• Газеты, часопісы і г.д.
  • Чарадзейнае слова Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

    Чарадзейнае слова

    Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 463с.
    Мінск 2022
    82.02 МБ
    — А дзе возьмеш ты мядовую кашку?
    — На сябе вязу.
    — У чым?
    — У вазку, у палазку і за пазушкай.
    Загула пчала ды паляцела ў свой вулей.
    Вол і асёл
    Жылі на адным двары вол і асёл. Вол рабіў цяжкую работу — у ярме хадзіў, а асёл толькі калі-нікалі гаспадара ў павозцы вазіў.
    Вось аднаго разу прыйшоў з работы вол, цяжка ўздыхнуў.
    — Чаго ты, вол, уздыхаеш? — пытаецца асёл. — Мала сена гаспадар падкінуў, ці што?
    — He, брат асёл, — адказвае вол, — сена не мала. Ды ўспомніў, што і заўтра цаліну араць трэба. А гэта, браток, не песні табе спяваць — і-а, і-а...
    — Э, — кажа асёл, — нас, аслоў, дурнямі лічаць, а ты яшчэ дурнейшы, дык і цягаеш сваё ярмо дзень пры дні.
    — А што? Ты за мяне пацягнеш?
    — Яшчэ чаго захацеў! — сказаў асёл. — Хопіць мне і калёс.
    Вол махнуў хвастом.
    — Ат, не можаш памагчы, дык лепш памаўчы.
    Асёл памаўчаў, а потым зноў за сваё ўзяўся: — Хочаш, навучу цябе, як ад ярма выкруціцца? Вол натапырыў вушы, зацікавіўся:
    — Ну, ну, навучы, брат асёл. Хоць бы дзеньдругі ў хляве адстаяцца ды адляжацца.
    — Заўтра, як выведзе цябе гаспадар з хлява, вазьмі ды закульгай: скачы на трох нагах. Вось ён і не паедзе араць на табе.
    Ну, вол так і зрабіў, як асёл навучыў.
    Паглядзеў назаўтра гаспадар на кульгавага вала, пачухаў патыліцу:
    — Што ж рабіць? У нас вунь яшчэ ворыва колькі, а ты закульгаў! Ці не запрэгчы хіба асла? Ён, нябось, выгуляўся, у хляве стоячы.
    I запрог гаспадар асла ў плуг.
    Недарэмна ж кажуць: «Навучыў на сваю галаву!»
    Як курачка пеўніка ратавала
    Жылі-былі курачка і пеўнік. Курачка яйкі несла, а пеўнік зярняткі здабываў, курачку частаваў. Выграбе з ямкі зярнятка і кліча курачку:
    — Ко-ко-ко, Чубатка, знайшоў зярнятка!
    Вось аднойчы выграб пеўнік вялікую бобінку.
    «Ну, — думае, — гэтага зярняці курачцы не праглынуць, з’ем хіба сам».
    Праглынуў — ды і падавіўся.
    Паваліўся пеўнік, ногі задраў і не дыхае.
    Падбегла да яго курачка:
    — Што з табою, Пеця? Чаму ты ляжыш і не дыхаеш?
    — Ой, — стогне пеўнік, — бобінкай падавіўся...
    — Як жа цябе ратаваць, Пеця? — пытаецца курачка.
    — Трэба, — шэпча пеўнік, — масла дастаць, горла змазаць.
    — А дзе яго дастаць?
    — У каровы.
    Пабегла курачка да каровы:
    — Карова, карова, дай масла!
    — Нашто табе масла?
    — Пеўнік ляжыць і не дыхае: бобінкай падавіўся.
    — Добра, — кажа карова, — дам табе масла. Але схадзі спярша да касцоў, папрасі сена.
    Прыйшла курачка да касцоў:
    — Касцы, касцы, дайце сена!
    — Нашто табе сена?
    — Сена — карове. Карова дасць масла. Масла — пеўніку, бо пеўнік ляжыць і не дыхае: бобінкай падавіўся.
    Касцы кажуць:
    — Схадзі да пекара, папрасі пірагоў. Пірагі мы з’ядзім, тады і сена накосім.
    Прыйшла курачка да пекара:
    — Пекар, пекар, дай пірагоў!
    — Навошта табе пірагі?
    — Пірагі — касцам. Касцы накосяць сена. Сена — карове. Карова дасць масла. Масла — пеўніку, бо пеўнік ляжыць і не дыхае: бобінкай падавіўся.
    Пекар кажа:
    — Збегай у лес, прынясі дроў, каб было на чым пірагі пячы.
    Пабегла курачка ў лес і прынесла дроў.
    Пекар напёк пірагоў.
    Занесла курачка пірагі касцам. Касцы з’елі пірагі і накасілі сена.
    Прынесла курачка сена карове.
    Карова з’ела сена і дала масла.
    Пеўнік змазаў маслам горла і праглынуў бобінку.
