• Газеты, часопісы і г.д.
  • Чарнобыльская рана  Мікола Мятліцкі

    Чарнобыльская рана

    Мікола Мятліцкі

    Выдавец: Літаратура і Мастацтва
    Памер: 336с.
    Мінск 2003
    59.65 МБ
    Звычайна дзікі ўдзень у рэдкалессі не з'яўляюцца. A летам, не хаваючыся па кустах, выходзяць харчавацца на былыя шырозныя палі і сенажаці сямейныя статкі. Іх чуваць здаля: парохкваюць дарослыя, вішчаць парасяты, пры гэтым жывёлы безупынку на хаду рыюцца ў зямлі. Падысці да такога гурту зусім не цяжка. Галоўнае — улічваць кірунак ветру, набліжацца няспешна ды ўважліва сачыць за дзіковымі хвастамі. Калі бесперастанна круцяць імі, можна паціху падбірацца, калі хвосцікі торкнуцца ўверх, застынуць, значыць, трэба заціхнуць і пачакаць. Зноўку бесклапотна замахаюць — усё добра, можна набліжацца. He аднойчы стаяла я ля дарогі, каб перачакаць шэсце сямейнага саюза. Спачатку сунецца буйная самка, потым яшчэ чатыры дарослыя па адным, не спяшаючыся, выходзяць на дарогу. За імі — пяць падсвінкаў. I, нарэшце, 22 парасяці — маленькія, паласаценькія, рухлівыя, як ртуць. To перабягуць дарогу, то вернуцца назад. Лічу, блытаюся, збіваюся, хочацца падагнаць іх дубчыкам. Але занадта
    пільныя іх матулі, а побач у мяне не было выратавальнага дрэва. I вось яны ўжо на касагоры, а на дарозе вялікія сляды ўздоўж і ўпоперак спярэшчаны маленькімі выразнымі адбіткамі парасячых капыткоў. Да адзінокага секача вось так падабрацца цяжка, з ім можна толькі выпадкова сутыкнуцца вочы ў вочы, што са мной не раз здаралася.
    На шляху майго маршруту, за 6 кіламетраў ад Бабчына, самы славуты куток наваколля — неглыбокі, але шырокі вадаём і прылеглая да яго тэрыторыя — вельмі маляўнічая, насычаная жыццём мясціна. Калі б не наведаў яе, у любы час года паднясе табе прыемныя сюрпрызы. To разамлелыя на вясеннім сонейку вужы і дзіўна розныя па колеры гадзюкі, яшчэ сонныя і марудныя пасля зімоўкі, а таму дазваляюць блізка разгледзець сябе. To «сонечныя ванны» ў балотных чарапах. На купінах, каменнях, ля самых берагоў, заняўшы ўсе пляжныя месцы і падставіўшы свае спінкі сонцу, гадзінамі могуць загараць яны. Але пільнасці не страчваюць: найменшы, незвычайны шум і — тут жа ў ваду. Злавіць яе ў вадзе ў вас не атрымаецца, і нават калі сустрэць у невялікай ямчыне, трэба папавалтузіцца, адшукваючы ў глеі. Самая надзейная справа — намацаць яе голымі ступнямі. Насупраць пляжа, у сасняку, чарапахі адкладваюць яйцы на пясчаных выспах. Дзе прапаўзлі ў пошуках месца кладкі, як прасам злёгку прыгладжана. Лёс яец іх не зайздросны. Я часта адзначаю раскапаныя кладкі. А гэта каштоўны і даступны харч лісіцы, выдры, янотападобнага сабакі, тхара. Ды і сама чарапаха — смачны кавалачак мяса, невыпадкова жыхары Заходняй Еўропы шырока ўжывалі раней у ежу. Яе панцыр — не перашкода нашым драпежным звярам. У чэрвені проста на дарожцы ля вадаёма знаходжу перавернутую на спіну чарапашку. На панцыры след ад зубоў; канечнасці, хвост, галава ад'едзены. Пластрон (ніжні панцыр) увагнуты, значыць — самец. А зверху проста прыгажуном аказаўся — на гладкім цёмнааліўкавым фоне густы россып дробных жоўтых плямак. Калі дома завесці такую чарапашку, то, магчыма, пры добрым доглядзе і праўнукам давядзецца яе карміць. Яна ж доўгажыхар — жыве да 70-120 гадоў. Балотная чарапаха — чырванакніжніца, але ў запаведніку яна звычайны від. На тонкіх пруціках трыснягу ці стволіках Bep-
    балозу можна адшукаць яшчэ аднаго чырванакніжніка — жабу квакшу. Але толькі зоркае, пільнае вока заўважыць яе тут.
