Чарадзейнае слова Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

Чарадзейнае слова

Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе
Выдавец: Беларусь
Памер: 463с.
Мінск 2022
82.02 МБ
Памчаліся царскія ганцы ва ўсе канцы звяроў склікаць. Ляцяць, у трубы трубяць, у барабаны
б’юць, нікому спаць не даюць. Убачылі ваўка — перадалі яму загад царскі. Убачылі быка, барсука — таксама паклікалі. Лісіцы, куніцы, зайку, ласю, дзіку — усім сказалі, што трэба. Застаўся адзін мядзведзь. Доўга ганцы шукалі яго, нарэшце знайшлі соннага ў бярлозе. Пабудзілі, раскатурхалі і загадалі, каб па хвост спяшаўся.
Ды калі гэта было, каб мядзведзь куды спяшаўся. Сунецца ён сабе памаленьку — кульгець, кульгець, усё вакол разглядае, нюхам мёду шукае. Бачыць — дупло пчалінае на ліпе. «Дарога да цара не малая, — думае, — трэба падсілкавацца».
Залез мядзведзь на дрэва, а там поўнае дупло мёду. Замармытаў ён ад радасці ды пачаў дупло выдзіраць, мёд выграбаць, за абедзве шчакі ўплятаць. Наеўся, паглядзеў на сябе, аж усё футра ў мёд ды ў парахню выпацкана!.. «Як жа, — думае, — у такой вопратцы на царскія вочы паказвацца?»
Пайшоў мядзведзь на рэчку, памыў футра і прылёг на ўзгорку сушыцца. А сонейка так цёпла прыпякло, што Мішка і не агледзеўся, як соладка захроп.
Тым часам пачалі збірацца да цара звяры. Першай прыбегла лісіца. Паглядзела туды-сюды, аж перад царскім палацам цэлая куча хвастоў. I доўгія, і кароткія, і голыя, і пушыстыя...
Пакланілася лісіца цару і кажа:
— Яснавяльможны цар! Я першая адгукнулася на твой загад. Дазволь мне за гэта выбраць хвост, які я пажадаю...
Ну, цару ўсё роўна, які хвост даць лісіцы.
— Добра, — кажа, — выбірай сабе хвост па густу.
Растрыбушыла хітрая лісіца кучу хвастоў, выбрала самы прыгожы — доўгі, пушысты ды памчалася назад, пакуль цар не перадумаў.
За лісіцаю прыскакала вавёрка, таксама выбрала сабе прыгожы хвост, хоць і меншы, як у лісіцы. За ёю — куніца. I яна з добрым хвастом назад пабегла. Лось выбраў сабе самы доўгі хвост, з густою мяцёлкаю на канцы, каб было чым ад аваднёў ды сляпнёў бараніцца. Барсук ухапіў хвост шырокі і тоўсты. Конь узяў хвост з аднае валасні. Прычапіў махнуў па правым баку, па левым — добра сячэ. «Цяпер мухам смерць!» — заржаў ён ад радасці ды сігануў на свой луг.
Апошні прыбег зайка.
— Дзе ж ты быў? — кажа цар. — Бачыш, у мяне толькі адзін маленькі хвосцік застаўся.
— Хопіць мне і гэтага! — зарадаваўся зайчык. — Даўжэйшы хвост — цяжэйшы. А мне трэба быць лёгкаму, каб ад ваўка ды сабакі ўцячы.
Прычапіў зайка сабе, куды трэба, куртаты хвосцік, падскочыў раз-другі і весела пабег дахаты. А звярыны цар, раздаўшы ўсе хвасты, пайшоў спаць.
Толькі адвячоркам прачнуўся мядзведзь. Успомніў, што ён жа мусіў спяшацца да цара па хвост. Зірнуў, а тут і сонца за лес коціцца. Кінуўся ён з усіх ног наўгалоп. Бег, бег, аж змакрэў небарака. Прыбягае да царскага палаца, а там — ні хвастоў, ні звяроў. «Што ж цяпер рабіць? — думае мядзведзь. — Усе будуць з хвастамі, адзін я без хваста».
Завярнуўся Мішка і патэпаў злосны ў свой лес. Ідзе, аж бачыць — на пні барсук пакручваецца, удалым сваім хвастом любуецца.
— Паслухай, барсук, — кажа мядзведзь, — навошта табе хвост? Аддай яго мне.
— Што ты, дзядзька мядзведзь, выдумаў! — дзівіцца барсук. — Хіба ж можна такі прыгожы хвост аддаваць?
— А калі не дасі па-добраму, то я сілаю вазьму,— буркнуў мядзведзь і палажыў сваю цяжкую лапу на барсука.
— He дам! — крыкнуў барсук і рвануўся з усяе сілы наўцёкі.
