Чарнобыльская рана
Мікола Мятліцкі
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 336с.
Мінск 2003
Спачатку згінула Вялікае княства Літоўскае, кануў у вечнасць яго статут, потым пайшлі чарадой іншыя гістарычныя катаклізмы. Ну а што тычыцца апошняга часу, то, як сцвярджаюць некаторыя філосафы, неспрыяльную экалагічную сітуацыю, што склалася на постсавецкай прасторы, можна разглядаць як вынік ідэалагізацыі культуры, якая канчаткова знішчыла экалагічную традыцыю і парадзіла на белы свет цэлую армію новых герастратаў. Ідэалагізаваная культура павінна была з'явіцца ў адпаведнасці з ідэалагічнай праграмай «вялікага пераўтварэння прыроды», дзе экалогія, як такая, проста ігнаравалася.
Дык хто спыніць сённяшніх герастратаў?
Электарат маўчыць. I будзе маўчаць вельмі доўга, пакуль нарэшце ён не знойдзе ў сабе сілы зноў spa-
біцца народам і выцягнуць на святло ўсіх, хто спараджае зло. Іх і шукаць далёка не трэба. Яны побач: амбіцыёзныя палітыкі, якія толькі і ўмеюць прыгожа гаварыць; эканамісты, якія ніколі ніякіх эканамічных праблем не вырашалі; вучоныя, так да канца і не зразумеўшыя вялікую сутнасць свайго прызначэння...
Ненармальнасць, скажонасць, рабалепства...
I ў такой скажонасці — таксама помста прыроды. Яна пазбаўляе нас здароўя, цвярозага розуму, душэўнасці, суперажывання, магчымасці радавацца натуральнаму жыццю; яна адпраўляе нас на пагост...
Датэрмінова.
I гараць над нашай радзімай свечкі...
Васіль ТКАЧОЎ
ЧАРНОБЫЛЬ ЗУСІМ БЛІЗКА
Камарын. Ад райцэнтра Брагіна да яго 50 кіламетраў. Другі бераг Дняпра — ужо Украіна. Побач і Чарнобыль. Горад і той чацвёрты блок, што атруціў зямлю, лес і чалавецтва. Але перш чым адправіцца ў Камарынскі лясгас, вырашылі напаследак заглянуць у Брагінскі краязнаўчы музей. Аднаго з нас цікавіць: дзе ўсё ж той славуты метэарыт захоўваецца, пра які некалі шмат пісалі і на які маюць вока нават маскоўскія спецыялісты? У Хойніках няма — самі праверылі. У Камарыне, кажуць, таксама. Пакуль вадзіцель Камарынскага лясгаса Уладзімір Крымінскі адвозіў паперы ў банк, а з дырэктарам Хойніцкага лясгаса У. Луцко яшчэ не развіталіся, то вырашылі праехаць на ягонай «Волзе» да музея... Бачу, паглядзець, што з сябе ўяўляе той метэарыт, захацелася і Уладзіміру Мікітавічу.
I мы знайшлі метэарыт! Ляжаў ён на століку ў фае і добра быў бачны праз расчыненыя насцеж дзверы. Наблізіліся. He адразу намі зацікавіліся, што дало падставу падумаць: і якая ж тады ён каштоўнасць, калі асабліва і не ахоўваецца? Ці, можа, тут, у Брагіне, дзе ўсё прыцярушана радыяцыяй, асаблівыя адносіны да каштоўнасцей не толькі матэрыяльных, але і духоўных? А метэарыт — вось ён. Генадзь Говар паспрабаваў падняць, з першага разу не атрымалася: усё ж 38 кілаграмаў важыць. Гэта ён, дарэчы, больш чым хто шукаў ме-
тэарыт... Цяпер вось мацае рукамі, дзівіцца: і што за метал, што за сплаў? He разумее. Метал і метал. А сам метэарыт занесены ў метэарытны каталог свету пад назвай «Брагін». Таму што паблізу ад гэтага райцэнтра ўпаў, прадраўшыся неяк праз шчыльныя слаі атмасферы, — не згарэў. Першыя метэарытныя дажджы тут зафіксаваны яшчэ ў 1807—1809 гадах.
і ўжо будучы каля чацвёртага блока Чарнобыльскай АЭС, падумалася: нейкае тут месца гіблае, праклятае, ці што, бо ўсё ляціць, сыплецца на галовы людзей. Акрамя дажджу. Сёлета яго ў гэтых мясцінах надта ж мала выпала...
Вось такая аказія.
3 лясгасаўскім вадзіцелем Крымінскім дарога да Камарына падалася надта блізкай. Гаварун. А сказаць што чалавеку ёсць. Сам з Карпатаў, будаваў некалі Чарнобыльскую атамную, у Камарыне напаткаў каханне. Паляўнічы. Рыбак. Чаму дамоў не вярнуўся? Усё ж — аварыя, а Камарын побач. Адказ адзін: а мне тут прырода падабаецца. I кропка!
