• Газеты, часопісы і г.д.
  • Чарадзейнае слова Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

    Чарадзейнае слова

    Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 463с.
    Мінск 2022
    82.02 МБ
    — To трэба новы кажух пашыць, — раіць лісіца.
    — Праўду, кумка, кажаш, — згадзіўся воўк.
    Пабег ён на выган, схапіў авечку і прывалок у лес.
    — Хопіць на кажух? — пытаецца ў лісіцы.
    — Мала, — кажа лісіца.
    Прынёс воўк яшчэ адну авечку:
    — Цяпер хопіць?
    — He, яшчэ адну трэба.
    Воўк і трэцюю прывалок.
    — Ну, а цяпер, — кажа лісіца, — трэба краўца шукаць.
    — Дзе ж мне яго шукаць, кумка?
    — Я ведаю добрага краўца. Хадзем да яго.
    Прывяла лісіца ваўка на луг. Там, у кустах, на прывязі жарабец пасвіўся.
    — Вунь ён, кравец!
    Воўк зарагатаў:
    — Гэта не кравец, а жарабец! He, кумка, як сабе хочаш, а розуму ў цябе мала.
    Лісіца пакрыўдзілася:
    — Ты пра мой розум не вельмі языком мялі. Я была разумная і буду, а ты быў дурань, дурнем і застанешся.
    Тут ужо і воўк пакрыўдзіўся, аж узлаваўся: — Паглядзім яшчэ, хто з нас разумнейшы!
    — He хваліся загадзя, — кажа лісіца, — лепш паглядзіш, як зараз з цябе шкуру знімуць.
    — Хто зніме? — ляснуў зубамі воўк.
    — Гаспадар гэтага каня.
    — He можа быць! — не верыць воўк.
    — Пабачыш. На чым жарабец навязаны? — пытаецца лісіца.
    — На вяроўцы.
    Лісіца засмяялася:
    — Вось і відаць, што дурань!
    — Чаму? — падскочыў воўк.
    — Жарабец на калу навязаны.
    — He можа быць! — залыпаў воўк вачыма.
    — Хадзем пакажу.
    Прывяла лісіца яго да калка, за які быў прывязаны канец вяроўкі, зняла вяроўку, зрабіла пятлю і закінула ваўку на шыю. Воўк і азірнуцца не паспеў, як у пятлі апынуўся. Тады лісіца падбегла да жарабца, замахала хвастом. Той спужаўся ды як драпануў да хаты, толькі падковы заблішчалі.
    Так і прыцягнуў у пятлі ваўка да свайго гаспадара. Ну, а там з яго і шкуру знялі.
    Вярнулася лісіца ў лес, закапала авечак у мох на запас, адны толькі мазгі на абед пакінула. Села пад елкаю і есць.
    Ідзе мядзведзь — той, што бычка з’еў.
    — Што гэта ты, кума, жуеш? — пытаецца.
    — Мазгі. Сляпы ты, ці што?
    — А дзе ж ты іх дастала?
    — 3 галавы. I ты можаш дастаць, калі хочаш.
    — Як?
    — Вельмі проста: разганіся ды стукніся галавою аб дуб — мазгі і выскачаць.
    — Дзякую ж табе, кума, за добрую параду. Так і зраблю. A то есці даўно хочацца.
    Знайшоў ён самы тоўсты дуб, разагнаўся з усяе сілы ды і грымнуўся ў яго лбом.
    Тут яму і канец.
    Верабей і мыш
    Жылі па суседстве — верабей і мыш: верабей пад страхою, а мыш у норцы пад падрубаю. Жывіліся тым, што ад гаспадароў перападала. Улетку яшчэ сяк-так — можна на полі ці ў агародзе што-небудзь перахапіць. А зімою хоць плач: на вераб’я гаспадар сіло ставіць, а на мыш — пастку.
    Надакучыла ім так жыць, задумалі яны ляда1 капаць, збажыну сеяць.
    Ускапалі ладную дзялянку.
    — Ну, што будзем сеяць? — пытаецца верабей.
    — А тое, што людзі сеюць, — адказвае мыш.
    Назбіралі насення ды пасеялі пшаніцу.
    — Што тваё будзе, — пытаецца мыш у вераб’я, — карэнне ці вяршкі?
    1 Ляда — поле на месцы высечанага лесу.
    — Сам не ведаю.
    — Бяры карэнне, — параіла мыш.
    — Добра, няхай будзе карэнне.
    Прыйшло лета. Паспела пшаніца. Мыш зжала каласы, а вераб’ю пакінула салому. Перанесла мыш каласы ў сваю нару, змалаціла, змалола, напякла пірагоў ды есць сабе зімою. Добра жыве, бяды не мае.
    Верабей пакаштаваў салому — нясмачна!
    Давялося яму на сметніку галоднаму зімаваць.
    Прыйшла вясна. Мыш вылезла з нары, убачыла вераб’я і пытаецца:
    — Ну, як, сусед, зімавалася?
