Чарадзейнае слова Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

Чарадзейнае слова

Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе
Выдавец: Беларусь
Памер: 463с.
Мінск 2022
82.02 МБ
Панскія дзеткі, як у садзе кветкі, Да навукі кемны, у размове прыемны. Палажыце кладку, пазавіце ў хатку, Сыр на талерку пад’ясці маленька.
Летнія песні
Купальская песня
Ішла Купала сялом, сялом, Закрыўшы вочкі пяром, пяром. На Йвана Купала, на Йвана Купала! (Паўтараецца пасля кожных двух радкоў.) Закрыўшы вочкі пяром, пяром, Вітала хлопцаў чалом, чалом.
Вітала хлопцаў чалом, чалом, Свяціла ночкі агнём, агнём.
Свяціла ночкі агнём, агнём, Пляла вяночкі шаўком, шаўком.
Пляла вяночкі шаўком, шаўком, Слыла Купалка цяплом, дабром.
Слыла Купалка цяплом, дабром, Славу Купалу пяём, пяём.
Жніўная песня
* * *
Радзі, сонца, жыта і пшаніцу, Радзі ярыну капамі.
Радзі, сонца, жыта і пшаніцу Поўны гумны стагамі...
Восеньскія песні
* * *
Пасеялі дзеўкі лён, Эй, люлі, дзеўкі лён. Пасеяўшы, палолі, Эй, люлі, палолі, Белы ручкі калолі, Эй, люлі, калолі. Унадзіўся сівы конь, Эй, люлі, сівы конь, Патаптаў ён дзеўкам лён, Эй, люлі, дзеўкам лён. Ён макушкі паскусаў, Эй, люлі, паскусаў I ў рашточкі пакідаў, Эй, люлі, пакідаў.
Дзеўкі лянок сабралі, Эй, люлі, сабралі, Белы кужаль паслалі, Эй, люлі, паслалі, А паслаўшы, памялі, Эй, люлі, памялі.
Дзеўкі лянок папралі, Эй, люлі, папралі, Плаценка саткалі, Эй, люлі, саткалі.
* * *
Талака, талака Талачылася, Увесь дзень па полі Валачылася.
Мы ўвесь гнаёчак Павыносілі, На падводачках Павывозілі.
Да ўвесь гнаёчак Раскалацілі, На ручках гнаёчак Перадзяржалі, Ножкамі зямельку Перамералі.
ПРЫПЕЎКІ
Дай, божа, усяго, Чаго хочацца: Паспаць, паляжаць, Паварочацца!
Рассыпся, гарох, А я пазбіраю, Раздайся, народ, А я — пагуляю!
Мяне татка гадаваў — Уволю хлеба не даваў, Каб я шыбка не расла — Хутка замуж не пайшла!
Расці, каравай, Вышэй тое печы, Каб было дзе ўчатырох Каравай сцярэгчы!
Ты, Марыйка, дзе бувала, Можа ў лесе зімавала?
Гарод гарадзіла, Красачкі садзіла!
Мы пасеялі гарох — Вырасла люцэрня. Аграном развёў рукамі: — Пераблытаў зерне!
Ой, дай, божа, у добры час, Як у людзей, так і ў нас.
Вясёла гадзіна — Каб жыта радзіла!
ГЭТЫЯ ЦІКАВЫЯ ЗАГАДКІ
* Стукае, грукае, а нідзе не відаць.
* I тонкі, і доўгі, а з травы не відаць.
* Прыйшла чорна маці. Усіх паклала спаці.
* Сіняя пасцілка ўвесь свет накрыла.
* Глянеш — заплачаш, а ўсе яму рады.
* Ляцеў птах, на ваду — бах.
Вады не скалыхнуў, на дно патануў.
* Без рук малюе, без зубоў кусае.
* На вадзе родзіцца, а вады баіцца.
* Са страхі морква вісіць, да зямлі не дастане, паху не мае, зімой вырастае.
* Стаіць дуб у чыстым полі, а на ім дванаццаць голляў, а на голлях, як заўсёды, пяцьдзясят і два гнязды. Па сем яек там ляжыць. Што гэта за дуб стаіць?
* He есць і не п’е, а ходзіць і б’е.
* Расцілі, збіралі, Тапталі, ткалі I на стол заслалі.
* 3 хаты ў хату водзіць, а сама не заходзіць.
* Было жоўтым, вырасла зялёным,
Сонца пацалавала — ізноў жоўтым стала.
* Пухнатае ягнятка,
Хто б падумаць мог:
Удзень яно з нагамі,
А ўначы — без ног!
* 3 грывай, а не конь,
з рагамі, а не бык,
з барадой, а не казёл.
* Гучна-гучна зароў
Цар пушчанскіх звяроў.
Гальчастыя рогі,
хуткія ногі,
колер поўсці — залаты.
Хто я, ці ведаеш ты?