— Пасля аварыі, помню, прыехалі нейкія спецыялісты ці начальнікі, — Уладзімір Крымінскі ўсміхаецца, — і ў масках ходзяць. А нашы дзеці на вуліцы гуляюць. Тады я і кажу аднаму з іх: эй, друг, не палохай дачку! Бачыш, плакаць сабралася. Знімі маску. He паслухаўся. А на Украіну езджу іншы раз. Рэдка. Цяпер шмат туды не наездзішся.
Спярша яшчэ пра Камарын, пра яго мінулы і сённяшні дзень. Прайшліся пехам па гарпасёлку з дырэктарам лясгаса Уладзімірам Іванавічам Пашынскім. Зазірнулі ў бібліятэку, пастаялі каля школы, памылі рукі ў Дняпры.
Камарын — першы населены пункт у Беларусі, вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Цішыня і спакой тут. На слупах ці дошках аб'явы кшталту наступных: «Прадаю карову. Прадаю дом... Адбудзецца дыскатэка, кошт квітка 616 рублёў». У сераду прыязджае фатограф. Пашынскі падказвае: «3 Украіны». Ад яго таксама даведваемся, што бальніца, міма якой праходзім, знаходзіцца ў памяшканні былога райвыканкама. Старшыня пасялковага савета Уладзімір Карташ спыніўся каля помніка воінам-вызваленцам, цікавіцца, як ідзе рэстаўрацыя. У школе ўсе прадметы выклада-
юцца на беларускай мове. Забыліся людзі, як звалі Хаўкіна, працаваў некалі ён у культуры, памёр, а яго «Камарынскі вальс» і сёння тут спяваюць. Каля лясгаса маленькая аўтастанцыя. Побач стаіць вольнае памяшканне з забітымі вокнамі, можна было прыстасаваць пад аўтастанцыю, аднак на рамонт няма грошай. Хлеб прывозяць з Брагіна ці нават з Хойнікаў, свайго завода няма. Няма і малаказавода. Кажуць, танней быццам бы прывезці хлеб і малако, чым вырабляць на месцы.
Вось у такім гарпасёлку, прыгожым і ўтульным, ціхім і падобным на вялікую вёску, дзе адзін аднаго ведае, месціцца лясгас. Hi для каго не сакрэт, што ён тут карыстаецца аўтарытэтам, як і чалавек, што носіць зялёную форму. Працоўных месцаў асабліва ў гарпасёлку не знойдзеш, а лясгас дае такую магчымасць. Няхай не вялікія грошы, але выплачвае людзям іх амаль што рэгулярна. Уладзімір Крымінскі, бы між іншым, нагадаў дырэктару, што заўтра трэба ехаць у Брагін — па зарплату, а заадно можна вырашыць і нейкія іншыя справы. Ехаць па зарплату — адчувалася, занятак амаль што святочны. Але ж, каб ехаць па грошы, трэба іх зарабіць. Прыходзіцца круціцца і самому Пашынскаму, і ягоным намеснікам, і рабочым... Лес і корміць. Але ён бы мог карміць і лепш, толькі ўсе лясгасы, пагадзіцеся, прапаноўваюць на экспарт адно і тое ж — еўрапакеты... Маракавалі ў Камарыне, як бы пашырыць асартымент, але пакуль нічога канкрэтнага не прыдумалі. Хацелі рабіць рудстойкі для шахтаў Данбаса, па Дняпры і адпраўляць іх можна, але суседзі з «Чарнобыльлесу» не параілі: panep шмат разумных хлопцаў развялося, у дарозе ўсё «прыхватызуюць», і канцоў не знойдзеш.
А лясгас расцягнуўся з поўначы на поўдзень ажно на 120, а ў шырыню — на 40 кіламераў. На тэрыторыі трох адміністрацыйных раёнаў пануе ён: Брагінскага, Рэчыцкага і Лоеўскага. Ёсць дзе разгарнуцца. Толькі няма як. Бо тыя ж беды, што і ў іншых лясгасах. Што і ў краіне. Таму тут, у Камарыне, спадзяюцца на лепшыя часы, не панікуюць, а робяць сваю справу так, наколькі дазваляе сітуацыя.
Спярша пра справы лясгасаўскія вырашана было пагаварыць з Мікалаем Паўлавічам Мазалавым. Пашынскі так і сказаў:
— Мой кансультант і настаўнік. Каб побач не было гэтага чалавека, адчуваў бы сябе цяжкавата ў дырэктарскім крэсле. Шмат чаму навучыўся і вучуся сёння ў яго.
