Чарнобыльская рана
Мікола Мятліцкі
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 336с.
Мінск 2003
«Інфармацыйнае паведамленне КДБ УССР у ЦК КПУ аб нестабільнай маральна-псіхалагічнай атмасферы сярод работнікаў Упраўлення будаўніцтва Чарнобыльскай АЭС. 22 жніўня 1986 года».
«20 жніўня 1986 года каля 20 гадзін на дошцы аб'яў Палескага СПТВ-10, дзе часова размешчаны каля 800 рабочых Упраўлення будаўніцтва ЧАЭС, нам. сакратара партыйнай арганізацыі выявіў і сарваў аб'яву (выканана фламастэрам на аркушы белай паперы 1 м на 0,5) з заклікам падрыхтаваць калектыўны ліст у ЦК КПСС, a таксама выехаць у Кіеў, у розныя інстанцыі, паколькі ў сувязі з рашэннем Мінэнерга СССР частка кватэр, выдзеленых для рабочых гэтага ўпраўлення, была перададзена Дырэкцыі АЭС. 3 рабочымі праведзена растлумачальная гутарка. Адмоў ад выхаду на працу і негатыўных праяў не было».
Далей усё пайшло сваёй чарадою. Рапарты пра недахопы ў рабоце па ліквідацыі наступстваў аварыі, пра парушэнні ў збудаванні «саркафага» над узарваным рэактарам, пра пападанне радыеактыўных вод у басейны рэк Дзясна і Днепр, пра сельскагаспадарчую прадукцыю — малако і мяса, заражаныя радыенуклідамі, — іх было рэкамендавана пакласці ў халадзільнікі Данецкай і Жытомірскай абласцей, а пасля рэалізаваць праз гандлёвую сетку.
Знамянальна, што апошнія дакументы ў пераліку датуюцца «перыядам развалу Савецкага Саюза». Што адбываецца цяпер на ўжо непрацуючай, але па-ранейшаму небяспечнай Чарнобыльскай АЭС, у час дзяржаўнай незалежнасці Украіны, нам раскажуць праз паўвека.
г. Кіеў
Вадзім КАРПАЎ, Станіслаў ПРАКАПЧУК
ЗОНА АДЧУЖЭННЯ
Па дарозе ў Чарнобыль на кантрольна-прапускным пункце каля ўезда ў зону да нас падсаджваецца спадарожніца — Зінаіда Бондар. Яна, як высвятляецца, супрацоўнік экалагічнага цэнтра, які займаецца вывучэннем мясцовых прыродных анамалій.
Чарнобыль
— Ласі цяпер тут такія здаравенныя, — дзеліцца яна навінамі з радыеактыўнага лесу. — Вельмі шмат ваўкоў развялося. Мы спецыяльна пасялілі ў зоне коней Пржавальскага — яны ахвотна ядуць радыеактыўную траву. Спачатку шэрыя драпежнікі іх забівалі, але конікі хутка асвоіліся і навучыліся даваць адпор. Збіраюцца ў выпадку небяспекі ў табун — старэйшыя жывёлы становяцца па перыметры, малодшых заганяюць у цэнтр. Дзікоў таксама вельмі шмат, але іх мяса дрэннае, «бруднае». А вось сала есці можна, у тлушчы няма радыяцыі. Кураціна, дарэчы, таксама больш ці менш чыстая.
— А што яшчэ можна ўжываць з мясцовых прадуктаў?
— Грушы, яблыкі. Яны радыяцыю не назапашваюць і валодаюць радыепратэктарнымі якасцямі. Як і морква, буракі. Чарніцы ж, грыбы — катэгарычна нельга. А вось з-пад гэтага моста цераз Прыпяць, — паказвае нам экалагічны праваднік, — зараз кожны год у кастрычніку на дарогу выпаўзае мноства змей. Чаму — невядома. Раней такога не назіралі...
Аварыя прымусіла Чарнобыль марудна і пакутліва паміраць. Выглядае горад як нейкае паўсоннае царства, напоўненае бляклымі дамамі і вуліцамі. На многіх вокнах фольга ці празрыстая плёнка — хоць якая, але ахова ад радыеактыўнага пылу. Гарадскія фарбы сцёрты — нічога яркага, прыкметнага. Усё па-асенняму цьмянае і шэрае, нібыта глядзіш чорна-белы фільм.
Ніводнага святлафора, ледзь поўзаюць грузавікі і аўтакраны. Правіла руху для пешаходаў адно, і лепш захоўваць яго няўхільна: нельга сыходзіць на абочыну. Інакш можна трапіць у прытоеную радыеактыўную пляму...
