Чарадзейнае слова Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

Чарадзейнае слова

Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе
Выдавец: Беларусь
Памер: 463с.
Мінск 2022
82.02 МБ
ляжаў і захацелася яму на двор выбегчы, на сонейку пагрэцца, за вераб’ямі паганяцца.
Паклікаў ён мыш з норкі і перадаў ёй сабакаву грамату на схованку.
— Толькі глядзі, — кажа, — добра схавай, каб не згубілася.
— He турбуйся, сусед, — кажа мыш. — Я яе ў сваёй норцы схаваю. А туды, апроч мяне і маіх дзетак, ніхто не заглядвае.
Загуляўся кот на двары і пра сабакаву грамату забыўся. Ды і суседка-мыш не вельмі пра яе клапацілася — кінула ў норцы і пабегла па сваіх справах. Ведама, за чужое дабро не так дрыжыш, як за сваё.
Тым часам вярнуўся сабака з суда.
— Давай маю грамату, — кажа да ката.— Цяпер я сам буду яе сцерагчы.
Кот — да мышы:
— Дзе сабакава грамата?
Мыш сюды-туды — няма граматы!
— Дзе сабакава грамата? — пытаецца ў мышанят.
— Якая грамата?
— А тая папера, што я ў норцы схавала.
— А, — кажуць мышаняты. — Мы яе, дурэючы, на шматкі падралі.
Насварылася мыш на мышанят, ды што зробіш: страчанага не вернеш! Выбегла яна з норкі і сказала кату пра бяду.
Як пачуў гэта кот, як узлаваўся на мыш:
— Ах ты такая-сякая! Што ж я сабаку скажу? Я разарву цябе за гэта і з’ем!
I выпусціў на мыш свае вострыя кіпцюры. Мыш ледзьве паспела ў норцы схавацца.
Вярнуўся кот да сабакі з сумнаю навіною.
— Ай-яй-яй! — заенчыў сабака. — Што ты, гультай, нарабіў! Цяпер я ўсе свае дваранскія правы страціў Я табе гэтага ніколі не дарую!
I кінуўся на ката. Кот — на плот, натапырыўся, зафыркаў: «Не падыходзь!»
3 таго часу і разладзілася сяброўства ў сабак, катоў і мышэй. Сабакі не могуць катам дараваць, а каты сваю злосць на мышах спаганяюць.
Вось што тая сабачая грамата нарабіла.
ГІшанічны каласок
Жылі на адным двары курачка Сакатушка, гусак Шыпун ды індык Балбатун.
Курачка даглядала сваіх куранятак, грэблася на сметніку, шукала зярнятак. А гусак Шыпун і індык Балбатун толькі шпацыравалі ўзад і ўперад па двары, як важныя паны, ды заўсёды вялі між сабою спрэчкі аб тым, хто з іх важнейшы і разумнейшы.
— У мяне галава большая, — хваліўся гусак, — дык і розуму ў ёй больш!
Індык з гэтым не згаджаўся.
— Галава ў цябе вялікая, гэта праўда, ды дурная, як бот, — казаў ён.
— Ну, няхай сабе галава дурная, — адказваў гусак, — затое нос які ў мяне! Моцны, цвёрды,
прыгожы... А ў цябе што за нос — смех адзін! Чарвяк, а не нос!
I гусак, і індык былі страшэнныя гультаі. Яды шукаць сабе ленаваліся і таму часта галадалі. Каб не карміла іх сяды-тады гаспадыня, дык даўно б гультаёў і на свеце не было.
Аднаго разу знайшла курачка каля плота пшанічны каласок. Зарадавалася, засакатала на ўвесь двор:
— Ко-ко-ко! Глядзіце, які цудоўны каласок я знайшла!
Пачулі пра такую навіну Шыпун і Балбатун.
— А ну, пакажы!
Курачка паказала ім каласок. Індык панюхаў каласок сваім носам-чарвяком.
— Так, так, — сказаў ён, — каласок і праўда цудоўны. Трэба яго змалаціць.
— Ага, ага, — згадзіўся і гусак. — Трэба змалаціць. Тады будуць зярняткі. А яны смачныя... Ага, ага!
— Добра, — сказала курачка. — А хто яго змалоціць?
— Толькі не я! — адказаў гусак. — Я тоўсты, мне цяжка цэпам махаць.