    Праглынуў і зноў весела на ўвесь двор заспяваў:
    — Ку-ка-рэ-ку! Чуб-чубатка — маладзец!
    Тут і казцы канец.
    Мена
    Жыў дзед ды баба. Мелі яны хатку і загон зямлі. Але не было ў іх ні каня, ні вала. А гэта такое гора, што хоць ты сам у плуг упрагайся.
    Сабралі яны сяк-так грошай. Пайшоў дзед на кірмаш, купіў буланага коніка і вядзе дахаты.
    Сустракае па дарозе пастухоў, што пасвілі валоў.
    — Добры дзень, дзед! Дзе быў? — пытаюцца пастухі.
    — На кірмашы.
    — Што купіў?
    — Каня.
    — Памяняй з намі, дзед, каня на вала: у нас валоў шмат, а каня няма.
    Падумаў дзед: вол таксама ў гаспадарцы не лішні.
    — Добра, — кажа, — давайце мяняцца.
    Аддаў дзед пастухам каня, узяў сабе вала ды вядзе яго дахаты.
    Сустракае па дарозе пастухоў, што пасвілі авечак і бараноў:
    — Добры дзень, дзед! Дзе быў?
    — На кірмашы.
    — Што купіў?
    — Каня.
    — А дзе ж ён?
    — Памяняў на вала.
    — Памяняй з намі, дзед, вала на барана.
    — Добра: баран у гаспадарцы не лішні.
    Узяў дзед барана за рогі і вядзе дахаты. Сустракае па дарозе пастушкоў, што пасвілі індыкоў:
    — Добры дзень, дзядуля! Дзе быў?
    — На кірмашы.
    — Што купіў?
    — Каня.
    — А дзе конь?
    — Памяняў на вала.
    — А дзе вол?
    — Памяняў на барана.
    — Памяняй з намі, дзядуля, барана на індыка.
    — Добра: індык таксама ў гаспадарцы не лішні.
    Аддаў дзед пастушкам барана, сам узяў індыка пад пахі і пайшоў далей.
    Прыйшоў у вёску. Тут на вуліцы дзеці гуляюць: ездзяць на качэргах. Падбеглі да яго дзеці:
    — Добры дзень, дзядуля! Дзе быў?
    — На кірмашы.
    — Што купіў?
    — Каня.
    — А дзе конь?
    — Памяняў на вала.
    — А дзе вол?
    — Памяняў на барана.
    — А дзе баран?
    — Памяняў на індыка.
    — Ой, дзядулька, памяняй з намі індыка на качаргу: мы з індыком гуляць будзем!
    — Добра, — кажа дзед, — давайце качаргу.
    Узяў дзед качаргу і панёс дахаты. Даведалася аб усім баба, схапіла дзедаву качаргу ды давай яго біць. Біла, біла — качарга зламалася.
    На гэтым і казка скончылася.
    Муха-пяюха
    Жыла-была муха-пяюха. Мела яна каляску і шэсць камароў. Запрэгла муха-пяюха камароў у каляску ды паехала на пагулянку.
    Едзе яна дарогаю, едзе шырокаю — бяжыць мышка:
    — Добры дзень, пані! Як паню зваць-велічаць?
    — Я муха-пяюха. А ты хто?
    — А я па паліцах скрабатуха.
    — Сядай, паедзем разам.
    Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю — скача жабка:
    — Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?
    — Муха-пяюха. Па паліцах скрабатуха. А ты хто?
    — А я па сажалках рагатуха.
    — Сядай, паедзем разам.
    Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю — сядзіць на галінцы вавёрка:
    — Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?
    — Муха-пяюха. Па паліцах скрабатуха. Па сажалках рагатуха. А ты хто?
    — А я па елках скакуха.
    — Сядай, паедзем разам.
    Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю — бяжыць заяц:
    — Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?
    — Муха-пяюха. Па паліцах скрабатуха. Па сажалках рагатуха. Па елках скакуха. А ты хто?
    — А я праз дарогу скок.
    — Сядай, паедзем разам.
    Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю — ідзе воўк:
    — Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?
    — Муха-пяюха. Па паліцах скрабатуха. Па сажалках рагатуха. Па елках скакуха. Праз дарогу скок. А ты хто?
    — А я галодны воўк. Гам!..
    I праглынуў усіх разам з каляскаю.
    Былінка і верабей
    Сеў верабейка на былінку і хацеў, каб яна яго пакалыхала.
    Але былінка не захацела калыхаць верабейку, узяла ды скінула яго.
    Узлаваўся верабейка на былінку, зацырыкаў:
    — Пачакай жа, гультайка, нашлю я на цябе коз!
    Паляцеў верабейка да коз:
    — Козы, козы, ідзіце былінку абгрызаць, бо былінка не хоча мяне калыхаць!
    Козы не паслухалі верабейкі.
    — Пачакайце ж, козы, нашлю я на вас ваўкоў!
