• Газеты, часопісы і г.д.
  • Чарадзейнае слова Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

    Чарадзейнае слова

    Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 463с.
    Мінск 2022
    82.02 МБ
    Думалі-гадалі, нарэшце мядзведзь і кажа:
    — Вось што, браткі, трэба смачны абед згатаваць ды ў госці яго з гаспадыняй запрасіць. Тады ўсе разам і паглядзім.
    — Добра, няхай будзе так, — згадзіліся звяры.
    I тут зноў яны моцна задумаліся: які абед згатаваць?
    Думалі-гадалі, нарэшце мядзведзь і кажа:
    — Я прынясу мёду калоду.
    — А я — барана, — кажа воўк.
    — А я — жалудоў, — кажа дзік.
    — А я — салодкай капусты, — кажа заяц.
    Згатавалі абед і пачалі раіцца, каму запрашаць ісці.
    Мядзведзь кажа:
    — Я тоўсты, мне хадзіць цяжка.
    Воўк кажа:
    — Я і так набегаўся, мне ногі баляць.
    Дзік кажа:
    — А я складна гаварыць не ўмею.
    А заяц нічога не сказаў. Вось і парашылі паслаць яго, як лягчэйшага на ногі.
    Прыбег заяц да лісіцынай хаты, пастукаў лапкай у шыбіну, зажмурыўся ад страху ды прапішчаў спалоханым голасам:
    — Дзень добры вам, шаноўныя гаспадары! Прасілі мядзведзь, воўк і дзік, каб вы ласкавы былі, да іх у госці прыйшлі.
    Сказаў так адным духам ды ходу назад.
    Падрыхтаваліся звяры гасцей сустракаць. Сядзяць ля багатага стала, чакаюць, аб лісіцыным гаспадару разважаюць.
    Вось заяц і кажа:
    — He, сядзець так боязна. Хто яго ведае, які гаспадар у лісіцы? А што, калі ён абеду нашага не ўпадабае ды ўсіх нас хвастом пазабівае... Давайце схаваемся і на яго паглядзім.
    Згадзіліся звяры з мудрай зайцавай парадай ды пачалі хавацца.
    Мядзведзь на дуб узлез, дзік у мох зашыўся, воўк пад куст забраўся, а заяц у траве схаваўся.
    Тым часам узяла лісіца пад руку свайго гаспадара і пайшлі яны ў госці.
    Прыходзяць на палянку. Чуе кот — мясам запахла. Бачыць — цэлы баран ляжыць. Тут ён шэрсць наставіў, вусы натапырыў ды адразу на барана накінуўся.
    Есць ды ўсё бурчыць: «Мяў-у, мяў-у!»
    Звяроў аж страх узяў. Ім здалося, што ён крычыць: «Мала, мала!»
    — Ну і звяруга! — кажа воўк. — Мне б і за дзень з такім рагалём не ўправіцца, а яму на раз мала...
    Дзік ляжаў, ляжаў у моху ды ад страху пачаў хвастом варушыць. Кот падумаў, што мыш з норкі вылазіць. Скокнуў туды і ўчапіўся кіпцюрамі ў дзікаў хвост.
    Як усхопіцца дзік, як кінецца наўцёкі! Толькі галлё трашчыць.
    Кот напужаўся ды скок на дуб!
    «Ну, — думае мядзведзь, — гэта ён мяне ўбачыў. Трэба ратавацца, пакуль не позна».
    Грымнуўся мядзведзь з дуба проста на куст, пад якім воўк сядзеў. А таму здалося, што гэта сам лісіцын гаспадар на яго напаў. Усхапіўся воўк ды ходу далей ад бяды. А мядзведзь за ім: трэсь-лом! трэсь-лом!
    Уцякалі яны так, што заяц іх ледзьве праз гадзіну дагнаў. Дагнаў і кажа:
    — Каб не паслухалі мяне ды не схаваліся, ён бы нас усіх з’еў! Ну і страшэнны звер!
    А кот з хітрай лісіцай нагасцяваліся ды пайшлі сабе дахаты.
    Сава і дзяцел
    He паспела яшчэ і развіднецца як след, a дзяцел Тук Туковіч ужо ўхапіўся за работу. Ён так забарабаніў па старой хвоі, ажно рэха пайшло па ўсім лесе.
    У гэты час суседка яго, сава — Неразумная Галава, толькі пачынала ўкладвацца спаць.
    — Тук-тук-тук! Стук-стук-стук! — раптам пачула яна вясёлую дзятлаву песню.
    Высунула сава галаву з дупла.
    — Ці маеш ты розум, шаноўны Тук Туковіч! Перастань грымець над самым вухам. Дай спакойна паспаць.
    — Гм! — здзівіўся дзяцел. — Хто ж гэта спіць сярод белага дня!
    — Як хто? — лыпнула сваімі круглымі вачыма сава — Неразумная Галава. — Усе мае сваякі, усе совы і пугачы спяць толькі ўдзень!
    — А ўночы што вы робіце?
