• Газеты, часопісы і г.д.
  • Чарадзейнае слова Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

    Чарадзейнае слова

    Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

    6+
    Выдавец: Беларусь
    Памер: 463с.
    Мінск 2022
    82.02 МБ
    Секанулі слугі, ды не па пеўніку, і адсеклі пану левае вуха. Застаўся пан без вушэй.
    Тады пеўнік высунуўся ў рот.
    — Слугі, слугі, — крычыць пан, разявіўшы рот, — сячыце, сячыце яго!
    Секанулі слугі, ды не па пеўніку, а па языку, — адсеклі пану язык.
    А пеўнік выскачыў, паляцеў на падаконнік, сеў і спявае.
    Бачыць пан — няма рады: усю яго жывёлу пеўнік перадушыў, ды і самога скалечыў. Вынес ён жаронцы з пакояў і аддаў іх пеўніку.
    Пеўнік схапіў адзін камень пад адно крыло, другі — пад другое і паляцеў дахаты.
    Зарадаваліся дзед з бабай жаронцам, пачалі ў іх муку малоць.
    3 мукі хлеб пякуць, самі ядуць і пеўніку даюць.
    Сынок з кулачок
    Жылі дзед і баба. I быў у іх сынок. Ды такі малы, што з-пад шапкі не відаць. He большы за кулак. Так дзед з бабай яго і звалі: сынок з кулачок.
    Паехаў аднойчы дзед араць, а бабе сказаў, каб згатавала абед ды прынесла яму на поле.
    Баба згатавала абед ды кажа да сына:
    — Каб ты быў большы, дык занёс бы бацьку абед за мяне. А так мне самой трэба ісці.
    А сынок падхрабрыўся і кажа:
    — Давай, мама, занясу абед.
    — Дзе табе данесці яго? — не верыць маці.
    — Данясу!
    Узяў сынок з кулачок абед, паставіў у дзедаў лапаць, сам ззаду сеў і паехаў.
    Едзе сабе і песенькі спявае. Прыехаў на поле, гукае бацьку:
    — Тата, я табе абед прывёз!
    Убачыў яго бацька, зарадаваўся:
    — Малайчына, сынок!
    Сеў ён абедаць, а сын кажа:
    — Тата, пасадзі мяне на саху, я араць буду.
    — Як жа ты будзеш араць?
    — А паглядзіш, — кажа сын.
    Пасадзіў яго бацька на саху. Сынок з кулачок узяў лейцы ў рукі і крыкнуў на каня:
    — Но, сівы-буры!
    I пачаў араць.
    Ехаў дарогаю пан у брычцы. Убачыў ён такое дзіва.
    — Прадай, дзед, мне свайго аратага, — кажа пан.
    — He, пане, не прадам: гэта мой сынок.
    А пан прычапіўся як смала: прадай ды прадай!
    — Я табе, — кажа пан, — дам шмат грошай. ГІачуў гэта сынок, падбег да бацькі і шэпча яму:
    — Прадавай, тата, толькі вазьмі ў пана за мяне жменю золата. He бойся, я ад яго ўцяку...
    Згадзіўся дзед і прадаў пану сына за жменю золата.
    Узяў пан хлопчыка, пасадзіў у кішэню і паехаў. «Вось, — думае, — добрага аратага нажыў. Гэтакага ні ў кога няма. Няхай зайздросцяць мне ўсе паны!»
    Тым часам хлопчык прадраў панскую кішэню, цішком вылез з яе ды выскачыў з брычкі. Пан нават і не пачуў. Паехаў сабе дамоў хваліцца дзіўным аратым.
    Агледзеўся хлопчык: кругом густы лес.
    Пахадзіў ён, пахадзіў па лесе і заблудзіўся.
    А тут і вечар настаў. Сеў хлопчык пад елкаю і плача.
    Hi адсюль, ні адтуль — галодны воўк. Ухапіў ён хлопчыка і праглынуў яго.
    Апамятаўся хлопчык, пачаў брыкацца ў воўчым жываце, пачаў крычаць:
    — Гэй, воўк, нясі мяне дахаты!
    — He панясу, — кажа воўк.
    — Нябось, панясеш, як надакучу табе.
    — Паглядзім, — агрызнуўся воўк і пабег у поле шукаць авечак.
    Прыбягае да чарады авечак, а хлопчык як крыкне з воўчага жывата:
    — Гэй, пастухі, глядзіце, воўк па авечкі крадзецца!
    Пачулі гэта пастухі, прагналі злодзея. Ды яшчэ і сабак нацкавалі на яго.
    Прыбег воўк у лес і кажа хлопчыку:
    — Вылазь вон!
    — He, не вылезу, — адгукаецца хлопчык. — Нясі мяне дадому.
    — He панясу! — злуецца воўк.
    Выгаладаўся воўк ды зноў пайшоў шукаць спажывы. Але куды ні прыйдзе, усё няўдача: не дае яму хлопчык спакою.
    Зусім схуднеў воўк, ледзьве ногі цягае. A хлопчык усё сваё права правіць:
    — Нясі мяне дадому!