    У густым падлеску, у зарасніках касцяніц выпадкова трапілася ў пастку арэшнікавая соня — маленькі, сімпатычны, пушысты грызун жаўтавата-рыжага колеру. Можна доўга пражыць у лесе, дзе поўна соняў, і нават не падазраваць аб іх існаванні. На тое ёсць важкія прычыны: дрэўны лад жыцця, актыўнасць толькі ноччу і спячка з кастрычніка па сакавік, да таго ж звярок маўклівы. Таксама з разраду чырванакніжнікаў. Ці не занадта іх многа для аднаго ўлоння? А жыве ж тут яшчэ і барсук, а ў сасняку сустракаецца мядзянка. На ўвесь вялікі барсучыны гарадок — усяго адна сям'я, ну a зімою прыходзіць ненадоўга кватарантам янотападобны сабака. Люблю наведваць барсукоў, заўважаць кожны раз прыкметы іх прысутнасці. Вось у лістападзе ўзмоцнены рамонт жылля: насып зямлі, пагрэбы лісця, ахапкі травы і характэрныя для барсука трохкаляровыя шарсцінкі. Вось у канцы лютага пакінуў нару янотападобны сабака — на снезе засталіся сляды лапаў і пясочны пыл, які звярок атрос, выбраўшыся вонкі. А ў сярэдзіне красавіка выйшлі барсукі і на адталых злёгку пагорках іх першыя пакопкі. Потым тачылі свае кіпцюры аб ствалы бяроз. У сакавіку ад нары ўжо натаптана заўважная сцяжына на харчовыя надзелы. Вось у сасняку «чытаю» па слядах: барсук наткнуўся на вужа, той шмыгнуў у стары пень. Але гэта яго не ўратавала, трухлявы пень падрыты і ад вужа застаўся толькі хвосцік. Але ў маі мяне чакае вялікае засмучэнне — барсукі змянілі нару. Ну што ж, такое бывае. Можа, іх занадта турбуюць дзікі, якія ўзбіраюцца на іх касагоры і ўзрываюць там лычамі падсцілку, ці ласіха з ласём, аблюбаваўшыя ваколіцы вадаёма для сваіх частых наведванняў. А можа, эктапаразіты развяліся ў нары і надакучылі барсукам.
    Рэдка хто з нас і нават з вялікіх аматараў пашастаць па лесе можа пахваліцца дзённымі назіраннямі за гэтым зверам. I то не дзіўна. Барсук жа — скрытная жывёліна, начны звер. Бірук — вось як яшчэ называюць барсука, г.зн. пануры, нелюдзімы. Але ў глухіх, аддаленых ад населеных пунктаў месцах, дзе звяроў не праследуюць і мала непакояць, актыўны ён і днём. Вось і ў запаведніку я не
    раз сустракала яго ў дзённы час сутак. За дзесяць метраў ад дарогі, пасля дажджу, двухгадовы барсучок лавіў лугавых конікаў. Ён тыцкаў носам вакол сябе, нагадваючы пеўня, які дзяўбе зерне. Слых і зрок у яго не з лепшых, але вецер дзьмуў у мой бок, і барсук гарэзіў, як хацеў. Чухаў задняй лапкай за вухам, гулліва валяўся на мокрай траве, «дзёўб» безупынку конікаў і ні разу не насцярожыўся, а я ж нават спусцілася з дарогі, да яго бліжэй. Афарбоўка галавы — яскравы прыклад камуфляжу. Ад носа да патыліцы — жаўтавата-белая паласа, а праз шчокі і вочы з абодвух бакоў — чорная. Што кідаецца ў вочы ў першую чаргу? Чорныя і белыя палосы, усё астатняе неяк губляецца. Калі афарбоўка адцягвае ўвагу, замінае ўбачыць абрысы прадмета, пазнаць яго цяжка. Такія ж маскіруючыя палоскі можна ўбачыць у лясных соняў, попаўзняў, дзятлаў, слонак. Стаю і прыглядаюся, як увесь ён, ад рухлівага кончыка носа да кароткага хваста, дасканала прыстасаваны да рыцця нораў і жыцця ў падзямеллі. У яго целаскладзе, няўклюдным на наш позірк, здзіўляюча мэтанакіравана ўсё: форма цела, ног, хваста, малая велічыня вачэй, вушных ракавін, асаблівасці скуранога покрыву. Жнівень быў на зыходзе, і барсучок тлушч яўна нагуляў. Перад заляганнем у спячку барсук добра ад'ядаецца: у яго пад скурай і ва ўнутранай поласці адкладваецца вялікі запас тлушчу, за кошт якога ён і існуе на працягу зімы. Нярэдка ў здабытых позняй восенню барсукоў здымаюць толькі падскурнага тлушчу да 3-4 кг. Тлушч, якому прыпісваюць асаблівыя лекавыя якасці, карыстаецца вялікім попытам у насельніцтва і таму не дзіўна, што барсук — заўсёды жаданая здабыча для браканьера. Бадай, ніводзін від сысуноў фауны Беларусі не вынішчаецца так адкрыта, беспакарана і бязлітасна, як барсук. Чырвоная кніга, куды ён занесены ўжо 20 гадоў назад, не стала, на жаль, «ахоўнай граматай» для звера. Гэты від, які досыць непераборлівы да ежы, вядзе даволі скрыты лад жыцця, да таго ж зімой спіць і па ўсіх законах прыроды павінен працвітаць. I выключна па віне чалавека гэтага не адбываецца.
