Чарадзейнае слова Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

Чарадзейнае слова

Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе
Выдавец: Беларусь
Памер: 463с.
Мінск 2022
82.02 МБ
Родныя вобразы
Якуб Колас
Вобразы мілыя роднага краю, Смутак і радасць мая!
Што маё сэрца да вас парывае? Чым так прыкованы я
К вам, мае ўзгорачкі роднага поля, Рэчкі, курганы, лясы, Поўныя смутку і жальбы нядолі, Поўныя смутнай красы?
Толькі я лягу і вочы закрыю, Бачу я вас прад сабой.
Ціха праходзіце вы, як жывыя, Ззяючы мілай красой.
Чуецца гоман мне спелае нівы, Ціхая жальба палёў, Лесу высокага шум-гул шчаслівы, Песня магутных дубоў...
Вобразы мілыя, вобразы смутныя, Родныя вёскі і люд,
Песні цягучыя, песні пакутныя!.. Бачу і чую вас тут.
Родныя словы
Пятрусь Броўка
Яны даспадобы мне, хай і старыя, He толькі ў гучанні хвалюючы змест. Як многа гавораць мне назвы такія — Мінск,
Пінск, Брэст.
Калі паразважыш, няцяжка дазнацца, Бо сведчаць на ўсю неабсяжную шыр,
Што продкі любілі спакойную працу — Шклоў,
Клецк, Мір.
А вораг находзіў,— бязлітасна білі, Трываць не хацелі абразы і слёз, I разам з Бярозаю катаў тапілі — Пціч,
Друць, Сож.
Дзяды і бацькі нашу мову стваралі, Каб звонка звінела, была, як агонь.
У сёлаў імёны, як гукі цымбалаў,— Блонь,
Струнь, Звонь!
Прамяніся ярчэй і ярчэй
Авяр’ян Дзеружынскі
Прамяніся ярчэй і ярчэй Ды звіні ўсё званчэй і званчэй, Наша простае, шчырае слова — Беларуская мова.
Нізавошта не скажаш ніколі, Лепш не выкажаш радасці, болю У адзіным, адным толькі слове, Як на мове сваёй, роднай мове. Тут і плёскат блакітных азёраў, Тут і гоман адвечнага бору,
Спеў салоўкі, куванне зязюлі, Голас сэрца любімай матулі. А ці будзеш так сам сумаваць, Ці вясёлую песню спяваць, А ці рэха будзіць у дуброве, Як на мове сваёй, роднай мове? Прамяніся ж ярчэй і ярчэй Ды звіні ўсё званчэй і званчэй, Наша простае, шчырае слова — Беларуская мова.
Сын і маці
Янка Купала
С ы н
— Мамка, мамка, нам сягоння Гаманілі ў школе Аб якойсьці Беларусі, Што жыве на волі.
Хоць я слухаў вельмі шчыра (He люблю іначай), Ды ніяк не мог уцяміць, Што ўсё гэта знача.
М а ц і
— А вось тое, мае дзеткі, Глянь-зірні наўкола: Бачыш гэтыя сялібы, Хаткі нашых сёлаў;
Гэта поле — шнур ля шнура — Ўзгоркі і лагчынкі, На узмежку грушу-дзічку, Крыж каля пуцінкі?
Бачыш логі, сенажаці, А на іх — крыніцы, Далей — бор зялёны, гонкі, Што увысь глядзіцца?
А там далей, дзе ўжо вока Дасягнуць не можа, Тое самае пабачыш, — А ўсё так прыгожа!
Сотні вёсак і мястэчак,
Гарадоў нямала, Рэк бурлівых, пушч гамонкіх 3 неапетай хвалай.
Там плывуць Дняпро і Сожа Ды Дзвіна і Нёман, Белавежы, Налібокаў Там чуваці гоман.
Гарады — Мінск, Віцебск, Вільня, Магілёў, Гародня
I Смаленск з сцяной цаглянай Разляглі выгодне.
Аб вялікай нашай славе Сведчаць на свет цэлы, —
Як жылі мы, панавалі Ў родным краі смела.
Во ўсё гэта, мае дзеткі, Ад межаў да межаў Беларусяю завецца Й да цябе належа.
С ы н
— А! Ўжо сцяміў! Дык багат я, Меўшы столькі цудаў: Гэткім чынам я ніколі Служкаю не буду.
Ну, а йшчэ скажы мне, мамка, Бо я не разважыў: Што такое беларусы, Як настаўнік кажа?
М а ц і
— Ах, які ты йшчэ дурненькі, Каб не скеміць гэта!
Ну, паслухай: усе людзі, Што ад лета ў лета,
Ад пакон вякоў жылі тут I жывуць сягоння, Носяць світкі, носяць лапці Ды былі ў прыгоне,
Ўсе — і ты, і я, суседзі, Хто, па-твойму, прусы?
