Чарнобыльская рана
Мікола Мятліцкі
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 336с.
Мінск 2003
Гутарку вялі: А. БУДНІЦКІ, В. СМАГА.
г. КіеЎ
Алесь КАЗАННІКАЎ
ЧАС ГЕРАСТРАТАЎ
Бяда ды і толькі: чалавеку заўсёды хочацца стаяць вышэй, чым ён стаіць; займаць больш значнае становішча, чым ён займае; выглядаць больш разумным, чым ёсць на самай справе. Чалавеку, асабліва з хваравітай амбіцыйнасцю, хочацца быць у цэнтры ўвагі, нават калі Бог не даў яму для гэтага ні таленту, ні здольнасцей.
Творцы заўжды былі і ёсць навідавоку, чалавецтва іх ведае, іх талентам захапляецца, іх імёны — на слыху.
А што рабіць тым, каму тварыць не дадзена, а ў гісторыю так хочацца ўлезці? Выйсце знайшоў чалавек, якога звалі Герастратам. У старажытнасці гэты чалавек зразумеў, што ў вялікіх і таленавітых людзей павінны быць антыподы: калі не кожнаму дадзена тварыць, то знішчыць вялікае тварэнне можа кожны. Тут свая раўнавага: разбуральнік вялікага становіцца таксама вядомым, як і стваральнік. Яны ідуць у гісторыі побач.
Герастрат праславіўся тым, што падпаліў адно з цудаў свету — Храм Зеўса. Ён увайшоў у гісторыю, вобразна кажучы, з чорнага ходу і стаў першым героем ганьбы. 3 таго часу яго лаўры не даюць спакою вельмі многім жыхарам планеты Зямля.
1. Вечны цуд заўсёды побач
Так ужо склалася жыццё, што новыя цуды свету зараз не ствараюцца, а калі і ствараюцца, то не аб'яўляюцца такімі; а даўнія — не захаваліся.
Але нашы герастраты добра ўразумелі: ёсць вечны цуд, не чалавекам створаны, але ён заўсёды побач і з ім можна рабіць усё, што захочацца. Гэта — Прырода. Пераўтвараць, удасканальваць, падпраўляць, ламаць і крышыць яе можна бясконца доўга і, галоўнае, беспакарана. У гэтым істотная перавага нашых герастратаў перад пачынальнікам разбуральнага гераізму.
Спаліць Храм Зеўса — вялікі грэх, але ж не крах жыцця. А вось знішчыць балоты, лясы, водныя крыніцы — гэта ўжо знішчэнне самога жыцця. Ёсць і яшчэ адна істотная розніца: сучасныя герастраты не хаваюцца ад людзей, не бягуць ад закону, яны ўваходзяць у гісторыю з параднага пад'езда — займаюць высокія пасады, кіруюць жыццём, павучаюць людзей жыццю і зусім не адчуваюць сябе вінаватымі. У нас здаўна лічылася, і зараз лічыцца, што прырода — той аб'ект, які можна і нават трэба не проста ўтаймоўваць, але і гвалтаваць, нішчыць, круціць і перакручваць, апаганьваць... Падавалася гэта і падаецца ў форме толькі гераічных спраў. Праўда, у чарзе па ўзнагароды заўсёды стаяць канкрэтныя нашчадкі Герастрата, але народ увогуле таксама побач: геройства — з'ява ідэалагізаваная, масавая. У гераічным грамадстве перавярнуць прыроду дагары нагамі — справа гонару. I ніякіх альтэрнатыў. Трэба перагарадзіць вялікія рэкі, павярнуць іх цячэнне? Ці, можа, Паўночны Ледавіты акіян кінуць у цёплы Каспій? Ды калі ласка, адным махам. Спатрэбілася прымусіць не да канца пазнаную і недастаткова спасцігнутую атамную энергію служыць чалавеку — раз плюнуць. Газеты, тэлебачанне, радыё — ура! ура! Народ пляскае ў далоні.
I шарэнгі герояў...
У былым Савецкім Саюзе не мелася рэспублікі, нават вобласці, дзе не было б сваіх гераічных эпапей. Яны павінны былі быць, інакш мясцовым герастратам не хапала поля дзейнасці. А без такога гераізму мы ўжо існаваць не маглі. Траціўся сэнс жыцця.