    Бачыць воўк — няма рады: панёс хлопчыка дадому.
    Прынёс да двара і кажа:
    — Вылазь. Вунь твая хата.
    — He, — адказвае хлопчык, — нясі на двор.
    Прынёс яго воўк на двор і зноў крычыць:
    — Вылазь!
    — He, нясі ў сенцы.
    Прынёс воўк яго ў сенцы.
    Тут хлопчык выскачыў вон ды як закрычыць:
    — Тата, хадзі ваўка біць!
    Выбег бацька з качаргою і забіў ваўка. Шкуру злупіў і бабе футра пашыў. А баба сасмажыла за гэта дзеду і сынку гуся. Тут і казка ўся.
    Сабака-паляўнічы
    Жыў дзед. I быў у яго сабака.
    Надакучыла сабаку жыць у дзеда: і вартаваць няма чаго, і корму мала. Пайшоў ён у лес на паляванне. Напаткаў там ваўка. Разгаварыўся.
    — Няма чаго, — кажа, — мне дома рабіць. Ды і з ядою туга. Хачу заняцца паляваннем.
    — Добра, — кажа воўк, — жыві са мною. Навучу цябе паляўнічаму рамяству.
    Застаўся сабака жыць у ваўка.
    Жывуць яны дзень, другі — захацелі есці.
    Воўк кажа сабаку:
    — Збегай, брат, на поле, глянь, можа, там хто ёсць.
    Вярнуўся сабака з поля і кажа:
    — Там гусі ходзяць.
    Воўк пакруціў галавою:
    — Э, беганіны шмат, а наедку мала.
    I не пайшоў гусей лавіць.
    Праз гадзіну воўк зноў пасылае сабаку:
    — Збегай глянь, можа, там яшчэ хто ёсць?
    Вярнуўся сабака і кажа:
    — Свінні ў бульбе капаюцца.
    — Э, — кажа воўк, — з імі таксама клопату шмат: пішчаць, хоць ты вушы затыкай. Пачакаем.
    Пачакалі крыху, воўк і кажа:
    — Збегай яшчэ паглядзі — ці няма там чаго цікавейшага?
    Пабег сабака, паглядзеў — на полі конь пасецца. Вярнуўся ён назад і сказаў аб гэтым ваўку.
    — Вось цяпер можна збірацца на паляванне.
    Пабег воўк у азярцо, абмачыўся ў вадзе, выкачаўся ў пяску ды пытаецца ў сабакі:
    — Ну як, падобны я цяпер на паляўнічага?
    — Дзіва што! — кажа сабака.
    Пайшлі на поле. Воўк забег каню наперад, сцерухнуўся, засыпаў яму вочы пяском, а потым схапіў за горла і задушыў.
    Ад’еўся сабака, патлусцеў.
    — Ну, цяпер, — кажа ён ваўку, — я ўжо і без цябе абыдуся. Буду жыць адзін.
    Пакінуў сабака ваўка і пайшоў сабе далей. Сустракае па дарозе ката.
    — Куды ідзеш, кот? — пытаецца.
    — Мышэй лавіць.
    — Э, — кажа сабака, — ці варта такою драбязою займацца? Хадзем лепш са мною: навучу цябе паляўнічаму рамяству.
    Згадзіўся кот, і сталі яны жыць разам. Жывуць дзень, другі — захацелі есці. Сабака кажа:
    — Збегай на поле, паглядзі, хто там ёсць.
    Збегаў кот, паглядзеў.
    — Гусі ходзяць, — дакладвае сабаку.
    — Э, — паморшчыўся сабака, — беганіны шмат, а наедку мала.
    Праз гадзіну сабака зноў пасылае ката на поле.
    Вярнуўся кот і кажа:
    — Свінні ў бульбе капаюцца.
    — Э, — кажа сабака, — з імі таксама клопату шмат: пішчаць, хоць вушы затыкай. Пачакаем.
    Паляжалі крыху, а есці і аднаму, і другому хочацца.
    — Збегай яшчэ на поле паглядзі — ці няма там чаго цікавейшага? — зноў пасылае сабака ката ў розведы.
    Вярнуўся кот з поля і кажа:
    — Конь пасецца.
    Сабака ўсхапіўся:
    — Вось цяпер можна збірацца на паляванне!
    Пабег ён у азярцо, абмачыўся ў вадзе, выкачаўся ў пяску і пытаецца ў ката:
    — Ну як, падобны я на паляўнічага?
    — Вельмі падобны, — кажа кот. — Як выліты. Воўк таксама, перш чым на каня нападаць, у вадзе купаецца і ў пяску качаецца.
    — Ды я гэтую навуку ў ваўка і пераняў, — хваліцца сабака.
    Пайшлі на поле.
    Сабака забег каню наперад, сцерухнуўся, як воўк, ды хацеў яго за горла ўхапіць. А конь як дасць яму капытом, дык той і паляцеў кулём з паламанымі рэбрамі.
    Паглядзеў кот на такое паляванне ды кажа:
    — He, лепш паляваць на мышэй: хоць работа і марудная, затое рэбры будуць цэлыя.
    I пайшоў ён далей сваёй дарогаю.
