Цудадзейны карагод
зборнік твораў для пазакласнага чытання ў 3-м класе. У 2 ч. Ч. 2
Выдавец: Народная асвета
Памер: 303с.
Мінск 2018
дная «кацюша». Пра той фотаздымак хлопчык і забыў адразу. Нічога цікавага на ім не было: стаяць нейкія дзядзька з цёткай, а між імі — хлопчык у кажушку і аблавушцы.
I вельмі здзівіўся Міхась, калі ўжо дома бабуля адчыніла свой куфэрак, дастала адтуль старую, пажоўклую фотакартку і паклікала ўнука:
— Падыдзі, унучак, паглядзі!
Глянуў Міхась — дзіва, ды годзе! Той самы музейны фотаздымак, каля якога бабуля так доўга стаяла! Толькі той быў вялікі, а гэты малюсенькі, як карабок з-пад запалак.
— Дзе ты яго ўзяла? Хто тут сфатаграфаваны? — падаўся Міхась бліжэй да бабулі.
— А ты вось сядзь і паслухай. — I пачала расказваць.
— Здымак гэты, — гаварыла бабуля, — зрабіў партызанскі фатограф. Даўно зрабіў. Ажно трыццаць пяць гадоў назад. Сфатаграфаваў ён партызанскую сям’ю: бацьку, маці і іхняга сынка.
— I ўсе яны ваявалі з фашыстамі? — перабіў хлопчык.
— Але, унучак, ваявалі. Па-сапраўднаму ваяваў, вядома, бацька, партызанскі камісар. Ён і страляў у фашыстаў, і цягнікі іхнія пад адхон ггускаў Маці есці партызанам варыла, параненых глядзела. А калі трэба было, дык і
ў разведку хадзіла. Ну, а Вова, сынок іхні, песні партызанам спяваў, пасыльным быў А яшчэ — вогнішчы раскладваў. Надта ж умеў ён вогнішчы класці. Хай дождж ідзе, дровы мокрыя, а Вова ўсё роўна агонь развядзе.
— А дзе яны цяпер, бабуля? — спытаў Міхась. — Чаму ў цябе фотакартка гэтая?
— А ты, жэўжык, не перабівай, а слухай, — бабуля нібыта зазлавала на ўнука. — Дык вось... Сфатаграфаваў іх партызанскі фатограф сонечным вясновым днём. Гэта ўжо ў сорак чацвёртым было. Радаваліся ўсе, што хутка вызваленне прыйдзе, што хутка прагоняць фашыстаў з нашай зямлі. А неўзабаве блакада пачалася. Паслалі фашысты супраць партызанаў вялікае войска. Біліся з ворагамі партызаны, доўга біліся, аж пакуль патроны не скончыліся. I вымушаны былі народныя мсціўцы — гэта так партызанаў называлі — адступаць, глыбей у лес адыходзіць. Лес, унучак, партызанаў і карміў, і ратаваў. Адыходзяць партызаны, а фашысты па пятах за імі. Ужо і лес канчаецца, за ім балота дрыгвяністае раскінулася, парослае лазой ды іншым чэзлым хмызняком. Што рабіць? Пачалі партызаны ў гэтае балота адыходзіць. Спадзяваліся, што яно іх уратуе, што карнікі за імі ў балота не палезуць. Фашысты ж паабувалі гумавыя боты з доўгімі халявамі і па-
перліся ў балота — так ім хацелася ўсіх партызанаў знішчыць. Балота тое падступала да ракі. Як улетку, дык і не надта вялікая рака тая, уброд лёгка перайсці. А вясною шырока разлілася, як вокам акінуць. Трапілі партызаны ў пастку: наперадзе — рака, ззаду — карнікі, і патронаў няма. А фашысты ўсё бліжэй і бліжэй. I тады камандзір загадаў: перабірацца цераз раку на другі бераг. Вада ў рацэ ледзяная, па ёй крыгі, ламачча рознае плыве. Ды выйсця іншага няма. Кінуліся партызаны ў ледзяную ваду, паплылі да другога берага, а камісар і некалькі байцоў ад фашыстаў адстрэльваюцца, таварышаў прыкрываюць. I толькі тады, калі ўжо ўсе былі на другім беразе, кінуліся ў раку і яны. Камісар добра плаваў, ён мог бы першым пераплысці раку. Але побач плылі яго таварышы. Некаторыя з іх былі паранены. I камісар падтрымліваў на вадзе то аднаго, то другога. Некалькім байцам памог ён выбрацца з імклівага патоку на бераг. Урэшце і сам ступіў на яго. Ступіў і азірнуўся — ці ўсе байцы пераправіліся? У гэтую хвіліну па беразе застрачыў фашысцкі кулямёт, і камісар упаў. Падбеглі да яго партызаны, а ён ужо і не дыхае... Пахавалі партызаны свайго камісара, а самі хутчэй пайшлі на злучэнне з іншымі атрадамі, каб агульнымі сіламі адолець карнікаў...
