Чарадзейнае слова Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

Чарадзейнае слова

Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе
Выдавец: Беларусь
Памер: 463с.
Мінск 2022
82.02 МБ
Ідзе ён аднаго разу з бацькам каля лугу. Бачыць — пасецца на лузе вол. А вёска далекавата, і пастуха не відаць.
— Ці не пачаць мне, бацька, валоў красці? — кажа сын.— Работа гэта лёгкая, і кожны дзень з мясам буду. Растаўсцею і сам, як вол.
— Крадзь,— кажа бацька.— На тое ж я цябе і ваджу, каб ты сабе які сталы занятак выбраў.
Заняў сын вала і пагнаў дахаты. А бацька кажа:
— Пачакай мяне пры лесе — мне трэба яшчэ ў гэтую вёску заглянуць: там адзін мой знаёмы жыве...
Гоніць сын вала ды ўсё азіраецца, як воўк, ці не бяжыць хто за ім. Пакуль да лесу дагнаў, дык добра такі перадрыжаў. Аж млосна ад страху зрабілася.
Пачакаў ён на ўзлеску, пакуль бацька вярнуўся, і пагналі разам вала дахаты.
Зарэзалі дома вала, знялі шкуру ды пачалі варыць свежаніну.
Наварылі, бацька кажа сыну:
— Вось што, сынку, давай знімем меркі і паглядзім, хто з нас ад гэтага вала пасыцее.
Узяў ён шнурок, змераў шыю сабе і сыну і завязаў вузельчыкі.
Селі за стол. Бацька есць спакойна, а сын усё на дзверы паглядае: ці не ідзе хто вала шукаць? Забрэша сабака, пройдзе ці праедзе хто — сын за мяса ды ў каморку хаваецца... А ў самога рукі і ногі дрыжаць.
I пайшло так дзень за днём.
З’елі нарэшце таго вала. Бацька кажа сыну:
— А цяпер давай шыі мераць: хто з нас пасыцеў?
Памералі, дык у бацькі шыя ўдвая патаўсцела, а ў сына ўдвая патанчэла. Дзівіцца сын:
— Чаму гэта так?
— Бо ты еў крадзенага вала,— кажа бацька.
— Дык жа і ты крадзенага еў!
— He, я заплаціў за вала гаспадару і еў, як свайго. Таму я і пасыцеў. А ты як сядзеш за стол, дык страх адразу на шыю скок і душыць! Праз гэта яна і худзее. Ад крадзенага, брат, не пасыцееш!
Стары бацька
Кажуць: што край, то звычай, што сяло, то нораў, а што галава, то розум. У адным месцы быў звычай — дабіваць старых людзей, каб яны дарма не елі хлеба, калі не могуць працаваць.
Часамі і самі старыя прасіліся, каб іх дабівалі, бо, ведама, ім цяжка было лыпаць вачыма, чакаць, пакуль ім дадуць есці або піць. От жыў адзін чалавек, у яго многа было дзяцей, ды ўсе ўдалыя, добрыя. Зусім састарыўся бацька, а яны яго слухаюць, шануюць. Але от давай суседзі прыставаць, каб яны дабілі свайго бацьку-дармаеда, бо ён ужо вельмі стары і ні да чаго не гож. Шкода дзецям старэнькага бацькі. I схавалі яны яго ў пограб дый носяць яму туды цішком есці і піць. Доўга жыў стары ў пограбе. Ляжыць сабе на саломе і Богу моліцца, а як суседзі разыдуцца на працу — ён высунецца з пограба, паглядзіць на яснае сонейка, пагрэецца й зноў схаваецца ў пограб. Малыя ўнукі і праўнукі прынясуць яму туды суніц або другіх ягад, а ён есць і кажа ім казкі. A то забягуць да яго маладзіцы або дзяўчаты, пяюць яму ў пограбе песні, чэшуць голаў. А сыны,
ужо барадатыя, часта прыходзяць да старэнькага бацькі пагаварыць пра гаспадарку ды пытаюць старога: калі і што дзе сеяць, як лепш абрабляць поле, як даглядаць жывёлу. Старэнькі ўсё ім кажа, усяму навучыць. Жыве сабе стары бацька, а дзеці дый унукі рады. Але вось настаў там вялікі голад. Прапаў блізу ўвесь статак. Пухнуць людзі з голаду, жыватамі качаюцца — няма за што рукі залажыць. Панеслі дзеці старэнькаму бацьку апошні хлеб, а ён дый кажа ім, каб яны садралі з будынкаў стрэхі дый вымалацілі тую салому.