Дык жа ўцям: на Беларусі Жывуць беларусы!
Ды яшчэ, каб лепей ведаў, Мушу табе ўспомніць: Беларусы беларускай Гутаркай гамоняць.
С ы н
— Вось яно што! Праўда, мамка, Ўжо сабе ўтлумачыў: Беларус я! Ох, дам пытлю, Хто скажа іначай.
Ну, але яшчэ не ўсё тут Ясным мне здаецца: Што такое беларускай Гутаркай завецца?
М а ц і
— Ой, дурненькая варона, Што з табой чыніці!
Як жа йначай беларусы Могуць гаманіці?
Як жа мы з табой гуторым Вось у гэту хвілю?
Як жа я пяю над зыбкай Для малой Марылі?
Ды паслухай, як на вёсцы
Кажа дзядзька, цётка;
Як пяюць улетку жнеі За сваёй работкай;
Як бабуля баіць казкі
Аб нядолі-долі;
Як начлежнікі спяваюць
На начлезе ў полі?!
С ы н
— Ну, ўжо знаю, знаю, мамка!
Як у люстры бачу,
Пакажу я ўсяму свету, Хто я дый што значу!
Рыбнае царства
Алесь Карлюкевіч
Жыццё ставіла чалавека ў такія ўмовы, што яго харчаванне залежала выключна ад прыроды. У рэках і азёрах хапала рыбы: у некаторых мясцінах гэта была першая сялянская ежа. Здаралася, рыбалоўныя сеткі настолькі забіваліся, што выцягвалі іх толькі коньмі. Вось і гаварылі гаспадыні: «Скубу не пер’е, ем не мяса». Альбо так: «Уехала пані ў сад, не выехала назад». Гэта ўжо пра рыбу, якая патрапіла ў нерат.
Бывала, што і рэкі судаходныя перагароджвалі сеткамі. Пакідалі, праўда, калідор для ло-
дак і суднаў. Такая лоўля называлася рыбнай заставай. He ўся здабыча даставалася сялянам. Трэба было дзяліцца з панамі — тагачаснымі гаспадарамі. Існавалі законы, якія забаранялі самавольную лоўлю ў рэках, азёрах, сажалках.
Як жа здабывалі рыбу нашы прашчуры? Узімку ці напрадвесні глушылі яе па тонкім лёдзе драўлянымі дубінамі. Плялі з лазы лавушкі. Найболыл распаўсюджаныя былі сеткі. Яны нечым падобныя на сучасныя, хоць і хапае адрозненняў. Адно або тры сеткавыя палотнішчы нацягваліся на дзве вяроўкі. На верхнюю вешалі паплаўкі, зробленыя з хваёвай кары ці бяросты. Такія сеткі выстаўляліся далёка ад берага, таму рыбаку патрэбна была лодка.
Якіх толькі сетак майстры рыбнай здабычы не папрыдумвалі! Зімовыя і летнія невады, браднікі, мяты, муты, трыгубіцы, дрыгавіцы, сяляўныя сеткі, лешчаніцы, акунёўкі... А яшчэ ж лавушкі розныя майстравалі. Бучы выраблялі з прутоў і дранкі, нагадвалі яны конус альбо цыліндр. На Палессі ладзілі цэлыя збудаванні — катцы: у дно забівалі калы. Ды так густа, што «плот» гэты не дазваляў выйсці рыбе: яна трапляла ў абгароджаную частку вадаёма. Рабілі яшчэ і «вароты» — сеткавыя мяшкі. Унутры — перагародкі. «Вароты» з дапамогай жэрдак апускалі на дно ракі. Лавілі імі рыбу ў палонках.
А што таптух, то яны і цяпер захоўваюцца ў прырэчных вёсках. На драўляны каркас конусам
нацягнута сетка. У памяці маёй і імя майстра, «аўтара» маёй таптухі: Міхась Уладзіміравіч Гіадуцька. Ён яшчэ расказваў, што раней такую прыладу майстравалі з лазы. Пра сетку, ды не толькі таптуху, таксама загадка прыдумана: «Хата рагата, вокан багата, як улезеш — не вылезеш».
За многія стагоддзі беларусы навучыліся гатаваць з рачных і азёрных багаццяў смачныя стравы. Магло здарыцца, што ў страсны год не хапала хлеба, а вось дзічына і рыба заўсёды былі.