— Дык што ж, ты хочаш, каб я малаціў? — горача забалбатаў індык. — Я табе не парабак!
— Ну добра, — сказала курачка, — я сама змалачу.
Пайшла яна на ток, узяла цэп і змалаціла пшанічны каласок. Прынесла зярняткі і цешыцца:
— Глядзіце, якія цудоўныя зярняткі! Чырванаваценькія, пузаценькія! Яны, напэўна, смачнейшыя за ячменныя.
Падышлі да зярнятак і гусак з індыком.
— Так, так, — сказаў індык. — Цудоўныя зярняткі.
— Ага, ага, — пацвердзіў гусак. — Аж шкада дзяўбці.
— I не трэба дзяўбці. Іх трэба змалоць ды напячы булак, — падаў разумную параду індык.
— Ага, ага, — згадзіўся гусак. — Пшанічныя булкі мяккія, як мой пух. А смачныя якія!
— Добра, — сказала курачка. — А хто змеле пшанічныя зярняткі?
— Толькі не я! — буркнуў гусак. — Мне цяжка ў млын хадзіць.
— I не я! — усклікнуў індык. — 3 такою простаю работаю і дурны гусак справіцца.
— Ну што ж, — сказала курачка, — калі так, то давядзецца мне самой ісці ў млын.
Усыпала яна зярняткі ў торбачку і панесла ў млын. Там змалола і прынесла муку дахаты.
— Ай, якая бялюткая мука! — засакатала курачка на ўвесь двор.
Індык панюхаў муку.
— Так, так, — сказаў ён, — добра пахне. Значыць, смачныя будуць булкі.
— Ага, ага, я ж казаў, што смачныя! — уставіў слова і гусак.
— Ну, а хто спячэ з гэтай мукі булкі? — запыталася курачка.
Гусак пакруціў галавою:
— Я не ўмею...
Індык адказаў:
— Я хоць і ўмею, ды не хачу. Няхай гусак пячэ.
— Ну, добра, — сказала курачка, — тады я сама спяку.
Знайшла яна пад паветкаю дзежачку і рашчыніла цеста. Потым накалола дроў і запаліла ў печы. Калі цеста падышло, курачка нарабіла круглых прыгожых булак і пасадзіла іх на лапаце ў печ.
Булкі пачалі пячыся. I такі прыемны пах пайшоў ад іх па ўсім двары, што ў гусака і індыка аж слінкі пацяклі.
А трэба сказаць, што яны даўно нічога не елі і так выгаладаліся, што нават спрачацца перасталі, хто з іх важнейшы ды разумнейшы.
— Хадзем у хату, — сказаў індык, — відаць, булкі ўжо гатовы.
— Ага, ага, — адказаў гусак. — Хадзем, брат, у хату.
Прыйшлі індык з гусаком у хату, а там курачка булкі з печы дастае. Мяккія, румяныя, пахучыя.
— Так, так, — весела загаварыў індык, — якраз у пару прыйшлі.
— Ага, ага, — заківаў галавою гусак і першы падаўся за стол. Індык — за ім.
Але курачка спыніла іх:
— Чакайце! He спяшайцеся, панове! Перш чым садзіцца за стол, адкажыце мне на мае пытанні.
— Давай свае пытанні! — сярдзіта прашыпеў гусак. — Толькі хутчэй.
— Але, толькі хутчэй, — шпарка забалбатаў і індык. — А то дужа есці хочацца...
— Дык слухайце! Хто пшанічны каласок знайшоў?
— Ты, курачка, вядома, ты знайшла, — адказалі індык і гусак у адзін голас.
— Хто змалаціў каласок?
— Ты, курачка, змалаціла.
— Хто зярняткі ў млын насіў?
— Ты насіла...
— А хто дровы сек, у печы паліў, пшанічныя булкі пёк?
Пераглянуліся паміж сабою індык з гусаком і адказалі:
— Ты, вядома... За гэта табе і слава.
— Дык вось, — сказала курачка Сакатушка, — каму слава, таму і булкі. А вы, гультаі, ідзіце прэч адгэтуль! Ко-ко-ко! Дзеткі, бяжыце сюды хутчэй.
Пазбягаліся з двара кураняткі і пачалі з курачкай частавацца свежымі пшанічнымі булкамі.