Глядзіць мядзведзь, а ў яго лапе палоса барсуковай шкуры засталася і канчур хваста. Адкінуў ён шкуру прэч, а канчур хваста прычапіў сабе ды пайшоў даядаць мёд у дупле.
Барсук жа як бегчы дык бегчы — ад страху месца сабе не знаходзіць. Дзе ні схаваецца, усё яму здаецца, што вось-вось мядзведзь прыйдзе, рэшту хваста адбярэ. Выкапаў ён тады
глыбокую нару ў зямлі і стаў там жыць. Рана на спіне зажыла, але затое засталася цёмная палоса.
Бяжыць аднойчы лісіца, бачыць — нара, а ў ёй нехта храпе як пшаніцу прадаўшы. Палезла ў нару, глядзіць, аж там барсук спіць.
— Што гэта табе, суседзе, наверсе цесна, што ты пад зямлю забраўся? — дзівіцца лісіца.
— Але, лісічка, цесна, — уздыхнуў барсук. — Каб не трэба было яды шукаць, дык і ўночы не выходзіў бы адгэтуль.
I расказаў барсук лісіцы, чаму яму на зямлі жыць цесна.
«Эге, — падумала лісіца, — калі мядзведзь на барсукоў хвост паквапіўся, то мой жа ў сто разоў лепшы...» І.пабегла шукаць схованкі ад мядзведзя. Прабегала ўсю ноч, нідзе схавацца не можа. Нарэшце пад раніцу выкапала нару, такую, як у барсука, залезла ў яе, накрылася сваім пушыстым хвастом і спакойна заснула.
3 таго часу барсук і лісіца жывуць у норах, а мядзведзь так і застаўся без добрага хваста.
Чалавек і козы
Жыў некалі ў адной вёсцы бедны чалавек. He меў ён, як кажуць, ні кала ні двара. I рабіць не было чаго, і есці таксама.
Надакучыла бедняку такое жыццё, падаўся ён у свет шукаць сабе якога лепшага прытулку.
Ішоў ён, ішоў і прыйшоў у вялікі густы лес. Доўга блукаў па лесе, змарыўся, а выбрацца з гушчару ніяк не можа. Нарэшце, ужо пад вечар, трапілася яму на вочы палянка. Вялікая, шырокая палянка, а на ёй трава густая ды зялёная, як на лузе. I ўся кветкамі ўсыпана. Ад іх такі прыемны пах ідзе, што аж ноздры шчыкоча.
Пачаў чалавек разглядаць палянку, бачыць — недалёка хатка стаіць. «Ну, — думае, — зайду, можа, мяне там пакормяць».
Увайшоў чалавек у хатку і дзіву даўся: сцены яе збудаваны з бліноў, печ — з тварагу, a комін — з масла... He хатка, а цуда! I нідзе гаспадароў не відаць. Паклікаў чалавек — ніхто не адгукаецца.
Нядоўга, аднак жа, дзівіўся чалавек з цікавай хаткі: голад — не цётка! Давай ён хутчэй абдзіраць сцены, мазаць бліны маслам ды ўплятаць іх з тварагом за абедзве шчакі... Есць, аж нос гнецца. Смачна, што і казаць!
Паабдзіраў ён сцены, пакалупаў масляны комін, з’еў усю печ, адзін падпечак застаўся.
Раптам чуе — гул і тупат пайшоў па лесе.
Спужаўся чалавек. «Бяда будзе, — думае, — калі гаспадар застане мяне тут...»
Куды ж падзецца? Убачыў ён недаедзены падпечак і, доўга не думаючы, скокнуў туды.
Тым часам прыбегла да хаткі чарада коз. Усе рагатыя, усе барадатыя. Як убачылі яны сваю
хатку, — а гэта была казіная хатка, — дык усе ў адзін голас забляялі, замэкалі:
— Хто ў нашай хатцы пабываў, хто бліны ды масла паабдзіраў?
Кінуліся шукаць вінаватага. Бегалі і туды і сюды — нікога не знайшлі і ўзяліся ладаваць хатку. Як бачыш, напяклі бліноў, нарабілі тварагу, набілі масла. Комін замазалі маслам, печ заляпілі тварагом, сцены залаталі блінамі. I хатка зноў стала цэлая, як была.
Пераначавалі козы дома, а назаўтра пайшлі на пашу. Але пакінулі адну казу за вартаўніка.
Ляжыць каза ў хатцы, вокам не маргне, вартуе.
А чалавеку ўжо і есці захацелася. Ды баіцца з падпечка вылезці, каб казе-вартаўніцы на вочы не трапіць...
«Напушчу хіба на яе сон, — думае чалавек, — тады і вылезу».
