• Газеты, часопісы і г.д.
  • Чарнобыльская рана  Мікола Мятліцкі

    Чарнобыльская рана

    Мікола Мятліцкі

    Выдавец: Літаратура і Мастацтва
    Памер: 336с.
    Мінск 2003
    59.65 МБ
    Варта асабліва адзначыць, што пры спалучаным уздзеянні радыеактыўнага і антрапагеннага прамысловага ці сельскагаспадарчага забруджання (як тое мела месца ў Мцэнскім раёне Арлоўскай вобласці) нават пры мінімальнай забруджанасці тэрыторыі радыенуклідамі клініка-эпідэміялагічныя эфекты былі вышэйшыя, чым на тэрыторыях з большай ступенню радыеактыўнага, але пры адсутнасці іншых забруджанняў (Болхаўскі раён Арлоўскай вобласці). Пры гэтым максімальная розніца выяўлялася: у жанчын — адносна хранічных захворванняў органаў дыхання і самаадвольных выкідышаў (пры спалучаным уздзеянні яны здараюцца часцей у 1,6
    раза); у нованароджаных — адносна прыроджаных анамалій (часцей у 3 разы), дызадаптацыйных праяў (у 1,6 раза) і агульнай колькасці хворых (у 1,5 раза); у дзяцей ранняга ўзросту — па колькасці вельмі часта хварэючых дзяцей (7 і больш разоў за год — у 1,6 раза).
    Найбольшыя парушэнні прыстасавальна-кампенсатарных функцый лрасочваліся ў асоб, функцыянальны стан арганізма якіх знаходзіўся ў найбольш дрэнным стане, перш за ўсё — у маладых цяжарных да 22 гадоў. У іх найбольш часта назіраліся: гіперплазія шчытападобнай залозы, кальпіты, пагроза перапынення цяжарнасці, гіпаксія плода.
    Што паказалі паглыбленыя даследаванні?
    Даныя паглыбленых даследаванняў стану жаночага і дзіцячага арганізма, па-першае, пацвердзілі тэарэтычныя меркаванні вучоных (Е. Бурлакова) пра адзін з асноўных механізмаў уздзеяння іанізуючага выпраменьвання на біялагічныя аб'екты — праз іх уплыў на двайныя сувязі поліненасычаных ліпідаў біямембран, у выніку чаго парушаюцца працэсы мембраннага пераносу ў клетках, дзейнасць мазгавых структур, біясінтэз бялку і нуклеінавых кіслот, энергетычны абмен. Пры гэтым павялічваецца рызыка парушэння нейра-гумаральных і імунных рэгулятарных, а таксама транспартнатрафічных сасудзістых і іншых працэсаў і ўзнікнення марфафункцыянальнай паталогіі.
    У цяжарных жанчын у зонах радыеактыўнага кантролю ўзровень двайных сувязей ліпідаз у клетках крыві вызначаўся значна зніжаным (Т. Пазняк, Е. Кісялёва). Аналагічныя змены мелі месца ў клетках іншых тканак. Асабліва шкоднае такое ўздзеянне было на стан плацэнты — надзвычай біялагічна актыўны орган, які ўтвараецца ў працэсе цяжарнасці з мацярынскіх і эмбрыянальных тканак. Плацэнта прадуцыруе гармоны мацярынскага і плодавага паходжання, назапашвае энергетычныя субстраты і пластычныя матэрыялы і ў пэўнай ступені рэгулюе гэтыя працэсы, удзельнічае ў ажыццяўленні транспартна-трафічнай
    функцыі мацярынскага арганізма ў інтарэсах плоду і забяспечвае ягонае развіццё, ажыццяўляе падрыхтоўку да родаў.
    Як паказалі сумесныя даследаванні ўльтрагукавістаў, эндакрынолагаў, біяхімікаў, марфолагаў, ва ўмовах радыеактыўнага ўздзеяння структура і функцыянальная актыўнасць плацэнтарнай тканкі парушаюцца. Змены, перш за ўсё, носяць гемадынамічны характар. Амаль у адной трэці жанчын у тканцы плацэнт мелі месца дэструктыўныя і ў адной пятай — запаленчыя працэсы (Л. Яжова, Бяляева). Парушэнне функцыі выяўлялася галоўным чынам у зніжэнні яе гарманальнай актыўнасці і парушэнні выпрацоўкі спецыфічных бялкоў цяжарнасці. I структурныя і функцыянальныя змены датычыліся ў аднолькавай ступені мацярынскай і плодавай частак плацэнты. Пры гэтым глыбіня структурных і функцыянальных змен залежала як ад функцыянальных асаблівасцей цяжарнай (перш за ўсё фазы гестацыйнага працэсу), так і ад наяўнасці радыеактыўнага фактару.
