Чарадзейнае слова Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

Чарадзейнае слова

Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе
Выдавец: Беларусь
Памер: 463с.
Мінск 2022
82.02 МБ
на возеры Хэпо-Ярві надоўга засталіся ў маёй памяці.
Я разглядаў незвычайную птушку з усіх бакоў, а яна з пагрозай раскрывала сваю невялікую, тонкую і вострую на канцы дзюбу і кожны раз моўчкі паварочвала галаву ў той бок, з якога я набліжаўся. Тулава яе пры гэтым заставалася нерухомым. Птушка не змяняла сваёй паставы і не рухалася з месца.
Супрацоўнікі лясніцтва сказалі мне, што чомгу злавілі на балоце і што заўтра яе аднясуць у заалагічны музей запаведніка.
На жаль, чалавека, які злавіў гэтую цікавую птушку, тут не было і я не мог пагаварыць з ім падрабязна. Між тым мне вельмі хацелася хутчэй убачыць паганку на волі.
Распытаўшы людзей пра мясцовасць, дзе была злоўлена чомга, я на другі дзень рушыў туды адзін.
На лясным возеры
Наперадзе бліснула між кустоў вада.
Па вузкай, ледзь прыкметнай сцежцы сярод высокіх духмяных траў я выйшаў да невялікага ляснога возера, нізкія берагі якога густа зараслі лазняком, вольхаю, трысцём і асакою.
Уласна кажучы, гэта было не возера, а лясная рэчка, якая разлілася па балоцістай нізіне, утварыўшы тут невялікую, але даволі глыбокую затоку, акаймаваную з бакоў непраходнымі зараснікамі.
Цёмным колерам сваёй вады ў рамцы асакі і трысця глухі лясны вадаём нагадваў вядомую карціну Васняцова. I камень тут каля вады нібы той самы, на якім сядзела ў журботным задуменні Аленка.
Я выбраў сабе зручны назіральны пункт ля раскідзістай дуплаватай вярбы і сяджу ў засені, наглядаю за вадзяным люстрам перад сабой.
Стары лес высокай і цёмнай сцяной абступіў возера. Па чыстаму сіняму небу павольна плывуць рэдкія белыя воблачкі. Свежае і вільготнае паветра насычана гаркаватым пахам лазы і балотных зёлак.
У маленькіх затоках між асакі паверхня вады пакрыта зялёнай раскай. Крыху далей, дзе вады больш, зіхацяць на сонцы шырокія, круглыя, нібы наглянцаваныя лісты. Белыя гарлачыкі — русалчыны кветкі, апаэтызаваныя народнай фантазіяй, раскрыліся насустрач сонцу.
На адным з лістоў сядзіць нерухома зялёная жаба. Пукатыя вочы яе абведзены залацістым абадком. Над вадою лятаюць стракозы. Яны таксама час ад часу садзяцца на бліскучыя цвёрдыя лісты гарлачыкаў.
У ціхай і цёплай вадзе кіпіць жыццё. Гэта — своеадменны, своеасаблівы свет. Плаваюць залацістыя карасікі. Слізгаюць па паверхні вадамеры. Усплывае, вяслуючы заднімі ножкамі, сур’ёзны вадзяны жук-плывунец.
Сонца пачынае прыпякаць. Я гляджу на цёмную, але чыстую ваду, і мне ўспамінаюцца
словы Мапасана: «Ваду я люблю нястрымна: люблю мора, хоць яно занадта вялікае, неспакойнае, непакорнае; люблю рэкі, яны прыгожыя, але толькі яны імчацца міма, яны цякуць, уцякаюць; і асабліва люблю я балоты, дзе трапеча невядомае нам жыццё падводных істот. Балота — гэта асобны свет на зямлі, тут сваё быццё, тут свае аселыя і вандроўныя насельнікі, свае галасы і шолахі, а галоўнае — свая таямніца... Магчыма, таямніца светабудовы! Хіба не ў застойнай, ціністай вадзе, не ў вільготнай зямлі, якая не прасыхае ад сонечнай спякоты, заварушыўся, затрапятаўся і ўбачыў свет першы зародак жыцця?»
Пачуўся лёгкі, невыразны плёскат. Ледзь улоўны шолах трысця перапыніў мае думкі. Па цёмнай вадзе паволына, амаль непрыкметна плыве невялікі круглы астравок — куча зламаных сцяблоў трысця.
Гэта — гняздо чомгі.
Сама чомга стаіць пасярэдзіне свайго плывучага астраўка, як капітан на палубе карабля. У яе тая самая пастава, у якой злоўленая чомга стаяла на падлозе ў доме лясніцтва.
Лёгкі ветрык падганяе астравок, які падпарадкуецца яго павевам. Павольна пасоўваецца ён па роўнай, крыху пасярэбранай гладзі.