    — Лятаем, здабычы шукаем. Гэта толькі ты і ўсе твае сваякі жывуць па-дурному: уночы спяць, а ўдзень яду здабываюць.
    — He, — кажа дзяцел, — як сабе хочаш, a я ўночы не магу лятаць.
    — Чаму? — запыталася сава.
    — Бо ўночы цёмна, нічога не відаць.
    — Няпраўда! — адказала сава. — Гэта ўдзень цёмна, а ўночы светла.
    — He, гэта ўдзень светла, а ўночы цёмна, — не згадзіўся дзяцел. — Хіба ж ты не бачыш, што ўдзень сонейка свеціць, а ўночы — не.
    — Якое там яшчэ сонейка ты выдумаў! Яго няма на свеце!
    — Як гэта няма? Што ты пляцеш?
    — Я яго не бачу, значыць, няма, кажу табе, — не здаецца сава.
    — Ат, гаварыць з табою, што ваду ў ступе таўчы, — сказаў дзяцел і яшчэ мацней забарабаніў па дрэве. — Калі ты адна не бачыш сонца, дык думаеш, што і ўсе такія слепакі на свеце жывуць.
    — Ну пачакай жа, — узлавалася сава — Неразумная Галава, — я табе адпомшчу!
    Мінуў дзень, настала ноч. Усе дзятлавы сваякі моцна заснулі. Заснуў і дзяцел Тук Туковіч.
    Навокал было так ціха, і сон да нашага дзятла пасля працоўнага дня прыйшоў такі салодкі, што яму нават жукі-караеды перасталі сніцца.
    I раптам сярод начной цішыні нехта моцна загаласіў:
    — Ку-га! Ку-га! Ку-га!
    А потым зарагатаў:
    — Ха-ха-ха! Гу-гу-гу!
    Прахапіўся дзяцел Тук Туковіч, дрыжыць ад страху: хто гэта пужае яго? Працёр вочы, прыгледзеўся, аж бачыць: сава — Неразумная Галава сядзіць на суку і рагоча на ўвесь лес.
    — Тфу, каб цябе! — плюнуў дзяцел. — Знайшла час рагатаць. Ідзі спаць!
    — He, — кажа сава, — спаць уночы я не магу. Буду спяваць, цябе і тваіх сваякоў пужаць.
    — Ну і песня ж у цябе! — паморшчыўся дзяцел. — Ад такой песні здурнець можна.
    — Ха-ха-ха! Гу-гу-гу! — яшчэ мацней зарагатала сава.
    Ёй адказалі гэткаю ж песняю ўсе яе сваякі.
    — Пачакай жа ты, лупавокая! — пагразіў дзяцел саве. — Заўтра я табе адплачу!
    I праўда: назаўтра пачалося тое ж самае. Цэлы дзень дзяцел барабаніў па старой хвоі і не даваў спаць саве. Затое потым сава ўсю ноч галасіла і рагатала — дзятла пужала.
    I так у іх пайшло дзень пры дні, ноч пры ночы: ні дзяцел, ні сава з таго часу не могуць спаць спакойна.
    Вучоны рак
    Жылі дзед і баба. Hi бедна жылі, ні багата. Мелі хлеб, мелі сёе-тое і да хлеба. Адна бяда — не было ў іх дзяцей. А без дзяцей — якое жыццё! Сумна, нудна. Дзеду яшчэ сяк-так, ён то ў лес па дровы едзе, то ў полі працуе, то рыбу ловіць. А баба адна дома сядзіць. Сядзіць ды ўздыхае: «Былі б у мяне дзеці, хоць пагаварыла б з імі, пазабаўлялася».
    Пайшоў дзед аднаго разу на рэчку. Рыбы не злавіў, а злавіў рака. Прынёс дахаты і кажа бабе жартам:
    — На табе, старая, рака, будзеш з ім гаманіць.
    Паглядзела баба на рака і адказвае:
    — Ці не з глузду ты, стары, з’ехаў: хто ж з ракам гамоніць?
    А рак паварушыў вусамі і кажа:
    — Праўда, маці, я з табою буду гаманіць!
    Дзед з бабаю аж за галовы схапіліся. Вось гэта дык дзіва!
    Пачаў рак у іх жыць, з бабаю гаманіць.
    Паехаў аднойчы дзед араць. Баба згатавала абед ды збіраецца ў поле дзеду несці. Рак ёй кажа:
    — Ты, маці, старая, лепш дома пасядзі, давай я абед у поле занясу.
    — Што ты! — замахала рукамі баба. — Ты ж маленькі!
    — Нічога, — кажа рак, — я маленькі, ды ўдаленькі!
    Падлез ён пад кошык з абедам, падняў і панёс.
    Прыходзіць на поле.
    — Гэй, бацька, — крычыць, — ідзі абедаць!
    — Бач, які ты спрытны, — усміхаецца дзед, — сам абед прынёс!
    Пачаў дзед есці, а рак запусціў саху ў разору, ускочыў валу на ярмо і арэ.
