• Газеты, часопісы і г.д.
  • Цудадзейны карагод зборнік твораў для пазакласнага чытання ў 3-м класе. У 2 ч. Ч. 2

    Цудадзейны карагод

    зборнік твораў для пазакласнага чытання ў 3-м класе. У 2 ч. Ч. 2

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 303с.
    Мінск 2018
    41.17 МБ
    — Жаваранак! Жаваранак прыляцеў! — крычыць.
    — Ціха, не вый! Усё роўна што жару ў горла нахапаў, — сцішае маці, высунуўшы галаву праз дзверы.
    Дзеці меншыя, як мышы, каторае бокам, каторае скокам, выкульваюцца ў сені.
    — Пайшлі дахаты. Перамерзнеце, хварэць будзеце, бахуры, — маці ўпіхае дзяцей у хату. Крык і піск.
    — Унучаткі, рыбачкі мілыя, — загоджваючы справу, адзываецца дзед, — чаго плачаце?
    — Жаваранка хочам убачыць!
    — Пакажу, жэўжыкі, пакажу, толькі слухайце маткі і сыпце ў хату, акно вам адчыню. Паволі лезьце, дзеці, на лаву, не папіхайцеся. Юзюк! He штурхай Казюка. Пачакай, Марылька, я цябе падсаджу. Ну, ціха цяпер, дзеці, слухайце.
    — Пяе! Во! — Казюк паднімае ўгару пальчык, — ціры, ціры, ці-і-ір, цір, цір... Ай, як пяе!
    Як ад іскры, загараюцца тварыкі дзетак. У дзеда свецяць вочы, мо залатыя дукаты.
    — Птуль мой, даўно жданы, — шэпча старавіна, — будзіш народ да працы, звоніш над нашым краем...
    — Дзедулёк, во, во — ужо над нашай хатай пяе... чуеш, дзедулёк?
    — Чую. Ужо чацвёрты год, як усё той самы да нас прылятае. Але годзе, дзеткі, надта холад верне ў хату, трэба акно зачыніць.
    — Яшчэ, яшчэ, дзедулёчак, хочам паслухаць хоць крышку...
    — Годзе, унукі, годзе: лепш я вам раскажу аб жаваранку, толькі адыдзіце ад акна.
    — Але, але! Раскажы нам шмат, шмат...
    — Гэта, дзеткі, залежыць ад вас: будзеце сядзець ціха — раскажу вам больш, а пачнеце выкручвацца — скажу менш. А цяпер — гыля ад акна!
    — Дзядуля, ужо мы ціха седзімо... чакаем...
    — Зараз, зараз, вазьму толькі плашкі, лучыны нашчапаю.
    Стары дзед сядае, дзярэ лучыну, а дзеткі, збіўшыся ў кучку, ужо і губкі разінулі.
    — Ось, слухайце, унучкі. Жаваранак — невялічкая, як ведаеце, птушачка з чорнымі жвавымі вочкамі, сама шэранькая, зямлістабурага колеру, дык пёрачкі падыходзяць якраз пад колер зямлі, так што здалёку, калі жаваранак сядзіць на зямлі, то трудна і прыкмеціць, а гэта шмат яго бароніць ад напасці; бо трэба вам ведаць, дзеткі, што жаваранак мае шмат ворагаў, ой, шмат, а найгоршы паміж іх — гэта добра вам знаёмы... ну, жэўжыкі, каторы з вас першы згадае?
    — Сабака!
    — У-га! Якраз стрэчны брат яго. Адгадвайце яшчэ.
    — Воўк! Воўк!
    — I не ён.
    — Ну то і не ведаем! Хто, дзедулёк, хто?
    — О-ёй, унучкі, добра толькі падумайце, я вам памагу: вусаты, на кілбасы ласы, на прыпечак сядзе — мыецца...
    — Кот! Кот!
    — Так — ён, гад, шмат марнуе жаваранкаў. Цягаецца, шэльма, па полі, а як жаваранак прыкурне на раллі, кот падгледзіць, падкрадзецца: цап-лап, хмурлык — і птушачкі як не было. Дрэнна, што жаваранак аблюбаваў весціся па нізкіх месцах, бо дзеля гэтага яго можа з’есці і крот, і мыш, і лісіца, і шмат іншых звяркоў і звяроў; угары — у лёце — жаваранка ловяць меншыя і большыя каршуны. Хоць і губяць жаваранкаў розныя ворагі, аднак ён не хаваецца: больш, чым жыццё, міла яму свабода, дык жыве на прасторы, пяе людзям на ўцеху, а ворагам на прыманку.