Пачаў ён на казу сон напускаць. Глядзіць на яе праз дзірку з падпечка ды прыгаворвае паціху: «Спі, вочка! Спі, вочка! Спі, вочка!»
Адно казінае вока заснула.
Ён зноў: «Спі, другое! Спі, другое! Спі, другое!»
I другое заснула.
Узлез тады чалавек на хатку, наабдзіраў бліноў са сцен, накалупаў масла з коміна, тварагу з печы — ды назад у сваю схованку! Сядзіць там і есць паціхеньку.
Вярнуліся адвячоркам козы з пашы, бачаць — сцены хаткі паабдзіраны, печ і комін папсаваны, а каза-вартаўніца спіць сабе хоць бы што.
Узлаваліся козы на вартаўніцу, пачалі біць яе і нагамі, і рагамі.
— Што ж я вінавата, — кажа каза-вартаўніца. — Я старалася, як магла, добра вартавала, вачэй з хаткі не спускала. Але потым мне так захацелася спаць, што вочы самі заплюшчыліся, я нават і не пачула, як заснула.
Кінуліся козы шукаць вінаватага. Шукалі, шукалі — нікога не знайшлі. Сабраліся ў гурт ды пачалі раіцца, што рабіць. Шмат было ўсялякіх радаў, але ўсім спадабалася адна: пакінуць за вартаўніка казу з трыма вокамі. Знайшлі яны такую казу, загадалі ёй добра вартаваць хатку, а самі раніцой пайшлі на пашу.
Чалавеку тым часам захацелася есці. Выглянуў ён з падпечка і ўбачыў казу-вартаўніцу. «Э-э, — думае чалавек, — цяпер ты мне не страшная». I пачаў на яе сон напускаць: «Спі, вочка! Спі, вочка! Спі, вочка! Спі, другое! Спі, другое! Спі, другое!»
Заснула ў казы адно вока, заснула і другое. А тое, што каза была з трыма вокамі, чалавек не ведаў.
Вылез ён спакойна з падпечка і давай абдзіраць сцены!
Аж тут каза ўбачыла яго сваім трэцім вокам ды як замэкае...
Прыбеглі козы з пашы, накінуліся на чалавека. А чалавек пытаецца ў іх:
— Хто ваш гаспадар?
— Няма, — кажуць козы, — у нас гаспадара.
— Ну дык я ў вас за гаспадара застануся. Ад ваўкоў бараніць буду.
Паслухалі козы чалавека і пакінулі яго ў сябе за гаспадара.
Добра стаў тады жыць той чалавек. Пасвіў коз, даглядаў іх, даіў, сыры і масла рабіў...
Так з таго часу і пачалі людзі коз гадаваць.
Стары конь
Быў у аднаго гаспадара стары конь. Цяжка ўжо яму стала саху цягаць, пачаў ён прыставаць. Пашкадаваў гаспадар каня, падкаваў яго сталёвымі падковамі ды пусціў на луг адпасвацца.
Пасецца конь тыдзень, пасецца другі. Паправіўся, нават падбрыкваць пачаў.
Трапіў аднойчы на гэты луг леў. Убачыў каня і здзівіўся: што за звер такі?
— Хто ты будзеш? — пытаецца ён у каня.
— Конь. А ты хто?
— А я леў. Над усімі звярамі цар. Я цябе з’ем.
— Каб з’есці мяне, — кажа конь, — трэба сілу мець...
Стукнуў леў сябе хвастом па баках, зароў:
— Я самы дужы звер!
— Го-го-го! — зарагатаў конь. — Яшчэ паглядзім, хто з нас дужэйшы. Давай сілаю мерацца!
— А як будзем мерацца? — пытаецца леў.
— Бачыш, вунь вялікі камень.
— Бачу, — кажа леў.
— Дык вось, хто стукне па гэтым камені так, каб агонь з яго паказаўся, той і дужэйшы.
— Добра, — згадзіўся леў.
Падышоў ён да каменя і пачаў біць лапамі. Біў, біў, толькі кіпцюры паздзіраў, а агню так і не выбіў.
— Гі-гі-гі, — смяецца з яго конь. — Слабы ж ты, брат, зусім. А яшчэ царом лічышся. Вось глядзі, як я стукну.
Падышоў стары конь да каменя, стаў да яго задам, падбрыкнуў і смальнуў падковамі аб камень... Іскры з каменя так і пасыпаліся...
«Ого, — падумаў сам сабе леў, — благія жарты з такім зверам».
I, нічога не сказаўшы, пабег у лес. Там сустрэўся яму воўк.
— Добры дзень, ваша царская міласць! — пакланіўся яму воўк. — Куды мелі ласку хадзіць? Што чулі, што бачылі?