Бабуля змоўкла. Доўга маўчала. Ажно пакуль Міхась не крануў яе за рукаў:
— А з хлопчыкам што было? 3 мамай яго?
Бабуля схамянулася:
— Вова і яго мама выратаваліся. Яны і цяпер жывуць. За гэты час мама Вовы стала бабуляй. А Вова вырас, стаў татам, і ў яго нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Міхаськам.
— Міхаськам? Бабуля, дык гэта...
Бабуля ўсміхнулася:
— А ты і не здагадваўся? Але, унучак, але! Цётка, што на фотакартачцы, гэта — я. Хлопчык — твой тата. А камісар — твой дзед. Кандратам яго звалі. Татку ж твайго Уладзімір Кандратавіч завуць? Вось так, унучак! А ты пытаўся, каго гэта я на тым здымку ў музеі пазнала...
Міхась узяў у бабулі здымак, доўга ўзіраўся ў яго, нарэшце спытаў:
— Значыць, і я з партызанскай сям’і?
— А як жа! Вядома, з партызанскай! — адказала бабуля.
Леанід Дайнека
ПРЫНЯСІЦЕ КВЕТКІ САЛДАТАМ
Адгулі, адгрымелі гарматы.
Хмары чорныя адплылі.
Прынясіце кветкі салдатам, Што палеглі на нашай зямлі.
Пакланіцеся нізка-нізка
Тым, хто зведаў агонь і дым, Строгім помнікам, абеліскам, Слаўным зорачкам баявым.
Ля салдацкіх магіл памаўчыце... Кожны з мужных салдат збярог Цішыню, і сонца ў блакіце, I сцяжынку на школьны парог...
Трыццаць год пад сцягам крылатым Крочыць мір па роднай зямлі.
Прынясіце кветкі салдатам, Што свабоду для нас здабылі.
Авяр’ян Дзеружынскі
КРЫНІЧКА ПАРТЫЗАНСКАЯ
Крынічка партызанская — Струмень Жывой вады, Прайшлі тут Незабыўныя Суровыя гады...
Паўзлі, як змеі, ворагі
I лезлі
Напралом, Дыміўся Лес падпалены, Замшэлы буралом.
Крынічка партызанская Цякла з глыбінь Зямлі, Спыніць
Патокі бурныя Фашысты не змаглі.
I сілу неадольную Ніхто
He мог скарыць, Крынічка партызанская Бяжыць, Пяе, журчыць!
Аляксей Дудараў
БУСЛЫ
Ідучы з лесу, Андрэйка з мамай адпачывалі ля сцірты саломы. Жмурачыся ад сонца, Андрэйка глядзеў у неба. Яму здавалася, што пад канец лета яно зрабілася незвычайна высокім, усё адно як паднялося і стала шырэйшае і большае.
— Мама! — усклікнуў раптам хлопчык. — Глянь: журавы лётаюць! Вунь, над фермай.
Мама сумна сказала:
— Гэта не журавы, сынок, гэта буслы з суседніх вёсак. Кожны год, збіраючыся ў вырай, яны над нашай клёнаўкай кружаць. А ў нас не жывуць...
— Чаму? — спытаў хлопчык. — Ім бы добра ў нас жылося.
— Некалі жылі, — сказала мама, — а цяпер не хочуць.
— А чаму?
— Пакрыўдзіліся. Яшчэ тады, калі я была такая, як ты цяпер.
У першы месяц вайны прыкацілі ў нашу вёску фашысты... Памятаю, як кароўку нашу забіралі, за курамі па двары ганяліся. Пазней
гэтыя вылюдкі ўсё спалілі: і хаты, і сады, і дрэвы...
У нашым двары рос вялізны разгалісты дуб. На ім, колькі вёска стаяла, буслы сабе жытло рабілі. Дык вось. Вайна ідзе, а ў буслоў свой клопат: дзяцей гадаваць, каб да восені іхнія крылы дужымі сталі. I не заміналі ж нікому, а адзін фашыст прыцэліўся ды па буслу з аўтамата часануў... I забіў. Ляжыць бедны птах, дзюба ў пыле. Немцы сабраліся ля яго, гергечуць, смяюцца. Бусліха магла б уцячы, але як жа было ёй сваіх дзетак кінуць? Кружылася над гняздом, пакуль той самы ірад і па ёй не бабахнуў...
Забітая бусліха ляціць на зямлю акурат на немцаў з іх машынамі. I — ці паверыш? — спужаліся яны. Сыпанулі з дарогі да агароджы, прыціхлі нават. Ну, а калі яны паехалі, мы, малыя, збегліся, паплакалі і пахавалі буслоў. А дзед твой злазіў на дрэва і дастаў з гнязда асірацелых буслянят. Мы іх да восені жабамі кармілі. Восенню яны паляцелі ад нас. Пэўна, расказалі ўсім буслам, што тут адбылося, і з таго часу не селяцца яны ў нашай вёсцы.