    Для гнязда свайго выбірае жаваранак заўсёды ў адной і той самай ваколіцы роўнае, адкрытае месца: сенажаць, папар або жытнюю ніву, выкашкае там сабе ямачку пад каменьчыкам ці грудкай зямліцы, назносіць туды саломінак, сухой траўкі, саўе гняздо, акругліць яго. А каб было аздабней і цяплей у хатцы, то яшчэ высцеліць усярэдзіне конскім валоссем. Віць гняздо жаваранку памагае і жаваранчыха, а як ужо пабудуюць яго, тады яна пачынае несці маленькія зеленаватыя або чырванаватыя з бурымі кра-
    пінкамі яечкі. Нанясе іх штук чатыры-пяць і садзіцца на пятнаццаць дзён, але час ад часу падмяняе сядуху сам жаваранак. Як выйдуць дзеткі, крыху падгадаваўшы, вучаць іх бегаць і лётаць, а пасля і пушчаюць у свет. Але пакуль далей расказваць, закуру перш люльку, а вы, унучкі, пабегайце тым часам, ножкі папрастуйце.
    — Ну, пабрыкалі, і годзе, сядайце, будзем гутарыць далей. Як толькі бацькі-жаваранкі пераканаюцца, што іх дзеткі ўжо розуму набраліся і самі сабе могуць даць рады на свеце, пачынаюць закладваць другую сямейку, падчысцяць, падправяць гнёздачка, самка накладзе туды зноў чатыры-пяць яечак, супольна — па чародцы — грэюць іх, ажно пакуль зноў не пакажуцца голенькія, брыдкія, з вялікімі галоўкамі, сляпыя, мала чаго большыя ад добрай бабіны, дзеткі. Пачынаецца новы клопат: трэба ж кожнае ў пару накарміць, зважаючы, каб аднаму не было многа, другому мала, ды пасцельку даглядаць, каб заўсёды была ў парадку і чыстасці, ды ад ворагаў — колькі змога і сіла — бараніць сваю сямейку, словам, гультаяваць некалі; але ў іх мамка на татку, татка на мамку не здаюцца, каб усё ў парадку было, абаім трэба добра завіхацца, затое і дзеткі хутка і здорава растуць. Праз некалькі тыдняў глядзі — бацькам
    палягчэнне ўжо ў працы ёсць: павыскаквае моладзь з гнязда, куды ў каторы бок параспаўзаюцца ды самі сабе ўжо стараюцца харчоў. Спачатку, праўда, туга ідзе праца: угледзеўшы, напрыклад, дзе якую мушку ці кузюрку, здаецца, і добра прырыхтуецца, як мае быць прыцэліцца, носікам — дзюб, — мошка паляцела, а сам паляўнічы ляжыць дагары і ножкамі перабірае. Ну, але гэта байкі — чаго на свеце не бывае, — страпянецца ды зноў за работу.
    Падкачаюцца гэтак дзеткі і пайшлі сабе ў свет, а старыя тым часам, калі восень добрая і цёплая, яшчэ справяцца і трэцюю сямейку выгадаваць, абы яды хапала.
    — Дзедулёк, а куды ж жаваранкі на зіму адлятаюць?
    — За мора, дзеткі, за мора, у цёплы край, дзе зімы няма...
    — To і там яны, дзедулёк, гнёздачкі робяць і гадуюць дзетак?
    — He, жэўжыкі мае, не. Голад і холад толькі заганяюць жаваранкаў у тую цёплую, багатую і пекную краіну; але як бы яна ні была пекная, а для жаваранкаў яна сумная, бо чужая. Там яны не толькі не гадуюць дзетак, але нават песенькі сваёй залацістай чужынцам не пяюць, свой галасок, усю сілу яго для
    нас з вамі, жэужыкі, пакідаюць, для свапго роднага краю.
    Затое паслухайце жаваранка тут: які голас, голас! Проста сляза Божая! Хоць, праўду кажучы, не ўсе яны аднолькава пяюць, — от, не раўнуючы, як у людзей: адзін цягне грубей, другі — цяней.
    Ось, напрыклад, жаваранак, што сягоння пеў, — гэта сярэдняй рукі спявака, а той, што на Мацеевых гонях вядзецца, — проста перлы сыпле з-пад сінявы нябеснай. I як толькі яны вытрываць могуць столькі пець, бо трэба ведаць, што жаваранкі спяць толькі гадзіны дзве-тры, а рэшта праз увесь час найбольш песнямі забаўляюцца. Пяюць толькі жаваранкі-самцы, а жаваранчыхі — вядома, гаспадыні — усялякія хатнія клопаты маюць, ім не да таго.
    Каб не жаваранкі, нашыя палеткі шмат гінулі б ад усялякага паскудства: нападаюць на наша поле ўсялякія жучкі, мошкі, кузюркі, рабакі, але дзе ўжо завядзецца сямейка жаваранкаў, там у блізкасці гэтаму паскудству няма жыцця: выткнуў рабак нос — смерць, прысела мошка на кветачку — капут, жучок узлез колас глуміць — квіта.
