.
    Як наогул такое магло быць — аварыйная засцярога не глушыць, а ўзрывае рэактар? Адказ можа быць толькі адзін — гэтак ён быў сканструяваны. Улічваючы ўсё сказанае, я хачу адкрыта заявіць: у катастрофе на Чарнобыльскай АЭС зусім не вінаватыя ні будаўнікі, ні мантажнікі, ні вытворцы абсталявання, ні работнікі станцыі. Цалкам і поўнасцю адказнасць за яе павінны несці фізікі і канструктары.
    — Аварыя — вялікая бяда. Як ва ўсялякай бяды, у яе ёсць віноўнікі і выратавальнікі. Што вы скажаце пра пажарных? Знаходзяцца людзі, якія сцвярджаюць, што гібель іх была амаль што дарэмнай?
    — He ведаю, можа, нейкія інструкцыі яны й парушылі. Але я цвёрда перакананы ў тым, што 26 красавіка пажарныя выратавалі нас ад глабальнай катастрофы. Калі б ачагі агню, якія яны патушылі, развінуліся ў вялікі пажар і перакінуліся на іншыя блокі, што працавалі на намінальнай магутнасці, дык маштабы трагедыі былі б несувымерна большымі. Наконт гібелі пажарных ёсць адно «але»: нават калі б яны апранулі спецыяльнае адзенне, то гэта не ўратавала б іх ад гама-выпраменьвання. Тыя пажарныя, якія тушылі на даху ачагі ад выкінутага гарачага паліва, безумоўна, героі. Уберагчы іх ад гібелі магла толькі наяўнасць аўтаматычнай сістэмы пажаратушэння. Але яе на даху не было. Таму мы павінны пакланіцца светлай памяці гэтых мужных людзей.
    — Мы разумеем ваша імкненне праліць святло на сапраўдныя прычыны аварыі. Але давайце пагаворым і пра іншае. Разбураны рэактар, нарастае радыеактыўнае забруджанне мясцовасці. Якая, на ваш погляд, асабістая адказнасць за паражэнне людзей — спецыялістаў станцыі? Канкрэтна — дырэктара Віктара Пятровіча Бруханава?
    — Мне цяжка гаварыць пра іншых. Віну Бруханава я бачу ў тым, што ён у першы ж дзень перадаў у Кіеў даведку аб радыяцыйнай сітуацыі з відавочна заніжанымі данымі. Але, мяркую, гэтая даведка не магла паўплываць на прыняцце рашэнняў у далейшым. Замеры праводзіліся рэгулярна, і начальства павінна было прымаць на аснове іх адэкватныя рашэнні. Бруханаў, дарэчы, адказваў не за грамадзянскую абарону горада, а толькі станцыі. Прымаць рашэнні павінен быў начальнік грамадзянскай абароны Прыпяці Уладзімір Паўлавіч Валошка — старшыня гарвыканкама. Можна, вядома, сказаць, што ў той час Бруханаў быў абавязаны, груба кажучы, стукнуць кулаком па стале і настаяць на эвакуацыі.
    — Нерашучасць у такі крытычны момант, само сабою, заслугоўвае асуджэння. Мы, аднак, разважаючы пра гэта, аддаляемся ад тэмы нашай гаворкі ў галіну
    маралі. Як, цікава, сфармулявана выстаўленае супраць вас абвінавачанне ў прыгаворы суда?
    — У прыгаворы сказана так: «Асноўнымі прычынамі, што прывялі да аварыі, з’явіліся грубыя парушэнні правілаў, устаноўленых ддя забеспячэння ядзернай бяспекі на ПАТЭНЦЫЯЛЬНА ВЫБУХОВАНЕБЯСПЕЧНЫМ ПРАДПРЫЕМСТВЕ». Адсюль і артыкул 220 КК УССР, на аснове якога мне і вызначылі дзесяць гадоў «каталажкі». Але ж атамныя станцыі ніколі не лічыліся выбухованебяспечнымі прадпрыемствамі, як, скажам, парахавыя заводы! Калі АЭС і сапраўды выбухованебяспечныя, дык праектаваць і будаваць іх трэба зусім інакш. Нейкае глупства несусветнае: да суда я ведаў, што працую на звычайнай станцыі, і толькі на судзе раптам даведаўся, што яна — патэнцыяльна выбухованебяспечная!
    Бязглуздасць такога абвінавачання відаць усім. Суд мог лёгка разабрацца з тым, што рэактар ніколі б не ўзарваўся, калі б адпавядаў патрабаванням прынятых у краіне нарматыўных дакументаў па бяспецы атамных станцый.
    — Зразумела. У вачах грамадскасці, аднак, вы выглядаеце чалавекам, што задумаў нейкі неразумны эксперымент на дзеючым прамысловым рэактары. Раскажыце, калі ласка, пра яго сутнасць.
