• Газеты, часопісы і г.д.
  • Чарадзейнае слова Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

    Чарадзейнае слова

    Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 463с.
    Мінск 2022
    82.02 МБ
    — Добра, рабі дазнанне, — згадзіўся воўк. — Толькі хутчэй! Мне няма калі доўга чакаць.
    Прыйшлі на тое месца, дзе чалавек карчы капаў.
    — Вось, — паказвае чалавек, — тут я ваўка спаткаў, тут яго і ў мяшок схаваў.
    — Так, так, — кажа лісіца, — зараз будзем дазнанне рабіць.
    Узяла мяшок, пакруціла-пакруціла яго перад сабою і кажа:
    — Нешта ты, чалавеча, не тое гаворыш... Хіба ж пан воўк мог улезці ў гэты мяшок?
    — Ад страху не толькі ў мяшок — у табакерку ўлезеш, — адказвае воўк.
    — Як суддзя, я гэтаму не веру...
    — He верыш?! — агрызнуўся воўк. — Дык глядзі сама!
    Расхінула лісіца мяшок, воўк — гэльц! — і ўскочыў у яго.
    — Ну, цяпер верыш?!
    — Але, — міргае лісіца чалавеку, — цяпер добра бачу, што мяшок якраз па ваўку. Застаецца толькі мацней завязаць.
    Тут чалавек, доўга не марудзячы, узяў ды і завязаў мяшок.
    — 3 пана ваўка, — смяецца лісіца, — таксама нядрэнны каўнер будзе!
    Падзякаваў чалавек лісіцы за справядлівы суд і кажа да ваўка:
    — Ну вось, а ты казаў — няма праўды на свеце. Ёсць праўда!
    Ускінуў ён мяшок з ваўком на плечы і панёс дахаты — шкуру знімаць.
    Коцік, пеўнік і лісіца
    Жылі-былі коцік і пеўнік. Добра жылі, дружна. Коцік на паляванне хадзіў, а пеўнік абед варыў, хатку падмятаў, песні спяваў
    Аднойчы пайшоў коцік на паляванне, а пеўнік зачыніў за ім дзверы ды пачаў абед варыць.
    Бяжыць лісіца, убачыла хатку, падскочыла да акенца:
    — Гэй, хто тут гаспадар?
    — Я, — кажа пеўнік.
    — Пусці ў хату.
    — Чаго?
    — Пасяджу трохі, адпачну з дарогі.
    Пеўнік добры быў, пусціў лісіцу ў хатку.
    А лісіца — цап! — ухапіла яго і панесла дадому. Апамятаўся пеўнік, закрычаў на ўвесь лес:
    — Коце, браце! Мяне ліска нясе У высокія горы, У глыбокія норы, Па барах, па карчах, Аж бярэ мяне страх!..
    Пачуў гэта коцік, прыбег, адабраў у лісіцы пеўніка і завёў яго назад у хатку.
    — Ну, — кажа, — глядзі ж, другі раз не пускай лісіцу, бо цяпер я далей пайду і магу не пачуць цябе.
    — Добра, — кажа пеўнік, — не пушчу.
    Зноў пайшоў коцік на паляванне.
    А лісіца тут як тут:
    — Пеўнік, галубок, разумны лабок, адчыні!
    — Чаго табе трэба?
    — Пазыч агню.
    — Навошта?
    — Буду ў печы паліць.
    — He адчыню, бо ты схопіш мяне.
    — Ды не, больш не буду хапаць.
    Паверыў пеўнік лісіцы і адчыніў дзверы. A тая — ухапіла яго і панесла.
    Пеўнік зноў пачаў клікаць коціка:
    — Коце, браце! Мяне ліска нясе У высокія горы,
    У глыбокія норы, Па барах, па карчах, Аж бярэ мяне страх!..
    Добра, што коцік далёка не адышоўся ад дому: пачуў ён пеўніка, прыбег і адабраў яго ад лісіцы.
    — Ну, — кажа ён пеўніку, — калі ты і трэці раз адчыніш лісіцы дзверы, то бяда табе будзе: цяпер я пайду на паляванне яшчэ далей.
    — He, — кажа пеўнік, — болыл я гэтай зладзейцы дзвярэй не адчыню.
    — Глядзі ж!
    I коцік пайшоў у самыя далёкія лясы.
    Прыбегла лісіца:
    — Пеўнік, галубок, разумны лабок, дай вугалёк!
    — He, цяпер я дзверы табе не адчыню!
    — Дык ты праз акенца падай.
    — Праз акенца можна, — згадзіўся пеўнік.
    Адчыніў ён акенца, а лісіца ўхапіла яго і панесла.
    Крычаў, крычаў пеўнік, ды коцік яго так і не пачуў: вельмі ж далёка ён зайшоў.
    Прынесла лісіца пеўніка дахаты і загадала дочкам у печы паліць, з пеўніка крупнік варыць. А сама пайшла гасцей склікаць.
    Вярнуўся з палявання коцік, бачыць — няма пеўніка. «Мусіць, яго зноў лісіца ўхапіла? — падумаў коцік. — Як жа яго цяпер з бяды выратаваць?»
