Чарнобыльская рана
Мікола Мятліцкі
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 336с.
Мінск 2003
А пан жа тут, у Верхніх Жарах, атабарыўся з далёкім прыцэлам. Два кіламетры да Дняпра, а рака на той час была і дарогай, і чыгункай, і небам. Да Дняпра ён праклаў вузкакалейку. Пабудаваў спіртзавод. Вырабляў дзёгаць і шкіпінар. Гандляваў лесам. У канцы пяцідзесятых — пачатку шасцідзесятых гадоў у лясніцтве працаваў бухгалтарам Пётр Коваль, які быў бухгалтарам і ў пана, то хваліў свайго былога гаспадара і любіў падкрэсліваць, што калі выдаваў заработную плату людзям, то ніхто і ні ў якіх ведамасцях не распісваўся — сам для сябе, каб не забыцца, ставіў «птушачку», і ўсяе справы. Давер у чалавека да чалавека быў незвычайны.
А пра што яшчэ гаварыў бухгалтар Коваль, папытаць няма ў каго...
Быць на Брагіншчыне і не наведаць вёску Чыкалавічы — недаравальна.Тут нарадзіўся і вырас народны мастак Беларусі Гаўрыла Вашчанка, выдатны мастак і мудры чалавек. Нядаўна ў Гомелі адчыніла дзверы карцінная галерэя, якая носіць яго імя. Рэдкі выпадак, калі пры жывым класіку называюць рэчы, як кажуць, сваімі імёнамі. Але ж так здарылася, і мы пабывалі ў вёсцы Вашчанкі, з якой ён па Дняпры паплыў некалі ў Кіеў, каб паступіць у мастацкае вучылішча. Чыкалавічы, на жаль, напаткаў лёс шматлікіх вёсак, што трапілі пад чарнобыльскі пыл: яна адселена...
Па гарбачоўскай дарозе едзем у напрамку Чарнобыля. Спадзяёмся нейкім чынам прабрацца праз кантрольна-прапускны пост. Пашынскі трымае пакуль у тайне, як ён будзе гэта рабіць, але калі вязе, то, пэўна ж, спадзяецца на лепшае.
Па дарозе заўважаем вялізны, тоўсты і буйны ланцуг, якім абхоплены дуб. Крымінскі тлумачыць, што гэта будаўнікі дарогі пакінулі памяць пра сябе. Далей была некалі глыбокая яма, куды прывозілі і злівалі малако з усяго Брагінскага раёна.
— He было чым дыхаць, — здаецца, і сёння казытнуў нос той пах вадзіцелю.
Пайшлі шыльды на ўкраінскай мове. Як і нашы, просяць берагчы лес. Але шыльды старыя, выцвілі на сонцы. Ды ўражвае не гэта — уражвае бязлюддзе. Hi машын, ні людзей. Толькі ліса перабегла дарогу. Гнятліва.
На КПП Уладзімір Іванавіч доўга звоніць аднаму яму вядома куды, чакае. Прапаршчык-міліцыянер добра шпарыць на ўкраінскай мове, распытвае, як жыве Беларусь, расказаў нам анекдот, спярша, праўда, пацікавіўся, адкуль узялася беларуская мова. «Напіўся хахол і загаварыў па-руску...» Анекдот з барадой, але прапаршчык умела і да месца яго расказаў, таму злёгку ўсміхнуліся. Мы таксама пажартавалі: сказалі, беларусы не п'юць, a то і яны б такім чынам вынайшлі ўкраінскую мову...
Атрыманы дазвол на праезд, і неўзабаве на мосце праз Прыпяць спыняемся. У смузе бачым ЧАЭС. Далекавата. Здымак не атрымаецца. Таму едзем далей, a мост, які, дарэчы, пабудаваны адразу ж пасля аварыі, раней тут была паромная пераправа, застаецца ззаду. Нас ужо чакае дырэктар «Чарнобыльлесу» Мікалай Ka-
летнік. 3 Пашынскім яны старыя знаёмыя, у сакавіку абавязкова сустракаюцца на нейтральнай паласе і заключаюць дагавор на супрацоўніцтва, а мы прадстаўляемся. Калетнік ахвяруе візітоўкі, з якіх, акрамя ўсяго, даведваемся, што ён вучоны-лесавод — кандыдат сельскагаспадарчых навук, піша кніжкі, і, як аказваецца, вельмі прыемны чалавек. I — аўтарытэтны ў Чарнобылі. Асабліва, калі апрануў свой «генеральскі» мундзір: вельмі пасуе яму, нічога не скажаш!
— Што, да атамнай?
— Да атамнай!