На Беларусі аднойчы распачалася і на многія дзесяцігоддзі расцягнулася вялікая, можна сказаць, агульнанацыянальная вайна з балотамі. Самая магутная тэхніка капала, раўнавала, трамбавала, прасавала балотныя масівы. Рабілася гэта з размахам, з вялікім шумам. Гучала музыка ў гонар пераможцаў; радыё, тэлебачанне
захліпаліся ад шчасця, газеты стракацелі аднастайнымі альбомнымі партрэтамі. I радасць, бясконцая і няўтрымная радасць, лунала над Беларуссю: збожжа не будзе куды дзяваць, купацца будзем у малацэ, а танныя мясныя вырабы раздадзім людзям бясплатна...
Будзем, будзем, будзем...
Героі, героі, героі...
Пад такое будучае была створана (а можа, і распрацавана вучонымі людзьмі?) адпаведная канцэпцыя, якая называлася вельмі нават прывабліва: рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў. Такі прынцып гаспадарання на зямлі здаўна ў нас лічыўся, ды што там — і зараз лічыцца — самым справядлівым. Здабыча карысных выкапняў, высячэнне лясоў, хімізацыя сельскай гаспадаркі, будаўніцтва магутных хімічных прадпрыемстваў, ну і, вядома ж, меліярацыя — усё было рацыянальным. А значыць правільным, адпавядаючым нейкім, нікому, праўда, невядомым нормам.
У практычным жыцці гэта выглядала прыкладна так. Скажам, спецыялісты нейкага торфаздабываючага ведамства ідуць у высокія ўладныя кабінеты і кажуць: вось гэтае балота трэба тэрмінова асушыць і здабываць там торф. Справа, маўляў, рацыянальная. Побач запаведнік? Заказнік? Пушча? Ну і што — вось разлікі: атрымаем... павялічым... эканамічна апраўдана... I — лічбы, лічбы, лічбы...
А следам прыходзяць біёлагі, географы, возеразнаўцы. Прыходзяць без лічбаў. У іх толькі логіка — разумная, жыццесцвярджальная, прыродаахоўная: тут здабываць торф нельга — нашкодзім прыродзе. А каму трэба пустая логіка? Людзі ва ўладзе паказваюць разлікі, якія патрэбны і зацікаўленым спецыялістам, і ім самім. Яны хутка студзяць гарачыя галовы прыродаахоўнікаў: вы супраць таго, каб нашы людзі жылі багата?
Хто перамагае ў такім псеўдарацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў — зразумела. Нехта ж змог даказаць, што неабходна «рацыянальна» распрацоўваць тарфяное месцараджэнне «Асвейскае», якое прымыкае непасрэдна да аднайменнага возера. У выніку ў возеры рэзка ўпаў узровень вады. Гэтак жа было меліяравана балота Дзікі Нікар — частка Белавежскай пушчы, тарфяное радовішча «Ельня» і іншыя.
Такі рацыяналізм цалкам адмятае практычны вопыт. Гэта чыста кабінетны падыход да справы, які ніколькі не абапіраецца на праўдзівае навуковае абгрунтаванне.
Прайшло не так шмат часу, а ўжо можна з упэўненасцю сказаць: тое, што некалі лічылася рацыянальным, зараз аказалася далёка не такім. Канцэпцыя выяўляла суб'ектыўныя погляды некаторай катэгорыі людзей. Была нанесена вялікая шкода прыродзе. Напачатку, калі толькі асушаліся балоты, на гэтых участках збіралі нядрэнныя ўраджаі. Радаваліся — якія, маўляў, мы прадбачлівыя. Крышачку наперад нікому не хацелася зазірнуць.
А што цяпер маем? Падводзім сумныя вынікі нашай рацыянальнасці. У Любанскім раёне асушаныя землі проста дэградзіруюць. На адной з нарад у Мінску прадстаўнік гэтага раёна з горыччу пытаўся ў залы, дзе сядзелі вучоныя, спецыялісты рацыянальнага выкарыстання прыроды:
— Што будзе з намі далей? Што нас чакае? Мы не можам сёння пракарміць сваіх людзей. Мы не ведаем, што нам рабіць. Ідзе працэс апустыньвання...
Вучоныя і спецыялісты сціпла прамаўчалі.