Вось плывучы астравок прыткнуўся да сцяны чароту і спыніў свой рух. Чомга саслізнула з гнязда і знікла пад вадой. Птушаняты ў яе
ўжо выраслі, і цяпер яна карыстаецца гняздом, напэўна, толькі як месцам для адпачынку.
На другі дзень я зноў убачыў гняздо чомгі, але на гэты раз без гаспадыні. На астраўку знаходзіўся другі пасажыр. Гэта быў вялізны пацук. Ён сядзеў на сцяблах, з якіх было складзена гняздо, паглядаў навокал нахабным позіркам і самаздаволена чысціў пярэднімі лапамі вусы.
Мяне гэта не здзівіла. Я чуў і раней, што вадзяны пацук выводзіць часам дзяцей у гняздзе чомгі. А можа, ён проста вылез з вады, каб таксама адпачыць на плывучым востраве?
Дзіўная птушка
Чомга — птушка своеасаблівая не толькі з выгляду. Сваімі дзіўнымі звычкамі яна адрозніваецца ад усіх іншых птушак.
Мне расказвалі ў лясніцтве, што калі чомга плавае па вадзе, малыя дзеці яе сядзяць на спіне ў маткі. У выпадку небяспекі чомга нырае ў ваду разам з імі. Кажуць таксама, што разам з малымі на спіне чомга ўзлятае, калі трэба, у паветра. Такім чынам яна пераносіць сваіх птушанят з месца на месца не толькі водным, але і паветраным шляхам. Спіна маткі ператвараецца для іх з вадаплаўнага судна ў самалёт.
Жывуць чомгі парамі. Вясной пасярэдзіне плывучага гнязда, на подсцілцы з балотнай травы, самка адкладае тры ці чатыры яйкі. Калі чомга ў выпадку неабходнасці пакідае хоць на кароткі час гняздо па сваіх патрэбах, яна заўсёды
маскіруе яйкі, накрываючы іх зверху сцябламі трысця. Вада часам залівае яйкі, але гэта ім не шкодзіць. Спачатку яйкі чомгі маюць белы колер, але праз некалькі дзён, з прычыны таго, што ляжаць на гнілых раслінах, яны робяцца бурымі і, нарэшце, цёмна-зеленавата-карычневымі. Чомгі, самец і самка, сядзяць на яйках па чарзе. Пазней, калі птушаняты выведуцца і падрастуць, бацька пакіне сям’ю і будзе трымацца асобна.
Ногі ў чомгі настолькі адсунуты назад, што яна амаль не ходзіць і на зямлі можа стаяць, толькі абапіраючыся на кароткі хвост. Каб рухацца па зямлі, чомга павінна паўзці, прыпадаючы грудзьмі і абапіраючыся на крылы. Узняцца з зямлі ў паветра чомга не можа. Яна ўзлятае толькі з вады — спачатку шпарка плыве, лопаючы крыламі і высунуўшыся напалову з вады, потым, узяўшы разгон, адрываецца ад вадзяной паверхні.
Затое плавае і нырае чомга надзвычай добра, шпарка і спрытна.
3 выраю чомгі вяртаюцца ў красавіку і жывуць на радзіме да лістапада. Кормяцца яны дробнай рыбай, вадзянымі насякомымі, рачкамі, жабкамі, апалонікамі. Восенню, перад адлётам, чомгі збіраюцца ў чароды.
Некалькі дзён правёў я на лясным плёсе, заўсёды на тым самым месцы каля дуплаватай вярбы. Адсюль добра было наглядаць за ўсім люстрам вадаёма, але ўбачыць яшчэ раз чомгу мне не ўдалося.
Чомга сустракаецца часта на рэках і азёрах Палесся, а гагары, блізкія сваякі чомгі, вядуцца на Князь-возеры і на Прыпяці.
Багіра
Янка Маўр
Вы, вядома, чулі гэтае імя. Пэўна, ведаеце чорную пантэру, прыяцельку Маўглі.
Але цяпер гутарка будзе ісці хоць і пра дальнюю сваячку, але ўсё ж такі не пра пантэру, а пра кошку. Звычайную кошку, толькі, вядома, чорную. I, мусіць, не менш разумную, як тая Багіра.
Трапіла яна да нас самым незвычайным чынам. Раз у марозны веснавы вечар, досыць позна, вярталіся мы з дачкой дахаты. Жылі тады на ўскраіне горада. Людзей хадзіла мала. Свяціў месяц, хрумсталі падмерзлыя лужыны.