Канечне, быць у Чарнобылі і не паглядзець на той чацвёрты блок, што начадзіў цэзіем на ўвесь белы свет, недаравальна. Зноў званкі, узгадненні... Тут ужо гаспадар Калетнік. Усе пытанні вырашаюцца станоўча, атрымліваем дазвол і займаем месцы ў «Волзе» дырэктара «Чарнобыльлесу». Мікалай Мікалаевіч спярша знаёміць нас з горадам. 3 горадам Чарнобылем. Там-сям сустракаюцца людзі, аўтамашыны. Шмат пакінутых хат, у шматкватэрных дамах не ўсюды фіранкі на вокнах: здагадваемся, што там ніхто не жыве. Затое ў горадзе жыве шмат дзікоў. Калетніку нават мясцовыя ўлады паставілі задачу паляваць на іх, a то, бач ты, ходзяць тут, як у лесе. Нахабнікі! Калетнік адмовіўся, сказаў, што ў горадзе на паляванне не ходзяць — небяспечна. Але факт гэты гаворыць багата пра што. Больш таго, у «Чарнобыльлесе» Калетнік ліквідаваў егерскую службу— скараціў, такім чынам, каля сарака чалавек. «Не патрэбна яна нам». Ворагаў нажыў. Аднак, лічыць, паступіў правільна: тут сёння не да егерства...
На вуліцы імя Кірава спыніліся каля помніка чарнобыльцам. «Тым, хто выратаваў свет», — такія словы прачыталі на ім. А потым — прамой дарогай на атамную. На КПП прапусцілі, ледзь не казырнуўшы. Рыжы лес, што атруціўся адразу ж, убралі, а на яго месцы пасадзілі ўручную новы. I вы б пабачылі, як ён хутка вырас.
На атамнай ціха, не відаць людзей, толькі корпаюцца некалькі рабочых, што ўзводзяць сховішча для адыходаў. Насупраць — пяты і шосты блокі, так і не дабудаваныя. Мы ж дзівімся на чацвёрты блок, які шмат разоў бачылі на тэлеэкране, на здымках у газетах. Нават не верыцца, што некалі тут быў такі мурашнік. Цішыня...
Вярнуліся ў Камарын прыцемкам. Як там наш рыбак М. Мазалаў? Ці пашчасціла? Кажуць, удача яму заўсёды спадарожнічае на рацэ. Як, прынамсі, і ў жыцці. Ужо 48 год ён працуе ў лесе. Уяўляеце? Зніміце перад гэтым чалавекам шапку пры сустрэчы. Выглядае ж, як і падкрэслівалі лясгасаўцы, ён значна маладзей за свае гады. Моцны яшчэ дзядок! I прапаноўваем, каб не губляць часу, Мазалаву праехаць з намі па адселеных вёсках — па дарозе ў напрамку Хойнікаў, ён ахвотна пагаджаецца, і мы кранаемся. Сам Мікалай Паўлавіч з вёскі Старая Слабада Буда-Кашалёўскага раёна, але лічыць сябе карэнным камарынцам. Сюды на выхадныя прыязджаюць яго дзеці, дачка і сын, з Гомеля, яны маюць вышэйшую адукацыю, уладкаваліся, як лічыць бацька, добра...
«Уазік» нясе нас па закінутай асфальтаванай дарозе, застаюцца ззаду пасёлак Сонечны (пра яго нават, падкрэслівае У. Пашынскі, Цэнтральнае тэлебачанне паказвала сюжэт, а цяпер і новы жывёлагадоўчы комплекс, і шматкватэрныя дамы для рабочых зеўраць на нас пустымі вачніцамі вокнаў), застаюцца ззаду вёскі Савічы, Пучын, Ясені... Вёскі без людзей. Вёскі без будучыні. Адны назвы на шыльдачках — каб ведалі, што яны былі... Але ўсюды, як вокам акінуць, расце лес.
Вось на такой зямлі жывуць і працуюць камарынскія лесагаспадарнікі.
Пад Чарнобылем.
Побач з Чарнобылем...