    Едзе пан з палявання. Бачыць — дзед абедае, а валы самі аруць.
    — Гэй, дзед, — крычыць пан, — хто ў цябе валамі кіруе?
    — Рак, — адказвае дзед.
    Прыгледзеўся пан лепш і ўбачыў рака.
    «Вось дык араты!» — пазайздросціў пан дзеду.
    — Прадай, дзед, мне свайго аратага!
    — He, пане, рак гэты ў мяне за сынка роднага служыць. Ён не прадаецца.
    — Прадай, дзед, я табе добрыя грошы за яго дам.
    Пачуў гэта рак і шэпча дзеду:
    — Прадай, бацька, мяне. Вазьмі з пана сто рублёў. I дагаварыся так: калі я за тры дні тры разы ўцяку ад пана — прапалі яго грошы.
    Дзед згадзіўся і прадаў пану рака.
    Пан пасадзіў рака ў паляўнічую сумку і павёз дахаты. Прыехаў, расшпіліў сумку, глядзіць, a рака няма. Адна дзірка ў сумцы свеціцца. Вось табе і маеш аратага!
    Вярнуўся пан да дзеда. Бачыць — дзед з бабаю вячэраюць і рак каля іх сядзіць.
    — Дык ты ўсё-такі ўцёк ад мяне! — дзівіцца пан.
    А рак смяецца:
    — I яшчэ два разы ўцяку!
    — Паглядзім, — кажа пан.
    Забраў ён рака, пасадзіў у бляшаную скрыначку і павёз дахаты.
    Прыехаў, адчыніў скрыначку — рак сядзіць там.
    — Ну, цяпер, — кажа пан, — ты ад мяне не ўцячэш!
    Пахваліўся пан дома сваім вучоным ракам і аддаў яго дочкам гуляць. А каля дзвярэй лёкаяў паставіў, каб рак не выпаўз.
    Пачаў рак панскім дочкам казкі казаць. Тыя слухалі, слухалі ды і паснулі. Уночы рак пазвязваў панскім дочкам косы і чакае, што будзе.
    Прачнуліся раніцай дочкі, тузаюцца, крычаць: — Ты чаго мяне трымаеш? — крычыць першая.
    — Гэта ты мяне трымаеш! — адказвае другая. — Пусці, а то я табе ўсе валасы павырываю!
    Пачулі сварку лёкаі, прыбеглі ў спальню, a рак тым часам шмыг праз адчыненыя дзверы — і няма...
    Зноў паехаў пан да дзеда і бабы. Бачыць — рак на лаве сядзіць, бабе лапці пляце...
    — Добра ж, — кажа пан, — цяпер ты ўжо ад мяне не ўцячэш! Я цябе нікуды ад сябе не пушчу!
    — Нічога, — смяецца рак, — уцяку.
    Палажыў пан рака ў тую ж бляшаную скрыначку і паехаў дахаты.
    Дома выпусціў рака ў сваім пакоі, а сам сеў на варце каля дзвярэй.
    Сядзеў, сядзеў пан ды і задрамаў. Рак доўга не думаючы ўзлез на стол, знайшоў запалкі і падпаліў панскія паперы. Дым так і шугануў пану ў нос. Прачнуўся пан, бачыць — поўны пакой дыму. Ён падумаў што ўвесь маёнтак гарыць, нарабіў крыку.
    Збегліся слугі і адчынілі пакой. А рак тым часам шмыг за дзверы, толькі яго і бачылі.
    Прыпоўз дахаты і загадвае бабе:
    — Кідай мяне, маці, у гарачы кіпень!
    — Што ты, сынок, — спужалася баба. — Ты ж зварышся ў кіпені?!
    — Кідай, кажу, a то пан скора тут будзе!
    Кінула баба рака ў кіпень, глядзіць — аж выходзіць з гаршка прыгожы кучаравы хлопчык!
    Зарадаваліся дзед і баба, пасадзілі хлопчыка за стол, частуюць. А тут і пан прыязджае са слугамі. Паглядзеў туды-сюды.
    — Дзе рак? — пытаецца.
    — Няма ў нас рака, — адказваюць дзед і баба.— Ты ж яго забраў.
    — Шукайце рака, — крычыць пан да слуг, — шукайце!
    Кінуліся слугі шукаць рака. Шукалі, шукалі ды перасталі. А пан здурнеў ад злосці і нават цяпер вучонага рака шукае.
    Чаму барсук і лісіца ў норах жывуць
    Некалі, кажуць, звяры і жывёлы не мелі хвастоў. Адзін толькі звярыны цар — леў — быў з хвастом.
    Дрэнна жылося звярам без хвастоў. Зімою яшчэ сяк-так, а прыйдзе лета — ратунку няма ад мух ды мошак. Чым іх адганяць? He аднаго за лета, бывала, насмерць заядалі авадні ды сляпні. Хоць гвалт крычы, як нападуць.
    Дачуўся пра такую бяду цар і выдаў загад, каб усе звяры ішлі да яго хвасты сабе падбіраць.