    Апошні раз усё гэта падчысцяць каля сябе жаваранкі, дык пасля прыходзіцца ўжо і далей лётаць за пажывай. Ну, але як прыцісне
    холад, тады ўжо рады няма — трэба выбірацца з роднай старонкі...
    Слухаючы, як жаваранкі ад святла да змяркання ажно заходзяцца, пеючы свае песні, хто б падумаў, што ім заўсёды добра і весела жывецца. Тым часам бывае ўсяк. Апроч бяды ад ворагаў, аб якіх я ўжо спамінаў вам, дзеткі, жаваранкі яшчэ і паміж сабою не заўсёды складна жывуць. Праўда, жаваранак з жаваранчыхай, калі ўжо дабяруцца да пары, то праз усё жыццё сваё разам трымаюцца, і ніколі паміж імі нават сваркі не бывае, але з іншымі — суседзямі — то часам так сварацца, ажно чупрыны кураць. Прычыны да звадкі розныя бываюць, вядома, як у суседстве: то за месца на гняздо, то за яду, а найбольш, калі часам жаваранчыха дзе згіне, а застанецца толькі сам жаваранак. Такому ўдаўцу, разумеецца, жыць сумна — няма куды прытуліцца, вось і стараецца ён усялякімі спосабамі як-колечы прыснасціцца да суседняга гнязда; але гэткай помачы не патрабуюць, гаспадар і гаспадыня няпрошанаму госцю так усыплюць, ажно пёркі ляцяць.
    Туляецца гэтакі ўдавец без работы з месца на месца, пакуль не трапіць на жаваранчыху-ўдаву, да каторай з радасцю ідзе ў прымакі...
    Ну, але што гэта, бахуры, заўзяліся вы дзеда мучыць, ці што? Цьфу! Ажно у горле перасохла. Што я вам — млын ці дзед? Хоць бы вы жавараначка любілі, але дзе ж вашым гарбузіным галоўкам зразумець такую рэч...
    — А я зразумеў, — круцячы галоўкай, пахваляецца Юзюк.
    — Што ты, шпунт, зразумеў?
    — А тое, што жаваранак вельмі карысная птушачка: яна нам пяе і шкоднікаў нашых ніў паядае.
    — Маладзец! За гэта я цябе на печ, Юзюк, закіну.
    — He, не ўздужаеш, дзедулёк, не ўздужаеш, — падхопліваюць грамадой усе дзеці і чапляюцца дзеду на шыю.
    — Ну, ну, толькі не ўсе разам, а то ў дзеда галава сухая: адкруціце яе, як даспеўшую макаўку, і ўсе казкі высыплюцца.
    Уладзімір Ягоўдзік
    ВЯЛІКАЯ СІНІЦА I ЯЕ СЯСТРЫЦЫ
    Гэтую невялічкую жвавую птушку ўсе добра ведаюць. Цёмная шапачка на галоўцы, белыя шчочкі, на жоўтым жывоціку — чорны галыптук. Яе звонкі бадзёры галасок чуваць здалёк:
    — Ці-ці-ці... Пінь-пінь!.. Ці-ці-сі-і... Пінь-пінь!..
    Вялікая сініца — найбольшая і самая адважная сярод сваіх сястрыц, якія жывуць у нашых лясах і парках. Іх цэлая сямейка — ажно дзесяць прыгажунь! Я назаву кожную, каб ніводную не пакрыўдзіць.
    Белая сініца-князёк гняздзіцца толькі на Палессі, а сіняя — ахвотна гаспадарыць у гарадскіх парках і скверах.
    Па берагах рэк і азёр, у зарасцях трыснягу і чароту можна ўбачыць вусатую сініцу, а ў хваёвых лясах — чубатую.
    Па суседстве з імі жывуць даўгахвостыя сініцы-апалоўнікі і самая маленькая з сясцёр — сініца-маскоўка.
    Ёсць яшчэ падобныя адна да адной як дзве кроплі вады сяброўкі: сівая сініца і бурагаловая сініца.
    Усе гэтыя сястрыцы сустракаюцца ў Беларусі круглы год. У вырай адлятае толькі славуты будаўнік рэмез. Сваё гняздо ён будуе ў выглядзе мяккай рукавічкі, якую падвешвае на галінку дрэва. Вецер гайдае галінку і бясплатна люляе рэмезавых птушанят.
    Каб пасябраваць з сініцамі, трэба зімой насыпаць у кармушку сланечнікавых семак. Сюды хутка наведаецца вялікая сініца. Яна пакаштуе семкі і запросіць сябровак. Потым прыляціць сіняя сініца з блакітнай шапачкай на галаве. Калі ласунак спадабаецца, яна пакліча бурагаловую сініцу...
    А назаўтра — смела адпраўляйцеся ў вандроўку, каб пазнаёміцца з астатнімі сястрыцамі. Яны пакажуць вам рэмезаву рукавічку, але наўрад ці вы зможаце яе надзець.