    Зрабіў ён скрыпачку галасістую ды пайшоў да лісіцы.
    Прыйшоў, сеў ля варот і зайграў, прыпяваючы:
    — Тылі-тылі, скрыпіца, Тут сядзела лісіца.
    А ў лісіцы новы двор, Сем дачушак На выбор. Восьмы пеўнік, Гэта мой!
    Пачулі лісіцыны дочкі музыку і кажуць:
    — Як хораша нехта іграе. Бяжым паслухаем, а пеўніка зварыць яшчэ паспеем.
    Выбеглі яны на двор ды і заслухаліся.
    Пеўнік жа тым часам не драмаў: выскачыў з лісіцынай хаткі ды пабег з коцікам дадому. Так і засталася лісіца ні з чым.
    Лёгкі хлеб
    Касіў на лузе касец. Змарыўся і сеў пад кустом адпачыць. Дастаў торбачку, развязаў і пачаў есці.
    Выходзіць з лесу галодны воўк. Бачыць — касец пад кустом сядзіць і нешта есць.
    Падышоў да яго воўк:
    — Ты што ясі, чалавеча?
    — Хлеб, — адказвае касец.
    — А смачны ён?
    — Дзіва што смачны!
    — Дай мне пакаштаваць.
    — Калі ласка!
    Адламаў касец кавалак хлеба і даў ваўку.
    Спадабаўся ваўку хлеб. Ён і кажа:
    — Хацеў бы я кожны дзень хлеб есці, але дзе мне яго даставаць? Парай, чалавеча!
    — Добра, — кажа касец, — навучу цябе, дзе і як хлеб даставаць.
    I пачаў ён вучыць ваўка:
    — Перш-наперш трэба зямлю ўзараць...
    — Тады і хлеб будзе?
    — He, брат, пачакай. Потым трэба зямлю забаранаваць...
    — I можна хлеб есці? — замахаў воўк хвастом.
    — Што ты, пачакай яшчэ. Раней трэба жыта пасеяць...
    — Тады будзе хлеб? — аблізнуўся воўк.
    — He яшчэ. Дачакайся, пакуль жыта ўзыдзе, халодную зіму перазімуе, вясной вырасце, потым закрасуе, потым пачне наліваць зярняты, потым спець...
    — Ох, — уздыхнуў воўк, — вельмі ж доўга чакаць. Але цяпер-то ўжо я наемся хлеба ўволю!
    — Дзе там наясіся! — перапыняе касец. — Рана яшчэ. Спачатку спелае жыта трэба зжаць, потым у снапы звязаць, снапы ў бабкі паставіць. Вецер іх правее, сонейка прасушыць, тады вязі іх на ток...
    — I есці хлеб буду?
    — Які нецярплівы! Спачатку трэба снапы абмалаціць, зярняты ў мяшкі сабраць, мяшкі ў млын завезці ды мукі намалоць...
    — I ўсё?
    — He, не ўсё. Муку трэба замясіць у дзяжы і чакаць, пакуль цеста падыдзе. Тады ў гарачую печ пасадзіць.
    — I спячэцца хлеб?
    — Але, спячэцца хлеб. Вось тады і наясіся яго, — скончыў касец навуку.
    Задумаўся воўк, потым пачухаў лапай патыліцу і кажа:
    — He! Гэтая работа занадта марудная і цяжкая. Лепш парай мне, чалавеча, як лягчэй яду здабываць.
    — Ну што ж, — кажа касец, — калі не хочаш цяжкі хлеб есці, параю табе лёгкі. Ідзі на выган, там конь пасецца...
    Пайшоў воўк на выган. Убачыў каня:
    — Конь, конь! Я цябе з’ем.
    — Што ж, — кажа конь, — еш. Толькі спачатку здымі з маіх ног падковы, каб не ламаць табе зубы аб іх.
    — I то праўда, — згадзіўся воўк.
    Нагнуўся ён падковы здымаць, а конь як стукне яму капытом у зубы...
    Перакуліўся воўк ды ходу.
    Прыбег да рэчкі. Бачыць — на беразе гусі пасуцца. «Ці не з’есці мне іх?» — думае. Потым і кажа:
    — Гусі, гусі! Я вас з’ем.
    — Што ж, — адказваюць гусі, — еш. Але спачатку зрабі нам адну паслугу перад смерцю.
    — Якую? — пытаецца воўк.
    — Паспявай нам, а мы паслухаем.
    — Гэта можна. Спяваць я — мастак.
    Сеў воўк на купіну, задраў галаву і давай выць. А гусі крыламі — мах, мах! Узняліся і паляцелі.
    Злез воўк з купіны, правёў гусей вачыма і пайшоў далей ні з чым.
    Ідзе ды лае сябе апошнімі словамі: «Ці ж не дурань я, га? Навошта я згадзіўся спяваць гусям? Ну, цяпер каго ні сустрэну — з’ем!»
    Толькі ён так падумаў, бачыць — ідзе па дарозе стары дзед. Воўк падбег да яго:
    — Дзед, дзед! Я цябе з’ем.