Вялікамаштабная меліярацыя на Беларусі ахапіла мільёны гектараў. Вялікія меліяраваныя ўчасткі, напрыклад, Палесся, злучаліся ў адзіную асушаную тэрыторыю, якая расла, разрасталася і пачынала неяк пасвойму ўплываць на навакольнае асяроддзе, фарміраваць зусім не аб'ектыўныя працэсы. Такім чынам адбылося разбалансаванне гістарычна складзенага жыцця вялікага рэгіёна. Акрамя таго, з мільёна асушаных тарфяна-балотных зямель каля чвэрці ўжо сталі непрыгоднымі для вядзення сельскай гаспадаркі — на паверхню выйшлі пяскі. У далейшым гэты працэс будзе актыўна развівацца. На думку акадэміка Мікалая Мікалаевіча Бамбалава, гадоў 50—70 мы яшчэ, мусіць, пакарыстаемся гэтымі землямі ў той ці іншай ступені, а далей яны выйдуць са строю, і людзі іх пакінуць. Зарастуць быльнягом, потым сасновым лесам... Інакш не атрымаецца, бо, каб узнавіць іх урадлівасць, спатрэбяцца вельмі вялікія сродкі.
Меліярацыя, як бачым, нічога важкага не дала беларускаму народу. He патанулі мы ў моры збажыны і не
напіліся ўволю нават паўтарапрацэнтнага малака. Замест балот узніклі пустыні, над якімі гуляюць чорныя пылавыя буры, тысячы рэк ператварыліся ў канавы.
3 такой безвыходнасці вучоныя знайшлі самае простае выйсце: неабходна па-новаму ствараць балоты. Цікавая, хоць і гучыць крыху скептычна, ідэя, і нарадзілася яна ў лабараторыі эвалюцыі глеб і дынамікі ландшафтаў Інстытута праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі, якую ўзначальвае акадэмік Нацыянальнай акадэміі М. М. Бамбалаў. 3 яго вуснаў некалькі гадоў таму нечакана прагучала фармуліроўка зусім новай канцэпцыі, новага падыходу да прынцыпаў гаспадарання, новы філасофскі погляд на прыроду ўвогуле — біясферна сумяшчальны працэс. Але гэта ўжо зусім іншая гаворка.
Дзіўная рэч, аднак людзі здаўна баяліся балот і адносіліся да іх са страшнаватым недаверам і гідлівасцю. Такая псіхалогія людзей дапамагала меліяратарам рабіць сваю разбуральную работу. I не толькі ў нас. У Заходняй Еўропе маштабная меліярацыя прайшла гадоў 200—300 таму. Значных балотных тэрыторый там ужо няма. Толькі вось карысці ад усяго гэтага еўрапейцы таксама не атрымалі. Асушаныя землі знасіліся, эфектыўнасць іх мізэрная. Цяпер немцы, аўстрыйцы, швейцарцы таксама імкнуцца вярнуць іх у першапачатковае становішча — забалочваюць.
Людзі ламаюць, перайначваюць, перакручваюць бедную прыроду па ўзроўні свайго інтэлекту. Спазналі магчымасць нішчыць — нішчаць; зразумелі першапачатковыя азы нейкай таямніцы — і ўжо ламаюць аснову жыцця, упэўненыя, што прырода не так зрабіла, памылілася. Расчараванне прыходзіць потым, часта з другімі пакаленнямі людзей, калі ўзровень чалавечага мыслення падымецца да ўзроўню вышэйшага пазнання. Але гэта ўжо сённяшняга чалавека не цікавіць — яно будзе пасля яго. Эгаістычная істота не баіцца суда нашчадкаў.
Сёння настаў час пераасэнсавання ролі балот у жыцці ўсёй планеты. Вучоныя ўжо даўно зразумелі, што калі асушаюцца балоты, то разам з тым назаўсёды знікаюць многія проста незаменныя іх функцыі: біялагічныя, акумуляцыйныя, міжкругазваротныя, ландшафтныя. Скажам, яшчэ зусім нядаўна пра газаачы-
шчальныя магчымасці балот і ў нас, і за мяжой гаварылася вельмі нясмела. Успаміналіся з гэтай нагоды толькі лясы — лёгкія зямлі. Але аказалася, што балоты лепш ачышчаюць паветра. Зараз спецыялісты прыйшлі да вываду, што тры-чатыры працэнты балот планеты ачышчаюць атмасферу з такой эфектыўнасцю, як гэта могуць зрабіць усе лясы, што займаюць больш за 30 працэнтаў тэрыторыі.
Што тычыцца Беларусі, дык паводле ацэнкі лабараторыі акадэміка М. Бамбалава балоты фільтруюць паветра ў 10—16 разоў эфектыўней, чым лясы.