• Часопісы
  • Чарадзейнае слова Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

    Чарадзейнае слова

    Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

    6+
    Выдавец: Беларусь
    Памер: 463с.
    Мінск 2022
    82.02 МБ
    — Чаму папаўзлі? Яны што, спалохаліся нечага?
    — Папаўзлі не ад страху, а таму, што не было чым ісці. Ножкі ж зніклі!
    — Ага!.. Іх забрала Сараканожка, — пагадзілася Кацярынка.
    — He Сараканожка, а Бязножка, — паправіў дзед Лявон. — Раней яна была Бязножкай, а зараз ужо стала Сараканожкай. Дык вось, Чарвяк вырашыў, што ягоныя ножкі скрозь зямлю праваліліся. Стаў ён у зямлю закопвацца, ножкі свае шукаць. Да гэтага часу ў зямлі корпаецца — ножкі свае шукае. Смоўж на грыб палез, каб з яго лепш разгледзець, дзе яго ножкі
    падзеліся. Куснуў грыб, а той смачным яму здаўся. Ён заадно і павячэраў. 3 таго часу грыбамі і ласуецца.
    — А Слімак?.. — не вытрымала Кацярынка. — Куды Слімак папоўз?
    — Слімак папоўз да свайго дамка. Паўзе і бурчыць сам сабе: «Можа, свае ножкі я дома забыўся?» Папоўз Слімак да сябе ў дамок. Агледзеў усе завіткі-завітушкі — і не знайшоў! — адказаў дзед Лявон.
    — Шкада, — сказала Кацярынка засмучана.
    — I Слімаку шкада, — пагадзіўся дзед Лявон. — Высунуў ён свае рожкі з дамка, тудысюды імі водзіць. За дамок зазірнуць хоча, а з дамка не вылазіць. «Яшчэ і дамок згублю», — думае. I папоўз разам з дамком на пошукі сваіх ножак. А за сабой след пакідае, каб іншым разам на гэтым месцы ўжо не шукаць. Так і поўзае з дамком на спіне.
    — Хітрун, — зазначыла Кацярынка, пазяхаючы.
    — Вядома, хітрун, — пагадзіўся дзед Лявон, укрываючы Кацярынку. — 3 таго часу, калі хто знойдзе Слімака, то абавязкова скажа яму: «Слімак, Слімак, выстаў рожкі. Дзе згубіў свае ты ножкі?» Раней Слімак адказваў: «Я нідзе іх не губляў, іх, напэўна, нехта ўзяў». Але потым надакучыла яму так казаць, і зараз ён проста хаваецца ў сваім дамку. Ну, а цяпер спаць...
    — А раскажы яшчэ пра жабку, — падхапілася Кацярынка.
    — Пра якую жабку?
    — Якая сядзела на купіне, як я на зэдліку.
    — Успомніла! He, галубка мая, на сёння хопіць казак. Спаць пара, а пра жабку я табе іншым разам распавяду. Кладзі ручкі пад шчочку, як цябе баба Наталля вучыла, і засынай.
    Кацярынка так і зрабіла.
    — Прыемных табе сноў, — сказаў дзед Лявон і на дыбачках пакрочыў з пакоя.
    Лёс Дункана
    (Скарочана)
    Віталь Вольскі
    Хто такі Дункан?
    Загадзя мушу папярэдзіць, што Дункан — леапард.
    На зямлі жыве акрамя нас і побач з намі даволі вялікая колькасць розных істот, у першую чаргу — звяроў і птушак, якія знаходзяцца з намі ў рознабаковых, часам складаных і супярэчлівых узаемаадносінах. Мы мала іх ведаем, а некаторыя зусім не ведаюць. Маюць аб іх вельмі цьмянае, a то і няправільнае ўяўленне.
    Чалавек, жадае ён ці не жадае, ведае ці не ведае, арганічна і непарыўна звязаны з прыродай — з лясамі, палямі, гарамі, стэпамі і пустынямі, з морамі, рэкамі і балотамі, звярамі, птушкамі і рыбамі. Ён не можа без іх існаваць, як не можа існаваць без паветра, вады і ежы, без
    святла і цяпла. Чалавек — усяго толькі частка прыроды, частка навакольнага асяроддзя. I як ён уплывае сваёю дзейнасцю, самім фактам свайго існавання на прыроду, так і прырода ўплывае на яго. Жыццё, здароўе, самаадчуванне і настрой чалавека залежаць і ад змен надвор’я, атмасфернага ціску, ад тэмпературы паветра і вады, ад ураджаю ці недароду тых ці іншых раслін, ад наяўнасці ці адсутнасці некаторых звяроў і птушак, ад вялікага мноства розных, часам невядомых і незразумелых прычын, звязаных са з’явамі прыроды. Чым больш мы будзем цікавіцца імі, тым лепш для нас. I ў першую чаргу гэта датычыцца нашых узаемаадносін з усё яшчэ таямнічым светам звяроў і птушак, які нас акружае з маленства.
