Чарнобыльская рана
Мікола Мятліцкі
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 336с.
Мінск 2003
Бойкія бабулі — былыя партызанскія дзяўчаткі, а цяпер адчайныя «самасёлы» — прымалі нас у сваіх ацалелых вясковых хатах і запэўнівалі, што жыць на радыеактыўнай зямлі можна:
— Раней пчолкі падалі на ляту, а цяпер лятаюць. Значыць, усё страшнае мінула...
Яны частавалі нас вялізнымі гарбузовымі семкамі і яблыкамі. Нас папярэджвалі, каб мы не адмаўляліся ад пачастунку і не крыўдзілі тым тутэйшых жыхароў — і мы елі, а вось прыезджыя замежныя спецыялісты, сцвярджаючы бяспеку малых доз радыяцыі, не выпускалі з рук тэрмасаў са сваім харчам і пітвом і ні да чаго мясцовага не дакраналіся...
Маладых у гэтых асяродках жыцця па ўскрайку трыццацікіламетровай зоны не напаткаеш, а бадзёра настроеныя жабракі-старыя прасілі толькі аб адным: нейкім чынам легалізаваць іх становішча, паставіць тэлефон, каб была магчымасць выклікаць пры патрэбе доктара, і хоць раз на тыдзень прывозіць хлеб...
Раней вясковыя гаспадыні трымалі за абразамі памінальныя малітвы, а цяпер пры нашым наведванні даставалі з-за абразоў скруткі камп’ютэрных раздруковак, у якіх крыжыкамі былі пазначаны гаспадаркі, у якіх каровіна малако вызначалася радыеактыўным...
Уздоўж дарог тырчаць жоўтыя трохкутнікі з пагрозлівымі чырвонымі знакамі радыяцыі, а насельніцтва нясе з лесу грыбы ды ягады, садзіць агароды — жыццёвыя стэрэатыпы і патрэбы людзям больш зразумелыя, чым гэтыя знакі і гаворкі пра небяспеку...
Запомнілася, як работнікі палескай бальнічнай лабараторыі звярталі нашу ўвагу на самалётны гул і запэўнівалі нас, што гэта кантрольныя самалёты лятаюць у дні «выкіду» Чарнобыльскай АЭС «пары», а ў бальніцы ў гэтыя дні ў людзей, якім робяць аналіз крыві, рэгіструюць выразнае зніжэнне ўтрымання лейкацытаў, характэрнае для радыяцыйнага ўздзеяння. Мы правяралі рэгістрацыйныя журналы за шэраг гадоў. Лейкацыты сапраўды зніжаліся...
Амерыканскі вучоны Джон Гофман (1994) сваім грунтоўным даследаваннем, выкладзеным у двухтомніку «Рак, які выклікаецца апраменьваннем у малых дозах: незалежны аналіз праблемы», даказвае адсутнасць парогу ступені іанізуючага апраменьвання ў справе ўзнікнення ракавых захворванняў і сцвярджае: «Рэальнасць эпідэміялагічных даных для чалавека не пакідае аніякіх сумненняў, што апраменьванне людзей іанізуючай радыяцыяй, нават у выпадках найменшых магчымых доз і магутнасцей доз, прыводзіць да ўзнікнення дадатковых выпадкаў раку са смяротным зыходам».
Настаўнікі і бацькі занепакоены скаргамі дзяцей на галаўны боль, іх стамляльнасцю і насавым крывацёкам, а хто вышэй рангам — тыя больш гавораць пра бяспеку малых доз радыяцыі і радыяфобію...
Дзе ж праўда, ісціна?
Мы распавядзем пра вынікі нашых даследаванняў і яны дапамогуць усвядоміць, што адбываецца са здароўем найбольш адчувальных кантынгентаў насельніцтва — цяжарных жанчын і іхняга патомства, а менавіта ж гэта, у рэшце рэшт, павінна і цікавіць нас перш за ўсё.
Цяжарнасць і роды, нараджэнне і далучэнне да новага самастойнага, па-за ўлоннем маці жыцця, рост і развіццё дзіцяці, асабліва ў раннім узросце, з'яўляюцца значнай нагрузкай для арганізма і вымагаюць дадатковых энергазатрат і высокай прыстасавальнай актыўнасці. Таму акурат гэтыя кантынгенты рэкамендаваны Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя для ацэнкі ўздзеяння на арганізм шкодных фактараў экалагічнага асяроддзя і, у першую чаргу, на генетычны апарат, які забяспечвае зберажэнне жыцця, развіццё і ўзнаўленне пакаленняў.