Міхась КУЧКО
ГДЗЕНЬ
Мы скалелі ўшчэнт. I моцна баяліся. Бо наш «уазік», які для журналіста-раёншчыка тое самае, што «эмка драная» для франтавых карэспандэнтаў апошняй вайны, пагрозліва скрыгатаў жалезам, раз-пораз торгаўся з цвёрдым намерам спыніцца канчаткова. Чаго і баяліся. Бо на вуліцы позні вечар, мароз пад сорак градусаў, а на трасе Камарын — Брагін, на якой мы знаходзіліся толькі недзе пасярэдзіне, ні спадарожных, ні сустрэчных машын не прадбачылася, і мы, вадзіцель Саша, фотакарэспандэнт Міша Самойленка і я, рызыкавалі проста замерзнуць. He ратавала і тое, што з правага ад шашы боку, літаральна ў паўкіламетра ўзвышаліся шматпавярхоўкі даволі вялікага і суперсучаснага па тым часе пасёлка Сонечнага. Пасёлак быў, ды вокны ў ім не свяціліся, як тое павінна было быць, а глядзелі на нас пустымі, без шкла і нават саміх рам, аканіцамі. Выселілі Сонечны. Як і Піркі, што злева ад шашы. Як Савічы, што меліся быць наперадзе: радыяцыя, д'ябал на яе. Так што, чуйна прыслухоўваючыся да тужлівага вуркатання рухавіка і памагаючы Сашу падтрымліваць у «празрыстым» стане «прафуканую» дзірачку ў ветравым шкле (печка «ляснула»), мы ўжо дамовіліся, што калі што якое, перш-наперш падпалім «запаску», потым... Дзякуй Богу, даехалі, стукаючы зубамі, уваліліся ў рэдакцыйную качагарку і мітусліва сунулі рукі прама ў полымя. Гарэлка,
якую ледзь адкаркавалі і якая ад марозу стала падобная на алей, не толькі не сагрэла, а лягла дзесьці ля грудзей слізкім ледзяным камяком...
Птушкі і гнёзды
Было гэта ў першыя дні 1987 года, і вярталіся мы з вёскі Гдзень. Гэта, гляньце на буйнамаштабную карту Беларусі, самая паўднёвая кропка не толькі так званага «Камарынскага апендыксу», але і ўсёй Беларусі. Ад Гдзені, калі направа глядзець, з паўсотні кіламетраў да Чарнігава. А калі налева, то праз васемнаццаць кіламетраў будзе... Чарнобыль, яшчэ праз колькі — горад (цяпер яго называюць прывідам) Прыпяць і тая самая Чарнобыльская АЭС.
Гэтае вось суседства і зрабіла вёску і яе ваколіцы, апісаць прыгажосць якіх у мяне проста не хапае слоў: адзін Днепр, які тут, перад самым Кіеўскім вадасховішчам, ужо не Дняпрыска, як дзе-небудзь каля Смаленска, а сапраўдны магутны Дняпро, чаго варты — вырачаны. Людзей, больш за чатырыста чалавек, што спрадвеку жылі ў Гдзені, гулялі вяселлі, хрысцілі дзяцей, хавалі нябожчыкаў, ператварыла, так бы мовіць, у птушак, што раптам згубілі свае гнёзды. Праўда, напачатку, у тым жа 87-м, усё, як гэта ні дзіўна, выглядала не так трагічна.
Дык вось, падчас той, ледзьве трагічна не закончыўшайся паездкі ў Гдзень было ў нас нямала цікавых сустрэч з яе насельнікамі. Мы доўга гутарылі тады з тагачасным старшынёй калгаса «Чырвоная Украіна» Уладзімірам Ковалем. Гутарылі пры святле газніцы, і, памятаю, Уладзімір Іванавіч ад гэтага ледзь не кіпенем пырскаў і праз слова ўжываў непарламенцкія, як зараз кажуць, выразы: мацюкаўся, значыць. У адрас нейкага невядомага шафёра, які з п'яных вачэй «взяв і наехав» на электрычны слуп.
Старшыню, ад слоў якога ў цеснаватым пакойчыку ўсё звінела, а ад сцен рэхам адбівалася «маць... маць... маць...», можна было зразумець. Коваль быў тут старшынёй усяго тры гады, на сваім, лічы, карку выцягнуў
хранічна стратную гаспадарку ў прыбытковую (40 працэнтаў рэнтабельнасці па выніках 86-га) і зараз балюча перажываў за любы збой у адладжаным механізме.
Калі вы думаеце, што Коваль вар'ят, бо які нармальны чалавек будзе дбаць пра прывагі і надоі, калі вось ён, побач, яшчэ, здаецца, не пахаваны пад саркафагам рэактар, калі ўсё наўкол шчодрай д'ябальскай рукой пасыпана цэзіем, стронцыем і плутоніем, то памыляецеся. Проста старшыня і вяскоўцы думалі, што цяпер яны будуць жыць тут стала, а ўсё, што было раней, — сон розуму.
А было вось што: Гдзень, як і безліч іншых брагінскіх вёсак, у маі эвакуіравалі. Дзяцей адвезлі падалей, у лагеры і санаторыі, а сталых вяскоўцаў размясцілі па кватэрах у Шкуратах і Кавацы. Сюды ж перагналі жывёлу, паставілі яе ў летнія лагеры. Вяскоўцы пакрысе супакоіліся, заняліся звыклай сялянскай справай. Частка механізатараў, да прыкладу, шчыравала на мясцовых сенажацях. Другая...