Мама ўздыхнула і паднялася з саломы:
— Ну, пойдзем, сынок.
Ішлі моўчкі. Андрэйка ўсё глядзеў у неба і думаў Няўцям яму было, як гэта людзі Mar-
лі забіць такую прыгожую птушку... А буслы кружыліся, кружыліся...
I раптам усхвалявана і з радаснай надзеяй хлопчык спытаў:
— Мама, а мо, калі восень пройдзе і снег і калі я падрасту і ў садзік не буду хадзіць... мо яны прыляцяць да нас? Я іх таксама карміць буду. Я жаб не баюся...
— Мо і прыляцяць, — уздыхнула мама.
— Няхай бы прыляцелі!
Неба з бусламі здавалася хлопчыку вельмі прыгожым, ласкавым і спакойным.
^асіль Жуковіч
БУСЕЛ НАД ХАТЫННЮ
Пакружыўся над Хатынню бусел сонечна-пагодлівай вясною: каміны стаяць. I людзі ў скрусе. А нідзе хаціны ні адной.
Заміраюць галасы людскія, гукі абуджальнае вясны, і плывуць трывожныя такія, тонкія жалобныя званы.
Пакружыўся над Хатынню бусел і паплыў у светлую смугу. Ён не ведаў болю Беларусі, пэўна ж, ён адчуў яе тугу.
Пакружыўся бусел над Хатынню і ў смузе пад воблакамі знік.
Папялішча ўсё яшчэ не стыне, і ў грудзях не замірае крык.
Мікола Маляўка
ДЗЯКУЙ ЗА МІР, ПЕРАМОГА!
Край наш святочна прыбраны, Кветак ля помнікаў многа.
Дзякуй за мір, ветэраны! Дзякуй за мір, Перамога!
Мы прывячаем з пашанай Франтавіка дарагога.
Дзякуй за мір, ветэраны! Дзякуй за мір, Перамога!
Мы салютуем курганам, Помнікам фронту ляснога. Дзякуй за мір, ветэраны! Дзякуй за мір, Перамога!
Вабяць углыб акіяны, Кліча да зорак дарога.
Дзякуй за мір, ветэраны!
Дзякуй за мір, Перамога!
Іван Муравейка
НА ВАЙНЕ I HE ТАКОЕ БЫВАЛА
Адважны
Гэта было ў час нашага наступлення. Калі мы ішлі па вуліцы адной вёскі, да мяне прывязаўся шэры і вялікі, як воўк, сабака. Чаму менавіта ён выбраў мяне з двухсот чалавек? Ды таму, што я першы кінуў яму кавалак хлеба. Думаў, што ён правядзе нас да аселіцы і вернецца. Дык жа — не, не адстаў, а пайшоў разам з намі.
Салдаты смяяліся:
— Грознае папаўненне.
— Цяпер фашысты, убачыўшы нашага чатырохногага ваяку, будуць без аглядкі ўцякаць.
— Давайце назавём яго Адважным.
— Згодзен, — падтрымаў я прапанову. — Упэўнены, што ён апраўдае сваё імя.
Наш полк, а можа, і ўся дывізія прасунуліся наперад на кіламетраў дваццаць. I — зноў абарона. Надвячоркам прыехала паходная кухня. Я і кажу повару:
— Мне дзве порцыі кашы накладвай. I мяса таксама.
Повар зразумеў маю просьбу як жарт і рассмяяўся, а калі я з сур’ёзным выглядам паўтарыў яе, ён гэтак жа сур’ёзна адказаў:
— Калі кожнаму даваць па дзве порцыі, палова байцоў застанецца галоднай.
— Дык жа наша рота папоўнілася адным едаком, — растлумачыў я. — Хіба ты не чуў?
— А чаму той новы ядок сам не з’явіўся?
— А ён з’явіўся. Вось ён, пазнаёмся.
— Ты што, Перапечка, здзекуешся з мяне? — зазлаваўся повар. — Сабаку на харчовае забеспячэнне я не вазьму. He прадугледжана статутам. He затрымлівай чаргу.
Салдаты зашумелі.
— Мне трошкі не дадай!
— I мне!
— I мне!
— I мне! Вось і складзецца дадатковая порцыя.
Повар згадзіўся.
Так Адважны стаў «законным» едаком роты.
Самыя важныя падзеі чакалі нас наперадзе. Адважны хутка прыжыўся ў роце. I дакладна выконваў усе мае загады і распараджэнні: ляжаў і не шавяліўся без майго дазволу, не брахаў без патрэбы. I, самае галоўнае, навучыўся адрозніваць сваіх ад ворагаў. Першыя дадзеныя пра фашыстаў ён атрымаў, калі прыдзірліва аглядаў двух палонных немцаў. Аднаму ледзь не парваў штаны.