    Вось у мяне і з’явілася жаданне напісаць пра жыццё леапарда Дункана, які існаваў у сапраўднасці і якога не забылі яшчэ і да гэтых дзён.
    Сіротка
    У заапарку горада Гродна самка леапарда нарадзіла трох малых. Гэта ўсхвалявала і ўзрадавала ўсіх работнікаў заапарка. Толькі сама парадзіха аднеслася да падзеі з дзіўнай абыякавасцю. Спачатку яна ляжала з малымі, сагравала іх цеплынёю свайго цела і карміла малаком, але неўзабаве раптам паднялася і адышла ў другі бок клеткі. Адбылося гэта ўначы. Калі работнікі заапарка з’явіліся раніцай на работу і падышлі да клеткі, то ўбачылі, што двое малых
    ужо загінулі. Трэцяе, крыху буйнейшае за іншых, было яшчэ жывое.
    Сляпое і бездапаможнае леапардзяня калацілася ўсім целам ад холаду і тоненька, ледзь чутна папісквала, як хворае кацяня, тыцкаючыся носікам у падлогу, але маці не звяртала на яго ніякай увагі. Яна не хацела нават і глядзець на сваё дзіця. Матчын інстынкт, як гэта часта бывае ў дзікага звера ў няволі, пакінуў яе. Зрэдку, праўда, падыходзіла яна, паглядала на сына з яўнай непрыхільнасцю, а потым падштурхвала носам, як нейкую непатрэбную рэч, адсоўвала ўбок, пазяхала і адыходзіла з абыякавым выглядам.
    Што рабіць? Як ратаваць малога?
    Яму пагражала пагібель. Леапардзяня амаль зусім скалела і нерухома ляжала на падлозе.
    I тут яго ўзяла на рукі экскурсаводка заапарка і занесла да сябе на кватэру.
    Вельмі гэта была складаная справа гадаваць на гарадской кватэры леапарда! Дункана, так назвалі леапардзяня, кармілі спачатку каровіным малаком, разбаўленым гатаванай вадой, цукрам і вітамінамі. Потым зменшылі колькасць вады і пачалі дадаваць у малако сырое яйка і цёртую сырую пячонку.
    Праз тыдзень у Дункана прарэзаліся вочы — спачатку адно, а потым і другое. Ён пачаў глядзець на белы свет, але погляд яго быў яшчэ пазбаўлены сэнсу. Дункан недарэчна ўглядаўся
    ў прадметы. Хадзіў па падлозе слаба, няўпэўнена. Часта хістаўся, траціў раўнавагу і падаў.
    Праз месяц пасля нараджэння леапардзяня зрабілася «зубастым»: у яго прарэзаліся ўсе зубы і іклы, верхнія і ніжнія. Дзень пры дні сіротка рос і папраўляўся.
    Дункан выжыў, вырас і з малой бездапаможнай істоты ператварыўся ў маладога, прыгожага і спрытнага звера.
    Гульні на двары
    На двары з’яўленне Дункана кожны раз шумна і радасна сустракалі дзеці. Весела ганяўся ён за Мішам і яго сябрамі. Гуляючы з імі, спрытна ўзлазіў на дрэвы і саскокваў адтуль на зямлю, бегаў за дзецьмі ўсюды, як сабака. Кідаўся за хлапчукамі, а тыя з крыкам і смехам уцякалі ад яго ў розныя бакі. Часам ён збіваў іх з ног, валіў на зямлю, і яны былі гэтым вельмі задаволены. Ніхто ніколі не быў паранены ці падрапаны, бо Дункан хапаў іх мяккімі лапамі. У час гульні і забаў ён не пусжаў у ход кіпцюры і зубы. To адзін, то другі з хлапчукоў падкідваў сваю шапку ўгару, а Дункан высока падскокваў і лавіў шапку лапамі ў паветры.
    Любіў Дункан гуляць і ў мяч. Хлапчукі падбівалі футбольны мяч нагамі, а Дункан гнаўся за ім і хапаў лапамі з-пад самых ног у заўзятых футбалістаў. Асцярожна і далікатна гуляў ён з дзяўчынкамі, падштурхоўваючы маленькі каляровы мячык носам.
    У такіх гульнях час праходзіў непрыкметна і для дзяцей, і для Дункана.