    — Чаго так спяшацца! — кажа дзед. — Давай спярша табакі панюхаем.
    — А смачная яна?
    — Паспытай, дык будзеш ведаць.
    — Давай!
    Выняў дзед з кішэні капшук з табакаю, сам панюхаў і ваўку даў.
    Як нюхнуў воўк на ўсю сілу, дык цэлы капшук табакі ўдыхнуў у сябе. А потым як пачаў чхаць на ўвесь лес... Нічога ад слёз не бачыць, усё чхае. Так з гадзіну чхаў, пакуль усю табаку не вычхаў. Агледзеўся потым, а дзеда і след прастыў.
    Пайшоў воўк далей.
    Ідзе ён, ідзе, бачыць — на полі чарада авечак пасецца, а пастух спіць. Нагледзеў воўк у чарадзе самага большага барана, схапіў яго і кажа:
    — Баран, баран! Я цябе з’ем.
    — Што ж, — кажа баран, — такая мая доля. Але каб не мучыцца мне доўга ды і табе каб не ламаць зубы аб мае старыя косці, стань лепш вунь у той лагчынцы і разяў рот, а я ўзбягу на ўзгорак, разганюся і сам ускочу табе ў рот.
    — Дзякуй за параду, — сказаў воўк. — Так і зробім.
    Стаў ён у лагчынцы, разявіў рот і чакае. A баран узбег на горку, разагнаўся ды — трах! — рагамі ваўка ў галаву. Аж іскры пасыпаліся з вачэй у ваўка, свету ён не ўбачыў.
    Ачухаўся воўк, пакруціў галавою і разважае:
    — Цікава: з’еў я яго ці не?
    А тым часам касец скончыў работу ды ідзе дахаты.
    Пачуў ён воўкавы словы і кажа:
    — З’есці-то не з’еў, але паспытаў лёгкага хлеба...
    Як кот звяроў напалохаў
    Жыў дзед ды баба. I быў у іх кот. Дзед кашалі плёў, баба кудзелю прала, а кот паляваць на мышэй хадзіў.
    Вось пайшоў раз кот у лес на паляванне ды і заблудзіўся. Шукаў, шукаў дарогу дадому — не знайшоў. Сеў пад ялінай і плача.
    Бяжыць лісіца. Убачыла ката, заглядзелася: ніколі яшчэ такога звера ў сваім лесе не сустракала!
    — Ты хто такі будзеш? — пытаецца.
    — Я — Кот Мурлыковіч.
    — А чаго ж ты плачаш, Кот Мурлыковіч?
    Расказаў ёй кот аб сваёй прыгодзе.
    — Хе, — кажа лісіца, — каб толькі тае бяды! Ідзі да мяне жыць. Будзеш у мяне за гаспадара.
    — Добра, — кажа кот.
    Вось прыходзіць ён да лісіцы. А ў яе курэй — і смажаных, і вараных. Наеўся кот і спаць уклаўся.
    Тым часам бяжыць па лесе воўк: топ-топ, шлёп-шлёп!
    Пачула лісіца, выскачыла з хаты ды як закрычыць:
    — Хто гэта ў маім лесе стукоча-тупоча? Хто майму гаспадару спаць не дае?
    — А хто ж у цябе гаспадар? — пытаецца воўк.
    — У мяне не гаспадар, а гаспадарышча, хвост з памялішча: як махне, дык адразу заб’е!
    Узяла ваўка цікавасць. Ён і кажа!
    — А ці нельга было б, кумка, хоць адным вокам паглядзець на твайго гаспадара?
    — Паглядзець-то можна, — адказвае лісіца, — але без падарунка лепш не прыходзь. Мой гаспадар падарункі любіць.
    — Добра, будзе падарунак, — сказаў воўк і пабег далей.
    Вярнулася лісіца ў хату.
    А тым часам ідзе па лесе мядзведзь: трэсьлом, трэсь-лом, трэсь-лом!
    Пачула лісіца, выскачыла з хаты ды як закрычыць зноў:
    — Хто гэта ў маім лесе трашчыць? Хто майму гаспадару спаць не дае?
    — А хто ў цябе гаспадар? — пытаецца мядзведзь.
    — У мяне не гаспадар, а гаспадарышча, хвост з памялішча: як махне, дык адразу заб’е!
    I мядзведзя ўзяла цікавасць: які такі гаспадар у лісіцы, што хвастом усіх забівае? Вось ён і кажа:
    — А ці нельга было б, лісічка-сястрычка, хоць паглядзець на твайго гаспадара?
    — Паглядзець можна, — кажа лісіца. — Толькі без падарунка не прыходзь. Мой гаспадар падарункі любіць.
    — Добра, падарунак будзе, — сказаў мядзведзь і пайшоў далей.
    Прабеглі яшчэ дзік-сякач і заяц-шарак. Лісіца і іх сваім гаспадаром напалохала.
    Сабраліся звяры і моцна задумаліся: якія ж ім падарункі лісіцынаму гаспадару прынесці?