• Газеты, часопісы і г.д.
  • Чарадзейнае слова Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

    Чарадзейнае слова

    Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 463с.
    Мінск 2022
    82.02 МБ
    — I ўсё?
    — Усё.
    Паляцеў дрозд на ток, сеў бабе на лоб. Убачыў дзед дразда ды — трах цэпам! Але не па дразду, а па бабіным ілбе. Дрозд фыркнуў і перасеў на дзедаў лоб. Тады баба з крыкам: «А кыш!» — бах цэпам дзеду ў лоб!..
    Лісіца аж качаецца са смеху, пазіраючы, як дзед малоціць бабін лоб, а баба — дзедаў.
    Набілі яны сабе гузакоў, кінулі малацьбу ды пайшлі дахаты прымочкі на лбы ставіць.
    А дразду хоць бы што — паляцеў сабе ў лес, пасвістваючы.
    Казка пра быка і яго сяброў
    Пасвіўся на лузе бык. Убачыў ён каля рэчкі туман і напужаўся: падумаў, што зямля і вада гараць.
    «Пабягу я лепш адгэтуль на край свету!» — парашыў бык.
    Задраў хвост і пабег.
    Сустрэўся яму па дарозе казёл:
    — Бык, куды бяжыш?
    — На край свету.
    — Чаго?
    — У нас зямля і вада гараць. Баюся, каб і мне не згарэць.
    — Пабягу і я з табою.
    — Бяжы.
    Бягуць яны, а насустрач ім парсюк:
    — Куды бежыце?
    — На край свету: у нас зямля і вада гараць! Баімся, каб і нам не згарэць.
    — I я з вамі пабягу.
    — Бяжы.
    Бягуць яны ўтрох. Сустракае іх гусак:
    — Куды бежыце?
    — На край свету: у нас зямля і вада гараць! Баімся, каб і нам не згарэць.
    — I я з вамі пабягу.
    — Бяжы.
    Бягуць яны ўчатырох. Сустракае іх певень:
    — Куды бежыце?
    — На край свету: у нас зямля і вада гараць!
    — I я з вамі пабягу.
    — Бяжы.
    Беглі, беглі, прыбеглі ў лес. А тут і зіма надыходзіць.
    Бык кажа:
    — Ну, хопіць бегчы: зімою зямля не загарыцца. Давайце будзем хату рабіць ды запасы на зіму рыхтаваць.
    Парсюк кажа:
    — Мне хаты не трэба: я выкапаю сабе яму, нанашу туды моху на падсцілку, жалудоў на харч ды буду зімаваць. Мне і так цёпла будзе!
    Казёл кажа:
    — А я карою пракармлюся, у дупле пагрэюся.
    — А ты, гусак? — пытаецца бык.
    — У мяне пер’е цёплае, я дзюбу ў яго схаваю ды так перазімую.
    — А ты, певень?
    — А мне што, я і пад ялінкаю перазімую.
    Што рабіць? Узяўся бык адзін хату будаваць. Нанасіў бярвення, моху, збудаваў цёплую хату і жыве сабе ў ёй без бяды.
    Насталі лютыя маразы. Парсюк круціўся, круціўся ў яме, не вытрымаў ды пайшоў да быка:
    — Пусці, бык, у хату: сцюдзёна вельмі.
    — He, — кажа бык, — не пушчу: ты ў мох закапаешся, табе і так цёпла будзе!
    — Калі не пусціш, — кажа парсюк, — дык я падкапаю лычам падрубу — твая хата абернецца, ды яшчэ і цябе самога задушыць.
    Напужаўся бык: хочаш не хочаш, трэба пускаць парсюка ў хату.
    — Ну, добра, — кажа, — ідзі: удвух весялей будзе.
    На другі дзень прыходзіць казёл:
    — Пусці, бык, у хату.
    — Навошта табе хата: ты ў дупле перазімуеш!
    — Ну, калі не пусціш, дык я разганюся, стукну рагамі ў сцяну і праб’ю дзірку: мароз залезе ў хату, табе холадна будзе.
    Што рабіць быку — пусціў казла.
    — Добра, — кажа, — хата ў мяне не малая: хопіць і траім месца.
    На трэці дзень прыходзіць гусак:
    — Бык, бык, пусці ў хату пагрэцца!
    — He пушчу!
    — Чаму?
    — У цябе пер’е цёплае, ты ў яго дзюбу схаваеш ды і так перазімуеш.
    — Ну, калі не пусціш, дык я дзюбаю ўсю страху расцягаю, табе холадна будзе.
    Спужаўся бык — пусціў і гусака.
    На чацвёрты дзень прыходзіць певень:
    — Пусці, бык, у хату!
    — А хіба табе пад ялінкаю не цёпла? — засмяяўся бык. — He пушчу! У мяне ўжо і так цесна.
    — А калі не пусціш, дык я ўзлячу на гару і ўвесь пясок са столі зграбу: дух з хаты праз столь выйдзе, і ты замерзнеш.
    Спужаўся бык — пусціў і пеўня.
