Чарадзейнае слова Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

Чарадзейнае слова

Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе
Выдавец: Беларусь
Памер: 463с.
Мінск 2022
82.02 МБ
Пачуў гэтую гаворку казёл. Пабег да свайго прыяцеля барана і кажа:
— Цябе дзед з бабаю рэзаць збіраюцца. A калі зарэжуць цябе, то скора чарга дойдзе і да мяне. Уцякайма з двара.
Сабраліся казёл і баран ды пабеглі ў лес.
— Ну, тут ужо нас ніхто не знойдзе, — радуецца казёл. — Давай, баран, цяпельца раскладаць, абед гатаваць.
— А як раскладаць цяпельца будзем? — пытаецца баран. — Hi запалак, ні вуголля ў нас няма...
— Нічога, — адказвае казёл. — Разганіся ды ў пень рагамі: іскры і пасыплюцца. А я пайду тым часам сушняку назбіраю.
Толькі адышоўся казёл ад барана, як насустрач яму воўк бяжыць.
«Што ж рабіць? — думае казёл. — Ад дзеда з бабаю ўцяклі, а ад ваўка не ўцячэш».
Але казёл не з баязлівых быў.
— Гэй, баран! — крычыць ён. — Да нас сам воўк завітаў. Вось мы яго і зварым на абед. Лаві яго! А я памагу табе.
Як пачуў гэта воўк, як скочыць убок — толькі яго і бачылі. Воўк той яшчэ малады быў, казлоў і бараноў не бачыў. Думаў, на лясных разбойнікаў нарваўся.
Вярнуўся казёл да барана і кажа:
— Абед гатаваць нам тут няма калі: баюся, каб воўк зноў сюды не прывалокся.
Сабраліся яны і пайшлі далей. Ішлі, ішлі, чуюць — нешта трашчыць за імі.
— Ну, гэта, напэўна, той самы воўк нас даганяе, — кажа казёл. — Давай хіба, баран, палезем на елку.
Баран круціць рагамі.
— Табе што — ты вёрткі, можаш хоць на елку, хоць на страху ўскочыць. А я?
— Я падсаджу цябе.
— Хіба што.
Падсадзіў казёл барана на першы сук тоўстай старой елкі, а сам на верхавіну паскакаў.
А тут і праўда бяжыць воўк. I не адзін, a са старою лісіцаю. Воўк гэты паскардзіўся лісіцы, што яго хацелі зварыць на абед нейкія рагатыя лясныя разбойнікі. Лісіца ніколі яшчэ такіх разбойнікаў у вочы не бачыла. I яе разабрала цікаўнасць, што там за яны.
Прывёў яе воўк на тое месца, дзе баран з казлом спыніліся. А іх — няма. Тут лісіца нюхнюх — узяла след і бягом за разбойнікамі. Воўк за ёю.
Прыбягаюць да старой елкі. Лісіца нюх-нюх — няма следу. Бегала, бегала вакол, а след як вадою разліўся.
— Чакай, — кажа яна ваўку. — Я ў карты паваражу, дзе іх шукаць.
Селі яны пад галінаю, на якой баран ляжаў, і заняліся варажбою.
Тым часам баран ад страху не ўтрымаўся ды плясь з елкі. Проста на ваўка паваліўся. A храбры казёл не разгубіўся ды як закрычыць зверху:
— Трымай, баран, варажбітку! Ваўку я сам рады дам!
Вырваўся воўк з-пад барана ды ходу. А лісіца за ім. «3 такімі разбойнікамі, — думае, — лепш не звязвацца».
Ганарыстая варона
Раскаркалася неяк увосень адна варона на сметніку:
— Вы сабе як хочаце, — кажа сяброўкам, — а я не магу тут цэлую зіму мерзнуць. Я не такая дурная варона, як вы!
— А што ж ты думаеш рабіць, разумная? — пытаюцца сяброўкі.
— Палячу за мора: там, кажуць, зімы не бывае.
— Ну што ж, — паківалі галовамі сяброўкі, — шчаслівай табе дарогі. А мы ўжо як-небудзь і дома перазімуем.
Сабралася ганарыстая варона і паляцела за мора.
Доўга ляцела ці нядоўга, аж бачыць — пад ёю ўжо не вада, а зямля зялёная, зверху цёплае сонейка свеціць.
«Ну, — думае варона, — тут я спынюся». Апусцілася на высокае дрэва ды пачала выглядаць спажыву: выгаладалася ж, нябось, за дарогу.
Убачылі варону заморскія птушкі.
— Хто ты? — пытаюцца. — Ніколі мы ў сваіх краях такой птушкі не бачылі. Можа, ты паўночны салавей? Ён, кажуць, пяе, як званочак звініць.