Паслухалі дзеці старэнькага бацьку, садралі стрэхі дый давай малаціць старую салому. Глядзяць, аж на таку так многа зярнят, што хваціць хлеба да новага ўраджаю. Пытаюць суседзі, адкуль у іх хлеб, а тыя і расказалі ім, што гэта іх навучыў стары бацька, каторага яны хаваюць у пограбе. Пашлі ўсе суседзі, старыя і малыя, у пограб к старэнькаму дый вынеслі яго на руках. Доўга яшчэ пасля таго жыў старэнькі бацька. От з тае пары годзе дабіваць старых людзей, a пачалі ім служыць, даглядаць іх ды шанаваць.
ГІіліпка-сынок
Жылі мужык і жонка. А дзяцей у іх не было. Жонка бядуе: няма каго ёй калыхаць, няма каго гадаваць...
Аднаго разу мужык пайшоў у лес, высек з алешыны палена, прынёс дахаты і кажа жонцы:
— На, калышы.
Палажыла жонка палена ў калыску ды давай калыхаць і спяваць:
— Люлі, люлі, сынок, з белымі плячыцамі, з чорнымі вачыцамі...
Калыхала дзень, калыхала другі, на трэці бачыць: замест алешынкі ляжыць у калысцы хлопчык!
Зарадаваліся мужык і жонка, назвалі сына Піліпкам і сталі яго гадаваць.
Падрос Піліпка і кажа бацьку:
— Зрабі мне, тата, залаты чоўнік, срэбранае вясельца — хачу рыбу лавіць.
Бацька зрабіў яму залаты чоўнік, срэбранае вясельца ды выправіў на возера лавіць рыбу.
Сынок як лавіць дык лавіць — дзень ловіць і ноч ловіць... Нават і есці дахаты не ідзе: вельмі ж добра рыба ловіцца! Маці яму сама абед насіла.
Прынясе да возера і кліча:
— Піліпка-сынок, плыві пад беражок, з’еш піражок!
Піліпка падплыве да берага, высыпле з чоўна рыбу, а сам з’есць піражок ды зноў на возера.
Пачула старая Баба Яга-касцяная нага, як маці кліча Піліпку, і парашыла яго са свету звесці.
Узяла яна мяшок і качаргу, прыйшла да возера і пачала клікаць:
— Піліпка-сынок, плыві пад беражок, з’еш піражок!
Піліпка падумаў, што гэта маці, і падплыў. A Баба Яга падчапіла качаргою чоўнік, выцягнула на бераг, схапіла Піліпку — ды ў мяшок.
— Ага, — кажа, — больш не будзеш тут рыбку лавіць.
Закінула мяшок на плечы і панесла да сябе, у лясную гушчэчу. Доўга несла, змарылася, села адпачыць ды і заснула. А Піліпка тым часам вылез з мяшка, паклаў туды цяжкага камення ды зноў вярнуўся да возера.
Прачнулася Баба Яга, схапіла мяшок з каменнем і, крэкчучы, панесла дадому. Прынесла і кажа да сваёй дачкі:
— Спячы ты мне на абед гэтага рыбака.
Вытрусіла Баба Яга мяшок на падлогу, аж там адно каменне... Як узлавалася Баба Яга, як закрычыць на ўсю хату:
— Я ж табе пакажу, як мяне падманваць!
Зноў пабегла на бераг возера ды давай клікаць Піліпку:
— Піліпка-сынок, плыві пад беражок, з’еш піражок!
Пачуў гэта Піліпка.
— He, — кажа, — ты не мая маці, а Баба Яга. Я цябе ведаю! У маёй мамы голас танчэйшы.
Як ні клікала Баба Яга, Піліпка не паслухаў яе.
— Добра ж, — падумала Баба Яга, — зраблю я сабе танчэйшы голас.
Пабегла яна да каваля і кажа:
— Каваль, каваль, натачы мне язык, каб танчэйшы быў.
— Добра, — кажа каваль, — натачу. Кладзі яго на кавадла.
Палажыла Баба Яга свой доўгі язык на кавадла. Каваль узяў молат і пачаў кляпаць язык. Адкляпаў так, што ён зусім тонкі зрабіўся. Пабегла Баба Яга на возера ды кліча тоненькім галаском:
— Піліпка-сынок, плыві пад беражок, з’еш піражок!
Пачуў Піліпка і падумаў, што гэта маці яго кліча. Падплыў да берага, а Баба Яга — цап яго ды ў мяшок.
— Цяпер ты мяне не падманеш! — радуецца Баба Яга.
I,	не адпачываючы, прынесла яго дадому. Выкінула з мяшка і кажа дачцэ:
— Вось ён, падманшчык! Палі ў печы яго. Каб да абеду гатовы быў.
Сказала так, а сама пайшла некуды. Дачка запаліла ў печы, прынесла лапату і кажа Піліпку:
— Лажыся на лапату, я цябе ў печ саджаць буду.