    — Дрэнна, — кажа верабей, — ледзьве выжыў: нясмачная наша пшаніца ўдалася.
    — To давай будзем сёлета моркву садзіць: яна салодкая. Усе зайцы яе любяць.
    — Давай, калі не хлусіш! — падскочыў верабей ад радасці.
    Ускапалі свежае ляда і пасеялі моркву.
    — Што тваё будзе, — пытаецца мыш у вераб’я, — карэнне ці вяршкі?
    — Вяршкі! — кажа верабей. — Баюся браць карэнне: я ўжо на пшаніцы апёкся.
    — Добра, бяры вяршкі.
    Вырасла морква. Верабей узяў вяршкі, a мыш — карэнне. Занесла яна сваё карэнне ў нару і есць сабе памаленьку.
    А верабей пакаштаваў вяршкі, аж яны не лепшыя за пшанічнае карэнне...
    Надзьмуўся верабей, ледзь не плача.
    Ляціць варона. Убачыла вераб’я.
    — Чаго ты, верабей, надзьмуўся? — пытаецца.
    Расказаў ёй верабей, як яны з мышшу сеялі пшаніцу і моркву.
    Выслухала яго варона і зарагатала:
    — Дурны ты, верабей! Мыш цябе падманула... У пшаніцы смачныя вяршкі, а ў морквы — карэнне.
    Узлаваўся верабей, прыскакаў да мышы.
    — Ах, нягодніца, ах, ашуканка! Я з табою біцца буду.
    — Ну што ж, — кажа мыш, — давай біцца!
    Запрасіў верабей сабе ў хаўруснікі драздоў і шпакоў, а мыш — кратоў і пацукоў.
    Пачалі біцца. Доўга біліся, а ніхто нікога не пабіў.
    Прыйшлося вераб’ю адступіць са сваім войскам на сметнік.
    Убачыла гэта варона:
    — Га, га, верабей, слабых ты хаўруснікаў сабраў. Калі б ты паклікаў марскога сокала, той адразу б усіх і мышэй, і кратоў, і пацукоў паглытаў.
    Паляцеў верабей на мора, паклікаў марскога сокала.
    Прыляцеў сокал і ўсё мышынае войска паглытаў. Адна толькі мыш, тая, што вераб’я падманула, засталася: у нару схавалася.
    Настаў вечар. Сокал паляцеў на ржышча начаваць. Сеў на камені ды моцна заснуў. А верабей пашчабятаў ад радасці і палез пад страху.
    Тым часам хітрая мыш пабегла ў поле да начлежнікаў, ухапіла галавешку і падпаліла ржышча, дзе спаў сокал. Узняўся агонь і асмаліў сокалу крылы.
    Прачнуўся сокал, а ў яго крылаў няма... Пабедаваў ён ды падаўся пехатою да мора. Убачыў яго на дарозе паляўнічы, хацеў застрэліць, a сокал і кажа:
    — He страляй мяне, добры чалавек. Лепш вазьмі з сабою: як адрастуць у мяне крылы, я табе добра аддзякую.
    Узяў паляўнічы сокала. Цэлы год карміў і даглядаў яго. Адраслі ў сокала крылы, ён і кажа паляўнічаму:
    — А цяпер бяры мяне на паляванне. Я табе зайцоў і птушак буду лавіць.
    3 таго часу сокал і служыць памочнікам у паляўнічага.
    Жаронцы
    Жылі дзед ды баба. Нічога ў іх з гаспадаркі не было — толькі пеўнік і жаронцы.
    Дзіўныя гэта былі жаронцы: паложыць у іх дзед адно зярнятка, пакруціць раз-другі, і цэлая кадушка мукі намелецца!
    Добра жылі дзед з бабай самі і пеўніка не крыўдзілі.
    Дачуўся пра дзіўныя жаронцы пан. Парашыў ён украсці іх.
    Прыехаў адвячоркам да дзеда і просіцца пераначаваць. «На паляванні, — кажа, — быў: далёка дадому ехаць, а тут ноч надыходзіць...»
    — Начуй сабе, — кажа дзед, — месца хопіць.
    Уночы, як дзед і баба заснулі, пан украў жаронцы ды паехаў.
    Моцна затужылі дзед з бабай па жаронцах.
    Сядзяць яны галодныя ды плачуць.
    Пеўнік слухаў слухаў іх, а потым і кажа:
    — He плачце, я вярну вам жаронцы!
    — Дзе табе вярнуць іх! — кажуць дзед і баба. — Пан цябе і на парог не пусціць.
    — Нічога, — падхрабрыўся пеўнік, — вярну.
    Хоць сам загіну, а жаронцы вярну.
    Развітаўся ён з дзедам і бабай ды паляцеў у панскі двор.
    Ляціць ён дарогаю, ляціць ён шырокаю, а насустрач яму каршун.
    — Куды, певень, ляціш? — пытаецца.
    — У двор да пана.
    — Чаго?
    — Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Я лячу іх сыскваць.
    — Вазьмі і мяне з сабою.
    — Лезь у валляк!
    Каршун улез пеўніку ў валляк. Пеўнік паляцеў далей.
    Ляціць ён дарогаю, ляціць ён шырокаю, а насустрач яму лісіца:
    — Куды, певень, ляціш?
    — У двор да пана.
    — Чаго?
    — Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Лячу сыскваць.
    — Вазьмі і мяне з сабою.
    — Лезь у валляк!
    Лісіца ўлезла пеўніку ў валляк. Пеўнік паляцеў далей.
    Ляціць ён дарогаю, ляціць ён шырокаю, а насустрач яму барсук:
    — Куды, певень, ляціш?
    — У двор да пана.
    — Чаго?
    — Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Лячу сыскваць.
    — Вазьмі і мяне з сабою.
    — Лезь у валляк!
    Барсук улез пеўніку ў валляк. Пеўнік паляцеў далей.
    Ляціць ён дарогаю, ляціць ён шырокаю, а насустрач яму воўк:
    — Куды, певень, ляціш?
    — У двор да пана.
    — Чаго?
    — Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Лячу сыскваць.
    — Вазьмі і мяне з сабою.
    — Лезь у валляк!
    Ляцеў, ляцеў пеўнік і прыляцеў у двор да пана. А ў пана ў гэты час былі госці — пілі, гулялі. Вокны і дзверы насцеж парасчынялі.
    Узляцеў пеўнік на падаконнік, залопаў крыламі ды заспяваў на ўвесь голас:
    — Ку-ка-рэ-ку! Каб пан не дажыў веку! Ён у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Я прыляцеў сыскваць. Аддавай, пан, жаронцы!
    Пану стала брыдка перад гасцямі, што пеўнік яго злодзеем абзывае. Вось ён і кажа:
    — Слугі, слугі, схапіце гэтага крыкуна, укіньце ў куратнік: няхай яго куры задзяўбуць!
    Схапілі слугі пеўніка, укінулі ў куратнік, а самі пайшлі.
    Тут пеўнік і кажа:
    — Каршун, каршун, вылазь з валляка, падушы курэй!
    Выскачыў каршун з валляка, перадушыў усіх курэй ды паляцеў у лес.
    Пеўнік зноў прыляцеў на падаконнік:
    — Ку-ка-рэ-ку! Каб пан не дажыў веку! Ён у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў...
    — Ах, — кажа пан, — дык яго куры не задзяўблі? Добра ж! Слугі, слугі, схапіце гэтага крыкуна, занясіце ў гусятнік: няхай яго гусі зашчыплюць!
    Схапілі слугі пеўніка і ўкінулі ў гусятнік.
    Пеўнік ачухаўся ды кажа:
    — Лісічка, лісічка, вылазь з валляка, падушы гусей!
    Лісіца так і зрабіла, а сама ў лес пабегла.
    Паляцеў пеўнік на падаконнік ды зноў сваё спявае:
    — Ку-ка-рэ-ку! Каб пан не дажыў веку!..
    — Ах, — кажа пан, — дык яго і гусі не зашчыпалі? Добра ж! Слугі, слугі, занясіце яго ў свінарнік: няхай яго свінні загрызуць!
    Занеслі слугі пеўніка ў свінарнік. А там пеўнік кажа:
    — Барсук, барсук, вылазь з валляка, пагрызі свіней.
    Барсук так і зрабіў, а сам пабег у лес.
    Прыляцеў пеўнік на падаконнік:
    — Ку-ка-рэ-ку!..
    — Ах, — кажа пан, пачуўшы пеўнікаў голас, — дык яго і свінні не загрызлі?.. Слугі, слугі, укіньце яго ў стайню: няхай яго коні затопчуць!
    У стайні пеўнік кажа:
    — Воўк, воўк, вылазь з валляка, парэж коней!
    Воўк выскачыў, парэзаў усіх коней і ходу ў лес.
    Прыляцеў пеўнік на падаконнік:
    — Ку-ка-рэ-ку!..
    Пан аж за галаву хапіўся: што ж рабіць? Потым кажа:
    — Слугі, слугі, схапіце гэтага крыкуна, занясіце кухару, няхай ён яго засмажыць.
    Слугі так і зрабілі.
    Кухар засмажыў пеўніка і прынёс на талерцы пану. Пан схапіў яго ды і праглынуў са злосці ўсяго адразу. А пеўнік ажыў у панскім жываце, вытыркнуў дзюбу праз правае вуха ды заспяваў:
    — Ку-ка-рэ-ку! Каб пан не дажыў веку!..
    Пан закрычаў:
    — Слугі, слугі, хапайце сякеры, сячыце гэтага нягодніка!
    Схапілі слугі сякеры, як секанулі, дык і адсеклі пану правае вуха... А пеўнік пералез у левае вуха ды зноў заспяваў.
    — Слугі, слугі, — крычыць пан, — сячыце яго!