Жывуць у горадзе вахтавікі, якія абслугоўваюць канчаткова пакінутыя колькі гадоў назад блокі злашчаснай АЭС. Графік такі: два тыдні ў радыяцыі, два тыдні дома. Працуе ў зоне прыкладна 8 тысяч чалавек. 3 іх 4 тысячы — па лініі МЧЗ, 600 міліцыянераў. Сустрэлі мы і супрацоўнікаў рэспубліканскага антытэрарыстычнага цэнтра. Нядаўна з улікам сітуацыі ў свеце яны ўзялі ЧАЭС пад свой кантроль.
Асноўная форма вопраткі прахожых — абарончы камбінезон і цяжкія чаравікі. Жанчын зусім мала. Hi кветак, ні водару духоў.
Няма і ўжо, відавочна, ніколі не будзе тут загса, раддома, школ, тэхнікумаў... Але нейкія прыкметы і сёння, праз столькі год пасля аварыі, зберагаюцца. Вось справа па вуліцы паштовае аддзяленне. Штомесяц праз яго праходзіць каля дзвюх тысяч пісем. У асноўным для арганізацый. Па адрасах сельскіх самасёлаў, якія не пажадалі пакідаць сваю радыеактыўную радзіму, паштовая крынічка бедная — 40-60 пасланняў. Іх развозяць не спяшаючыся, раз у месяц разам з пенсіямі.
Сам Чарнобыль быццам бы знік з геаграфічнай карты. Усе пасланні, пераводы, газеты паступаюць на паштовы індэкс пасёлка Іванкова, які знаходзіцца непадалёку, але за межамі 30-кіламетровай зоны.
Выходзіць у пракажоным горадзе свая газета — «Чарнобыльскі веснік». Працуюць чыгуначная каса, аптэка, паліклініка, тэлеграф, ашчадная каса, кафэ, некалькі харчовых магазінаў. У кожнай кропцы грамадскага харчавання ўстаноўлены радыёпрыёмнікі (яны ўключаны пастаянна) і тэлефон экстраннай сувязі на той вы-
падак, калі радыяцыя вырвецца з аварыйнага чацвёртага блока. Такая магчымасць не выключаецца, і таму над саркафагам, ці, як яго называюць, аб’ектам «Укрыццё», мяркуецца ўзвесці яшчэ адзін гіганцкі каўпак.
У чарнобыльскіх магазінах — паўфабрыкаты, каўбаса, садавіна, мяса... Цэны як і паўсюдна. Асаблівы попыт у вахтавага народу на тварожныя сыркі, малако і алкаголь. Прадаюць «градусы» не ўвесь дзень, а толькі з сямі вечара. Адзін час у зоне ўвогуле дзейнічаў «сухі» закон, пакуль народ не пачаў атручвацца самапалам, які аказаўся страшней за нукліды. Дарэчы, спецыялісты пры паездцы ў насычаныя мікраі макрарэнтгенамі тэрыторыі рэкамендуюць «патрошку ўжываць».
— Самы папулярны ў нас напой — гарэлка, — прасвячае прадавец аднаго з мясцовых бараў Андрэй Клімаў. — Самае ходкае віно — «Каберне», самы п’яны дзень — аўторак, калі вахта пачынаецца, а самая папулярная закуска — карамель. Пакаштуйце...
— А колькі алкаголю ў сярэднім купляюць вахтавікі?
— Прыкладна па паўлітра на брата ў суткі. Жанчыны звычайна бяруць дэсертнае віно.
Ёсць у Чарнобылі і свая гарадская міліцыя. Але работы ў яе не асабліва многа. Арганізаванай злачыннасці тут няма — і яе радыяцыя патруціла. Прастытуцыя, наркаманія, бандытызм — гэта турботы вялікага свету, але не зоны. Самае распаўсюджанае злачынства — кватэрны крадзеж. Ды і тых нямнога. Часцей за ўсё вартавым парадку прыходзіцца адлаўліваць у зоне бамжоў і ўцеклых злачынцаў, якія спрабуюць знайсці ў пакінутай хаце прыстанак або вывезці праўдамі і няпраўдамі радыеактыўны метал.
Ніводнага таксі, ніводнай вясёлай кампаніі. Hi рэкламы, ні афіш. Такое ўражанне, што горад заснуў і яго забылі разбудзіць. Ды і цішыня тут якаясьці асаблівая. Цісне так, быццам даўно знаходзішся ў замкнутай прасторы. Потым разумееш, адкуль узнікае такі настрой. Ва ўсім горадзе — ніводнага дзіцяці. He чуваць дзіцячага смеху і гоману. Чарнобыль — горад напужаных дарослых, якія добраахвотна прыходзяць у радыяцыю. Haro — зразумела. Тут ёсць праца. За рызыку і шкоднасць плацяць гусцей (сярэдняя зарплата ў зоне — 150 долараў), грошы не затрымліваюць. АЭС хоць і зачынілі, але
яшчэ патрэбна супакоіць яе плоць, канчаткова вывесці з эксплуатацыі сотні тон ядзернага паліва.
