• Газеты, часопісы і г.д.
  • Цудадзейны карагод зборнік твораў для пазакласнага чытання ў 3-м класе. У 2 ч. Ч. 2

    Цудадзейны карагод

    зборнік твораў для пазакласнага чытання ў 3-м класе. У 2 ч. Ч. 2

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 303с.
    Мінск 2018
    41.17 МБ
    магла чулая дзіцячая душа сцярпець такую несправядлівасць, такое халоднае бяздушша? I яна не сцярпела...
    Я адчуў сябе вельмі вінаватым і кінуўся выпраўляць сваю віну.
    — Ах, якая цудоўная ў цябе шапка! — крыкнуў я. — Пакажы, пакажы!
    Вочы хлопчыка зноў засвяціліся радасцю. Я зняў з яго галавы шапку. Яна сапраўды хрусцела, як бляшаная. Хлопчык глядзеў на мяне ўдзячнымі вачыма, бы на свайго збаўцу.
    — Які казырок! I шнурок! I гузікі два! — стараўся я. — А падкладка якая цудоўная! Хто купіў?
    — Мамка! — з гордасцю адказаў хлопчык. Несправядлівасць была выпраўлена.
    I мы абодва, зноў шчаслівыя, разышліся кожны сваім шляхам.
    Людміла Рублеуская
    ЯК ТАТА СТАЎ СУПЕРМЕНАМ
    (урывак з аповесці-казкі «Прыгоды мышкі Пік-Пік»)
    Аднойчы, калі ўсе ў кватэры паснулі, пабегла мышка Пік-Пік на кухню чым-небудзь падсілкавацца. Ну гаспадары, ну галота! Hi цукерачак, ні торцікаў, ні печыва не пакінулі на стале для беднай мышкі! Толькі... два пернічкі, палова шакаладкі, жменька разынак, чатыры арэшкі, адзін яблычак... Хіба гэта можа выратаваць ад галоднай смерці? Ды яшчэ ёсць вялікі гаршчок на пліце... Пахне з-пад накрыўкі, праўда, смачна. Здаецца, грэчневай кашай з малаком. Ну, не з голаду ж паміраць... I мышка ўскараскалася на пліту, адкінула накрыўку і скокнула ўніз. Каша сапраўды аказалася смачная. I мышка выела ўсё да донца. А вылезці — як? Гэта спецыяльна, мусіць, робяць такія вялікія гаршкі — каб сумленных мышак лавіць. Вакол — чыгунныя гладкія сценкі... Цёмна... Страшна зрабілася Пік-Пік, і яна закрычала:
    — Ратуйце!
    Мышыны голас гучаў з пустога гаршка так гучна і страшна, што ўсе прачнуліся — Мама, Тата, Веранічка, Пепіта.
    — Што гэта? Хто крычыць? — пыталіся яны адно ў аднаго, а мышка ўсё благала:
    — Лю-у-дзі! Сю-у-ды!
    Людзі і котка згрувасціліся перад дзвярыма на кухню.
    — Там іншапланецяне, — упэўнена прашаптаў Тата. — Я даўно заўважыў, што яны нам знакі пакідаюць — на вазонах кветкі ламаюць.
    — He, там Баба Юга! — сказала Веранічка. Нікога страшнейшага яна пакуль не ведала.
    — А мне здаецца, гэта рабаўнік. Ён лез да нас праз фортку і зашчаміўся. Па тэлевізары нядаўна пра такое распавядалі, — запярэчыла Мама.
    — Глупства! Я здагадваюся, хто гэта, — прамуркатала Пепіта і слізганула на кухню.
    Пепіта адразу зразумела, адкуль страшны голас. Яна скочыла на пліту, зірнула ў гаршчок.
    — Так я і думала! Прывітанне, шкодніца! Ну добра, зараз дапамагу...
    Пепіта паспрабавала дастаць Пік-Пік, але, на жаль, толькі папхнула гаршчок і той са страшэнным грукатам упаў на падлогу, пакаціўся...
    Па той бок дзвярэй кухні пачуліся крыкі.
    — Як ты мог адпусціць туды бедную Пепіту? — дакарала Тату ўгневаная Мама. — Ты ж мужчына! Ратуй нас!
    Тата сціснуў сківіцы, пабег у калідор, узяў малаток і — на кухню... У цемры спатыкнуўся аб гаршчок і з усяе сілы стукнуў па ім малатком. Бедная аглушаная Пік-Пік выскачыла са сваёй чыгуннай турмы і слізганула ў норку. Стала ціха. Мама асцярожна зайшла на кухню і запаліла святло.
    — Што... што тут рабілася?
    — Ды так, — сціпла сказаў Тата. — Былі рабаўнікі, толькі нейкія слабыя. Стукнуў аднаго малатком, дык і збеглі.
    Мама застагнала, паклала таблетку пад язык і пакіравалася ў ложак. А на кухню асмелілася зайсці Веранічка.