А галодныя гультаі індык і гусак зноў заспрачаліся, хто з іх важнейшы ды разумнейшы.
Каза-манюка
Жыў дзед ды баба з дачкою. I была ў іх каза. Пагнала дачка пасвіць казу. Цэлы дзень пасвіла па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары прыганяе дахаты. Дзед пытаецца ў казы:
— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што піла?
Каза кажа:
— Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі...
Насварыўся дзед на дачку, што дрэнна казу пасвіла, і назаўтра выправіў бабу.
Цэлы дзень пасвіла баба казу па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары прыганяе дахаты. Дзед зноў пытаецца ў казы:
— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што піла?
Каза кажа:
— Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі...
Дзед і на бабу насварыўся, што дрэнна казу пасвіла.
Надзеў тады дзед бабін каптан і хустку ды пагнаў сам пасвіць казу.
Цэлы дзень пасвіў па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы.
Увечары вярнуўся дахаты, пераадзеўся ў сваё адзенне, сеў на прызбе і чакае казу з пашы.
Прыйшла каза на двор.
Дзед пытаецца:
— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што піла?
Каза кажа:
— Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі...
Узлаваўся дзед на казу-манюку, прывязаў яе за плот, а сам пайшоў касу вастрыць, казу-манюку рэзаць.
Дазналася аб гэтым каза, сарвалася з прывязі і пабегла ў лес. Знайшла ў лесе зайчыкаву хатку, залезла ў яе і жыве там, а зайчыка і на парог не пускае.
Сеў зайчык пад елачкай і плача.
Ідзе воўк:
— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся?
— Як жа мне не плакаць, як не журыцца? Была ў мяне хатка — новая, яловая. Прыйшоў нейкі звер рагаты ды барадаты, выгнаў мяне з хаткі і сам у ёй жыве, а мяне не пускае.
— Ну, добра, не плач: я таго звера выганю.
Падышоў воўк да зайчыкавай хаткі, пастукаў хвастом у дзверы ды кажа:
— Гэй, звер рагаты-барадаты, збірай манаткі, ідзі прэч з зайчыкавай хаткі!
А каза як затупае, як замэкае:
— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!
Спужаўся воўк ды ад бяды ўцёк.
А зайчык зноў сеў і плача.
Ідзе мядзведзь:
— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся?
— Як жа мне не плакаць, як не журыцца?
I расказаў мядзведзю пра сваю бяду.
— Ну, добра, — кажа мядзведзь, — не плач: я таго звера адразу выганю.
Падышоў ён да зайчыкавай хаткі, патупаў каля дзвярэй ды кажа:
— Гэй, звер рагаты-барадаты, збірай манаткі, ідзі прэч з зайчыкавай хаткі!
А каза як затупае, як замэкае:
— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!
Спужаўся і мядзведзь ды ў гушчар — кульгець, кульгець...
Ідзе певень. Убачыў зайчыка і пытаецца:
— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся?
— Як жа мне не плакаць, як не журыцца?
I расказаў зайчык пеўню пра сваю бяду.
— Э, — кажа певень, — такую бяду я адной лапай развяду. Я таго звера ведаю — гэта дзедава каза-манюка...
Падышоў певень да зайчыкавай хаткі, залопаў крыламі, закукарэкаў:
— Кукарэку! Кукарэку!
Заб’ю казу-недарэку.
Пачула каза ды як затупае, як замэкае:
— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!
Тады певень зноў яшчэ мацней залопаў крыламі, закрычаў:
— Гэй, каза, збірай манаткі, Уцякай хутчэй ты з хаткі, Бо вунь дзед ідзе, Ён касу нясе...
Як пачула каза пра дзеда з касою, напужалася і кулём выскачыла з хаткі.
А зайчык з пеўнікам зайшлі ў хатку і сталі там жыць-пажываць ды дабра нажываць.
Казёл і баран
Жылі дзед і баба. I былі ў іх казёл і баран.
Дажыліся дзед з бабаю — няма чаго есці. Адну саладуху вараць.
— Давай, баба, зарэжам барана, — кажа дзед. — Казёл няхай сабе яшчэ трошкі паскача.
— Добра, — згадзілася баба. — Рэж. Хоць запраўка якая будзе да капусты. A то мне ад саладухі ўжо духі падцягнула.