    Дзеці, мабыць, здаваліся Дункану яго родзічамі, такімі ж малымі леапардамі. Толькі, можа, крыху нязграбнымі, не вельмі спрытнымі і дужымі, не вельмі шпаркімі ў руху. Але Дункан любіў дзяцей, як і дзеці — яго. Ён быў агульнапрызнаным любімцам усіх хлапчукоў і дзяўчынак двара, а двор гэты — вялікі, бо аб’ядноўваў некалькі шматкватэрных дамоў па вуліцы Міра.
    Сутычка з грозным веліканам
    У суседнім доме жыў у прафесара вялізны і страшэнны чорны дацкі дог, вельмі дужы і вельмі люты. На двары ён трымаў сябе як гаспадар. Нікому спуску не даваў. Усе яго баяліся: і сабакі, і людзі. Адзін толькі Дункан, тады яшчэ зусім невялікі, не спалохаўся.
    Калі дог пры першай сустрэчы кінуўся на яго, Дункан не ўцёк, не саступіў з дарогі. Ён застаўся стаяць на месцы, толькі зашыпеў, прыгнуўся, зморшчыў нос і выскаліў у знак перасцярогі вострыя белыя іклы.
    Грозны велікан з разгону падляцеў да дзёрзкага смельчака. Ён прывык да хуткіх і бліскучых маланкавых перамог, але на гэты раз пралічыўся. У наступную хвіліну дог уцякаў з крывавымі ранамі на грудзях, на баку і на спіне. Ён жаласна скавытаў, забыўшыся на ўсю сваю сілу і на свой аўтарытэт. Дог хацеў зараз толькі аднаго — каб найхутчэй апынуцца на знаёмай надзейнай
    лесвіцы і схавацца там на пляцоўцы другога паверха. А Дункан застаўся на месцы. Ён стаяў з абыякавым выглядам, быццам абсалютна нічога тут не здарылася.
    3 таго моманту малады леапард пачаў лічыць сабак сваімі ворагамі.
    Пасля памятнай сутычкі грозны дог стараўся ніколі не трапляць на вочы Дункану. Ён заўсёды абмінаў леапарда, далёка яго абыходзіў.
    Становішча дога на двары моцна і непапраўна пахіснулася.
    Чомга
    Віталь Вольскі
    У лясніцтве
    Быў ясны жнівеньскі вечар, калі я падышоў да будынка лясніцтва ў вёсцы Белы Лясок.
    Да пярэдняй сцяны дома, з абодвух бакоў высокага ганка, былі прыхілены ў некалькі радоў веласіпеды — верная адзнака таго, што ў доме адбываецца сход.
    Я сеў на лаўку пад вязам.
    На ганак выйшла з дзвярэй некалькі чалавек. He спыняючы ажыўленай гутаркі, яны пачалі разбіраць веласіпеды, ці, як тут кажуць звычайна, ровары. За імі высыпала з дому яшчэ чалавек пятнаццаць.
    Сход, відаць, скончыўся. Людзі разыходзіліся і раз’язджаліся ў розныя бакі. Крыху пачакаўшы, я ўвайшоў у хату. У пракураным, задымленым памяшканні нікога ўжо не было.
    Я заглянуў у бакавы пакойчык, дзе змяшчалася канцылярыя. Першае, што кінулася ў вочы, была невялікая, дзіўнага выгляду птушка, велічынёю, можа, крыху большая за качку. Яна стаяла на падлозе каля зачыненага акна, выцягнуўшыся на ўвесь рост, і нагадвала сваёй паставай пінгвіна.
    У птушкі была невялікая галава на доўгай, гнуткай шыі. На галаве тырчалі ззаду пучкі пер’я, нібы чорныя рожкі ці вушкі, а вакол шыі тапырыўся старамодны каўнер залаціста-рыжага колеру з цёмна-карычневай, амаль чорнай аблямоўкай. Шчокі, шыя і ўся ніжняя частка тулава былі бліскуча-белыя, з цёмна-ржавымі і зеленаватымі паскамі па баках. Спіна ў птушкі бурая.
    Асабліва характэрнымі былі лапы. Пляскатыя, цёмна-зеленаватага колеру, яны не мелі плавальных перапонак, якія мы прывыклі бачыць на лапах гуся ці качкі. Шырокія пальцы птушкі, кожны паасобку, былі нібы абшыты скуранымі шматкамі. Такіх лап, такога каўняра і такіх рожкаў няма ні ў адной іншай птушкі. Перада мной была паганка, ці, як яшчэ называюць яе, чомга.
    Сваякоў чомгі — гагар — мне даводзілася бачыць у свой час на Карэльскім перашыйку. Я не раз наглядаў летнім ранкам, як гулялі гагары пасля ўсходу сонца на роўнай вадзяной гладзі. Яны ганяліся адна за адной па возеры, пакідаючы пасля сябе серабрыстую дарожку, a потым плылі чародкай, выставіўшы з вады галовы, як перыскоп падводнай лодкі. Гульні гагар