* У ваду нырае смела, хатку ён будуе ўмела, Пад вадой і на вадзе будаўніцтва ён вядзе.
* Ён прысмакаў з’еў нямала, а калі харчоў не стала, лапу смокчучы, заснуў, ледзьве не праспаў вясну.
* У рыжай разбойніцы хвост, як мятла.
Ад кары ўцякла — сляды замяла.
* 3 ялінкі на ялінку, з галінкі на галінку скача агеньчык жывы... Хто гэта? Знаеце вы?
* Мышак ловіць, ды не коцік ён, I лісты носіць, ды не паштальён. Каб лісе не трапіць на зубок, У калючы скруціцца клубок.
Загадкі-жарты
* Што гарыць без агню?
* Што бяжыць без ветра?
* Што ляціць без крылаў?
* Што чорна, не чарнеючы?
* Што без вады плавае?
* Хто малюе без рук і алоўка?
* Што чалавеку самае мілае?
* Што хутчэй за ўсё на свеце?
* Хто гаворыць на ўсіх мовах?
* Які год цягнецца адзін дзень?
* Без чаго чалавек жыць не можа?
* Хто з барадой родзіцца?
* Што стаіць пасярод зямлі?
* Пад які куст заяц садзіцца, калі ідзе дождж?
* На што каню хамут кладуць?
* За чым ядуць?
ЛЕГЕНДЫ I ПАДАННІ
Адкуль пайшлі беларусы
Калісьці яшчэ свет толькі зачынаўся, дык нічога нідзе не было. Усюды стаяла мёртвая вада, а пасярод вады тырчэў нібы камень. Адзін раз пярун разыграўся і давай пыляць стрэламі ў гэты камень. Ад яго стрэлаў выскачылі тры іскаркі: белая, жоўтая і чырвоная. Упалі тыя іскаркі на ваду; з гэтага ўся вада скаламуцілася, і свет памуціўся, як хмары. Але па некаторым часе, як усё праяснілася, дык і адзначылася — дзе вада, дзе зямля. А яшчэ па некаторым часе завялося ўсякае жыццё ў вадзе і на зямлі. I лясы, і травы, і звяры, і рыбы, а пасля і чалавек завёўся: ці ён прыйшоў аднекуль, ці вырас хутка.
Гэты жыхар стаў заводзіць свае чалавечыя парадкі. Ці доўга ён так жыў, ці мала, але меў ён ужо сваю сялібу і шмат дзяцей. Было яму
прозвішча Бай. А як прыйшла яго гадзіна смерці, дык ён склікаў сваіх сыноў і падзяліў сваю маёмасць. Толькі аднаго сына забыў.
Той у гэты час быў на паляванні, і з ім былі любімыя бацькавы сабакі Стаўры і Гаўры. Прозвішча гэтаму сыну было Белаполь.
Неўзабаве пасля смерці бацькі вярнуўся Белаполь з палешні. А браты яму кажуць:
— Вось бацька падзяліў нам усю сваю маёмасць, а табе ён адказаў сваіх сабак, дык яшчэ наказаў, каб ты іх пусціў па волі: аднаго — у правы бок, а другога — у левы; колькі яны зямлі аббягуць у дзень, дык гэтая ўся зямля твая будзе.
Вось пайшоў Белаполь і злавіў дзвюх птушак, адна з якіх прыляцела з паўднёвага мора, другая — з заходняга. Пусціў адну птушку на поўдзень, ды і кажа першаму сабаку: «Бяры!»
Пусціў другую на захад і кажа другой: «Хапай!»
Як паляцелі тыя птушкі: адна ў адзін бок, другая ў другі... Як пабеглі сабакі за птушкамі, дык ажно зямля закурылася... Як пайшлі тыя сабакі, дык і да гэтага часу не вярнуліся, а па іх слядах дзве рэчкі працягнуліся, у адзін бок прайшла Дзвіна, а ў другі бок — Дняпро.
Вось у гэтых абшарах Белаполь і пачаў сяліцца ды заводзіць свае лады...
У гэтага Белаполя ад розных жонак яго развяліся розныя плямёны пад прозвішчам БЕЛАРУСЫ.
Возера Нарач
У гушчары старых бароў, як сляза, што ўпала з неба, блішчала вялікае возера. Вельмі прыгожае яно было. Расказы пра яго чароўнасць перадаваліся з паселішча ў паселішча і нават у далёкія краіны.
А яшчэ казалі людзі, што ў вёсцы, якая прыляпілася да аднаго з берагоў таго возера, жыла дзяўчына-сіраціна Найрыта, аднавяскоўцы звалі яе Нарай. Вочы яе блакітныя, колеру азёрнай хвалі, заўсёды весела ўсміхаліся. Залацістыя валасы тугой касой абкручвалі галаву. Голас у яе быў высокі і гучны. Бывала, сядзе на беразе пад разлапістым клёнам, дзе збіралася звычайна моладзь, на гусельках грае і спявае. Спачатку голас павольна плыве, а пасля ўзлятае высока і ляціць над узбярэжжам. У гэты час і птушкі змаўкалі. Людзі забываліся пра сваё гора.