    Лісіца і дрозд
    Жылі дзед і баба. Дзед у лес хадзіў дровы секчы, а баба дома была, пірагі пякла.
    Аднаго разу злавіў дзед у лесе дзікага парсюка і прынёс дахаты. Харошы быў парсючок — стракаценькі ды паласаценькі.
    Пачала баба парсючка карміць — і цестам, і мукою, і свежаю травою.
    Але, вядома, дзік — яму жалудоў давай! Цягне яго ў лес па жалуды.
    Нічога не зробіш, пачала яго баба ў лес пускаць, жалуды збіраць.
    Цэлы дзень ён у лесе гуляе, а нанач дахаты бяжыць. Такі добры парсючок быў!
    Аднойчы бяжыць ён у лес, а насустрач яму галодны воўк.
    — Парсюк-парсючок, дзік-дзічок, — кажа воўк, — я цябе з’ем.
    Парсючок хітры быў, падумаў ён і адказвае:
    — He еш мяне, шэры воўк, лепш ідзі са мною на жалудовую палянку: там чарада гусей пасецца.
    А воўк да гусей вельмі ахвочы. Паверыў ён дзічку-парсючку і пайшоў за ім на жалудовую палянку.
    На дарозе была вялікая воўчая яма. Парсючок яе ведаў ды і абышоў, а воўк — бух у яму! I сядзіць там.
    Назаўтра парсючок зноў пайшоў на жалудовую палянку.
    Ідзе ды ідзе, сустракае яго лісіца:
    — Куды ідзеш, парсючок?
    — Па жалуды.
    — Вазьмі і мяне з сабою.
    — Хадзем.
    Ідуць яны, ідуць, падышлі да ямы. Парсючок абышоў яму, а лісіца — бух ваўку на галаву!
    На трэці дзень сустракае парсючка заяц:
    — Куды ідзеш, парсючок?
    — Па жалуды.
    — Вазьмі і мяне з сабою.
    — Хадзем.
    Дайшлі да ямы — і заяц туды паляцеў. Стала іх цяпер у яме трое: воўк, лісіца і заяц.
    Сядзяць яны ў яме, захацелі есці. Лісіца кажа:
    — Давайце крычаць: хто слабей крыкне, таго з’ядзім.
    Крыкнуў воўк — моцна.
    Крыкнула лісіца — таксама не надта слаба.
    Крыкнуў заяц — зусім слаба: толькі піскнуў.
    Ну, яго і з’елі. Воўк усе косці паеў, а лісіца кішкі сабе ўзяла і ў пясок закапала.
    Назаўтра зноў прагаладаліся. Лісіца дастала кішкі ды есць патроху.
    — Што гэта ты, кума, ясі? — пытаецца воўк.
    — Кішкі.
    — Дзе ты іх узяла?
    — Лапаю сабе жывот распарола і дастала.
    Воўк паверыў, распароў сабе кіпцюрамі жывот ды і сканаў. Лісіца і яго з’ела.
    Прыляцеў да ямы дрозд. Лісіца просіцца ў яго:
    — Дроздзік-драздок, вызвалі мяне з ямы!
    — Як жа я цябе вызвалю?
    — Накідай у яму галля, я і вылезу.
    Дрозд накідаў галля. Лісіца вылезла з ямы
    I кажа:
    — Дроздзік-драздок, вызваліў ты мяне?
    — Вызваліў.
    — Накармі ж цяпер мяне.
    — Як жа я цябе накармлю?
    — Вунь баба на поле ідзе, міску бліноў нясе. Ты заляці ёй наперад ды сядзь на дарозе.
    — I ўсё?
    — Усё.
    Паляцеў дрозд і сеў пасярод дарогі. Баба ўбачыла дразда, паставіла міску з блінамі і кінулася яго лавіць. А лісіца схапіла бліны ды за кусты!
    Наелася лісіца бліноў, прыйшла да дразда:
    — Дроздзік-драздок, вызваліў ты мяне?
    — Вызваліў.
    — Накарміў?
    — Накарміў.
    — Цяпер напаі.
    — Як жа я цябе напаю?
    — А вунь, бачыш, чалавек бочку з півам вязе.
    Ты ўзляці на бочку ды дзяўбі затычку.
    — I ўсё?
    Паляцеў дрозд, сеў на бочку ды давай дзяўбці затычку.
    Убачыў гэта фурман, схапіў кол. Дрозд узляцеў угору, а фурман з усяе сілы трах па бочцы!
    Бочка разбілася, піва вылілася. Цэлая лужына налілася.
    Паехаў чалавек, бядуючы, далей, а лісіца напілася піва з лужыны, колькі ёй хацелася, ды зноў пабегла да дразда:
    — Дроздзік-драздок, вызваліў ты мяне?
    — Вызваліў.
    — Накарміў?
    — Накарміў.
    — Напаіў?
    — Напаіў.
    — Цяпер пацеш ты мяне.
    — Як жа я цябе пацешу?
    — А вунь на таку дзед з бабаю гарох малоцяць. Ляці туды і садзіся на лоб то бабе, то дзеду.