Асаблівасці здароўя жанчын і дзяцей на радыеактыўна забруджаных тэрыторыях Украіны, Беларусі і Расіі
Саюзная, а пасля федэральная падпарадкаванасць нашай установы дала нам магчымасць быць і працаваць у розных рэспубліках, абласцях, паселішчах — з рознымі ўзроўнямі забруджанасці радыенуклідамі. Мы мелі магчымасць кааперавацца з лепшымі спецыялістамі вядучых устаноў краіны, атрымаць сучаснае абсталяванне і рэактывы.
Здароўе цяжарных жанчын і дзяцей мы вывучалі па даных мясцовай статыстыкі і па медыцынскіх дакументах як эксперты, ацэньваючы з пазіцый спецыялістаў тыя адхіленні ў здароўі, якія не заўсёды дыягнаставалі, але апісвалі ў дзённікавых запісах мясцовыя акушэры, тэрапеўты, педыятры ў гісторыях цяжарных, парадзіх, нованароджаных і дзяцей. Акрамя таго, выязныя брыгады абследавалі паўторна жанчын, нованароджаных і дзяцей розных узростаў у жаночых кансультацыях, радзільных дамах, дзіцячых паліклініках і стацыянарах. Функцыянальныя даследаванні праводзілі на месцы. Для паглыбленых даследаванняў сабраны матэрыял (мачу, кроў, плацэнтарную тканку, грудное малако) дастаўлялі з дабаўленнем кансервантаў альбо ў замарожаным выглядзе ў адпаведныя лабараторыі г. Масквы.
Статыстычныя паказчыкі ацэньваліся па гадах, і за шэраг гадоў да аварыі, і ў аналагічныя часавыя інтэрва-
лы пасля яе (сярэднеўзважаныя паказчыкі). Пры экспертызе дакументацыі праводзілі суцэльную выбарку (у буйных установах — сляпую выбарку кожнай другой ці трэцяй гісторыі).
Па даных экспертнай ацэнкі і дынамічнага паглыбленага абследавання сіламі выязных брыгад у цяжарных вызначалі асаблівасці захворвання і ўскладненняў, a таксама стан найважнага органа цяжарнасці — плацэнты, гарманальны профіль, стан крыватворчасці і абмену рэчываў. У нованароджаных у эпідэміялагічным плане ўлічвалі стыгмы дысэмбрыягенезу і недахопы развіцця, антрапаметрычныя параметры, частату дызадаптацыйных і болевых праяў; у дзяцей розных узростаў — фізічнае і нервова-псіхічнае развіццё, наяўнасць доўгатэрміновых фонавых станаў і захворваемасць, у тым ліку гінекалагічную. Пры паглыбленым даследаванні вывучалі стан цэнтральнай нервовай, нейраэндакрыннай і сардэчна-сасудзістай сістэмы, крыві, энергетычнага абмену і генетычныя асаблівасці.
Улічвалі бытавыя і вытворчыя асаблівасці, ступень забруджанасці абследаванай тэрыторыі радыенуклідамі, працягласць уздзеяння радыяцыйнага фактару, наяўнасць дадатковых уплываў (прамысловыя забруджанні), узроставыя і функцыянальныя асаблівасці.
Мяркуем, што асаблівую каштоўнасць мае параўнанне дааварыйных і пасляаварыйных паказчыкаў да 1992 г., бо наступныя змены цяжка аддыферэнцыраваць ад парушэнняў здароўя, што выкліканы зменамі сацыяльна-эканамічнага статусу насельніцтва.
Праведзеныя параўнанні ў рамках указаных часавых параметраў выявілі ў жанчын значны рост (у 2,4 і больш разы) анеміі і такіх ускладненняў цяжарнасці, як пагроза спынення, ранні і асабліва позні таксікоз, крывацёкі ў паследавы і ранні пасляродавы перыяд.
Патомства жанчын, якія жывуць на радыеактыўна забруджаных тэрыторыях, у 5,3 раза часцей, чым у дааварыйны час, пакутавала ад унутрыматачнай гіпаксіі і асфіксіі пры родах; у 9,6 раза — ад дыхальных неінфекцыйных расстройстваў; у 4,0 раза — ад гемаралагічных станаў; у 2,9 раза — ад кан’югацыйнай жаўтухі і прыродных інфекцый. У раннім дзяцінстве ў дзяцей у 3,4 раза часцей, чым да аварыі, сустракаліся: гіпатрафія,
анемія, рахіт, эксудатыўны дыятэз, а таксама перынатальная энцэфалапатыя. Дзеці наогул часта хварэюць.