— Але, але, — падхапіла варона. — Я — паўночны салавей!
А сама сабе думае: «Хіба я горш за салаўя спяваю? Чаму ж толькі яму гонар і павага?»
Зарадаваліся заморскія птушкі.
— Паспявай нам, паўночны салавейка! — просяць варону.— А мы паслухаем. Вельмі ж хочацца нам твой голас пачуць.
Задрала варона ўгору сваю дзюбу і заспявала на ўсё горла:
— Кар-кар-р! Кра-кра! Гэй, гэй! Я — паўночны салавей!
Пераглядваюцца птушкі паміж сабою, вушы лапкамі затыкаюць. «А няхай яго з такім салаўём! — шэпчуць. — Ён жа не лепш за звычайную жабу спявае...»
А потым не вытрымалі слухачы, гуртам наляцелі на варону і давай яе дзяўбці, давай таўчы. Траха не ўсё пер’е выскублі.
— Выбірайся, — крычаць, — прэч са сваімі песнямі! He хочам мы цябе слухаць.
Вырвалася варона ад няўдзячных слухачоў і паляцела назад дадому.
А тут скора і вясна настала. Рэкі ад лёду ачысціліся. He захацела варона на сметнік варочацца. Паляцела на рэчку. Села там на беразе і цікуе за рыбамі. Бачыць: паўзе рак. Ну, голад — не цётка: калі няма рыбы, то і рак — рыба. Схапіла яна рака і сабралася ўжо снедаць, як раптам чуе ліслівы ракаў галасок:
— Вось добра, што трапіў у дзюбу не якой-небудзь чорнай галцы або граку, а самой пані вароне. Як жа мне пашанцавала! Ты ж такая прыгажуня, такая красуня, што і сказаць няможна.
Шэрыя перайкі твае аж зіхацяць на сонейку. A галасок у цябе — як у таго салаўя, не раўнуючы: як пачнеш спяваць, дык на цэлы свет чуваць. Я не раз захапляўся тваімі цудоўнымі песнямі, у цёмнай нары седзячы. Хацеў бы я, пані варона, пачуць тваю песню яшчэ раз.
— Праўда, праўда! — каркнула ўзрадаваная ад пахвалы варона. — Гэта толькі дурныя заморскія птушкі зганілі мяне. Ну дык слухай!
I завяла варона на ўсю ваколіцу:
— Кар-кар-р! Кра-кра! Я не простая варона!
Скончыла спяваць, глядзіць — а рака і след прастыў.
Давялося ганарыстай і галоднай вароне зноў на сметнік да сябровак ляцець.
Лісіца-хітрыца
Жыў дзед ды баба. Нічога ў іх з гаспадаркі не было, толькі адна курачка Чубатка.
Жылі яны, жылі, дажыліся — няма чаго варыць. Вось дзед і кажа бабе:
— Баба, а баба, звары хіба Чубатку, ці што?
Баба замахала рукамі:
— Што ты, дзед, надумаўся! Лепш мы галодныя будзем, а Чубаткі я не дам варыць.
Пачула гэта курачка, пабегла на двор, знайшла там бабовае зерне і прынесла бабе.
Дзед кажа:
— Вось і добра. Звары ты, баба, хоць гэтую бобінку.
Паглядзела старая на бобінку:
— Дзеду мой, дзеду, што за наедак з аднае бобінкі? Я для яе і гаршка не падбяру. Давай лепш пасадзім яе. Як вырасце, тады спячом цэлы бабовы пірог.
— Дзе ж мы яе пасадзім? — пытаецца дзед.
— На полі.
— На полі яе варона выдзеўбе...
— Дык на двары.
— На двары яе курыца выграбе...
— Тады давай пасадзім хіба ў хаце пад палацямі.
— Добра,— згадзіўся дзед і пасадзіў бобінку ў хаце пад палацямі.
Узышла бобінка ды давай расці. Расла, расла, уперлася ў палаці.
— Што, баба, рабіць будзем? — пытаецца дзед.
— Трэба палаці разбіраць.
Дзед разабраў палаці, а бобінка як пачала расці ды расці — дарасла да столі.
— Што, баба, рабіць будзем? — зноў пытаецца дзед.
— Трэба столь разбіраць.
Дзед і столь разабраў, а бобінка як пачала расці ды расці — дарасла да страхі.
Дзед і страхў разабраў.
Выглянула бобінка на свет і давай расці яшчэ весялей. Дарасла аж да неба.
Узяў тады дзед торбу, палез па сцяблу на неба, абабраў спелыя струкі і вярнуўся назад.
Зарадавалася баба — цэлую торбу бабовых струкоў прынёс дзед!
— Ну, цяпер-то мы ўжо наядзімся пірага!