    У тыповым грабняку, не так ужо далёка ад Бабчына, вясной наткнулася я на лежбішча зуброў. Дык вось куды яны дабраліся! Канечне ж, разведчыкі-першапраходцы — быкі-самцы. Аб зубрах варта павесці асобую размову.
    Ці даводзілася вам, паважаны чытач, адчуць і пера-
    жыць увесь той шквал першабытных пачуццяў і эмоцый ад выпадковай сустрэчы з зубрам, гэтым лясным веліканам, які здзіўляе сваёй дужай постаццю і велічным выглядам? He, не праз агароджу загона ці вальера, а тут, у лесе. Зубр — гэта не проста від, занесены ва ўсе Чырвоныя Кнігі, якія толькі існуюць. Гэта адна з найбольш старажытных жывёл сучаснай фауны, што разам з мамантам і шарсцістым насарогам насяляла прасторы Старога Свету. Гэта самы буйны від еўрапейскай фауны, які стагоддзямі харчаваў насельніцтва тых краін, дзе некалі вадзіліся зубры; від № 1 тэрыяфауны Палеарктыкі, які перажыў у дваццатыя гады мінулага стагоддзя сваю «клінічную смерць». Гэта наша нацыянальнае багацце і гордасць, таму што Беларусь унесла немалы ўклад у агульную справу ратавання і зберажэння гэтага віду на Зямлі. I калі я бачу, як Валодзя (егер Бабчынскага лясніцтва) хвацка замахваецца вядром ля кармушкі з аўсом на нашу «нацыянальную гордасць», міжволі ўспамінаюцца радкі Міколы Гусоўскага аб раз'ятраным зубры: «не кіне ні седака, ні каня недабітымі ў пушчы, зваліць пад ногі, растопча, прапора рагамі так, што потым не дазнаешся, дзе цела, дзе туша». А такая магчымасць — свабодна сустрэцца адзін на адзін з зубрам, і не толькі ў агульнавядомай Белавежскай пушчы, а і ў лясных надзелах нацыянальнага парка «Прыпяцкі», Барысаўскага, Валожынскага, Асіповіцкага лясгасаў, калгаса «Азёры» Гродзенскай вобласці, у жыхароў Беларусі з'явілася ў рэальнасці.
    Ёсць яна і ў нас, супрацоўнікаў Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Сюды завезлі зуброў у 1996 годзе (16 асобін) з мэтай стварэння новай вольнажывучай мікрапапуляцыі. Гэта быў чарговы этап нацыянальнай праграмы «Зубр», над ажыццяўленнем якой нямала і паспяхова папрацавалі спецыялісты Інстытута заалогіі, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, запаведнікаў і лясгасаў, на тэрыторыю якіх, пераважна з Белавежскай пушчы, былі завезены ў розны час гэтыя жывёлы. Палескі запаведнік па ўсіх паказчыках з'яўляўся вельмі перспектыўным раёнам для ўсялення зуброў: вялікая плошча запаведніка (215,5 тыс. га), шырокае прадстаўніцтва лісцёвых лясоў, шырозныя тэрыторыі зарастаючых былых сельгасугоддзяў, ахоўны рэжым, зняцце
    антрапагеннай нагрузкі. Пры паспяховай рэінтрадукцыі меркавалася стварэнне даволі буйной вольнажывучай папуляцыі, якая па сваёй колькасці можа заняць другое месца пасля папуляцыі, якая засяляе Белавежскую пушчу. Прайшло 7 год. У запаведніку ўжо 33 зубры. Многа гэта ці мала ддя віда, які адносяць да лёгка вынішчальных па прычыне нізкай пладавітасці? У навуковым плане палеская мікрапапуляцыя найменш вывучаная сярод усіх створаных на тэрыторыі Беларусі. А менавіта ж яна, знаходзячыся ў спецыфічных экалагічных умовах, патрабуе асабліва пільнай увагі з боку вучоных. Тыя плюсы, якія гарантуе ахоўны рэжым запаведніка, адсутнасць антрапагеннага прэса, добрая натуральная харчовая база не даюць нам упэўненасці ў тым, што з ёю ўсё паспяхова. I, магчыма, той факт, што зубры на тэрыторыі запаведніка — аб'ект хранічнага ўздзеяння іанізуючага выпраменьвання, і будзе рашаючым у лёсе гэтай папуляцыі.