    — Тата, прызнайся, што тут было насамрэч?
    — Ды так, — сціпла сказаў Тата. — Баба Юга швэндалася. Стукнуў яе малатком па касцяной назе, яна і ўцякла.
    Веранічка з захапленнем паглядзела на Тату і пайшла спаць. А Пепіта, якая сядзела ўвесь гэты час на пліце, фыркнула і шматзначна прамовіла:
    — Ну, я дык ведаю, што было на самай справе...
    — Так, табе я магу сказаць праўду, — прашаптаў Тата. — Гэта былі іншапланецяне. Каб не стукнуў я малатком па іх лётаючай талерцы, невядома, чым бы гэта скончылася...
    Пепіта аж мову страціла ад здзіўлення. Тата паклаў малаток на месца і таксама пайшоў спаць. А Пік-Пік мармытала абурана ў сваёй норцы:
    — Гэта неадменна штукарствы амерыканскага гангстара Мікі Маўса... Вось помслівы які... He хоча змірыцца, што я яго разлюбіла.
    МЫШКА ПІК-ПІК
    РОБІЦЬ САБЕ МАКІЯЖ
    (урывак з аповесці-казкі «Прыгоды мышкі Пік-Пік»)
    Аднойчы днём прыснілася мышцы ПікПік каўбаса. I так захацелася мышцы яе з’есці, што і сон прапаў. Пік-Пік думала: «Котцы Пепіце далі цэлую палку каўбасы за прыгажосць. А я — самая прыгожая мышка ў свеце! Чаму ж ніхто не прапануе каўбасу мне? Што ж зрабіць, каб на мяне звярнулі ўвагу?»
    I ўспомніла мышка, як Вераніччына Мама робіць макіяж — фарбуе павекі рознакаляровымі парашкамі, якія называюцца «цені», зачарняе вейкі тушшу, пудрыцца, намазвае вус-
    ны памадай, а пасля Тата ёй кажа: «Якая ж ты ў мяне прыгожая!»
    «Трэба зрабіць макіяж!» — вырашыла мышка.
    Залезла мышка на пісьмовы стол, зняла з паліцы скрынку з Мамінай касметыкай і села перад люстэркам.
    Больш за ўсё мышцы спадабалася памада ў прыгожым залатым футаральчыку. Пафарбавала мышка памадай нос. Ах, як прыгожа! Нафарбавала яшчэ вушы і хвосцік. Пасля Пік-Пік зачарпнула лапкай туш і нафарбавала вусы. «Гэтага мала», — падумала мышка і абвяла вочкі чорнымі кругамі.
    Што б яшчэ памазаць? Адкрыла мышка Пік-Пік каробку з Мамінымі ценямі. Там было многа-многа рознакаляровых квадрацікаў.
    «Ну, не буду ж я па адной фарбе важдацца!» — вырашыла мышка, лягла проста на цені і некалькі разоў па іх пакачалася.
    Скурка ў Пік-Пік зрабілася стракатая, рознакаляровая, як вясёлка. Знайшла мышка яшчэ футаральчык з блішчынкамі, адкрыла яго і ўсе блішчынкі на сябе высыпала!
    У давяршэнне Пік-Пік зачарпнула пудры і напудрыла шчокі і лоб.
    «Вось цяпер ва ўсім свеце няма нікога прыгажэйшага за мяне!» — падумала мышка і важна пайшла, задзёршы носік, паказацца ўсім.
    У зале сядзеў Тата і чытаў газету. Раптам нехта перад ім сказаў: «Пі-пі!» Тата падняў вочы і ўбачыў, што на яго ідзе стракатая, бліскучая істота, з чырвонымі вушкамі, чорнымі вусамі, белымі плямамі на шчоках і доўгім чырвоным хвастом!
    «Гэта іншапланецянін! — падумаў Тата. — Зраблю выгляд, што мяне няма, a то ён забярэ мяне ў лётаючую талерку!»
    I Тата падціснуў ногі і схаваўся пад газету.
    «Што гэта з Вераніччыным Татам?» — здзівілася мышка Пік-Пік і пашыбавала на кухню. А там сядзелі Мама, Веранічка і Пепіта і пілі цёплае малако.
    I вось зайшло на кухню стракатае, бліскучае страшыдла з чырвонымі вушамі і чорнымі вусамі. Мама вырашыла ратаваць сям’ю і лінула на страшыдла сваё малако. А з другога боку на страшыдла абрынулася малако з кубачкаў Веранічкі і Пепіты. На падлозе ўтварылася вялікая белая лужына з рознакаляровымі разводамі. А ў лужыне сядзела разгубленая шэрая мышка.
    Засмяяліся Мама, Веранічка і Пепіта. A мышка Пік-Пік заплакала. Яна так старалася, а тут усю прыгажосць змылі!..
    Усе перасталі смяяцца, і Мама дала мышцы кавалак каўбасы, каб тая не плакала. Схапіла мышка Пік-Пік каўбасу і пабегла ў норку.