Асабліва багаты стол быў у палешукоў. Іх край, схаваны між балот і рэчак, не меў вялікіх гандлёвых шляхоў. Рыбу лавілі, але не было куды прадаваць нават самую лепшую. I амаль усё, што сушылі і вэндзілі, трапляла на ўласны стол. Нават такі па сённяшнім часе далікатэс, як уюны, не быў у навіну. А гатавалі іх проста. Нанізвалі на тоненькія дубчыкі, падсмажвалі на вогнішчы, а пасля яшчэ і сушылі. I калі ўдавалася такое смакоцце вывезці, то перш-наперш уюны траплялі ў Кіеў і Вільню, на кірмашы. Там іх прадавалі разам з сушанымі грыбамі, салёнымі качкамі ў бочках, салам, цыбуляй, свежай і салёнай гароднінай, мёдам.
Няма ў нас мора, не абмываюць Беларусь акіянскія воды. А ўсё ж краіна была і застаецца рыбным царствам.
Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга
(Урыўкі)
Анатоль Клышка
Зала сарака
У Італіі, у адным з найстарэйшых у свеце Падуанскім універсітэце, ёсць славутая «Зала сарака». На покуці стаіць зробленая з тоўстых дошак, сёння паточаная ўжо шашалем трыбункакафедра. Яна памятае, як некалі тут чытаў лекцыі Галілей. Цяпер на гэтым месцы стаіць бюст геніяльнага вучонага.
На сценах універсітэта скрозь памятныя знакі — эмблемы, гербы славутых родаў. Падуанскі ўніверсітэт з гонарам ушаноўвае тых вялікіх, хто вучыўся альбо вучыў тут. Ды чаму не ганарыцца: адно такое імя, як Капернік ці Галілей, шмат што кажа ўсяму адукаванаму чалавецтву.
На сценах універсітэта — эмблемы... Але ў «Зале сарака» ўжо не эмблемы, а сорак вялікіх партрэтаў слаўных з найслаўнейшых. Сярод іх другі ад покуці, каля кафедры Галілея, — Францішак Скарына.
Так за тысячы кіламетраў ад Беларусі, у далёкай Італіі, ушаноўваецца памяць аб нашым першадрукару Францыску Скарыне.
Якраз са Скарынавых рук без мала пяцьсот гадоў таму назад усходняе славянства атрымала першую друкаваную кнігу.
У слаўным горадзе Полацку (Скарочана)
Дзень 6 сакавіка 1486 года запомніўся ўсім тады ў Полацку. Ды і не толькі ў Полацку.
Ранішняе сонца, якое цешыла ўжо вясновым цяплом, раптам пачало засланяцца цемраю. Людзі з жахам глядзелі, як яно ўсё меншала і меншала. Ці не канец свету? Чорны цень хутка бег па зямлі. Раптам зусім сцямнела. Набожныя пачалі горача маліцца...
Гулка бухалі званы полацкіх сабораў. Узбуджаныя, зарыкалі каровы, забрахалі сабакі. Суцэльная цемра схавала ўсё. I людзі адчулі страшэнны холад.
Але праз хвілю сонца зноў выбліснула. I ўсе ўсцешна ўздыхнулі... Мабыць, якраз у гэты час у жонкі праваслаўнага купца Лукі Скарыны нарадзіўся сын.
Бабка-павітуха, пакліканая з гэтай нагоды, абмывала немаўля і прыгаворвала:
— А дай, Божа, гэтаму дзіцяці ўсякую долю ўзяці: і хлебавую, і салявую, трэцюю — здаровейкую.
Паважаны Лука адно падтакваў: «Дай, Божа!» Бабулька далей прыгаворвала над малым:
А спі доўга, Расці скора. Бацьку, маці — На пацеху, Чужым людзям — На паслугу...
I як y ваду глядзела. Паслужаць кнігі, «выложеныя доктором Францмском Скорнною мз славного града Полоцька... людем посполнтым к доброму наученню», а нашаму народу — на ўхвалу. I як бы ўспамін аб гэтым дні на гравюрах тых кніг будзе сустракацца сонечны дыск, прыслонены паўмесяцам...
Абмыўшы дзіця, бабка прылажыла да яго пяткі кавалачак паперы. Барадаты Лука, убачыўшы, толькі заківаў галавою: «Дзе ж яе гэта раздабыла старая?» (папера была тут яшчэ ў навіну і дорага каштавала). А бабка, схіліўшыся, тым часам прыгаворвала над паперынаю:
Хай будзе вельмі вучоным малайцом, Хай ён будзе ў бацьку — купцом!
Лука ўсміхнуўся і, вецячы старую мёдам-ліповікам, даў круглы, як сонца, бохан хлеба, а ў кішэнь ёй упусціў сярэбраную манету.
Першадрукар, перакладчык, паэт, мовазнавец, педагог, астраном, філосаф, медык, батанік, Скарына сваімі ідэямі, працаю прадвызначыў цэлыя стагоддзі ў культурнай і грамадскай гісторыі Беларусі.
Удзячныя нашчадкі помняць вялікі подзвіг свайго славутага першадрукара.