I вось тут прычапілася да нас чорная кошка, жаласна мяўкае, трэцца каля ног. А як толькі мы спынімся, яна, азіраючыся, ідзе назад. Пойдзем мы далей — яна зноў даганяе нас, крычыць, блытаецца між ног, забягае наперад, нібы не пускае ісці ў той бок. Справа ясная: яна хоча, каб мы пайшлі за ёю кудысьці назад. Нічога не зробіш: калі яна так выразна і настойліва патрабуе — трэба ісці.
Як толькі мы зрабілі пару крокаў назад, яна ўзрадавалася, шпарка паскакала ў той бок і знікла. Што яна: жартуе з намі? Мы сталі. Тады
кошка зноў з’явілася і зноў пачала мяўкаць і церціся. Мы зноў пайшлі за ёю — і зноў яна пабегла наперад, мяўкаючы здалёк.
Тым часам на бліжэйшым двары забрахаў сабака і кінуўся ў наш бок. Але тут раздаўся такі сык, так люта накінулася на яго кошка, што бедны сабака з жаласным скавытаннем паляцеў як мага далей. А кошка выбегла на тратуар і хуценька скруцілася на зямлі.
Калі мы падышлі бліжэй, то ўбачылі, што яна абкруцілася вакол кацяняці. Адкуль яно ўзялося? Мы толькі што ішлі па гэтым самым месцы — і нічога на тратуары не мелася. Значыцца, кацянё было недзе схаванае, мусіць, за плотам. Калі кошка ўбачыла нас, то парашыла звярнуцца за дапамогай, спыніла нас, прымусіла павярнуць назад, а сама тым часам вынесла на дарогу сваё дзіця ды яшчэ паспела прагнаць сабаку. Разам з тым яна не забывалася, што кацянятка толькі што нарадзілася і не павінна было мерзнуць на холадзе... I вось кошка нават на тую хвілінку, пакуль мы падыходзілі, абкруцілася вакол свайго дзіцяці і сагравала яго. Можна было б пажадаць і кожнаму добраму чалавеку столькі спрыту і энергіі.
— Ну што ж,— сказаў я,— нічога не зробіш, хадзем ужо да нас.
— He хочацца толькі браць у рукі гэтае мокрае кацянё,— сказала дачка.
Але кошка і не збіралася прасіць нас аб гэтым. Яна сама ўзяла сваё дзіця зубамі за Ka-
рак і пайшла побач з намі. Так мы прыстойнай сямейкай і прыйшлі ў сваю хату.
У кухні пліта была яшчэ цёплая, і тут жа быў чалеснік рускай печкі. Кошка адразу знайшла сабе месца, дзе ёй будзе лепей за ўсё, — у печцы, ля цёпленькай пліты.
— Ну і добра,— сказалі мы,— жыві сабе тут. Толькі, мусіць, павячэраць табе трэба даць.
Але не паспелі мы падрыхтаваць ёй вячэру, як яна выскачыла з печкі і пачала прасіцца за дзверы. Мы сталі ўгаворваць яе:
— Ды пачакай трохі. Куды ты?
Але яна і слухаць не хацела — усё крычала і драпала дзверы.
Тады мы сцямілі, што перашкаджаць ёй не трэба: яна, відаць, з прыстойнай сям’і, добра выхавана і хоча выйсці на двор на хвілінку.
Выпусцілі яе. Прайшло колькі хвілін, чуем — скрабецца яна ў дзверы. Адчынілі — і бачым: яна прынесла другое кацянё. I зараз жа з ім у тую самую печку.
He скажу, каб мы былі надта ўжо рады, што сям’я наша так хутка павялічваецца, але кошку ўсё ж такі пахвалілі:
— Добрая маці. — А дачка дадала: — Маладзец, Багіра.
Тут мы ўсе заўважылі, што яна сапраўды нагадвае Багіру, і аднагалосна зацвердзілі гэтае імя.
Дачка зноў хацела даць ёй вячэраць — і зноў Багіра стала прасіцца за дзверы. Ці не хоча яна яшчэ прынесці нам дзіця? Дзякуем за ласку.
Але што з ёю рабіць? He пускаць за дзверы, ці што? Прыйшлося зноў выпусціць. А праз некалькі мінут яна сапраўды прынесла трэцяе кацянё...
Такім чынам, праз якія паўгадзіны сям’я наша адразу павялічылася на чатыры адзінкі. Сказаць, што мы былі рады, — ніяк нельга. Але да кошкі-маткі адчулі вялікую павагу. Якая яна была сур’ёзная, руплівая! Як ні павернецца, што ні зробіць — усё правільна, разумна, таксама як зрабіў бы кожны з нас. За ўвесь гэты час яна ніводнай мінуты не патраціла дарэмна і не зрабіла нічога лішняга, не сунула свой нос, куды ёй не трэба, не пацікавілася нічым, апрача сваёй справы.