Аднак знайсці Мазалава аказалася справай нялёгкай — у водпуску чалавек, таму адправіўся на рыбалку. 3 ягонай лодкай па тэлефоне не звяжашся, ды і дзе ён адводзіць душу — таксама мала хто ведае. Мікалаю Паўлавічу, відаць, моцна ікаецца, бо мы ўспамінаем яго. Сёння ён працуе інжынерам па ахове працы, а да 1995 года быў галоўным ляснічым. Прапаноўвалі ў свой час яму ўзначаліць і лясгас, але тактоўна адмовіўся, спаслаўшыся на моладзь, з якой яму цягацца цяжкавата, a такім, як той жа Пашынскі, і карты ў рукі. «А я побач буду. Падкажу, калі што...» Слова сваё трымае. I хоць чалавеку далёка за семдзесят, рыбу лавіць ён адправіўся на лодцы, а Дняпро ў той дзень хваляваўся — на бераг нагортваліся хвалі, раз-пораз змянялі адна другую, і мы пажадалі рыбаку добрага ўлову. Але ж і надзеі сустрэцца з ім і бліжэй пазнаёміцца таксама не пакідалі.
Каб трапіць у Верхнія Жары, трэба абавязкова перасячы дарогу, якая злучае Чарнобыль з Чарнігавам. Асфальт. Дарога пабудавана пасля аварыі, і больш вядомая яна сёння тым, што па ёй ехаў Генеральны сакратар ЦК КПСС М. С. Гарбачоў. Сёння дакладна мала хто помніць, калі гэта было. Але я запомніў добра — быў люты 1987 года. Якраз у гэтыя лютаўскія дні былі ў мяне сустрэчы з чытачамі ў Брагіне, на адзін дзень павінен быў прыехаць я і ў Камарын. Але той дзень супаў з днём прыезду Гарбачова... I мяне не пусцілі. Асабліва я, вядома ж, не перажываў, вярнуўся ў Гомель, аднак усё гэта ажыло ў памяці, калі мы ехалі ў Верхнія Жары.
— Меры перасцярогі тады былі прыняты надта ўжо жорсткія, — прыгадвае Уладзімір Пашынскі. — Нашых леснікоў затрымалі, на працу не пусцілі... А картэж машын пранёсся — і толькі бачылі генсека. Імгненна. Так што гэта дарога славутая. Мы па ёй яшчэ сёння паедзем — магчыма, атрымаецца, дык трапім і да атамнай...
Столькі пяску, як у Верхніх Жарах, я бачыў, бадай што, у туркменскіх Каракумах. Магчыма, і не зусім удалае параўнанне, але ж і сапраўды — пясок і пясок. Як гаворыць дырэктар лясгаса, сасна і тая тут расці не хо-
ча. Прыглядаемся, а што ж на агародах у людзей? BoKa нічога не радуе. Дождж патрэбен гэтай глебе, а яго няма. Памочнік ляснічага, малады і сімпатычны хлапчына Сяргей, як прадставіўся ён нам, ляпае па дрэве: не сурочыць бы... пажараў няма пакуль, дзякаваць Богу. Хоць і сухмень.
Сяргей жыве ў Камарыне, на працу ездзіць. На ўсялякі выпадак абзавёўся тут летняй рэзідэнцыяй — купіў, кажуць, побач з лясніцтвам падворак за капейкі, а гаспадар яшчэ пакінуў яму ў давесак і старэнькі «пікапчык». Машыну рамантаваць трэба, хату таксама, а на дварэ, у цяньку, можна пасядзець, перакусіць. Што і зрабілі. Гэта ўжо крыху пазней, спярша ж пабывалі ў маёнтку пана Рыбнікава. Вялізная аднапавярховая хата. Шырокія прасторныя пакоі. Высокая столь. I ўсюды нешта ламаецца, крышыцца... Толькі, як заўважыла бухгалтар лясніцтва Любоў Андрэеўна Блудная, паразвальвалася савецкае, a панскае стаіць. Вядома ж, дом будаваўся даўно — сёння ніхто не можа сказаць, колькі яму гадоў, як не можа сказаць, як звалі пана — добра, што ў памяці хоць прозвішча захавалася. Дык яго неаднаразова рамантавалі, нешта прыбудоўвалі, і тое, што рамантавалі і прыбудоўвалі, дык сваё аджыло. А дом стаіць. На паддозе пабачылі б дошкі, якія нейкім цудам захаваліся! А вушак? А дзверы? Залезлі неяк на гарышча леснікі (а тут было лясніцтва) і дзіву даліся: як усё захавалася добра, бы толькі ўчора зроблена. Што значыць падбіралі лесаматэрыял, не на адзін дзень будавалі — на вякі.