    Залежнасць ад функцыянальных асаблівасцей праяўлялася ў тым, што гэтыя пашкоджанні выяўляліся, пераважна, у крытычныя перыяды гестацыі, калі адбываліся найбольш бурныя працэсы перабудовы жыццядзейнасці мацярынскага і плодавага арганізмаў. Аб сувязі з радыяцыйным уздзеяннем сведчыла тое, што такія змены ў зонах радыяцыйнага кантролю сустракаліся ў чатыры разы часцей, чым на тэрыторыях, што не зведалі ўздзеяння радыяцыйнага фактару.
    У маладых цяжарных, якія перанеслі аварыю на ЧАЭС у перыяд станаўлення ў іх палавых функцый, такія змены выражаны ў найбольшай ступені.
    Паглыбленае даследаванне стану патомства, перш за ўсё, уключала ацэнку генетычнага апарату саматычных клетак. Гэтыя даследаванні, як ужо адзначалася вышэй, праводзіліся сумесна з сектарам радыяцыйнага і хімічнага мутагенезу НДІ агульнай генетыкі імя М. Вавілава РАН. Вызначаліся спецыфічныя для радыяцыі мутацыйныя эфекты (аберацыя і разрывы храмасом), а таксама функцыянальныя магчымасці геномнай ДНК: яе здольнасць да рэпаратыўных працэсаў — спантанны сінтэз і аднаўленне цэльнасці ДНК пасля яе па-
    рушэння ў выніку ўздзеяння на жывыя клеткі крыві, узятыя ў дзяцей розных узростаў і іхніх мацярок з зон радыяцыйнага кантролю індыферэнтнага УФ-апраменьвання і спецыфічнага радыяцыйнага ўздзеяння. Даследавалі таксама генетычны полімарфізм структурных і ферментных бялкоў.
    Вынікі праведзенага даследавання паказалі, што ў жанчын і дзяцей на тэрыторыях, што пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, крыху часцей, чым на тэрыторыях, што не зведалі радыяцыйнага ўздзеяння, назіраюцца змены, характэрныя для радыяцыйнага фактару (аберацыі храмасом, так званыя «дыцэнтрыкі» і «колцы»). Часцей яны ўзнікалі ў перыяды найбольш напружанага функцыянавання арганізма: у парадзіх адразу пасля родаў і ў дзяцей у крытычныя перыяды іх развіцця (асабліва на дзевятым месяцы жыцця — пры пераходзе да прамастаяння і хадзьбы), а для зон павышанай радыеактыўнасці — па меры назапашвання дозавай нагрузкі.
    Наяўнасць і вызначанасць мутагенных працэсаў у саматычных клетках параўноўваліся з клініка-лабараторнымі данымі: дыцэнтрыкі і храматычныя абмены карэлявалі з прыроджанымі хібамі развіцця; індэкс разрыву храмасом — з праявамі гіпатрафіі і ўзроўнем стыгмаў дысэмбрыягенезу.
    Сінтэтычныя магчымасці ДНК таксама выявілі сувязь з функцыянальным станам арганізма. Яны былі паніжаныя ў дзяцей у перыяд нованароджанасці і ва ўзросце 2-3 месяцы, калі працэсы росту дзіцяці найбольш актыўныя (вызначаюцца максімальнымі за ўвесь жыццёвы цыкл чалавека). У той жа час сінтэтычныя магчымасці ДНК выявілі відочную залежнасць ад наяўнасці і ступені радыяцыйнага ўздзеяння. Так, ДНК лімфацытаў дзяцей у зонах радыяцыйнага кантролю рэагавала мінімальна на індыферэнтнае УФ-апраменьванне і максімальна — на іанізуючае гама-апраменьванне.
    Асабліва значнымі аказаліся вынікі даследавання бялковага полімарфізму. Генетычная разнастайнасць структурных і ферментных бялкоў забяспечвае ўстойлівасць прыстасавальнаахоўных рэакцый арганізма і з'яўляецца прыроджанай ягонай уласцівасцю, якая пасля нараджэння на працягу ўсяго жыцця ўжо не мяняецца.