    А Мама, Веранічка і Пепіта пайшлі ў залу і там убачылі пад газетай Тату.
    — Што ты робіш? — здзівілася Мама.
    — Тс-с-с! — сказаў Тата. — За мной прылятаў іншапланецянін. Можа, ён яшчэ шукае мяне!..
    Паглядзелі Мама, Веранічка і Пепіта вакол і не знайшлі ніякага іншапланецяніна. Тады Тата згадзіўся злезці з крэсла і схаваўся пад коўдру на ложку.
    А мышка Пік-Пік з’ела каўбасу і заснула, думаючы: «Я ўсё-такі самая прыгожая мышка ў свеце!»
    I спала яна так моцна, што яе не разбудзіў нават роспачны крык Мамы, якая знайшла на сваім стале тое, што засталося ад яе касметыкі!
    Васіль Ткачоў
    ДАРОГА
    Максімка з татам сабраліся ў суседнюю вёску — праведаць бабулю з дзядулем. Купілі гасцінцаў і раніцай пакрочылі на аўтобусны прыпынак. Селі на лаву, чакаюць. Аўтобуса ўсё няма. Можа, зламаўся? Тата, пачакаўшы трохі, прапанаваў:
    — А давай, Максім, пехам пойдзем. Што нам той аўтобус!
    Хлопчык насупіўся:
    — Я пехам не хачу. Гэта ж няблізка. Ды і навошта тады аўтобус прыдумалі?
    — Бачыш: няма яго, аўтобуса, — развёў рукамі тата.
    — Лепш пачакаем, — Максімка, седзячы на лаве, боўтаў нагамі. — А то пойдзем, а ён нас дагоніць. Тады крыўдна будзе. Ішлі, ішлі, і ўсё дарэмна...
    Тата не стаў пярэчыць. Сядзяць, чакаюць. I размаўляць быццам няма пра што. Усё ж тата не вытрымаў, першы ўзняўся з лавы:
    — Аўтобуса, відаць, сёння не будзе. Але ж ты лянуешся ісці да дзядулі з бабуляй, то заставайся дома, а я пайду адзін. Добра?
    — He, хадзем, тата, разам, — пагадзіўся хлопчык і хуценька ўскочыў з лавы: ён ужо засумаваў па бабулі з дзядулем.
    Сын і бацька, узяўшыся за рукі, крочылі па дарозе, а яна шэрай стужкай бегла і бегла наперад.
    Свяціла сонейка, твары абвяваў свежы ветрык, а ў небе пырхаў жаўрук і, здавалася, радуючыся людзям, пасылаў ім з неба сваю песню.
    — Гэта ён нас хваліць, што пешшу ідзём, — заўважыў тата.
    Максімка памахаў жаўруку і гучна сказаў:
    — Дзякуй табе, птушачка!
    Прайшлі яшчэ трохі полем, і дарога нырнула ў лес. Тата запаволіў хаду, паглядзеў на сына:
    — Чуеш? Гэта дзяцел тукае: тук-тук-тук! А чаму ён так тукае, ведаеш?
    Максімка паціснуў плячыма:
    — Забаўляецца, мусіць?
    — He, сынку: гэта ён корм сабе і сваім дзеткам здабывае. Пад карой у старых дрэў шмат розных казюрак жыве, вось ён і дастае іх. Працавітая птушка дзяцел. Ен не толькі корм здабывае — і лес ратуе ад розных караедаў.
    Перад крынічкай спыніліся, напіліся халоднай, як лёд, вады. Крышачку адпачылі і пайшлі далей.
    — А вунь, бачыш, ямы, — паказаў тата на акопы, што зараслі ўжо густым кустоўем. — Іх нашы салдаты ў вайну капалі, калі займалі тут абарону, каб вораг не прайшоў у нашу вёску.
    — I не пусцілі? — зацікавіўся Максімка.
    — I не пусцілі, — упэўнена сказаў тата. — Бачыш, наша вёска жыве... А маглі б і спаліць яе немцы. Тады і мы не жылі б тут. Трэба дзякуй сказаць салдатам.
    Хлопчык ледзь чутна прашаптаў:
    — Дзякуй... — і падаў тату руку: з ім нястрашна.
    А потым закукавала зязюля: «Ку-ку! Ку-ку! Ку-ку!» Тата папрасіў Максімку, каб той лічыў, колькі разоў пракукуе птушка. Максімка лічыў, лічыў... і збіўся.
    — Ну, і колькі ж? — спытаў тата. Хлопчык развёў рукамі, а потым знайшоўся:
    — Багата разоў!
    Тата ўсміхнуўся:
    — Значыць, у нас з табой наперадзе яшчэ ўсё жыццё, калі зязюля накукавала нам шмат гадоў
    Амаль каля самай дарогі яны ўбачылі сунічную палянку. Ягад было столькі, што яны і самі наеліся, і для бабулі з дзядулем назбіралі.