Лёг Піліпка і падняў ногі ўгару.
— He так! — крычыць ведзьміна дачка. — Гэтак я цябе ў печ не ўсаджу. Піліпка звесіў ногі ўніз.
— He так, — зноў крычыць ведзьміна дачка.
— А як жа? — пытаецца Піліпка. — Пакажы сама.
— Дурны ты! — вылаяла яго ведзьміна дачка. — Вось як трэба. Глядзі!
Лягла яна сама на лапату, выпрасталася. A Піліпка за лапату ды ў печ. I заслонкаю яе засланіў, каб не выскачыла з гарачай печы.
Толькі ён выбег з хаты, бачыць: Баба Яга ідзе. Піліпка скокнуў на высокі густы явар і схаваўся ў галлі.
Зайшла Баба Яга ў хату, панюхала — смажаным пахне. Дастала з печы смажаніну, наелася мяса, косці на двор выкінула ды пачала качацца па іх, прымаўляючы:
— Павалюся, пакачуся, Піліпкавага мяса наеўшыся, крыві напіўшыся.
А Піліпка адказвае ёй з дрэва:
— Паваліся, пакаціся, даччынага мяса наеўшыся, даччынай крыві напіўшыся.
Пачула гэта ведзьма і аж учарнела ад злосці. Падбегла да явара і давай яго зубамі грызці, падгрызаць.
Грызла, грызла, зубы паламала, а моцны явар стаіць як стаяў. Пабегла тады Баба Яга да каваля:
— Каваль, каваль, выкуй мне сталёвую сякеру, а то я тваіх дзяцей паем.
Спужаўся каваль, выкаваў ёй сякеру.
Прыбегла Баба Яга да явара, пачала яго секчы. А Піліпка кажа:
— He ў явар, а ў камень!
А ведзьма сваё:
— He ў камень, а ў явар!
А Піліпка сваё:
— He ў явар, а ў камень!
Тут сякера як стукнецца ў камень — уся і вышчарбілася. Заенчыла ад злосці ведзьма, схапіла сякеру ды пабегла да каваля вастрыць.
Бачыць Піліпка — хістацца пачаў явар: падсекла яго ведзьма! Трэба ратавацца, пакуль не позна.
Ляціць чарада гусей. Піліпка да іх:
— Гусі, гусі, скіньце мне па пяру! Я з вамі палячу да бацькі, да маткі, там вам адплачу...
Гусі скінулі яму па пяру. Зрабіў Піліпка з гэтых пёраў толькі паўкрыла.
Ляціць другая чарада гусей. Піліпка просіць:
— Гусі, гусі, скіньце мне па пяру! Я з вамі палячу да бацькі, да маткі, там вам адплачу...
I другая чарада скінула яму па пяру.
Потым прыляцела трэцяя і чацвёртая. I ўсе гусі скінулі Піліпку па пяру. Зрабіў сабе Піліпка крылы ды паляцеў услед за гусямі.
Прыбегла ведзьма ад каваля, сячэ явар, аж трэскі сыплюцца. Секла, секла, явар — трах! — упаў на ведзьму і задавіў яе.
А Піліпка прыляцеў з гусямі дахаты. Зарадаваліся бацькі, што Піліпка вярнуўся, пасадзілі яго за стол, пачалі частаваць.
А гусям далі аўса. Тут і казка ўся.
Залаты птах
Былі ў аднаго чалавека тры сыны: два разумныя, а трэці — дурны.
Старэйшы сын, Сцяпан, умеў на скрыпцы іграць, сярэдні, Піліп, — на дудцы, а меншы,
Іван, ні да чаго спрыту не меў: сядзеў у запечку ды лучынкі стругаў.
Вырасла ў таго чалавека ў садзе яблынька, а на ёй — залатыя яблыкі. Цешыцца бацька з яблыкаў і сыны цешацца. Кожную раніцу ў сад ходзяць глядзець, ці цэлыя.
Праверылі гэтак аднаго разу — не хапае яблыка! I на другую раніцу не далічыліся аднаго яблыка...
Засумаваў бацька. «Відаць,— думае,— нейкі злодзей панадзіўся ў сад цягацца». Кажа ён старэйшаму сыну, Сцяпану:
— Ідзі ты, сынку, пільнаваць яблыкі.
Прыставіў увечары Сцяпан да яблыні драбіны, залез на іх, сядзіць ды на скрыпцы іграе. Усю ноч іграў, а пад дзень дужа спаць захацелася,— ён і задрамаў. Раптам праз сон чуе: нешта над галавою моцна зашумела, залопала. Прахапіўся Сцяпан, працёр вочы,— нідзе нікога няма, толькі аднаго яблыка не хапае...