    Жывуць яны ў хаце ўпяцёх.
    Ідзе мядзведзь. Убачыў хату.
    — Хто тут жыве? — пытаецца.
    — Бык, казёл, парсюк, гусак і певень, — адказваюць з хаты.
    — Пусціце і мяне пагрэцца.
    — He, не пусцім! Ты нам не кампанія.
    Мядзведзь стукнуў лапаю ў дзверы, праламаў іх і ўвайшоў у хату.
    Тут бык выставіў рогі ды прыпёр мядзведзя да сцяны. А казёл давай яму рагамі ў бок лупіць, а парсюк зубамі за жывот ірваць, а гусак у нос дзяўбці... А певень узляцеў на лаву ды давай крычаць: «Кудах-кудах! Куды-куды!» Ледзьве жывым выскачыў з хаты няпрошаны госць — мядзведзь.
    Ідзе ён, кульгаючы, па лесе, сустракае ваўка.
    — Дзе быў, сусед? — пытаецца ў яго воўк. — Чаму ты такі хмуры?
    — Ой, — кажа мядзведзь не сваім голасам, — трапіў я да страшэнных разбойнікаў. Адзін мяне віламі да сцяны прыціснуў — не павярнуцца. Другі ражнамі ў бок таўчэ. Трэці абцугамі кішкі выцягвае. Чацвёрты спіцаю ў нос коле. А пяты, у чырвонай шапачцы, ззаду шабля крывая, на нагах шпоры, бегае па лаве ды ўсё крычыць: «Падай, падай яго сюды!» Добра, што я ўцёк, бо не ведаю, што б гэты пяты разбойнік зрабіў са мною...
    3 таго часу больш ні мядзведзь, ні воўк у тую хату не заглядвалі.
    Селянін, мядзведзь і лісіца
    Араў селянін поле. He канём, а валом. А вол такі лянівы быў, што проста бяда. Hi голасу не слухае, ні пугі не баіцца.
    Раззлаваўся селянін на вала ды як крыкне на яго:
    — А ну, каб цябе мядзведзь задушыў!
    Толькі ён так сказаў, аж тут і мядзведзь ідзе.
    — Ну, давай, — кажа да аратага, — свайго вала. Я яго задушу.
    Пачухаў селянін патыліцу. Шкада стала яму вала. Ды і араць не будзе на чым. Сам жа сахі не пацягнеш.
    Вось ён і пачаў прасіцца ў мядзведзя:
    — Дай, — кажа, — хоць загон дакончу. А ты схадзі тым часам за мяжу, у быльнёг, адпачні там.
    — Добра, — згадзіўся мядзведзь. — Спяшацца мне няма куды.
    Пайшоў ён за мяжу і лёг адпачываць.
    Бяжыць з лесу лісіца, спынілася каля селяніна:
    — Тру-ру-ру! Тру-ру-ру! Гэй, чалавеча, ці не бачыў ты тут ваўкоў-медзвядзёў? Стральцы едуць, пра іх пытаюцца.
    Падумаў селянін: калі сказаць пра мядзведзя, ён, чаго добрага, замест вала яго самога задушыць... «Лепш прамаўчу», — парашыў селянін.
    — He, лісанька, не бачыў, — адказвае ён.
    А хітрая лісіца пакруцілася, пакруцілася каля воза ды зноў пытаецца:
    — А што гэта там, за мяжою, ляжыць?
    — Калода на лучыну, — кажа селянін.
    Лісіца памахала хвастом:
    — Каб гэта была калода, дык яна б на возе ляжала...
    Сказала так і пабегла ў лес.
    Пачуў гэта мядзведзь і просіцца ў селяніна:
    — Палажы мяне на воз.
    Селянін палажыў яго на воз.
    Зноў прыбягае лісіца:
    — Тру-ру-ру! Тру-ру-ру! Гэй, чалавеча, ці не бачыў ты ваўкоў-медзвядзёў? Стральцы едуць, пра іх пытаюцца.
    — He, не бачыў...
    — А што гэта ў цябе на возе ляжыць?
    — Калода на лучыну.
    — Каб гэта была калода, яна б вяроўкаю была прывязана.
    Сказала так і пабегла ў лес.
    Мядзведзь кажа селяніну:
    — Прывяжы мяне вяроўкаю.
    Узяў селянін вяроўку ды так увязаў мядзведзя, што той і не зварухнецца.
    А лісіца тут як тут:
    — Тру-ру-ру! Тру-ру-ру! Гэй, чалавеча, ці не бачыў ты ваўкоў-медзвядзёў? Стральцы едуць, пра іх пытаюцца.
    — He, не бачыў.
    — А што гэта ў цябе на возе ляжыць?
    — Калода на лучыну.
    — Каб гэта была калода, у ёй бы сякера тарчала.
    Сказала і пабегла ў лес.
    Мядзведзь дужа напужаўся стральцоў, просіць селяніна:
    — Зрабі, каб на мне сякера тарчала.
    — Добра, — кажа селянін.