    Паляцеў верабейка да ваўкоў:
    — Ваўкі, ваўкі, ідзіце коз душыць, бо козы не хочуць былінку абгрызаць, а былінка не хоча мяне калыхаць!
    He паслухалі і ваўкі.
    — Пачакайце ж, ваўкі, нашлю я на вас стральцоў!
    Паляцеў верабейка да стральцоў:
    — Стральцы, стральцы, ідзіце ваўкоў біць, бо ваўкі не хочуць коз душыць, козы не хо-
    чуць былінку абгрызаць, а былінка не хоча мяне калыхаць!
    He паслухалі і стральцы.
    — Пачакайце ж, стральцы, нашлю я на вас вяроўкі!
    Паляцеў верабейка да вяровак:
    — Вяроўкі, вяроўкі, ідзіце стральцоў вязаць, бо стральцы не хочуць ваўкоў біць, ваўкі не хочуць коз душыць, козы не хочуць былінку абгрызаць, а былінка не хоча мяне калыхаць!
    He паслухалі і вяроўкі.
    — Пачакайце ж, вяроўкі, нашлю я на вас агонь!
    Паляцеў верабейка да агню:
    — Агонь, агонь, ідзі вяроўкі паліць, бо вяроўкі не хочуць стральцоў вязаць, стральцы не хочуць ваўкоў біць, ваўкі не хочуць коз душыць, козы не хочуць былінку абгрызаць, а былінка не хоча мяне калыхаць!
    He паслухаў і агонь.
    — Пачакай жа, агонь, нашлю я на цябе ваду!
    Паляцеў верабейка да рэчкі:
    — Вада, вада, ідзі агонь тушыць, бо агонь не хоча вяровак паліць, вяроўкі не хочуць стральцоў вязаць, стральцы не хочуць ваўкоў біць, ваўкі не хочуць коз душыць, козы не хочуць былінку абгрызаць, а былінка не хоча мяне калыхаць!
    He паслухала і вада.
    — Пачакай жа, вада, нашлю я на цябе валоў!
    Паляцеў верабейка да валоў:
    — Валы, валы, ідзіце ваду піць, бо вада не хоча агонь тушыць, агонь не хоча вяровак паліць, вяроўкі не хочуць стральцоў вязаць, стральцы не хочуць ваўкоў біць, ваўкі не хочуць коз душыць, козы не хочуць былінку абгрызаць, a былінка не хоча мяне калыхаць!
    He паслухалі і валы.
    — Пачакайце ж, валы, нашлю я на вас доўбню!
    He паслухала і доўбня.
    — Пачакай жа, доўбня, нашлю я на цябе чарвей!
    I чэрві не паслухалі.
    — Пачакайце ж, чэрві, нашлю я на вас курэй!
    Паляцеў верабейка да курэй, пачаў іх прасіць, каб бядзе дапамаглі.
    — Добра, — адказалі куры, — дапаможам!
    Пайшлі куры чарвей дзяўбці — і цяпер дзяўбуць.
    Пайшлі чэрві доўбню тачыць — і цяпер точаць.
    Пайшла доўбня валоў біць — і цяпер б’е.
    Пайшлі валы ваду піць — і цяпер п’юць.
    Пайшла вада агонь тушыць — і цяпер тушыць.
    Пайшоў агонь вяроўкі паліць — і цяпер паліць.
    Пайшлі вяроўкі стральцоў вязаць — і цяпер вяжуць.
    Пайшлі стральцы ваўкоў біць — і цяпер б’юць.
    Пайшлі ваўкі коз душыць — і цяпер душаць.
    Пайшлі козы былінку абгрызаць — і цяпер грызуць.
    Стала былінка верабейку калыхаць — і цяпер калыша.
    Сабачая грамата
    Некалі панамі былі не толькі паны, а і панскія сабакі. I мелі яны пры сабе важныя паперы — дваранскія граматы. У тых граматах пісалася: ніхто таго ці гэтага пана або яго сабаку і пальцам крануць не смее, а самі яны маюць права біць і кусаць прыгонных людзей, колькі ім уздумаецца.
    Паны і сабакі ганарыліся сваімі граматамі, трымалі іх пры сабе і шанавалі, як вока.
    Вось аднаго разу пан і яго сабака сабраліся ехаць у Мінск на суд. Сабака і думае: «Дарога ў Мінск не малая, а тут яшчэ задажджылася, грамата можа размокнуць. Што я тады без дваранскай граматы варты! He, пакіну лепш яе кату на схованку».
    А трэба сказаць, было гэта тады, калі і сабакі, і каты, і мышы жылі ў згодзе, сябравалі, адно аднаго паважалі.
    — Толькі глядзі, — кажа сабака кату, — з граматы вока не спускай. A то бяда будзе...
    Узяў кот грамату і палез на печ. Ляжыць там ды дрэмле сабе, муркаючы. А сам адным вокам на грамату паглядае, каб хто не ўкраў. Ляжаў,