    — Аўтарамі праграмы эксперымента былі прадстаўнік «Донтэхэнерга» Генадзь Пятровіч Мятлемка і я. Ён і раней удзельнічаў у выпрабаваннях многіх электрычных сістэм на станцыі. Сутнасць задумкі зводзілася да выкарыстання кінетычнай энергіі, назапашанай у рухомым ротары (ён круціцца) турбагенератара ў часе яго спынення.
    На кожным блоку станцыі ёсць сістэма аварыйнага ахаладжэння рэактара. Яна павінна папярэдзіць плаўленне актыўнай зоны пры разліковай сітуацыі — максімальнай праектнай аварыі. Аварыяй гэтай лічыцца разрыў трубаправода вялікага дыяметра першага контуру. Дык вось, калі ў сістэме энергасілкавання пры максімальнай праектнай аварыі адключаецца ток, дык генератар працягвае працаваць на сілкавальныя помпы з усё меншай частатой. I такім чынам ён павінен забяспечваць падачу вады ў рэактар да ўключэння сістэмы
    аварыйнага расхалоджвання працяглага дзеяння. Для таго, каб пераканацца, ці дастаткова часу работы генератара для выканання гэтай аперацыі, мы й мелі намер правесці выпрабаванне...
    Была складзена і зацверджана праграма эксперымента. Пасля катастрофы яна старанна аналізавалася мноствам спецыялістаў, і ніхто не знайшоў аніякіх памылак. Усе гаварылі, праўда, што меры бяспекі ў нашай праграмы не былі распрацаваны. Правільна. Але яны выконваліся яшчэ да пачатку гэтага эксперымента і запісаны ў іншых раздзелах праграмы. Я, атрымліваецца, вінаваты ў тым, што не перапісаў пералік гэтых мер з аднаго раздзела ў другі!
    На абсурднасць падобнага абвінавачання ніхто не хоча звяртаць увагу. Судовыя эксперты пішуць: паводле інструкцыі, на ўключэнне галоўнай цыркуляцыйнай помпы неабходна было запрасіць прадстаўніка аддзела ядзернай бяспекі. Яны ж проста не дачыталі інструкцыю, на якую спасылаюцца. Там сказана, што гэтага не трэба было рабіць «да асаблівага распараджэння». A такое распараджэнне было дадзена...
    — He крыўдуйце, але мы вымушаны спытацца: дык хто ж на самай справе тыя, хто асуджаны за аварыю, — злачынцы ці ахвяры катастрофы?
    — Мы, безумоўна, ахвяры. Персанал блока першым прыняў на сябе смяротны ўдар радыяцыі. А тыя, хто ацалеў, павінны былі яшчэ вынесці ўдар судовага разбіральніцтва і жахлівую несправядлівасць грамадскага асуджэння. Ва ўладатрымаўцаў у нашай краіне «стрэлачнікі» заўсёды пад рукою...
    Маіх таварышаў: начальніка змены блока Сашу Акімава, аператара рэактара Лёню Таптунова, начальніка змены рэактарнага цэха Валеру Перавозчанку толькі смерць уратавала ад ганьбы. Абуральна, што цынізм нашай бюракратычнай машыны не ведае межаў. Пракуратура СССР дадумалася накіраваць сем’ям Таптунова, Перавозчанкі і Акімава казённыя паведамленні аб тым, што яны вызваляюцца ад судовай адказнасці «ў сувязі з іх смерцю». Ведайце, маўляў, што вашы сыны, бацькі і мужы — злачынцы.
    Дзеля справядлівасці варта сказаць, што цяпер ісціна аб тым, што здарылася ў Чарнобылі, усё ж
    прабівае сабе дарогу. Існуюць, але пакуль што нікому практычна невядомы, такія сенсацыйныя дакументы, як справаздача інспектара Дзяржпраматамэнерганагляду A. А. Ядрыхінскага, справаздача прафесара Б. Г. Дубоўскага, вывады камісіі пад старшынёўствам I. А. Штэйнберга і мноства іншых матэрыялаў. У іх дадзены кваліфікаваны аналіз сапраўдных прычын катастрофы і практычна даказана наша невінаватасць. Дакументы гэтыя не засакрэчаны, прачытаць іх можна ў Камісіі па расследаванні прычын аварыі на Чарнобыльскай АЭС Вярхоўнага Савета СССР. Чаму ж цяпер ніхто пра іх не піша?
    3 працай згаданай камісіі я звязваю ўсе надзеі на справядлівасць.
    — Як вы, Анатоль Сцяпанавіч, збіраецеся жыць далей?
    — Адзіная мая задача — дамагчыся абнародавання праўды аб прычынах катастрофы, выратаваць ад ганьбы хоць бы памяць пра маіх загінуўшых таварышаў. Іншых асабістых планаў у мяне зараз няма і быць не можа. 550 бэр я атрымаў у час аварыі, ды яшчэ прыкладна 100 бэр — за час папярэдняй працы. Скура апалена радыяцыяй. Зараз я інвалід другой групы. Жыццё на зыходзе. Таму ўдзень і ўначы думаю толькі аб адным, хачу толькі аднаго — праўды, і нічога, акрамя праўды.