Уваход у адміністрацыю зоны — прыкметны. Над пад’ездам гарыць экран штатнага дазіметра — ён паказвае гарадскі фон. Зараз высвечваецца 77,3 мікрарэнтгена, што разоў у сем вышэй, чым, скажам, у Маскве. Усім без выключэння наведвальнікам трэба прайсці праз турнікет радыеактыўнага кантролю. Дзяжурны ахоўнік паказвае, як стаць, як прыкласці да датчыкаў далоні.
Нас прымае сам начальнік адміністрацыі Зоны адчужэння (дзе яшчэ ў свеце ёсць такая?) Уладзімір Халоша. У яго прыёмнай радыеактыўны фон меншы, чым на вуліцы, — каля 50 мікрарэнтген, і пышна, як у рэнтгенаўскіх кабінетах, зелянеюць у гаршках расліны.
— Уладзімір Іванавіч, вы ў Чарнобылі працуеце ўжо не адзін дзесятак год. Аб зоне ходзіць многа чутак, легенд... Што ёсць, чаго няма?
— Міф першы. Нібыта ў зоне яшчэ да аварыі праводзіліся вопыты па замбіраванні людзей у межах Украіны. Так, быў у трох кіламетрах ад АЭС так званы Чарнобыль-2, дзе дзейнічала мацнейшая радыелакацыйная станцыя супрацьракетнай абароны. Яна і зараз стаіць, толькі не функцыянуе. Але гэта лакатар, не больш таго.
Міф другі. Радыяцыя нібыта парадзіла новую пароду жывёл — воўка-сабак. Маўляў, гэтыя істоты нябачаных памераў з лютасцю звера і хітрасцю дамашняй жывёлы. Так, з’явіліся вельмі вялікія калматыя дварнякі памерам з добрую аўчарку. Але мутантаў лавіць не прыходзілася. Змены ў прыродзе, канечне, назіраюцца. Каля закрытага горада Прыпяць ёсць, напрыклад, сасновая алея з незвычайна доўгімі голкамі. А вось паглядзіце фатаграфію гэтай гіганцкай савы — яна прыляцела днём прама да АЭС...
— Ёсць у зоне свае анекдоты?
— Поўна. Вось хаця б такі. Бабку ў лесе спыняюць: «У цябе ж грыбы ў кашолцы радыеактыўныя — 2000 мікрарэнтген». — «Дык не для сябе ж збіраю — на продаж».
Смяяцца не хацелася, таму што анекдот моцна быў падобны на праўду.
Яшчэ даведаліся, што ёсць у Чарнобылі свая футбольная каманда, у якой гуляе і сам Халоша.
АЭС
Памятаецца, яшчэ год дзесяць назад пры пад’ездзе да АЭС стаялі прыціхлыя хаты эвакуіраванага сяла Капачы. Дазіметр паказваў тады 900 мікрарэнтген. Зараз тут палянка. I толькі старыя яблыні нагадваюць, што калісьці ў гэтым месцы было жыллё. Дамы так безнадзейна і «гучна» фанілі, што ў рэшце рэшт пахавалі ўсю вёску.
Галоўны інжынер энергаблокаў па эксплуатацыі Андрэй Шацман падрабязна, але без усялякага энтузіязму апавядае нам, як і калі будуць канчаткова ліквідоўваць АЭС. Ён таксама па-свойму хавае станцыю. Але калі мы гаворым яму аб гэтым, субяседнік усур’ёз злуецца:
— У кожнай АЭС ёсць свой тэрмін эксплуатацыі. Нічога асаблівага ў маёй працы няма, — і пачынае шкуматаць шарыкавую ручку.
— Пра тую аварыю багата рознага гавораць. I аб нібыта дыверсіі і нават аб умяшальніцтве агрэсіўных іншапланецян. А што ўсё ж такі, на ваш погляд, тады сталася?
— Гэта была памылка персаналу і канструктараў. Нічога іншага. Нельга было выводзіць рэактарную ўстаноўку ў крытычны стан...
Прыпяць
Ад АЭС да былога горада атамшчыкаў Прыпяці кіламетры два. Справа па ходу машыны застаецца саркафаг, наперадзе мост цераз чыгуначныя пуці. I сёння пераадолець яго лепш як мага хутчэй — ён быў накрыты тады радыеактыўным воблакам. Злева ад дарогі ў высокай сухой траве ўзвышаюцца, як сланечнікі, галоўкі чырвоных макаў, што папярэджваюць аб нябачнай небяспецы. Тут, напэўна, самыя грозныя плямы Зоны. Сам горад ужо наперадзе. Ён як быў, так і застаўся арыштаваным — за калючым дротам. У яго адзін уезд. Ля шлагбаума ўзброены нарад з чатырох міліцыянераўвахтавікоў. Уважліва правяраюць пропускі, дазвол на фотаздымку.