    Дзеці, народжаныя да аварыі на ЧАЭС, характарызуюцца найбольшай разнастайнасцю генатыпаў структурных і ферментных бялкоў. Дзеці, якія зведалі радыяцыйнае ўздзеянне, абумоўленае чарнобыльскай катастрофай, у часе свайго развіцця ва ўлонні маці (апраменьванне цяжарных) маюць нізкі ўзровень генетычнага полімарфізму бялкоў. Пры абследаванні дзяцей, народжаных на радыеактыўна забруджаных тэрыторыях пасля 1987 года, спадчынны полімарфізм бялкоў, у параўнанні з такім у «дааварыйных» дзяцей, быў парушаны, хоць і ў меншай ступені, чым у непасрэдна апрамененых.
    3 цягам гадоў у першай зоне радыяцыйнага кантролю гэтыя парушэнні змяншаюцца па ферментных і павялічваюцца па структурных бялках, а ў другой зоне — узмацняюцца за кошт як структурных, так і ферментных бялкоў.
    Матэматычная апрацоўка атрыманых даных, праведзеная Л. Суханавай, паказала, што зніжэнне ўзроўню спадчыннага полімарфізму па структурных бялках карэлюе з парушэннямі ўнутрыплоднага развіцця (гіпатрафіяй, прыроджанымі хібамі развіцця) і алергозамі, а зніжэнне ўзроўню бялковага полімарфізму па ферментных бялках —з працяглымі фонавымі станамі (анеміяй, лімфадэнапатыяй) і інфекцыямі.
    Побач з парушэннямі біямембран і генетычнага апарату клетак выяўляліся шматлікія клініка-лабараторныя сведчанні парушэнняў жыццядзейнасці і прыстасавальных уласцівасцей арганізма, што, перш за ўсё, праяўлялася змененай рэактыўнасцю, дысбалансам і высокай вычарпальнасцю рэгулятарных механізмаў абароны — цэнтральных, нейрагумаральных, імуналагічных, антыаксідантных.
    Так, у зонах радыеактыўнага кантролю ў пладоў у час родаў, у параўнанні з нарматыўнымі данымі, была напалову зніжана сімпата-адрэналавая і на 36 працэнтаў — картыкальная актыўнасць, пры гэтым максімальна актывізоўвалася гіпафізарна-тырэаідная сістэма. Аднак і яна функцыянавала ў рэжыме дыстэрыёзу, і ўжо ў канцы першага — пачатку другога тыдняў жыцця ў 28 працэнтаў абследаваных пасля перыяду напружання развіваўся транзітарны гіпатэрыёз (Н. Спяранская).
    Недасканаласць цэнтральных рэгулятарных уплываў праяўлялася адсутнасцю ці аслабленнем цэнтральнай рэгуляцыі сардэчнага рытму. Паводле даных спецыяльнага даследавання паслядоўных інтэрвалаў сардэчных жалудачкавых комплексаў, на электракардыяграмах такія змены адзначаліся ў 68 працэнтаў абследаваных. У найбольшай ступені гэтыя парушэнні назіраліся ў тыя ўзроставыя перыяды, калі асабліва высокія функцыянальныя нагрузкі на арганізм дзіцяці і павышаныя патрабаванні да ягоных рэгулятарных сістэм: у канцы першага месяца жыцця, на дзевятым месяцы жыцця і ва ўзросце двух гадоў.
    Пры электраэнцэфалаграфічным даследаванні дзяцей розных узростаў (сумесна з супрацоўнікамі Інстытута біяфізікі і шостай клінічнай бальніцы г. Масквы праф. М. Цярэшчанкі і Л. Бурцавай) выяўлена павышэнне функцыянальнай актыўнасці дыэнцэфальных структур мозгу, а пры УЗІ мозгу немаўлят — амаль у трэці абследаваных выяўлялася расшырэнне жалудачкавай сістэмы мозгу.
    Наколькі сур’ёзныя выяўленыя змены і чым яны небяспечныя для патомства — бліжэйшага і далейшага?
    Мінула больш чым 17 гадоў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Велізарная колькасць публікацый асвятляе «ўрокі» Чарнобыля і абмяркоўвае пытанні небяспекі малых доз радыяцыі для здароўя чалавека. Меркаванні выказваюцца розныя — ад «вялікага падману» (утойвання сапраўднай небяспекі) да амаль поўнага яе адмаўлення (С. Бірукоў у сваёй апошняй публікацыі па праблеме Чарнобыля адкрыта гаворыць, што небяспеку па палітычных матывах тады павялічылі ў 9 разоў, і таму ёсць неабходнасць частковай адмены статусу пацярпелых ад аварыі на шэрагу тэрыторый сёння). Аднак такія выказванні робяцца часцей за ўсё людзьмі, якія не вывучалі медыцынскія аспекты чарнобыльскай праблемы глыбока.