Усе згаданыя прыкметы як у маці, так і ў дзіцяці сведчаць аб зніжэнні ў іх кампенсатарна-прыстасоўных рэакцый.
Вельмі часта зніжэнне ўзроўню здароўя і адаптыўных магчымасцей і павышэнне захворваемасці выяўляюцца пры параўнанні адпаведных паказчыкаў у патомстве асоб, што падпалі і не падпалі пад радыеактыўнае ўздзеянне з прычыны аварыі на ЧАЭС.
3 пачатку 90-х гг. у нашай краіне вядзецца расійскі дзяржаўны медыка-дазіметрычны рэгістр і адпаведная дзяржаўная статыстычная справаздачнасць, якая ўлічвае захворваемасць і прычыны смерці дарослых і дзяцей па трох групах пацярпелых: першая група ўліку — ліквідатары, другая група — эвакуіраваныя і тыя, хто пакінуў радыеактыўна забруджанае месца жыхарства, і трэцяя група — тыя, што працягваюць жыць на радыеактыўна забруджаных тэрыторыях.
Паводле рэгістра, падлягаюць назіранню не толькі дарослыя, але і дзеці да 14 гадоў у другой і трэцяй групах, а таксама ўсе народжаныя ад асоб 1—3 груп незалежна ад месца іх пражывання.
Праведзенае намі (I. Цыбульская ў кнізе «Стан і праблемы дзяцей Расіі» пад рэдакцыяй А. Баранава, 1999) параўнанне ўзроўняў захворваемасці «чарнобыльскіх» дзяцей і ўсіх расіянаў аналагічнага ўзросту паказала, што першыя хварэюць куды часцей, чым дзеці ў «чыстых» рэгіёнах. Найбольшая розніца была выяўлена па класе «сімптомы, прыкметы і недакладна вызначаныя станы» — як праявы дызаптацыйных працэсаў у арганізме. На другім месцы стаяць «хваробы эндакрыннай сістэмы, расстройствы харчавання, парушэнні абмену рэчываў і імунітэту», на трэцім — «хваробы крыві і крывятворнай сістэмы». Далей ідуць па ступені розніцы паміж «чыстымі» і «нячыстымі» хваробы органаў кровазвароту, касцёва-мышачнай сістэмы і злучальнай тканкі, новаўтварэння, хваробы органаў стрававання, прыроджаныя анамаліі, хваробы органаў дыхання і мочапалавых органаў.
У апошнія гады найбольш шпаркімі тэмпамі ў дзяцей-«чарнобыльцаў» расце гіпертанічная хвароба, зат-
рымка палавога развіцця, нейрацыркулятарная дыстанія, хваробы шчытападобнай залозы і новаўтварэнні. Рост злаякасных утварэнняў адбываецца пераважна за кошт шчытападобнай залозы, органаў дыхання, лімфатычнай і крывятворнай тканкі. Колькасць прыроджаных анамалій сярод нованароджаных па рэгіёнах абследавання з 1983 па 1991—1992 гг. узрасла ў тры — пяць разоў, а сярод дзяцей, якія ўлічваліся дзяржаўным рэгістрам з 1991 да 1997 г. — у 1,4 раза. 3 прыроджаных анамалій у найбольшай ступені павялічваецца колькасць парушэнняў развіцця нервовай сістэмы і органаў пачуццяў, касцёва-мышачнай сістэмы і органаў стрававання.
Найбольш складаным аказалася правядзенне ацэнкі здароўя і распаўсюджанасці захворваемасці ў параўнанні па тэрыторыях з рознай ступенню радыеактыўнай забруджанасці. Справа ў тым, што, як гэта ні сумна, на кожнай тэрыторыі маюцца свае падыходы да ацэнкі здароўя і вызначэння дыягназаў у цяжарных і асабліва ў нованароджаных. Аднак па шэрагу прыкметаў залежнасць ад ступені забруджанасці тэрыторыі радыенуклідамі прасачыць удалося. Гэта, перш за ўсё, датычылася больш позняга надыходу і парушэння менструацыі і больш частай гінекалагічнай захворваемасці, гіперплазіі шчытападобнай залозы, нейрацыркулятарнай дыстаніі, анеміі цяжарных і пасляродавай анеміі, анамаліі родавай дзейнасці, несвоечасовага адыходу вод, а таксама асфіксіі і цяжкага, з перашкодамі станаўлення дыхання ў нованароджаных, ступені затрымкі псіхаматорнага развіцця ў дзяцей.