    Узяў ён сякеру і ўсадзіў з размаху ў мядзведзя. Мядзведзь трохі паварушыўся — ды і дух з яго вон.
    А лісіца зноў тут.
    — Ну, цяпер дай мне гасцінца за вала, — кажа да селяніна.
    — Якога?
    — Мяшок курэй.
    — Добра, — кажа селянін, — дам табе гасцінца. Пачакай трошкі.
    Пайшоў селянін дахаты па курэй, а тут і сапраўды наехалі стральцы з сабакамі. Убачылі сабакі лісіцу ды за ёю.
    Лісіца і ад курэй адраклася. Ледзь да сваёй нары дабегла.
    Ускочыла ў нару, задыхалася.
    А сабакі стаяць, лісіцу вартуюць, з нары не выпускаюць.
    Надакучыла лісіцы ў нары сядзець, парашыла яна ад сабак адкупіцца.
    — Вочы, вочы, — кажа лісіца, — што вы рабілі, як я ад сабак уцякала?
    — Глядзелі, куды табе бегчы.
    — А вы, вушы?
    — Слухалі, ці блізка сабакі.
    — А вы, ногі?
    — Хутчэй беглі, цябе ратавалі.
    — А ты, хвост, што рабіў?
    — А я ўсё то за пень, то за калоду чапляўся.
    — Ну, хвасцішча-дурнішча, аддам жа я цябе сабакам!
    I выставіла хвост з нары:
    — Наце вам, сабакі, хвост!
    Сабакі ўхапіліся за хвост ды і лісіцу разам з ім выцягнулі.
    Як лісіца ваўка судзіла
    Пайшоў адзін чалавек у лес па карчы. Накапаў смалякоў і пачаў іх у мяшок складваць. Аж бачыць — бяжыць воўк.
    — Ратуй ты мяне, чалавеча! — просіцца воўк. — За мною стральцы гоняцца. Я табе за гэта добра аддзякую — лісіцу на каўнер прыцягну.
    — Як жа я цябе выратую? — кажа чалавек.
    — Схавай у мяшок і нясі замест карчоў.
    Чалавек так і зрабіў. Узваліў на плечы ваўка ў мяшку і пайшоў дарогаю.
    Пад’ехалі стральцы, пытаюцца:
    — Што нясеш, дзядзька?
    — Карчы...
    — А ваўка тут не бачыў?
    — He, не бачыў...
    Стральцы і памчаліся сваёю дарогаю.
    Зняў тады чалавек мяшок з плячэй, развязаў.
    — Ну, вылазь! — кажа ваўку.
    — А стральцоў блізка няма?
    — Няма.
    Вылез воўк з мяшка і кажа да чалавека:
    — А цяпер я цябе з’ем!
    — Што ты, воўча! — здзівіўся чалавек. — Я цябе ад смерці выратаваў, а ты мяне з’есці хочаш... He, гэта не па закону!
    — Як не па закону? — злуецца воўк. — Гэта наш, воўчы, закон.
    — Дык хіба ж няма праўды на свеце? — не згаджаецца чалавек.
    — Няма! — кажа воўк.
    — He, — кажа чалавек, — праўда ёсць! Давай папытаемся ў каго хочаш.
    — Давай! Толькі хутчэй!
    Пайшлі яны разам дарогаю. Сустракаюць сабаку — старога, худога, скура ды косці.
    — Сабака, — спыніў яго чалавек, — рассудзі ты нас.
    — А які ў вас суд? — пытаецца сабака.
    — Ды так і так, — пачаў расказваць чалавек.
    Выслухаў сабака і кажа:
    — Няма праўды на свеце! Пакуль я быў малады і шустры, гаспадар мяне карміў, даглядаў.
    А як састарэў, дык зусім з двара прагнаў. Цяпер вось іду ў лес — можа, які галодны воўк з’есць, каб не мучыцца доўга.
    — He, не, — перабіў яго воўк, — спачатку я чалавека з’ем!
    Ляснуў ён зубамі і кінуўся да чалавека.
    — Чакай! — сказаў чалавек. — Сабака судзіць не папраўдзе — ён сам пакрыўджаны. А такі суддзя несправядлівы. Пойдзем далей, папытаемся яшчэ ў каго-небудзь.
    — Добра, — згадзіўся воўк, — ну пойдзем. Толькі хутчэй! Мне няма калі з табою судзіцца.
    Пайшлі далей. Сустракаюць лісіцу.
    — Рассудзі нас, лісічка, — просіць чалавек.
    — А што ў вас за суд?
    — Ды вось справа якая. Капаў я карчы ў лесе. Бачу — бяжыць воўк. «Ратуй мяне ад стральцоў, — просіцца. — Я табе за гэта лісіцу на каўнер прыцягну». Я і выратаваў яго — у мяшок схаваў. А як мінула бяда, дык ён мяне з’есці хоча. Скажы сама: ці ж гэта па закону? Хіба ж няма праўды на свеце?
    Падумала лісіца і кажа:
    — He магу я вас рассудзіць, не бачыўшы, як яно ўсё было. Трэба на месцы дазнанне зрабіць.