Палузала баба струкі, высушыла боб на печы, змалола і рашчыніла ў дзяжы цеста на пірог.
Цеста як пачало расці ды расці — з дзяжы вон лезе. Палажыла яго баба на лапату, загладзіла пірагом, размалявала рознымі ўзорамі, каб прыгожы быў, ды ў печ. А пірог як пачаў расці ды расці — з печы на прыпечак лезе. Адсланіла баба засланку, а ён — скок на хату, з хаты за парог — і ўцёк...
Кінуліся дзед з бабай даганяць пірог. Ды дзе там! Так і не дагналі.
Прыкаціўся пірог у лес. А тут насустрач яму рыжая лісіца-хітрыца. Схапіла яна пірог, выела мякіш, усярэдзіну шышак насыпала ды пабегла з пірагом да пастушкоў. Знайшла пастушкоў у полі і кажа:
— Пастушкі, пастушкі, дайце мне бычка-трацячка, а я вам дам за гэта пірог.
Бачаць пастушкі — добры пірог у лісіцы, жоўценькая скарынка аж блішчыць, так і хочацца яго паспытаць. Згадзіліся яны на мену і аддалі лісіцы бычка-трацячка.
— Толькі ж, глядзіце, не ешце пірага, пакуль я не заеду за горку, — кажа лісіца.
Села яна на бычка верхам і паехала. Як толькі схавалася за горкаю, пастушкі і кажуць: «Сядзем на пясочку, з’ядзім па кусочку!» Раз-
ламалі пірог, а там — адны шышкі яловыя... Падманула іх хітрая лісіца!
Едзе лісіца на бычку, бачыць — на дарозе пустая павозка стаіць, а недалёка чалавек арэ. Падкралася яна цішком да павозкі, запрэгла ў яе бычка-трацячка, села на мяккай саломе, і едзе сабе далей, пугай бычка паганяе.
Прыехала ў лес. Насустрач ёй воўк ідзе. Збегаўся, змарыўся, ледзьве ногі валачэ.
— Куды, кума, едзеш? — пытаецца.
— За трыдзевяць зямель, у трыдзясятае царства.
— Чаго?
— Там, кажуць, курэй і каршуны не дзяруць...
— А бараны ў тым царстве ёсцека? — аблізнуўся воўк.
— Ды імі там хоць гаць гаці!
— А лісічка, а сястрычка, вазьмі і мяне з сабою. Падвязі хоць мой хвост.
— Што адзін хвост везці, садзіся ўвесь ты.
Сеў воўк. Едуць далей. Сустракаюць мядзведзя.
— Куды, кумы, едзеце?
— За трыдзевяць зямель, у трыдзясятае царства...
— Чаго?
— Там, кажуць, курэй і каршуны не дзяруць, — адказвае лісіца.
— Там, кажуць, бараноў хоць гаць гаці, — падтаквае ёй воўк.
— А мёду там многа?
— Ды там, кажуць, мядовыя рэкі цякуць!
Мядзведзь зарадаваўся:
— To вазьміце і мяне. Хоць адну лапу падвязіце.
— Што адну лапу везці, садзіся ўвесь ты.
Уселіся ўтраіх, едуць далей. Аж раптам зламалася аглобля.
Лісіца кажа мядзведзю:
— Схадзі, кум, прынясі аглоблю.
Пайшоў мядзведзь у гушчар, знайшоў вывернутую елку і прывалок да воза. Убачыла лісіца, крыку нарабіла:
— Ах ты, мядзведзішча, ах ты, дурнішча, ці ж гэта лясіна для аглоблі!
I да ваўка:
— Схадзі, куме, прынясі тонкую аглоблю.
Пайшоў воўк і прынёс крывы яловы сук. Лісіца і на яго накрычала, плюнула ды пайшла сама па аглоблю.
Тым часам мядзведзь з ваўком з’елі бычкатрацячка, шкуру саломай напхалі, на ногі паставілі ды пайшлі сабе пасміхаючыся.
Вярнулася лісіца, бачыць — ні ваўка, ні мядзведзя, толькі бычок стаіць. Прыладзіла яна аглоблю, села ў павозку, махнула пугаю на бычка, а той — брык! — і паваліўся.
Паглядзела лісіца на бычка і аб усім здагадалася.
— Пачакайце ж вы ў мяне! Я вам гэтага не дарую! — пагразіла яна ваўку і мядзведзю ды пайшла сваёю дарогаю.
Шмат часу ішла ці мала, а ў дарозе ўжо і восень яе застала. Сустракае ваўка, таго, што з’еў бычка.
— Добры дзень, кум! Як маешся?
— Дрэнна, — кажа воўк. — Нешта азяб на дажджы, аж увесь калачуся. Зуб на зуб не трапляе.