Аднойчы, калі Нара спявала, праязджаў вёскаю пан, стары ўдавец. Пачуў ён дзівосную песню і загадаў спыніць каня. Слухаў, слухаў і сказаў Нары:
— Прыгожая кветка вырасла ў дзікім краі. Табе толькі спяваць у маіх пакоях.
— Кепская з мяне будзе служанка.
— Ты будзеш гаспадыняй, жонкай маёй.
Вакол Нары сядзелі на зялёнай мураве дзяўчаты і хлопцы. Адзін з іх, чарнявы юнак, падышоў да пана.
— Гэта мая нявеста,— сказаў ён,— а пан няхай сярод паноў жонку шукае.
— Ці не сын ты таго Пятра, што бунтаваў мне народ? — успомніў пан, чырванеючы ад злосці. I залямантаваў: — Узяць яго!
Прыслужнікі звязалі Андрэя і павезлі ў маёнтак. Больш яго ніхто не бачыў. Праз некаторы час пан зноў прыехаў да Нары даведацца, ці згодная яна прыняць з ім шлюб. Дзяўчына зрабіла выгляд, што згадзілася. Тут і дамовіліся пра вяселле.
Надышоў гэты дзень. Злосны вецер гнаў цёмныя хмары, а лес спяваў жалобныя песні. Нара ехала на фурманцы ў маёнтак, у руках трымала пакунак. Сустрэлі яе служанкі. Завялі ў панскія пакоі і апранулі ў шлюбнае адзенне. I Нара выйшла такой прыгажуняй, якія толькі ў казках і бываюць. Пакланілася яна пану ды папрасіла, каб перад шлюбам крышку адной пабыць у пакоях. Пан згадзіўся. Ходзіць ён па двары, на служанак пакрыквае і на дзверы паглядвае.
А Нара тым часам з пакунка дастала смалякі ды падпаліла пакоі адзін за адным. I калі шугануў чорны дым з вокнаў, а на даху заскакалі чырвоныя пеўні, выскачыла праз акно і на сваёй фурманцы, паганяючы каня, памчала ў вёску, на тое месца, дзе з Андрэем часта сустракала ўсход сонца, прыхілілася да клёна і горка заплакала.
Ды тут пачуўся конскі тупат. Панскія служкі людзей бізунамі білі, дапытваліся, дзе Нара.
— Вунь яна! — закрычаў нехта.
— Жывую не возьмеце,— крыкнула ворагам дзяўчына і кінулася да возера.
Цёмныя хвалі з белымі баранчыкамі ішлі адна за адной, а на беразе калыхаўся човен. Той човен, у якім Нара з Андрэем не раз каталіся. Спрытна і ўмела ўхапілася яна за карму і, адштурхнуўшыся ад берага, села ў човен.
— Я адпомсціла, пан, за Андрэйку, за яго бацьку і за ўсіх, хто загінуў ад тваіх рук у тваім маёнтку, — прашаптала Нара.
Ад злосці панскія служкі кінулі гуслі ў возера. А човен адплываў усё далей і далей, потым зусім знік. Усю ноч бушавала возера. Стагналі хвалі...
3 таго часу і назвалі людзі возера імем смелай дзяўчыны — Нарач.
Месяц
Былі ў бацькі два сыны, два ўдалыя малойцы. He захацелі яны жыць дома, рабіць чорную мужыцкую работу, а пайшлі ў свет шукаць лёгкага хлеба ды добрага жыцця. Выйшлі яны з дому разам дый пайшлі па адной дарозе, але хутка падышлі да раздарожжа. От болылы і кажа:
— Чаго нам хадзіць разам? Разам мы знойдзем толькі адно дабро, а як пойдзем асобна, то можам трапіць на два.
— Хадзем асобна, — пагадзіўся малодшы брат, — але калі хто на што-небудзь натрапіць, што дабудзе, то тое будзе яго, тое зробіць яму славу.
Як сказалі яны, так і зрабілі. Большы пайшоў направа, а меншы — налева. Свет вялікі. Доўга яны хадзілі, доўга шукалі шчасця; кожны па-свойму шукаў тое, што яму падабалася. Большы брат прыйшоў у чужое царства, наняўся там на службу да аднаго багатага і знакамітага пана. А той пан ездзіў аж да самога цара дый браў з сабою свайго вернага ды лоўкага слугу. Пабачыў раз яго цар, упадабаў дый забраў да сябе. Жыве большы брат у цара пан панам, усяго яму даволі, хіба ж птушынага малака не хапае. Жыве, ніякай бяды не ведае.